Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (пс. Стары Улас; 23 сакавіка 1865, Валожын — 30 верасьня 1939, Вільня) — беларускі паэт, празаік, зьбіральнік беларускага фальклёру.
Біяграфія [рэдагаваць]
Асірацеўшы ў десяць гадоў, пайшоў працаваць памочнікам кухара да пана. Быў кухарам, аб’езьнікам, лясьнічым у маёнтку Сужаны на Віленшчыне. Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёну, у Вільні. У 1910 заснаваў школу пісьменнасьці, у якой разам са сваімі дочкамі вучыў дзяцей грамаце. Своеасаблівым летапісам працы і побыту сялянства зьяўляецца паэма «Год беларуса» (1911)[1].
У 1920 пераехаў у вёску Сужаны, а пазьней у Шашэльгішкі Віленскага павету, дзе займаўся земляробствам.
З 1907 друкаваўся ў «Нашай Ніве», потым у заходнебеларускіх выданьнях. У беларускіх календарах зьмяшчаў вершы і вершаваныя апавяданьні. Выступаў і як публіцыст. Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961) і ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). У 1990 выдадзена кніга збораў яго публіцыстыкі «Год беларуса».
Пра Старога Ўласа трапна сказаў Максім Гарэцкі: «Такія паэты маюць у нашай паэзіі літаральна маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукой, што ня толькі „з народу“, але і „сам народ“. Яго творы часам ня вельмі складныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцьця беларускай вёскі. Яны — натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легендаў і жартаў»[2].
Пахаваны ў Вільні на могілках Росы. На яго магіле паставілі дубовы крыж бяз надпісу.
У Валожыне на доме па вуліцы Савецкай, 49, зьмешчана мэмарыяльная дошка ў гонар самабытнага паэта-земляка Старога Ўласа.
Крыніцы [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Стары Ўлас // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
