Усевалад Ігнатоўскі
| Усевалад Ігнатоўскі | |
| Нарадзіўся | 19 красавіка 1881 в. Такары, цяпер Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці |
|---|---|
| Памёр | 4 лютага 1931 Менск, БССР, СССР |
| Грамадзянства | |
| Навуковая сфэра | гісторыя |
| Альма-матэр | Тартускі ўнівэрсытэт (1911) |
Усе́валад Мака́равіч Ігнато́ўскі (19 красавіка 1881, вёска Такары, цяпер Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці — 4 лютага 1931, Менск) — беларускі гісторык, грамадзкі й палітычны дзяяч. Першы прэзыдэнт АН Беларусі (1928).
Біяграфія [рэдагаваць]
У 1911 годзе скончыў Тартускі ўнівэрсытэт (Юр’еўскі). У 1914—1921 працаваў выкладнікам, старшынём пэдагагічнай рады Менскага настаўніцкага інстытуту. У 1915 стварыў культурна-асьветніцкую арганізацыю «Наш край» (у 1917 пераўтвораная ў арганізацыю «Маладая Беларусь»). У час польскай акупацыі ў студзені 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як яе старшыня 31 ліпеня 1920 удзельнічаў у падпісаньні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». Са сьнежня 1920 народны камісар асьветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 першы прэзыдэнт Інстытуту беларускай культуры, са сьнежня 1928 прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук, дырэктар Інстытута гісторыі.
У час кампаніі супраць гэтак званага нацыянал-дэмакратызму ў 1930 быў вызвалены ад пасады прэзыдэнта АН Беларусі, як «кулацкі агент» выклікаўся на допыты ў АДПУ. Неўзабаве выключаны з партыі. Пачалася крытыка ягоных гістарычных поглядаў, абсурдная траўля. 3 лютага 1931 году Янка Купала залечваў у шпіталі рану, якую нанёс сабе пры спробе самагубства. У гэты дзень яго наведаў Ігнатоўскі і паведаміў, што усе абвінавачваньні супроць Купалы перакладзеныя на Ігнатоўскага. Скончыў жыцьцё самагубствам 4 лютага 1931. Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.
Адыграў значную ролю ў правядзеньні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйненьня БССР, спрыяў вяртаньню беларускай эміграцыі на радзіму. Навуковыя працы Ігнатоўскага склалі падмурак нацыянальнай канцэпцыі гісторыі беларускага народу. Гэтая канцэпцыя найбольш поўна выкладзеная ў кнізе «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (1-е выд. 1919, 5-е выд. 1991), якая доўгі час была падручнікам.
Ён падзяляў гісторыю Беларусі на 5 пэрыядаў:
- Полацкі пэрыяд сярэднявечнай гісторыі Беларусі (IX—XII стст.) зыходзячы з таго, што Полацкае княства было ад пачатку незалежным, і толькі на некалькі рокаў (у 1-й палове 12 ст.) яно трапіла ў залежнасьць ад Кіеўскага, каб яшчэ раз дабіцца самастойнасьці.
- Другі пэрыяд гісторыі Беларусі (XIII — 1-я палова XVI стст.).
- Трэці пэрыяд навуковец называе польскім (2-я палова XVI — XVIII стст.), паколькі ён лічыць, што пасьля Люблінскай вуніі «Літва і Беларусь былі інкарпараваныя (улучаныя) у арганізм Польшчы».
- Чацьверты пэрыяд гісторыі Беларусі адносіцца да канца XVIII — пачатку XX стст., калі Беларусь уваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі.
- Пяты пэрыяд — упершыню ў маладой беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — дасьледнік прысьвяціў савецкаму пэрыяду.
| Папярэднік - |
Прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук сьнежань 1928 – люты 1931 |
Наступнік Павал Горын (Каляда) (люты 1931 — люты 1936) |
Літаратура [рэдагаваць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Брыгадзін П. І., Мацяс І. Д. Усевалад Ігнатоўскі: Паліт. дзеяч, вучоны. — Мн.: Полымя, 1998. — 96 с ISBN 985-07-0278-8.
- Ihnatoŭski, Usievaład // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.