Усевалад Родзька

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усевалад Родзька
21 чэрвеня 1920 — 1946?
Мянушка Воўк
Месца нараджэньня хутар Паддубнае, каля вёскі Чучавічы, Лунінецкі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка (1918—1939), цяпер Берасьцейская вобласьць
Месца сьмерці Беласток?, магчыма Менск?
Прыналежнасьць Войска Польскае, 1-ы Беларускі штурмавы зьвяз, Беларуская краёвая абарона, Батальён «Дальвіц», Беларуская незалежніцкая партыя
Род войскаў пяхота, дэсантныя войскі
Гады службы 1938 - 1946
Званьне генэрал
Частка БКА, Батальён «Дальвіц»
Камандаваў 15-ы батальён БКА, Батальён «Дальвіц»
Бітвы/войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна
Узнагароды Жалезны крыж ІІ ступені

Усе́валад Філарэ́тавіч Родзька, мянушка Воўк (21 чэрвеня 1920, хутар Паддубнае, каля вёскі Чучавічы, Лунінецкі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка (1918—1939), цяпер Берасьцейская вобласьць — 1946?, Беласток?, ПНР, па другой інфармацыі Менск?, БССР) — беларускі палітычны, грамадзкі й ваенны дзяяч, публіцыст. Сябра й адзін з кіраўнікоў ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, капітан БКА, маёр дэсантнага батальёну «Дальвіц», рашэньнем Рады Беларускае Народнае Рэспублікі пасьмяротна прысвоена званьне генэрала. Бурмістар Віцебску з 3 ліпеня 1941 року.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усевалад Родзька нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Чучэвічы на Лунінеччыне. Бацька Ўсевалада Філарэт Родзька паходзіў зь вёскі Вераскава (Наваградчына), дзе нарадзіўся 9 лютага 1890 року. Атрымаў асьвету ў Наваградку і Нясьвіжы, з 1909 року працаваў настаўнікам на Мазыршчыне. Філарэт Родзька ваяваў у Першую сусьветную, быў кантужаны, атручаны газамі. Скончыў афіцэрскую школу і вайну закончыў капітанам расейскага войска. У 1918 року вярнуўся зноў на Мазыршчыну, працаваў настаўнікам у Леніне, праз год ажаніўся на настаўніцы Веры Гулевіч з суседняй вёскі Грычынавічы. У роднае Вераскава Родзька вярнуўся ў 1920 року, праўдападобна, праз Лунінеччыну, дзе й нарадзіўся сын Усевалад. Такі шлях Філарэта Родзькі з Мазыршчыны на Наваградчыну наводзіць на думку, што ён з жонкай увосень 1920 року адступаў з-пад Мазыра разам з аддзеламі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча[1].

У Вераскаве Філарэт Родзька стаў дырэктарам школы (пасьля таго, як у Кракаве скончыў курсы польскай мовы), выкладаў беларускую мову, арганізаваў драматычны гурток, хор. Калі прыйшлі бальшавікі, Родзька стаў дырэктарам беларускай школы ў Вераскаве. Падчас нямецкай акупацыі ён працаваў у Наваградку, настаўнікам у настаўніцкай сэмінарыі і дырэктарам беларускай гімназіі. У 1944 року Філарэт Родзька выехаў у Нямеччыну, а адтуль — у ЗША, дзе й памёр 5 сакавіка 1977 року[1].

Усевалад вучыўся ў польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Наваградку. Вучыўся на выдатна. Вызначаўся ня толькі здольнасьцямі да навукі, але й як добры спартовец. Ён быў камандзірам дружыны скаўтаў у гімназіі[1].

У 1934 року ў Наваградку польскімі ўладамі была закрытая беларуская гімназія, а яе навучэнцаў перавялі ў польскую гімназію імя А.Міцкевіча. Сярод іх былі й будучыя ведамыя беларускія дзеячы: Барыс Рагуля, Язэп Сажыч, Уладзімер Набагез. Яны разварушылі нацыянальнае пачуцьцё ў многіх беларусаў, што там навучаліся, а сярод іншых і ва Ўсевалада Родзькі. Беларускія хлопцы ня толькі бараніліся ад палянізацыі, але й пазьбеглі камуністычнага ўплыву, захавалі свой нацыянальны кірунак[1]. Тут ім дапамог ведамы беларускі дзеяч Васіль Рагуля, які казаў:

« Сацыялізм — гэта мост да камунізму. І паколькі ты ня хочаш пераходзіць на той бок рэчкі, дык ня лезь на мост![1] »

Родзька добра запомніў гэтыя словы[1].

Гімназію Ўсевалад закончыў у 1938 року ды трапіў у польскую падафіцэрскую школу ў Замброў[2]. Там ён таксама вылучаўся сваімі здольнасьцямі й ня быў прызнаны першым курсантам школы толькі таму, што быў запісаны беларусам. Гэта толькі ўзмацніла ягонае жаданьне змагацца за незалежнасьць Беларусі, за стварэньне беларускага войска[1].

У 1939—1941[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 1939 року, як харунжы рэзэрву 42-га пяхотнага палка, прымаў удзел у абарончай вайне Польшчы супраць Трэцяга Райху. Быў паранены, 19 верасьня трапіў у нямецкі палон[2], знаходзіўся ў шталягу каля Познані. 20 жніўня 1940 року быў вызвалены. Немцы вызвалялі з палону шмат беларускіх вайскоўцаў, якія выказвалі жаданьне змагацца супраць бальшавікоў за сваю Бацькаўшчыну. Родзька ўзначаліў філію варшаўскага Беларускага камітэта ў Кракаве[2], упершыню ўвайшоў у кантакт з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. Апантанасьць і рашучасьць украінскіх нацыяналістаў у барацьбе за волю Ўкраіны штурхнула Ўсевалада на такі самы шлях вызвольнага змаганьня[1].

У Варшаве Родзька знаёміцца з Мікалаем Шчорсам, ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, кіраўніком Беларускага Нацыянальнага Фронту, які вёў актыўную нелегальную працу па стварэньню беларускага нацыяналістычнага руху ды інш. Гадлеўскі ўключыў у гэтую працу і Родзьку, які вызначаўся сваімі выдатнымі арганізатарскімі здольнасьцямі й бязьмежным патрыятызмам. Праўдападобна, ужо ў 1940-41 рр. у акупаванай немцамі Польшчы арганізаваўся зародак падпольнае Беларускае Незалежніцкае Партыі, якая летам 1941-га перанесла сваю дзейнасьць на Бацькаўшчыну[1].

На Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі Родзька працягвае дзейнічаць пад палітычным кіраўніцтвам ксяндза Гадлеўскага, стварае падпольныя групы, вядзе працу па структурным афармленьні БНП. Для прыкрыцьця падпольнай працы ён працуе бурмістрам Віцебску, праводзіць беларусізацыю гораду. У гэтых жа мэтах Родзька супрацоўнічае з абвэрам (нямецкай вайсковай выведкай і контрвыведкай)[1].

На працягу ўсяго часу нямецкай акупацыі Ўсевалад Родзька падтрымлівае кантакты з украінскімі нацыяналістамі, спачатку з атаманам Тарасам Бульбай-Бараўцом, камандзерам Палескае Сечы, а пасьля з АУН-Бандэры. У жніўні 1941 року Родзька, Міхал Вітушка, атаман Харэўскі-Новік кіравалі аддзеламі Беларускае Самаабароны, якая разам з Палескай Сеччу ачышчала Палесьсе ад бальшавіцкіх бандаў. Гэта была другая буйная акцыя (пасьля дэсантаў Першага штурмавога зьвязу ў чэрвені 1941-га, якую правялі маладыя беларускія нацыяналісты[1].

У 1942 року Ўсевалад Родзька становіцца старшынём ЦК падпольнае Беларускае Незалежніцкае Партыі. Ягоны аўтарытэт у беларускім грамадзтве імкліва рос. Пасьля гібелі напрыканцы сьнежня 1942 року ў катоўнях гэстапа ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, Родзька застаўся бяз палітычнага кіраўніцтва ды распачаў дзейнасьць самастойна. У 1943 року ён распрацаваў плян, у адпаведнасьці зь якім старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык павінны быў пераехаць з Бэрліну ў Беларусь і ачоліць Нацыянальны Супраціў. Абрамчык з плянам згадзіўся, увосень 1943-га зьдзейсьніў паездку па Беларусі, але неўзабаве быў арыштаваны гестапа й апынуўся пад хатнім арыштам у Парыжы[1].

Родзька не адчайваўся. У 1943 року ён, у супрацоўніцтве з абвэрам, распачынае падрыхтоўку беларускіх дывэрсійных аддзелаў, што павінны былі ваяваць на занятай Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі. Пашыралася сетка БНП. У Глыбоцкай акрузе партыяй кіраваў Янка Гінько, у Слонімскай — Рыгор Зыбайла, у Наваградзкай — Барыс Рагуля, у Менскай — Юльян Саковіч (пасьля ягонай гібелі ў чэрвені 1943 року — Аляксей Сянькевіч), у Баранавіцкай — Усевалад Кароль, у Паставах (зь вясны 1944-га) — Віктар Сікора, у Вільні — Францішак Аляхновіч (пасьля яго гібелі ў сакавіку 1944 року — Марцінкевіч?), у Беластоцкай акрузе — Іван Гелда, на Смаленшчыне й Браншчыне — Міхал Вітушка і Зьміцер Касмовіч і г. д. У партыі згуртаваліся найлепшыя сілы маладой нацыянальнай эліты, якая была гатовая са зброяй у руках здабываць незалежнасьць Беларусі[1].

У студзені 1944 року Ўсевалад Родзька ўваходзіць у склад дазволенай немцамі Беларускай Цэнтральнай Рады (яна складалася з 14 чалавек на чале з прэзыдэнтам Астроўскім). Родзьку выбіраюць і ў Прэзыдыюм Рады, разам з такімі вядомымі дзеячамі, як Радаслаў Астроўскі, Юры Сабалеўскі, Францішак Кушаль, Сымон Кандыбовіч, Мікола Шкялёнак. Такім чынам два сябры БНП Усевалад Родзька і Мікола Шкялёнак атрымалі яшчэ большыя магчымасьці для падпольнай працы. У Радзе Родзька адказваў за працу з моладзьдзю, а Шкялёнак кіраваў аддзелам прапаганды й прэсы[1].

Вясной 1944 року зноў узьнікла надзея на стварэньне Беларускага Войска. Немцы далі на гэта дазвол яшчэ 23 лютага 1944-га, а ў сакавіку мабілізацыю ў Беларускую Краёвую Абарону абвесьціў прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі. Нацыяналістычнае падпольле вырашыла ўзяць пад свой кантроль ствараемыя беларускія вайсковыя фармацыі. З гэтай мэтай шмат маладых афіцэраў-сябраў БНП уступілі ў войска. У Глыбокім БКА кіраваў Рыгор Зыбайла, у Наваградку — Барыс Рагуля, у Слоніме — Язэп Дакіневіч, начальнікам пэрсанальнага бюро пры Галоўным Кіраўніцтве БКА быў Сымон Раманчук, менскімі афіцэрскімі курсамі кіраваў Віктар Чэбатарэвіч, намесьнікам Кушаля быў Віталь Мікула[1].

Пайшоў у БКА і Родзька. 20 сакавіка 1944 року ён атрымлівае ад прэзыдэнта БЦР ранг лейтэнанта, працуе начальнікам прапаганды Галоўнага Кіраўніцтва Беларускай Краёвай Абароны[1].

Аднак Усевалад Родзька не хацеў быць проста прапагандыстам, яму патрэбны быў верны вайсковы аддзел, бо ўжо зарадзілася ў яго ідэя антынямецкага паўстаньня ў Менску і абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі[1].

За ўдзел у антыпартызанскай апэрацыі ў траўні-чэрвені 1944 року ў раёне Вялейкі ўзнагароджаны Жалезным Крыжам II ступені.

20 траўня Р.Астроўскі выдае пастанову № 37 «Аб прызначэньні сябра Рады — старшага лейтэнанта РОДЗЬКА Ўсевалада Камандырам 15-га батальёну Беларускай Краёвай Абароны». Астроўскі пісаў:

« Прымаючы пад увагу хадайнічаньне і шчырае жаданьне сябры Рады сп. Родзька Ўсевалада прынесьці карысьць Бацькаўшчыне ў непасрэдным змаганьні з ворагамі Беларускага Народу, - прызначыць яго Камандзірам 15-га батальёну Беларускай Краёвай Абароны з захаваньнем за сп. РОДЗЬКА становішча сябры Рады[3]. »

Родзька быў адзіным сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, які пайшоў служыць у беларускае войска непасрэдна ў баёвы аддзел (Ф.Кушаль, начальнік Галоўнага Кіраўніцтва БКА, у асноўным, сядзеў у габінэце ды рабіў інспэкцыйныя паездкі, у баях ён ня браў удзелу). Напрыканцы траўня — у першых днях чэрвеня 1944 року 15-ты або Гарадзішчанскі батальён БКА складаў у Менску прысягу:

« Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандыраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што побач зь нямецкім жаўнерам, ня выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу. Я прысягаю, што хутчэй згіну сьмерцьцю героя, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры, браты і ўвесь Беларускі Народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю. Калі-ж з свае слабасьці ці злога намеру я парушу гэтую прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і Бацькаўшчыны[4].

»

Газэта «Голас вёскі» пісала 9 чэрвеня 1944-га: «Удумліва і ясна паўтаралі жаўнеры словы прысягі, чытанай ім камандзерам батальёну, сябрам БЦР, лейтэнантам Родзькам. Пасьля прысягі, спадар камандзер батальёну зьвярнуўся да жаўнераў з кароткім словам, у якім выказаў сваю пэўнасьць, што яны, у акцыі супроць ворага — бальшавіцкага бандыта, — на якую накіроўваюцца, апраўдаюць поўнасьцю надзеі беларускага народу і што ў змаганьні за свабоду Бацькаўшчыны ня зложаць зброі датуль, пакуль гэтая свабода ня будзе фактам»[1].

Абставіны, у якіх стваралася Беларуская Краёвая Абарона, былі вельмі складанымі. З аднаго боку немцы не жадалі добра ўзбройваць БКА, бо баяліся яе антынямецкага выступу, з другога боку савецкія партызаны атрымалі з Масквы загад зрываць мабілізацыю, развальваць або зьнішчаць беларускія вайсковыя адзінкі. А яшчэ была і польская Армія Краёва, што бачыла для сябе небясьпеку ва ўзьнікненьні беларускай збройнай сілы. На адной з нарад акруговых камандзіраў БКА і намесьнікаў БЦР напрыканцы сакавіка 1944 року Родзька казаў:

« Польская праца безумоўна шкодная, але мы не павінны яе баяцца, бо яна зьнікне, калі мы на ўсе выпадкі польскай актывізацыі будзем супроцьставіць сваю арганізаваную сілу. На гэты час арганізацыя збройнай сілы зьяўляецца самай важнай справай, а з адміністрацыйнымі непаладкамі як-небудзь мы справімся. У справе абмундзіраваньня нам важна не прыгожа выглядаць, як польскія легіёны, а важна мець сілу[1]. »

Фактычна, «арганізаваную сілу» беларускія нацыяналісты стварыць не пасьпелі. Да таго ж было мала часу, усяго чатыры месяцы. Аднак і за гэты час былі створаны й падрыхтаваны асобныя боездольныя вайсковыя адзінкі, якія налічвалі многія тысячы байцоў. Іх і хацеў сьцягнуць Родзька ў Менск напрыканцы чэрвеня 1944 року[1].

Хоць і са спазьненьнем, але беларускія нацыяналісты плянавалі паўтарыць акцыю бандэраўскай АУН улетку 1941 року. Тады фашысты жорстка расправіліся з украінскімі нацыяналістамі, якія хацелі адбудоўваць незалежную ўкраінскую дзяржаву. За тры гады беларускі нацыяналістычны рух значна пашырыўся, умацаваўся, арганізацыйна аформіўся. Найбольш радыкальная яго частка — Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з Усеваладам Родзькам — і пачала вясной 1944 року падрыхтоўку да паўстаньня. Па сьведчаньню Барыса Рагулі, плян паўстаньня падрыхтаваў Родзька[2]. Аднак вельмі верагодна, што ў яго распрацоўцы браў удзел і Міхал Вітушка. Да часу «Х», а менавіта — адкрыцьця Другога Ўсебеларускага кангрэсу — у Менск павінны былі быць сьцягнуты аддзелы БКА, ачольваныя незалежнікамі, а таксама баёўкі БНП з рэгіёнаў. Праўдападобна, выступіць супраць немцаў павінны былі таксама беларускія паліцыйныя й іншыя аддзелы, што знаходзіліся ў Менску. Плян быў адчайны й вельмі рызыкоўны. Нават у тым выпадку, каб усе задзейнічаныя ў акцыі аддзелы прыбылі ў Менск, сілаў для пасьпяховага паўстаньня было мала. А атрымалася так, што батальён Б.Рагулі да вызначанага часу ў Менск не пасьпяваў (немцы ня далі вагонаў), не даехалі да Менску ўсе баёўкі БНП (напрыклад, пастаўская — палякі падарвалі цягнік і група В.Сікоры, пасьля бою, вярнулася ў Паставы). Да таго ж пачаўся імклівы наступ савецкіх войскаў — Апэрацыя Багратыён[1].

На паседжаньні ЦК БНП плянаванае паўстаньне было адменена. Усевалад Родзька нацэльвае партыю на партызанскае й падпольнае змаганьне з бальшавікамі. Частка сілаў была пакінута на Бацькаўшчыне, іншыя адыйшлі ў Нямеччыну. Адступленьне многіх беларускіх вайсковых аддзелаў на захад адбывалася хаатычна. Захаваліся сьведчаньні, што ў гэтай сытуацыі Ўсевалад Родзька асабіста сустракаў адыходзячыя групы вайскоўцаў на мосьце празь Нёман у Горадні ды накіроўваў іх далей. Многія трапілі ў Дальвіц (Усходнія Прусы), дзе ў школе абвэра беларускія нацыяналісты праходзілі дывэрсійную падрыхтоўку, каб пасьля вярнуцца на Бацькаўшчыну і змагацца за вольную Беларусь[1].

Так утварыўся беларускі спэцыяльны дэсантны батальён «Дальвіц». Галоўная заслуга ў яго стварэньні зь беларускага боку належыць Родзьку. Немцы забясьпечвалі беларусаў зброяй, амуніцыяй і самалётамі перакідвалі ў Беларусь. Палітычным кіраўніком быў маёр Усевалад Родзька, а камандзірам батальёна — маёр Іван Гелда, сябра БНП, які толькі вызваліўся зь беластоцкай турмы гэстапа. Родзька верыў у паўстанцаў на Бацькаўшчыне й хацеў ім даць вайсковае й палітычнае кіраўніцтва. Да пачатку 1945 року было адпраўлена некалькі вялікіх дэсантных групаў, а таксама асобныя дэсантнікі. Усе яны лічыліся жаўнерамі Беларускага Краёвага Войска (БКВ) і сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі (БВА). БВА была ўтворана яшчэ ў 1944 року, як адзін з варыянтаў БНП, але толькі ў красавіку 1945-га ў Бэрліне прайшла першая нелегальная канфэрэнцыя вайскоўцаў БВА. Большасьць яе ўдзельнікаў выказаліся за ўдзел у партызанцы на Бацькаўшчыне. Прысутны на канфэрэнцыі праваднік СБМ Міхась Ганько пакаяўся ў сваіх памылках ды заявіў, што далучыцца да дэсантаў, як шэраговы партызан[1].

Адначасова з вайсковай акцыяй, Родзька актыўна займаўся палітычнай дзейнасьцю. У 1944-45 рр. ён актыўна шукае саюзьнікаў у барацьбе супраць бальшавізма. Былі наладжаны кантакты з прадстаўнікамі нацыяналістычных арганізацыяў прыбалтыйскіх дзяржаваў. У Бэрліне Ўсевалад Родзька сустракаецца зь Сьцяпанам Бандэрам і атаманам Тарасам Бульбай-Бараўцом, заключае зь імі пагадненьні аб супольнай барацьбе супраць бальшавікоў. Паўстала пытаньне адносін да акцыі генэрала Ўласава. Родзька лічыў, што з Расейскай вызваленчай арміяй Уласава трэба супрацоўнічаць. Напэўна, ён разумеў, што калі «ўласаўцы» узьнімуць на этнаграфічнай расейскай тэрыторыі антысавецкі партызанскі рух, то і беларускім партызанам будзе лягчэй змагацца супраць бальшавікоў, бо ня ўсе вайсковыя транспарты будуць даходзіць з Расеі ў Беларусь[1].

12 сьнежня 1944 року сытуацыю з акцыяй ген. Уласава абмяркоўвала й Беларуская Цэнтральная Рада ў Бэрліне. Усе выступоўцы (Р. Астроўскі, С. Станкевіч, Ф. Кушаль, А. Калубовіч) былі адмоўна настроеныя да пытаньня супрацоўніцтва з Уласавым. Са спазьненьнем на нараду прыехаў з батальёна «Дальвіц» капітан Родзька разам са старшым лейтэнантам Лазарэвічам. Пратакол таго паседжаньня захаваў словы і Родзькі, і ягоных апанентаў:

« Радны кап. Родзька: Мы найбольш зацікаўлены вырашэньнем падзеяў на савецкім фронце. Магчыма, што гэтае вырашэньне наступіць у наступным паўгодзьдзі дарогаю рэвалюцыі ў Чырвонай Арміі і вызвольных рухаў унутры Расеі. Мы павінны падтрымаць матар'яльна, збройнай сілай і маральна - ўсякую сілу, накіраваную супроць бальшавікоў. Самі мы, адны, нічога ня здолеем зрабіць. Мы павінны ісьці з тымі, з кім мы можам зьдзейсьніць нашыя імкненьні і гэта гварантуе нам нашыя дамаганьні. Дзеля гэтага мы павінны зрабіць усё, каб ісьці супольна з гэн. Уласавым... Радны кап. Родзька асьветчыў, што група беларускіх вайскоўцаў, да якой належыць ён і ст. лейт. Лазарэвіч, злажылі ў Галоўнае Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР мэмарандум аб неабходнасьці далучэньня да акцыі гэн. Уласава і прачытаў некаторыя аргумэнты з гэтага мэмарандума[1]. »

Пасьля гэтага думкі выступоўцаў падзяліліся. Вынік жа дыскусіі падвёў генэрал Кастусь Езавітаў, які ўважаў, што «ўсе гутаркі аб далучэньні да акцыі гэн. Уласава зьяўляюцца перадчаснымі»[5].

Нягледзячы на ўсе намаганьні Ўсевалад Родзька ня здолеў перакінуць свой батальён у Беларусь. Вясной 1945-га ў немцаў ужо не было лішніх самалётаў. Але ён не губляе аптымізму. Нават пасьля капітуляцыі Нямеччыны й раззбраеньня батальёна «Дальвіц» у Чэхіі мясцовымі партызанамі, Родзька з групай сваіх хлопцаў пешым маршам прабіваецца ў Беларусь. На Беласточчыне яны затрымаліся, тут і адбыўся правал — Родзьку і яшчэ некаторых арыштавалі гэбісты. Выратаваліся нямногія. Некаторыя ўцяклі на Захад, іншыя працягвалі пешы марш на ўсход і ўліліся ў партызанскую армію генэрала Вітушкі[1].

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беластоку Родзька жыў пад прозьвішчам Ян Ермаловіч. Яго адразу прывезьлі ў Менск, да міністра дзяржбясьпекі Цанавы. Чэкісты разумелі значнасьць асобы, якая трапіла пад іхны кантроль: віцэ-прэзыдэнт БЦР і намесьнік Астроўскага ў Беларусі, маёр БКА, старшыня ЦК БНП, кіраўнік Беларускай Вайсковай Арганізацыі. Дзяржбясьпека пачала спрабаваць схіліць Родзьку на бок супрацоўніцтва, аднак гэтыя спробы апынуліся няўдалымі. Больш за тое, ён спрабаваў вырвацца са зьняволеньня й вызваліць сваіх арыштаваных паплечнікаў, арганізаваўшы рызыкоўныя манэўры з МДБ. Нейкі час разглядаўся варыянт дэсанту арыштаваных сябраў БНП на чале з Родзькам у Грэцыю на дапамогу мясцовым камуністычным партызанам або выкарыстаньня іх іншым чынам. Родзька спадзяваўся перахітрыць Цанаву й вырвацца на волю для ўключэньня ў антыбальшавіцкае змаганьне, што ўжо шырылася ў краіне. Між тым, дадзеныя спробы сталі няўдалымі. 22 траўня 1946 року ён і Іван Гелда былі асуджаныя на кару сьмерцю. Вядома пра публічнае павешаньне Гелды ў Беластоку, аднак пра Родзьку падобныя зьвесткі не дайшлі[1]. Хадзілі толькі розныя чуткі: напрыклад, пра тое, што ён пасьля быў у сыбірскіх канцлягерах[2][6].

Аднак паплечнік Усевалада Родзькі Барыс Рагуля ўпэўнены, што яго забілі:

« Каб Родзька выжыў, ён знайшоў бы магчымасьць перадаць нам вестку. Ведаючы яго, я магу казаць гэта з упэўненасьцю[1]. »

Найбольш верагодна, што Родзька, як і Гелда, быў павешаны ў Беластоку, на той момант Усеваладу Родзьку было ўсяго 26 рокаў. Месца пахаваньня Родзькі дагэтуль невядомае.

Рашэньнем Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Ўсеваладу Родзьке пасьмяротна прысвоена званьне генэрала.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ёрш С. Арыштаваны ў Беластоку // Ніва,1996,№ 27, 7 ліпеня;
  • Ёрш С. Усевалад Родзька // Наша ніва,1998,№ 9, 11 траўня;
  • Ёрш С. Усевалад Родзька. Правадыр беларускіх нацыяналістаў;
  • Ёрш С.Вяртаньне БНП. Асобы й дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ,1998. С. 19-25;
  • Юзік С. [Язэп Сажыч]. Яшчэ, і больш пра Ўсевалада Родзьку і некаторых ягоных школьных сяброў // Беларускі дайджэст (ЗША),1998,№ 8 (56), верасень. Перадрук — Наша ніва,1999, 11 студзеня, № 1;
  • Ткаченко Е. Среди живых и мертвых // БДГ, 2001, 22 ноября, № 79;
  • Ёрш С. Пра Міхася Ганька і Ўсевалада Родзьку // Беларус, 2003, № 485, чэрвень;
  • Грыбоўскі Ю. Беларускі рух і Нямеччына напярэдадні і ў пачатку Другой сусьветнай вайны // Архэ, 2009, № 5. С. 156—157.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]