Усетатарскі грамадзкі цэнтар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сьцяг татарскіх нацыяналістаў, ужываецца сябрамі ЎТГЦ

Усетата́рскі грама́дзкі цэ́нтар (тат. Bötentatar İctimağí Üzäge, Бөтентатар Иҗтимагый Үзәге) — грамадзка-палітычная арґанізацыя татарскага нацыянальнага руху. Яго ўзьнікненьне звязанае зь дзейнасьцю ґрупы татарскае навуковай інтэліґенцыі. Першы ўстаноўчы зьезд, на якім было заяўлена аб стварэньні «Народнага руху ў падтрымку перабудовы — Татарскі грамадзкі цэнтар» і быў прыняты праґрама й статут арґанізацыі, адбыўся 17-18 лютага 1989 году ў Казані.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вышэйшым органам УТГЦ зьяўляецца Зьезд (Курултай), які зьбіраецца паводле статуту не радзей аднаго разу ў два гады. Структура іншых кіруючых органаў зь цягам часу неаднаразова зьмянялася. На трэцім зьезьдзе ў 1993 г. прынята рашэньне аб перайменаваньні руху ўва ЎТГЦ. Статут руху прадугледжвае толькі калектыўнае сяброўства, таму дакладных зьвестак аб колькасьці індывідуальных сябраў руху няма. Па сацыяльным складзе сярод актывістаў руху ў асноўным пераважаюць прадстаўнікі інтэліґенцыі, перш за ўсё гуманітарнай.

Адзьдзяленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мясцовыя адзьдзяленьні ЎТГЦ асабліва актыўна ствараліся на пачатку 1990-х гг. Значная іх частка ўтваралася на базе мясцовых татарскіх культурных таварыстваў. Геаґрафія іх распаўсюджваньня ахоплівала ня толькі рэґіёны Расейскае Фэдэрацыі, але й краіны СНД і Прыбалтыкі. У цяперашні час лік мясцовых адзьдзяленьняў значна скараціўся, найбольш прыкметнымі зьяўляюцца адзьдзяленьні ЎТГЦ ў Казані (цэнтральны апарат руху) і Наберажных Чалнох.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматлікія камісіі ЎТГЦ, якія першапачаткова працавалі па асобных актуальных напрамках нацыянальнага развіцьця (адукацыя, культура, гісторыя, экалёґія, праблемы моладзі і інш.), пазьней былі ператвораны ў самастойныя грамадскія аб'яднаньні — Асацыяцыю «Мэгариф» («Асьвета»), Фонд дапамогі бежанцам і вымушаным перасяленцам, Дабрачынны фонд «Жэмгияте хэйрия» («Міласэрнасьць») і інш.

Прыярытэтнай мэтай руху зьяўляецца судзейнічаньне нацыянальнаму адраджэньню татарскага народа. Зыходзячы з таго, што ў Татарстане ў цяперашні час пражывае толькі каля чвэрці ўсіх татараў былога СССР, ідэоляґі руху выступілі зь ідэяй рэалізацыі нацыянальных правоў народа ў двух формах: падвышэньня палітычнага статусу рэспублікі як формы нацыянальнае дзяржаўнасьці татараў і ўтварэньня за межамі Татарстана ў месцах кампактнага пражываньня татараў нацыянальна-культурнай аўтаноміі. У першай праґраме ЎТГЦ заяўлялася аб неабходнасьці падвышэньня статусу Татарстана да ўзроўню саюзнае рэспублікі.

Рэалізацыя нацыянальна-культурных правоў татарскага народа ў значнай ступені зьвязаная з моўным пытаньнем. З самага пачатку рух выступаў за наданьне татарскай мове разам з расейскай у Татарстане статусу дзяржаўнай, за паўсюднае пашырэньне сфэраў яе ўжываньня. Пазьней у праґраме радыкальнага крыла ЎТГЦ (1993 г.) было зафіксавана палажэньне аб татарскай мове як аб адзінай дзяржаўнай мове Рэспублікі Татарстан. Акрамя таго, рэалізацыя гэтых правоў прадугледжвае разьвіцьцё сыстэмы нацыянальнай адукацыі, сеткі нацыянальных культурных установаў, кнігавыданьня, прэсы, радыё-і тэлевяшчаньня і г.д.

Асаблівая ўвага ў кантэксьце дадзеных праблемаў надаецца пытаньню захаваньня традыцыйных для татараў духоўных каштоўнасьцяў. Перш за ўсё гэта тычыцца праблемы адраджэньня ісламу. УТГЦ заўсёды быў прыхільнікам адраджэньня джадыдызму — мадэрнізаванай ісламскае традыцыі, якая імкнецца злучыць у сваёй дактрыне мусульманскія духоўныя каштоўнасьці з навукова-тэхнічнымі дасягненьнямі заходняе цывілізацыі (джадыдызм атрымаў шырокі распаўсюд ў татарскім грамадзтве напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзя). Найважнейшай умовай адраджэньня ісламу зьяўляецца стварэньне паўнавартаснае сыстэмы мусульманскай адукацыі, умацаваньне ісламскіх сьветапоглядных прынцыпаў, прыцягненьне мусульманаў да актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці грамадзтва.

УТГЦ падтрымлівае ідэю кансалідацыі ўсіх цюрскіх культураў (у гэтым пляне характэрна патрабаваньне перакладу татарскага альфабэту зь кірыліцы на лацінку) і ўстанаўленьне розных формаў цеснага супрацоўніцтва з народамі Паволжа й Прыўральля.

Разьвіцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першыя гады свайго існаваньня (1989-1991 гг.) ЎТГЦ гуляў адну зь вядучых роляў у палітычным жыцьці рэспублікі, узначаліўшы рух за незалежнасьць Рэспублікі Татарстан. Асабліва актыўна ажыцьцяўлялася мітынґовая кампанія, пік якой прыпаў на кастрычнік 1991 г. У другой палове 1991 г. у сувязі з распадам СССР у дзейнасьці руху ўзмацніліся радыкальныя тэндэнцыі, якія ў значнай ступені стварылі пагрозу захаваньня міжнацыянальнае згоды ў рэспубліцы. І толькі ў 1993 г. намецілася адваротная тэндэнцыя паступовага згасаньня палітычнага ўплыву руху.

На працягу ўсяго пэрыяду існаваньня УТГЦ у ім назіралася супрацьборства паміж радыкальнымі і памяркоўнымі плынямі. Менавіта адсутнасьць палітычнага адзінства стала адной з прычынаў паступовае страты рухам свайго палітычнага патэнцыялу. У цяперашні час назіраецца практычна поўная адсутнасьць якіх-небудзь рэгулярных сувязяў паміж цэнтральнымі органамі ЎТГЦ і ягонымі рэґіянальнымі адзьдзяленьнямі.