Фабіян Ярэміч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фабіян Ярэміч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 18 студзеня 1891(1891-01-18)
Памёр: 29 чэрвеня 1958(1958-06-29) (67 гадоў)
Партыя:
Адукацыя:
Файл:2 Belaruski Kangres.jpg
Другі Ўсебеларускі кангрэс. Радаслаў Астроўскі на трыбуне падчас справаздачы. На пярэднім пляне — Фабіян Ярэміч, за ім — Васіль Рагуля.

Фабіян Ярэміч (20 студзеня 1891, вёска Дуляўцы, Ваўкавыскі павет — 29 чэрвеня 1958, Вільня) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч. Пасол польскага Сойму трох скліканьняў (у 1922 і 1928 гадох ад БНМ).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай каталіцкай сям’і. Скончыў электратэхнічную школу ў Пецярбургу. Працаваў у Вільні тэхнікам. У 1912 годзе трапіў у вязьніцу за сацыял-дэмакратычную работу сярод тэлеграфістаў. Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.

Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду (сьнежань 1917). Сябра прэзыдыюма Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сябра Рады БНР у 1918 годзе. У 1919—1922 гадах працаваў начальнікам тэлефоннай станцыі ў Вільні.

У польскіх крыніцах, на падставе архіўных зьвестак сьцьвярджаецца, што Ярэміч ваяваў на польскім баку падчас польска-бальшавіцкай вайны ў Беларускім палку стральцоў. Пасьля ў 1930-я — атрымаў як вайсковы асаднік зямлю на Паўночна-Ўсходніх Крэсах, быў чальцом Аб’яднаньня асаднікаў (Związku Osadników). Аднак беларускія гісторыкі даводзяць, што гэта быў іншы чалавек[1].

Дэпутат сейма Польшчы 3-х скліканьняў (1922—1935), старшыня Беларускага пасольскага клюбу ў 1925—1930 гадах пасьля выхаду адтуль Тарашкевіча.

Актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства беларускай школы. У 1925 годзе адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускага сялянскага саюзу, у 1926 годзе — Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1925—1930 гадах выдавец газэты «Сялянская Ніва».

У 1926 годзе ў складзе польскай парлямэнцкай дэлегацыі разам зь Пятром Мятлом наведаў БССР.

У 1928 годзе на кароткі час быў арыштаваны за антыпольскую дзейнасьць.

У час Другой сусьветнай вайны працаваў у органах акупацыйнай адміністрацыі ў Менску і Барысаве. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу (1944), быў запрошаны ў прэзыдыюм[2].

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зьняволены савецкімі ўладамі ў канцлягеры да 1956 году. Пасьля вярнуўся ў Вільню, дзе дажываў два апошнія гады. Памёр у сваім доме ў Калёніі пад Вільняй (цяпер Павільнюс) пасьля цяжкай працы ў агародзе ад крывазьліцьця ў мозаг[3].

Пахаваны на Павіленскіх могілках. За магілаю ніхто не даглядае. Помнік нядаўна зьменены відавочна летувіскімі ўладамі. Прозьвішча цяпер напісана «Ереміч»[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]