Фердынант II (кароль Арагона)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Фердынант II

Фердынант ІІ Каталіцкі, (па-гішпанску: Fernando II de Aragón y V de Castilla "el Católico", па-каталянску: Ferran II d'Aragó "el Catòlic", па-арагонску: Ferrando II d'Aragón "lo Catolico") (10 сакавіка 145223 студзеня 1516) — быў каралём Арагона (1479-1516), Сіцыліі (1468-1516), Неапаля (1504-1516), Вaленсіі, Сардыніі ды Наварры, графам Барсэлёнскім, праз сваю жонку дэ-юрэ каралём Кастыліі (1474-1504) і рэгентам і сапраўдным гаспадаром гэтай краіны з 1508 года да сваёй сьмерці ў імя сваёй псыхічна неўраўнаважанае дачкі Хуаны Вар'яткі.

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

Фердынант быў сынам Яна ІІ Арагонскага (чыя сям'я была малодшай лініяй дынастыі Трастамара) ад яго другой жонкі, кастыльскай шляхцянкі Хуаны Энрыкес. 19 кастрычніка 1469 года ў Вальядалідзе ён пабраўся шлюбам з Інфантай Ізабэлай, зводнай сястрой і спадкаемцай Генрыка IV, караля Кастыліі. Такім чынам ён стаў jure uxoris каралём Кастыліі, калі Ізабэла стала каралевай Кастыліі па сьмерці яе брата ў 1474 годзе. Ізабэла таксама належала да каралеўскае дынастыі Трастамара. Маладыя манархі спачатку былі прымушаны весьці грамадзянскую вайну супраць прынцэсы Хуаны, прызнанай але па-за шлюбнай дачкі Генрыка IV. Калі Фердынант узыйшоў на трон Арагона, па сьмерці свайго бацькі ў 1479 годзе, Карона Кастыліі і разнастайныя тэрыторыі Кароны Арагона аб'ядналіся ў пэрсанальнае вуніі, утварыўшы адзіную, упершыню з 8-ага стагоддзя, тэрытарыяльна-палітычную адзінку, якую можна назваць Гішпаніяй нягледзячы на тое, што розныя тэрыторыі ня мелі адзінае нацыянальнае адміністрацыі да ХVІІІ стагоддзя.

Першае дзесяцігоддзе сумеснага панаваньня Фердынанда і Ізабэлы было занята захопам каралеўства Гранада, апошняга мусульманскага анклава на Іберыйскае паўвыспе, які завяршыўся ў 1492 годзе. У той жа самы год быў выданы Альгамбрскі дыкрэт, які выганяў габрэяў як з Кастыліі, так і з Арагона. Таксама ў гэты год каралеўская пара выправіла Хрыстафора Калюмба ў яго экспэдыцыю ў Новы Сьвет. Па дамове заключанай у Тордесійас у 1494 годзе, па-за эўрапэйскі сьвет быў падзелены паміж каронамі Партугаліі і Кастыліі па паўночна-паўднёвае лініі, якая ішла праз Атлянтычны акіян.

Пазьнейшая частка жыцьця Фердынанда была па большасьці занята барацьбой з каралямі Францыі за кантроль над Італіяй пад час, так званых, Італьянскіх войнаў. У 1494 годзе, Карл VІІІ, кароль Францыі, ўварваўся ў Італію і выгнаў Альфонса ІІ (які быў стрыечным братам Фердынанда і прыёмным сынам Фердынандавай сястры) з трона Неапаля. Фердынанд уступіў у хаўрус з некаторымі італьянскімі гаспадарамі і з імпэратарам Максыміліянам І і пасьпяхова выбіў французаў ў 1496 годзе, пасадзіўшы на неапалітанскі трон Фердынанда ІІ, сына караля Альфонса. У 1501 годзе, пасьля сьмерці Фердынанда Неапалітанскага і уступленьня на трон яго дзядзькі Фрэдэрыка, Фердынанд Арагонскі падпісаў пагадненьне з наступнікам Карла VІІІ, Людовікам ХІІ, які толькі што пасьпяхова адстаяў свае прэтэнзіі на Міланскае герцагства, аб падзеле Неапалітанскіх уладаньняў. Паводле гэтага дакуманта Кампанія і Абруццы, якая уключае ў сябе сам Неапаль, мусілі адысьці да французаў, у той час калі Апулія і Калябрыя мусілі застацца за Фердынандам. Неўзабаве дамова развалілася на часткі, і на працягу некалькіх наступных гадоў найлепшы генэрал Фердынанда, Ганзала Фернандэс де Кордаба, веў вайну супраць французаў, захапіўшы Неапаль у 1504 годзе. Яшчэ адзін менш знакаміты "захоп" адбыўся ў 1503 годзе, калі Андрэас Палеолаг, de jure імпэратар Усходняе Рымскае імпэрыі зрабіў сваімі спадкаемцамі Фердынанда ды Ізабэлу. Такім чынам Фердынанд стаў de jure усходнерымскім імпэратарам.

[рэдагаваць] Па сьмерці Ізабэлы

Пасьля сьмерці Ізабэлы яе каралеўства перайшло да іх дачкі Хуаны. Фердынанд кіраваў краінай у якасьці рэгента ў час яе знаходжаньня ў Нідэрляндах, якімі правіў яе муж эрцгерцаг Філіп. Фердынанд паспрабаваў заставіць рэгенцтва за сабой, але, сутыкнуўшыся з апазыцыяй кастыльскага шляхецтва, мусіў саступіць на карысьць мужа Хуаны, які такім чынам стаў каралём Філіпам І Кастыльскім. Па сьмерці Філіпа ў 1506 годзе Фердынанд вярнуўся да рэгенцтва з прычыны псыхічнага нездароўя Хуаны і непаўналецьця яе сына, Карла Генцкага, які меў толькі 6 гадоў веку, і кіраваў праз Франсіско кардынала Хіменэс дэ Сыснэрас, канцлера каралеўства.

Фердынанд не пагаджаўся з палітыкай, якую праводзіў Філіп. У 1505 годзе Фердынанд ізноў ажаніўся на Жэрмэн дэ Фуа, пра-праўнучке яго зводнае сястры каралевы Элеяноры Наварскае, спадзяючыся мець дзіця мужскога полу, каб, такім чыман, разьяднаць Кастылію ды Арагон, і адмовуць Філіпу ў будучай магчымасьці караляваньня ў Арагоне, а таксама закласьці падмурак прэтэнзіяў на землі наварскае кароны.

У 1508 годзе ў Італіі ізноў выбухнула вайна - гэтым разам з Вэнэцыяй, супраць якой аб'ядналіся усе дзяржавы паўвыспы, разам з Людовікам XII, Фердынандам, Максыміліянам І ды Папам Юліям ІІ, ў так званай Лізе Камбрэ. Нягледзячы на тое, што французы здолелі атрымаць перамогу на вэнэцыянцамі ў бітве пры Аньядэлла, Ліга неўзабаве развалілася з-за падозраньняў якія мелі Папа і Фердынанд наконд намераў французаў. У гэтых варунках была сфармаваная Сьвятая Ліга, у якую таксама увайшлі ўсе дзяржавы, але гэтым часам яна была скіраваная супраць Францыі.

У лістападзе 1511 года Фердынанд і яго зяць, Генрых VІІІ, кароль Ангельшчыны, падпісалі Вэстмінстэрскую дамову, паводле якой абодвы бакі мелі быць хаўрусьнікамі ў вайне супраць Францыі. У той жа самы год Фердынанд захапіў ды анэксаваў паўднёвую частку каралеўства Наварра, каралі якой адначасова зьяўляліся францускімі арыстакратамі. У асноўным Сьвятая Ліга дамаглася посьпехаў і ў Італіі. Французы былі выгнаны зь Мілана, які ізноў перайшоў да герцагаў з роду Сфорца паводле мірнае дамовы 1513 года. Аднак праз два гады францускія войскі ізноў увайшлі ў Мілан.

Фердынанд памёр у 1516 годзе ў мястэчку Мадрыгалеха, Карсэрэс, Экстрэмадура, Гішпанія.

[рэдагаваць] Спадчына

Фердынанд меў славу вельмі прадбачлівага і бязьлітаснага палітыка. Адным зь першых ён зразумеў моц і патанцыял аб'яднанай Гішпаніі, над узмацненьнем якой, ён разам са сваёй жонкай, Ізбэлай Кастыльскай, безупынна працаваў. Спрабуючы стала ўсталяваць дамінаваньне Гішпаніі ў Італіі, Фердынанд і Ізабэлла, вялі актыўную дынастычную палітыку, каб акружыць свайго самага магутнага й упартага праціўніка, Францыю, ланцугом хаўрусьнікаў. Так былі аддадзеныя замуж Хуана, будучая каралева Кастыліі, якая стала жонкай герцага Фляндрыі Філіпа і маткай будучага імпэратара Карла V Вялікага, і Катарына Арагонская, якая стала жонкай, спачатку Артура,герцага Ўэльскага , а пасьля яго малодшага брата Генрыха VІІІ, і маткай каралевы Марыі І, якая дастала мянушку "крывавай Мэры" за сваю рэпрэсыўную рэлігійную палітыку. Фердынанд добра разумеў патрэбы сваёй краіны. І калі яго спадкаемца, Карл V, уступіў на трон, Гішпанія, і яе ўладаньні сталі падмуркам і самай каштоўнай часткай ўсіх яго зямель і гаспадарстваў.


[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

 Фердынант II (кароль Арагона)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады