Флэшмоб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

У сучасным значэньні флэшмоб (ад ангельскага: flash mob - «імгненны натоўп») азначае групу людзей, якія нечакана зьяўляюцца ў публічным месцы, цягам кароткага прамежку часу дзейнічаюць незвычайным чынам, а затым хутка зьнікаюць. Звычайна флэшмоберы арганізуюцца праз Інтэрнэт альбо іншыя сучасныя сродкі сувязі.

Не існуе адзінага меркаваньня наконт мэтаў правядзеньня флэшмобаў. Удзельнікі аднаго і таго жа мерапрыемства могуць пераследваць розныя мэты. Сярод магчымых варыянтаў — забава, парушэньне звычайнага ходу жыцьця, узьдзеяньне на навакольных, адчуваньне дачыненьня да агульнай справы, самасцьвярджэньне. Ідэалёгія клясічнага флэшмоба прытрымліваецца дэвізу «Флэшмоб па-за рэлігіяй, па-за палітыкай, па-за эканомікай».

Рух флэшмобу заснаваны на выкананьні тыповых правілаў, сярод якіх найбольш важныя наступныя: адначасовы пачатак і завяршэньне акцыі яе ўдзельнікамі; дакладнае сьледаваньне сцэнару; адсутнасьць удзельнікаў на месцы флэшмобу да і пасля акцыі; уяўная спантаннасьць дзеяньня.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы флэшмоб быў зарганізаваны на выспе Мангэтан у траўні 2003 года зь ініцыятывы Біла Ўосіка (Bill Wasik), галоўнага рэдактара часопіса Harper's. Паходжаньне флэшмобаў было невядомае, пакуль Уосік не надрукаваў артыкул пра сваё вынаходніцтва ў сакавіцкім выданьні Harper's. Першая спроба флэшмобу была беспасьпяховай, бо вызначаная для правядзеньня флэшмобу крама была загадзя папярэджаная пра пляны людзей сабрацца ў ёй.

Першы пасьпяховы флэшмоб адбыўся 3 чэрвеня 2003 года ва ўнівэрмагу Macy's. Гэтым разам Уосік здолеў правесьці флэшмоб, папярэдзіўшы ўдзельнікаў аб месцы правядзеньня проста перад самой падзеяй. Звыш 100 чалавек сабраліся вакол аднаго дарагога дывана на дзевятым паверсе ўнівэрмагу і сталі казаць прадавачкам, што жывуць разам на складзе на ўскраіне Нью-Ёрка, і хочуць купіць «Дыванок Кахання».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]