Флярэнтыйская вунія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Флярэнты́йская у́нія 1439 году — акт аб арганізацыйным злучэньні пад уладай рымскага папы каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, абвешчаны на царкоўным саборы ў Флярэнцыі (Італія).

Праваслаўная царква мусіла прызнаць некаторыя каталіцкія дагматыfilioque (зыходжаньне Сьвятога Духа ня толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына), існаваньне чыстца і г. д. пры захаваньні абраднасьці і богаслужэньня на грэцкай, царкоўнаславянскай і іншых мовах, шлюбу белага духавенства і права цывільных прычашчацца віном з чашы. Скліканы папам Яўгенам IV для заключэньня уніі ўсяленскі сабор (14381445) адкрыўся ў Фэрары, працягнуў сваю дзейнасьць у Флярэнцыі, а закончыў у Рыме, адсюль назва — Флярэнтыйскі (Фэрара-Флярэнтыйскі) сабор. Аднымі з ініцыятараў уніі былі кіруючыя колы Бізантыйскай імпэрыі, у тым ліку імпэратар Ян VIII Палеалог і канстантынопальскі патрыярх Ёсіф II, якія спадзяваліся ў абмен на саступкі ў дагматыцы атрымаць дапамогу Захаду ў барацьбе з турэцкай пагрозай. Ідэю уніі з канца XIV стагодзьдзя пасьлядоўна спрабавалі рэалізаваць усе вялікія князі літоўскія, у першую чаргу Вітаўт (глядзіце Канстанцкі сабор), разьлічваючы ўзмацніць унутранае адзінства дзяржавы. Смаленскі епіскап Герасім, у 14331435 гадах мітрапаліт кіеўскі і «ўсяе Русі», зь ведама Сьвідрыгайлы і канстантынопальскай патрыярхіі вёў зь Яўгенам IV перамовы аб уніі, якая не была рэалізаваная з-за пакараньня сьмерцю Герасіма Сьвідрыгайлам у 1435 годзе.

Дэлегацыю праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі (да 1458 году арганізацыйна адзінай у межах ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы) на Флярэнтыйскі сабор узначальваў мітрапаліт Ісідор, пастаўлены Ёсіфам II пасьля сьмерці Герасіма. У яе ўваходзілі будучы мітрапаліт Грыгоры Балгарын, суздальскі епіскап Аўраамій, аўтар «Аповесьці пра Флярэнтыйскі сабор» інак Сімяон з Суздаля і іншыя. 5 ліпеня 1439 году унія была падпісаная, а назаўтра ўрачыста абвешчаная ў кафэдральным саборы Флярэнцыі. З каталіцкага боку свае подпісы паставілі папа Яўген IV, 143 прымасы, кардыналы, арцыбіскупы і біскупы; з праваслаўнага — імпэратар Ян VIII, мітрапаліты Антоні, Дасіфей, Ісідор і яшчэ 15 мітрапалітаў. На зваротным шляху, у сакавіку 1440 году Ісідор з вугорскай сталіцы Буды зьвярнуўся з пастырскім пасланьнем да вернікаў Польшчы, ВКЛ, Інфлянтаў і Русі, заклікаўшы падтрымаць Флярэнтыйскую унію. Але нягледзячы на тое, што Ісідор правёў каля 6 месяцаў (паводле іншых крыніц, 11 месяцаў) у ВКЛ, імкнучыся ўмацаваць свае пазыцыі, наведаў Вільню, Полацак, Тураў (паводле Hаўгародзкага летапісу, ён «повеле в лячкых божницах рускым попом свою службу служити, а в рускых церквах капланом»), спроба ўвесьці унію не ўдалася. Апрача праваслаўнай царквы, яна сабатавалася і каталіцкімі іерархамі Польшчы і Літвы, якія да 1443 году не прызнавалі уніі і яе ініцыятара Яўгена IV і падпарадкоўваліся Фэліксу V, абранаму альтэрнатыўным Флярэнтыйскаму Базэльскім саборам. Талерантнае стаўленьне Флярэнтыйская унія сустрэла толькі ў Кіеве, Смаленску і некаторых іншых землях ВКЛ. Прызнаньне яе князем Юрыем Лугвенавічам, які ў 1440—1441 гадах на кароткі час аднавіў незалежнасьць былога Смаленскага княства ад ВКЛ, разьлічваючы атрымаць падтрымку Рыма, было яшчэ адной прычынай, чаму кіруючыя колы ВКЛ на той час не падтрымалі Флярэнтыйскую унію.

Яшчэ менш прыхільнасьці выклікала дзейнасьць Ісідора ў Маскве, дзе яго «лацінства» было ў 1441 асуджана царкоўным саборам, а сам ён зьняволены. Неўзабаве яму ўдалося ўцячы ў Цьвер, адкуль у 1442 годзе ён «поехал в Литву к Казимеру в Hовый Городок и пробыв тамо пойде к Риму», дзе з часам атрымаў ад папы сан уніяцкага Канстантынопальскага патрыярха ў рангу кардынала. У рэшце рэшт пацярпела няўдачу і спроба ўвесьці унію ў Бізантыі.

Пасьля аднаўленьня ў 1458 годзе асобнай ад маскоўскай Кіеўскай мітраполіі (з рэзыдэнцыяй у Наваградку) Флярэнтыйская унія падтрымлівалася Казімірам IV, які сам, паводле некаторых зьвестак, быў у маленстве хрышчоны і па праваслаўным, і па каталіцкім абрадах. У 1470-х гадах ён арганізоўваў звароты ляяльных да уніі мітрапалітаў кіеўскіх Грыгорыя Балгарына і Місаіла да папы Сікста IV аб гатоўнасьці працягнуць справу уніі. Да пачатку XVI стагодзьдзя кіеўскія мітрапаліты, як правіла, са смаленскіх епіскапаў, (глядзіце Ёсіф I). фармальна лічылі Флярэнтыйскую унію сапраўднай на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ. Аднак гэта фактычна ніяк не адбівалася на жыцьці ніжэйшага духавенства і вернікаў, хаця, напрыклад, зрабіла магчымым выпуск папам адмысловых індульгенцыяў, збор ад якіх мусіў пайсьці на адбудову Кіева, разбуранага ў 1482 годзе крымскім ханам Менглі-Гірэем. На прынцыпах Флярэнтыйскай уніі была заснаваная Берасьцейская унія 1596 году, ідэолагі якой, асабліва Іпаці Пацей, часта зьвярталіся ў палеміцы да прыкладу Флярэнтыйскай уніі. Так, у 1605 годзе Пацей апублікаваў знойдзеную ім быццам бы ў крэўскай царкве рукапісную стараславянскую кнігу, якая ўтрымлівала апісаньне Флярэнтыйскага сабору і так званую «эпістолію» мітрапаліта Місаіла да Сікста IV у 1476 годзе, напісаную на старабеларускай мове, сапраўднасьць якой пачала аспрэчвацца адразу пасьля публікацыі. Сярод паслоў у Рым у ёй названы «благоверный княз Дмитр Вяземский сын князя Константинов з белое Руси».

Напісанае супраць Флярэнтыйскай уніі паміж 14611471 гадамі «Слово избранное от святых писаний еже на латыню» (перапрацоўка «Аповесьці» Сімяона Суздальскага) — першая ўсходнеславянская крыніца, у якой згадваецца Белая Русь, што паслужыла адной з падставаў памылковага меркаваньня пазьнейшых гісторыкаў, нібыта «Белая Русь» пры Васілі II і Іване III была афіцыйнай назвай Маскоўскай дзяржавы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.
  • Попов А. Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875 («Слово избранное…»).
  • Павлов А. С. Критические опыты по истории древнейшей греко-русской полемики против латинян. СПб, 1878.
  • Архив Юго-Западной России, издаваемый комиссиею для разбора древних актов. Ч. I, Т. VII. Киев, 1887 («эпiстолiя» Мiсаiла).
  • Lewicki A. Unia Florenska w Polsce // Rozprawy Akademii umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny. Ser. II, T. 13 (38). Krakow, 1899.
  • митр. Макарий [Булгаков]. История русской церкви. Т. IX, кн. IV (История западно-русской или литовской митрополии). СПб., 1900.
  • Шпаков А. Я. Государство и церковь в их взаимных отношениях в Московском государстве от Флорентийской унии до учреждения патриаршества. Ч. 1. Княжение Василия Темного. Киев, 1904.
  • Пирлинг О. Россия и папский престол. Кн. 1. Русские и Флорентийский собор. М., 1912.
  • Грабарь В. Э. Вселенские соборы западно-христианской церкви и светские конгрессы XV в. // Средние века. Вып. 2, 1946.
  • ПСРЛ. Т. 25. М.-Л., 1949.
  • Мощинская H.В. Литературная история «Повести об Осьмом Ферраро-Флорентийском соборе» Симеона Суздальского // Вопросы русской литературы. М., 1971.
  • Acta Slavica Concilii Florentini // Concilium Florentinum. Documenta et Scriptores. Vol. XI. Roma, 1976.
  • Зимин А. А. Витязь на распутье. М., 1991.
  • Сьвятлана Марозава. Ідэя царкоўнай уніі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі XV — пачатку XVI ст. // Царква, № 1 (64), 2010.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]