Фліндэрз (востраў)
| Фліндэрз | |
| Месца | Басаў праліў |
|---|---|
| Плошча | 1333 км² |
| Найвышэйшы пункт | 756 м |
| Краіна | Аўстралія |
| Вобласьць | Тасманія |
| Насельніцтва (2005) | 895 чалавек |
| Каардынаты | 40°00′00″ пд. ш. 148°07′00″ у. д. / 40° пд. ш. 148.116667° у. д.Каардынаты: 40°00′00″ пд. ш. 148°07′00″ у. д. / 40° пд. ш. 148.116667° у. д. |
|
Фліндэрз на мапе Аўстраліі
Фліндэрз
|
|
Фліндэрз (па-ангельску: Flinders Island) — востраў у праліве Баса, які ляжыць за 20 км на паўночны ўсход ад вострава Тасманія. Найбуйнейшы востраў у групе астравоў Фюрно. Уваходзіць у склад штата Тасманія. Плошча вострава — каля 1333 км². Найвышэйшы пункт — гара Стшалецкага (756 м). Найбуйнейшыя населеныя пункты — Ўайтмарк (па-ангельску: Whitemark) і Лэдзі-Бэран (па-ангельску: Lady Barron).
Геаграфія [рэдагаваць]
У геалягічнай будове вострава Фліндэрз пераважаюць горныя хрыбты, якія складзеныя з гранітных парод і займаюць трэць усяго вострава. Найбольш буйныя зь іх — града Стшалецкага (па-ангельску: Strezelecki Range), Дарлінг (па-ангельску: Darling Range), гара Кілікрэнкі (па-ангельску: Mount Killiecrankie) і Патрыярх (па-ангельску: The Patriarchs).
Прыкладна палова вострава ўяўляе сабою прыбярэжныя выдмы з роднаснымі глебавымі адкладамі, якія фармуюць раўніну ва ўсходняй частцы вострава Фліндэрз і вузкую паласу на заходнім узьбярэжжы. У шматлікіх нізінных месцах з мноствам лягун можна знайсьці эстуарыявыя плясты зь пяску, гліны і галькі. Найвышэйшы пункт вострава Фліндэрз — гара Стшалецкага (756 м). Іншыя пікі дасягаюць вышыні 400 м.
Мноства невялікіх рачных струменяў, якія бягуць у бок берага, утвараюць пераважны малюнак гідраграфічнай сеткі. Найбуйнейшыя рэкі, якія бяруць пачатак у сельскагаспадарчых землях, цякуць у бок усходняга ўзьбярэжжа і ўпадаюць у чатыры вузкіх марскіх заліва. Шматлікія рэкі зьяўляюцца толькі пасьля моцных дажджоў, што зьвязана з маленькай даўжынёю рэк і стромкасьцю мясцовасьці, па якой яны цякуць.
Уздоўж усходняга берага вострава Фліндэрз разьмешчана мноства прыбярэжных лягун. Праз розную колькасьць ападкаў, вышыннасьць, геалягічную будову і ляндшафт на астравах назіраецца вялікая разнастайнасьць глеб і формаў расліннасьці. Уздоўж прыбярэжных выдмаў пераважаюць глебы з вялікім утрыманьнем вапны, на якіх растуць нізкарослыя хмызьнякі і нізінныя дрэвы. На мяккахвалістых раўнінах у заходняй частцы вострава пераважае монафракцыённы пясок і неаднастайныя глебы, на якіх растуць эўкаліпты.