Франак Вячорка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Франак Вячорка
Франак Вячорка.jpg
Стыпэндыят праграмы Вацлава Гаўла на Радыё Свабода
2012 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 26 сакавіка 1988 (26 гадоў)
Менск, БССР
Нацыянальнасьць: беларус
Бацькі: Вінцук Вячорка
Арына
Рэлігія: уніят (грэка-каталік)
Узнагароды: «Залаты апостраф» за найлепшы дэбют у прозе (2011), ляўрэат прэміі Хартыі’97 «за асабістую мужнасьць»(2009), прэміі «Новае пакаленьне» (2008),

Франці́шак Валянці́навіч Вячо́рка (нарадзіўся 26 сакавіка 1988) — беларускі грамадзкі дзяяч, журналіст. Працуе на Радыё Свабода, стыпэндыят праграмы Вацлава Гаўла. Быў кіраўніком Культурніцкай камісіі Партыі БНФ[1][2] у 2007—2008 гг. Старшыня Моладзі БНФ у 2008—2009 гг. Франак Вячорка — сын Вінцука Вячоркі, старшыні Партыі БНФ у пэрыяд з 1999 да 2007 г.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 26 сакавіка 1988 году ў Менску. Бацька — Вінцук Вячорка, маці — Арына Вячорка(be) — пэдагог, заснавальнік рыцарскага клюбу «Вялікае княства», прадусар музычнага праекту «Легенды Вялікага княства», працвала ў выдавецтве «Ковчег».

У 19942001 гадах вучыўся ў сярэдняй школе №20 (Гімназія №8). З 2001 да 2005 ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Старшыня Вучнёўскага самакіраваньня ліцэю з 2002 па 2004 [3]. Заснавальнік і галоўны рэдактар ліцэйскай газэты «Трыкутнік»[4]. Летам 2003 арганізаваў шэраг акцыяў пратэсту ў абарону ліцэю[5].

У 2005 годзе Вячорка паступіў на факультэт журналістыкі БДУ. 18 лютага 2008 году ён быў адлічаны з трэцяга курсу з фармулёўкай «за акадэмічную непасьпяховасьць». Фармальным чыньнікам адлічэньня стала тое, што студэнт ня змог своечасова здаць сэсію: у гэты час Ф. Вячорка адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт па абвінавачваньні ў дробным хуліганстве, якое ён зьдзейсьніў 16 студзеня ў будынку суду Цэнтральнага раёну Менску, дзе праходзіў працэс па справе актывісткі моладзевага дэмакратычнага руху Юліі Сіўцовай.

У 2008 пачаў навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільня) на завочным аддзяленьні па спэцыяльнасьці «Мэдыя і камунікацыі», аднак мусіў прыпыніць, бо быў забраны на тэрміновую войсковую службу.

У 2009—2010 праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў вайсковай часьці 48694 супрацьпаветранай абароны ў Мазыры. Аспрэчваў свой прызыў у судзе.[6] Паводле Ф. Вячоркі, мэдычнае абсьледаваньне не было аб’ектыўным, а яго вынікі сфальшаваныя. У войску вёў дзёньнік у інтэрнэце пра вайсковую службу[7]. Быў пакараны за ўжываньне камандаў на беларускай мове. Камісаваны па стане здароўя за тры месяцы да канца службы[8]. Будучы салдатам, балятаваўся ў Мазырскі раённы Савет, але безвынікова [9].

Выбарчыя матэрыялы Франака Вячоркі ў Мазыры

У 2010 сем беларускіх навучальных установаў адмовілі Ф. Вячорку ва ўзнаўленьні. Зь лістапада 2010 Працягвае навучаньне ў Варшаўскім унівэрсытэце па спэцыяльнасьці «Public Relations i Мэдыя Маркетынг». Жыве ў Беларусі.

Валодае ангельскай, расейскай, францускай і польскай мовамі.[10]

Амапаўцы зьбіваюць Франка Вячорку і яго бацьку

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Франак Вячорка неаднаразова адбываў арышт за палітычную дзейнасьць

У 2001—2003 гадах Вячорка быў сябрам «Маладога Фронту», у 2005 стаўся адным з заснавальнікаў Моладзі БНФ. Ад сакавіка 2006 — сябра і актывіст Партыі БНФ. У 2005—2006 — сябра прэс-групы штабу Аляксандра Мілінкевіча. Прадстаўнік Беларусі ў швайцарскай моладзевай арганізацыі CODAP, якая займаецца абаронай правоў чалавека і дзіцяці па ўсім сьвеце. 26 кастрычніка 2008 году абраны старшынём моладзевай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ».

Сябра арганізацыйных камітэтаў многіх вулічных акцыяў (Эўрапейскі Марш 2007, Дзень Волі 2008, Народны сход), арганізатар пэрформансаў і флэшмобаў у абарону беларускай мовы[11], супраць кантролю над інтэрнэтам [12].

У лютым 2011 стаў адным з заснавальнікам новай Нацыянальна-Дэмакратычнай партыі «Беларускі Рух». Абраны кіраўніком міжнароднай камісіі.

Грамадзкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Франак Вячорка кіраваў укладаньнем некалькіх музычных праектаў («Я люблю ліцэй», «Я люблю ліцэй: Веру ў Цябе», «Партызанская школа», «Янка Купала» (2007), «НезалежныЯ» (2008)), каардынаваў праект па дубляваньні замежных фільмаў на беларускую мову, у межах якога былі перакладзеныя «Шрэк 2», «Шрэк 3», «Крымінальнае чытво», «Любоў насамрэч».

Аўтар кнігі «Падарожны Дапаможнік для беларусаў»[13].

Адзін з ініцыятараў кампаніі «Народны журналіст»[14].

Адзін з заснавальнікаў і намесьнік старшыні грамадзкай ініцытывы «Арт Сядзіба»[15].

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 2003 году супрацоўнічаў з Радыё Рацыя, Радыё Свабода, БелаПАН. Быў рэдактарам UDF.by, UFF-by.org, Moladz.by ды іншых. Публікаваўся на ангельскім сэрвісе Радыё Свабода, у часопісе The Atlantic ды інш.

Ад 2008 працаваў каардынатарам прамоцыі тэлеканалу Белсат. Ад студзеня 2012 — на Радыё Свабода. Стыпэндыят праграмы Вацлава Гаўла.

Чытаў лекцыі па новых мэдыях для студэнтаў Карлавага ўнівэрсытэту, а таксама Ню-Ёрскага Унівэрсытэту ў Празе.

Кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2005-2006 годзе Франак Вячорка выступіў у якасьці галоўнага героя дакумэнтальнага фільму «Урок беларускай мовы»[16] польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага. Фільм паказвае змаганьне дэмакратычнай беларускай моладзе супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Франак апавядае пра сваё дзяцінства, навучаньне ў нелегальным Коласаўскім ліцэі, носіць турэмныя перадачы бацьку Вінцуку Вячорку, удзельнічае ў кампаніі адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў (2006) Аляксандра Мілінкевіча. Заканчваецца фільм кадрамі з брутальнага разгону акцыі 25 сакавіка 2006 году. Фільм быў паказаны на кінафэстывалях, у кінатэатрах, школах розных краінаў: Польшчы, Нямеччыне, Канадзе, Вялікабрытаніі, Літве, Галяндыі і інш.[17] Фільм атрымаў 22 міжнародныя ўзнагароды[18], сярод іх "Movies that matter" (2007, Амстэрдам), "Prix Europa" (2007, Бэрлін) — як "Найлепшы дакумэнтальны фільм Эўропы" [19]. Фільм дэманстраваўся па тэлебачаньні ў розных краінах, даступны да спампаваньня ў сеціве [20].

Франак Вячорка быў адным са стваральнікаў і акторам у кінаспэктаклі «Тутэйшыя» паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы[21]. Фільм зьняты польскім і беларускім рэжысэрамі — Дарыюшам Шадам-Бажэшкоўскім і Валерыем Мазынскім на замову тэлеканалу «Белсат».[22] У фільме ўдзельнічаюць зоркі беларускага тэатру і кіно: Павал Харланчук, Анатоль Кот, Дзяніс Тарасенка. Франак Вячорка сыграў пана. здымкі адбываліся ў польскім мястэчку Тыкоцін. Фільм дэманстраваўся на Белсаце, польскім тэлебачаньні TVP, распаўсюджваўся на дысках і ў інтэрнэце, аднак вялікага посьпеху ня меў. Міністэрства культуры Беларусі палічыла тэлеспэктакль «экстрэмісцкім» і забараніла да паказу ў Беларусі [23]

У лістападзе 2011 году пачаліся здымкі фільму «Форца Беларусь» (працоўная назва «Жыве Беларусь») паводле сцэнару польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча і Франака Вячоркі[24]. Заяўлены бюджэт фільму — 1,9$ млн. Дзеяньне фільму адбываецца ў сучаснай Беларусі. Саліста папулярнага рок-гурта «Форца» — Мірона Захарку — гвалтоўна забіраюць у войска, дзе ён пачынае весьці так званы «армейскі дзёньнік». Заканчваецца фільм падзеямі Плошчы-2010. У фільме выкарыстаныя некаторыя дэталі зь біяграфіі Франака Вячоркі[25]. У фільме здымаюцца польскія і беларускія акторы Караліна Грушка, Зьміцер «Вінсэнт» Папко, Анатоль Кот, акторы Купалаўскага і Свабоднага тэатраў. Фільм мае выйсьці на эўрапейскія экраны ўвосень 2011.

Войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Франак Вячорка прыняў прысягу са словамі «Жыве Беларусь». Баранавічы, 7 лютага 2009

15 кастрычніка 2008 году Менская абласная ваенная мэдычная камісія прызнала Франака Вячорку прыдатным да ваеннай службы «з абмежаваньнямі». Яму была дадзена адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 году.[26]

Аднак 16 студзеня 2009 году ваенкамат Савецкага раёну Менску прызнаў Ф. Вячорку прыгодным да ваеннай службы, а суд гэтага ж раёну, дзе было абскарджана рашэньне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў гэтае рашэньне ў сіле. Рашэньне суда было прынятае ў адсутнасьць Франака Вячоркі і яго адваката. 7 лютага Франак Вячорка прыняў прысягу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах. Адсюль ён быў накіраваны ў Мазыр для праходжаньня тэрміновай службы ў ваеннай часьці № 48694 супрацьпаветранай абароны.

Прысягу лідэр моладзевай арганізацыі прымаў на беларускай мове. Пад канец прысягі замест словаў «Служу Рэспубліцы Беларусь!» Франак Вячорка сказаў «Жыве Беларусь!»[27].

18 лютага 2009 году ён быў дастаўлены на абсьледаваньне ў 432-і Галоўны ваенны клінічны медычны цэнтар Узброеных сілаў у Менску. 19 лютага яго перавялі ў 222-і лячэбны цэнтар ВПС і войскаў СПА (Баранавічы), дзе ён праходзіць лячэньне ў сувязі з высокім артэрыяльным ціскам і праблемамі з сардэчнымі клапанамі. 23 ліпеня пакараны за ўжываньне каманды на беларускае мове[28]. У войску на Франка Вячорку аказваўся псыхалягічны ціск. У выніку Міністэрства абароны падрыхтавала статуты на беларускай мове і канфлікт сябе вычарпаў [29].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Франак Вячорка: Дубляж «Шрэка» важнейшы за 35 затрыманьняў Наша Ніва
  2. ^ Франак Вячорка. МЫ. Спажывецкі патрыятызм БелаПАН
  3. ^ Ліцэісты яднаюцца ў грамадзкае аб’яднаньне
  4. ^ Ліцэісты ў вольны час
  5. ^ Заява старшыні Вучнёўскага самакіраваньня Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа
  6. ^ Суд прызнаў гвалтоўны прызыў Франака Вячоркі ў армію «законным» Reporter.by
  7. ^ Армейскі дзёньнік Франака Вячоркі Naviny.by
  8. ^ Франак Вячорка: «З арміі выйшаў пераможцам» Хартыя 97
  9. ^ Франак і ў войску ідзе ў дэпутаты Наша Ніва
  10. ^ Франак Вячорка: Назаўтра пасьля 90-х угодкаў БНР ён будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе
  11. ^ Топ-5 пэрформансаў Моладзі БНФ
  12. ^ КДБ і сабакі: флэшмоб супраць кантролю інтэрнэту
  13. ^ Каб «кожная даярка» магла злятаць у Еўропу
  14. ^ Народны Журналіст
  15. ^ Арт Сядзіба афіцыйны сайт
  16. ^ Lekcja Białoruskiego
  17. ^ "Урокі беларускай мовы" - цяпер і ў Менску
  18. ^ Міраслаў Дэмбіньскі: гэта ўзнагароды ня фільму, але беларускай справе
  19. ^ “Урок беларускай мовы” стаў “Лепшым еўрапейскім дакументальным кіно
  20. ^ СКАЧАТЬ "Урок белорусского языка"
  21. ^ "Белсат" здымае "Тутэйшых"
  22. ^ Фильм о «Тутэйшых» Янки Купалы сняли за 8 дней
  23. ^ Белорусский Минкульт запретил телеспектакль «Тутэйшыя
  24. ^ Блокбастар «Жыве Беларусь»
  25. ^ Eastbook: В Польше снимают фильм о Беларуси
  26. ^ Вінцук Вячорка пра абставіны прызыву Франака Вячоркі
  27. ^ БелаПАН, Франак Вячорка прыняў прысягу са словамі «Жыве Беларусь!»
  28. ^ Салдат пакараны за ўжыванне беларускай мовы ў войску
  29. ^ Змагары з беларускай мовай у мазырскай вайсковай частцы суняліся?

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]