Францішак Аляхновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Францішак Каралевіч Аляхновіч
Francišak Alachnovič.jpg
Францішак Аляхновіч, 1921 год
POL COA Leliwa.svg
герб Ляліва
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы: Я.Монвід; І.Монвід; Ю.Монвід[1]
Нарадзіўся: 9 сакавіка 1883, Вільня
Род: Аляхновічы
Рэлігія: рыма-каталік
Памёр: 3 сакавіка 1944, Вільня
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст, празаік
Дэбют: «На Антокалі» (1905)

Францішак Каралевіч Аляхновіч (9 сакавіка 1883, Вільня — 3 сакавіка 1944, Вільня) — беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст і празаік.

Яго аповесьць «У капцюрох ГПУ» зьяўляецца першым творам сусьветнай літаратуры, які апісвае жыцьцё ў сталінскім канцэнтрацыйным лягеры непасрэдна з погляду арыштанта[2].

П'есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафэсійнымі калектывамі Заходняй Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка[3].

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

[рэдагаваць] Маленства

Нарадзіўся 9 сакавіка 1883 году ў Вільні. Пра яго маці, Марыю з Наркевічаў[4], зьвестак не засталося. Яго бацька, Караль Іванавіч Аляхновіч, нашчадак зьбяднелага шляхетнага роду з-пад Радашкавічаў быў прафэсійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах[5]. Упершыню ён узяў Францішка на спэктакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў[6]. Раньняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла шчырае захапленьне юнака тэатральнай справай, што ў выніку перарасло ў сталае жаданьне Францішка стаць акторам. Зрэшты, гэтае захапленьне стала крыніцай і першых юнацкіх непрыемнасьцяў. Усё, што было па-за тэатральным мастацтвам, не цікавіла юнага Францішка і ў выніку перашкодзіла яму атрымаць сыстэмную агульную адукацыю (за хранічную непасьпяховасьць ён быў выключаны з 5 клясы Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучаньне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе)[7].

Цікавым фактам зьяўляецца тое, што юны Францішак, яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, спатыкаўся з старэйшым за яго на тры клясы Фэлiксам Дзяржынскiм, які пазьней працаваў рэпэтытарам у сваякоў будучага драматурга ў маёнтку Борце, недалёка ад Вiльнi[8].

[рэдагаваць] Адукацыя

Бацькі ўжо не пярэчылі Францішку паступіць у Кракаўскую драматычную школу. Да самога Кракава ён дабіраўся праз прыгранічнае мястэчка Дамброва пад выдумленым імем «Андрэй Кулеша». Прыгранічныя жыхары мястэчка мелі права чатыры разы ў год браць «пшэпуску» на выезд за граніцу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку зьвярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменьніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы[9].

Па прыбыцьці ў Кракаў быў вымушаны перасядзець год вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Кракаўскага ўнівэрсытэту праз адсутнасьць у школе набору на 1903/04 год[7].

Увосені 1904 году перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую сканчвае ў 1907 годзе. Пазьней толькі год папрацаваўшы акторам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысьвяціць сябе журналістыцы. Імаверна, з прычыны расчараваньня руціннасьцю і несамавітасьцю правінцыйнага тэатру[7]. З 1908 году ў Вільні[3]. Cпачатку ён працуе рэпартэрам у віленскіх газэтах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Пэркунас».

[рэдагаваць] Беларускі асяродак

Вясельле Францішка Ўмястоўскага. Францішак Аляхновіч стаіць першы справа.

На гэты час прыпадае зьбліжэньне Францішка Аляхновіча з актывістамі асяродку «Нашай Нівы», што прадвызначыла ягоную ролю ў беларускім нацыянальным руху.

У канцы студзеня 1910 году Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысуе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю актора[10]. Гэта быў першы беларускамоўны спэктакль у Вільні. Ён меў сэнсацыйны посьпех[7].

[рэдагаваць] Лукішкі

Неўзабаве пасьля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Пэркунас», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, па якім яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» ды ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные»[11].

Атрымаўшы позву ў суд, Ф. Аляхновіч туды не зьяўляецца, а ўцякае ў Галіччыну, дзе ў Львове і Кракаве пад псэўданімам «Юры Монвід», якім будзе пазьней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах. Разьлічваючы на абвешчаную ў сувязі з 300-годзьдзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 году на радзіму, але пазьбегнуць судовай адказнасьці не ўдаецца[12]. Яму даравалася зьневажаньне толькі «сіл зямных», а за зьнявагу «сіл нябесных» трэба было адседзець год у Лукішках[13]. У астрозе Аляхновіч пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор — камэдыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасьля турмы, у 1915 годзе, перарабляе яе і перакладае на беларускую мову[12]. Камэдыя пабачыла сьвет на старонках віленскай газэты «Гоман».

[рэдагаваць] Першая сусьветная вайна

Францішак Аляхновіч, 1914 год. Здымак Яна Булгака

Заканчэньне тэрміну пакараньня Францішка супала з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Аўтар працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за «лацінскія» нумары «Гомана».

Віленскі пэрыяд тэатральнай дзейнасьці 19161918 гг. быў для Ф. Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 году ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына[3], сіламі якога 15 кастрычніка 1916 году ставіцца беларускі спэктакль па матывах «Хама» Элізы Ажэшкі[14]. 26 сьнежня 1916 году ажыцьцяўляецца пастаноўка п’есы «На Антокалі»[13]. З гэтага часу спэктаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатар Францішка Аляхновіча[14].

Адкрываючы тэатральны сэзон 1917 году, Ф. Аляхновіч бярэцца за напісаньне п’есаў, якія б адпавядалі запатрабаваньням часу — уздыму нацыянальнай самасвядомасьці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам[13]), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесьць спавядальнага характару «Пісьмы да яе»[14].

Пры ўсёй ахвярнасьці сваёй справе, пісьменьнік сутыкаецца зь вялікімі матэрыяльнымі цяжкасьцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняю, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак»[13], які арганізаваў «Камітэт помачы пацярпелым ад вайны» братоў Луцкевічаў. Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзьве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку па паэмах К. Буйло і Я. Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», зь якою ў творчасьць аўтар ўвайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі[14].

[рэдагаваць] Менск

У чэрвені 1918 году пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатру рэарганізаванага з закладзенага ў траўні 1917 году Першага таварыства беларускай драмы і камэдыі. Паводле словаў Максіма Гарэцкага:

Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч безь нямецкага пропуска, пехатою, бяз грошай у кішэні пусьціўся ў дарогу. Пераапрануўшыся фурманам, ён зь нейкімі засьцянковымі шляхцянкамі перабраўся празь лінію старога фронту (каля Маладэчна) і, абарваны, босы, з ранамі на нагах, пасьля васьмідзённага падарожжа прайшоў у Менск[15]

Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала самыя лепшыя водгукі[12]. Ролю Няміры выканаў сам аўтар[13]. З гэтай нагоды беларускі літаратар Зьмітрок Бядуля пісаў:

Першы раз, можна сказаць, у Менску публіка бачыла ў беларускім тэатры праўдзівае штукарства, вытрыманае перш-наперш у самой рэчы, потым у ігры і дэкарацыі. Гэтай штукай п. Аляхновіча можна шчыра віншаваць[16].

Зьмітрок Бядуля

Аўтар арганізоўвае ўласную трупу. Сёлета Францішак Аляхновіч ладзіць дзьве прэм’еры паводле сваіх новых п’есаў: камэдыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцьця» (1918), якая сьведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі[12].

[рэдагаваць] Савецка-польская вайна

З канцом нямецкай акупацыі і ўсталяваньнем на Беларусі савецкай улады ў Менску арганізуецца Беларускі пралетарскі тэатар (Ф. Аляхновіч — дырэктар, Ф. Ждановіч — рэжысэр), які ў хуткім часе мяняе назву на «Беларускі савецкі тэатар»[12]. Пазьней аўтар у сваёй кнізе «Беларускі тэатар» успамінаў:

Тэатральная работа пачынаецца з шырокім размахам. Спэктаклі ідуць па 3—4 у тыдзень. Праца кіпіць... Камісарыят народнай асьветы багата субсыдуе тэатар. Артысты з матэрыяльнага боку абясьпечаны. Рэпэртуар узбагачаецца новымі творамі[12].

— Францішак Аляхновіч. «Беларускі тэатар», (1924)

Празь недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 году Ф. Аляхновіч выязджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыцьцё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні»[17]. Аўтар знаходзіць сваю былую трупу і пачынае зь ёю ставіць спэктаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатар і ў Вільні, адна савецка-польская ванйа перашкодзіла ажыцьцяўленьні яго намераў. У красавіку 1919 году палякі захопліваюць горад[12]. З пачаткам уварваньня Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцы[18]. Пісьменьнікі мяркуюцца наконт уцёкаў зь Вільні, але вырашаюць застацца.

Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар сканчвае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камэдыю «Птушка шчасьця», друкуе вялікі артыкул «Тэатар на вёсцы», піша вершы і апавяданьні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» зьяўляецца на старонках газэты «Беларускае жыцьцё», якая зь сьнежня 1919 году будзе выдавацца ў Менску[12]. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камэдыя «Птушка шчасьця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 году, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле апавяданьня У. Караленкі «Палеская легенда»).

[рэдагаваць] Менск

Францішак Аляхновіч (леваруч) і Ўладзіслаў Галубок (праваруч) у 1918 годзе ў Менску
Група беларускіх пісьменьнікаў: Францішак Аляхновіч — першы зьлева ў ніжнім шэрагу, Янка Купала — першы справа.
Травень-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасьля выхаду апошняга (10-га) яго нумара.[19]

У другой палове лістапада 1918 году Ф. Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў акупаваны польскімі легіянэрамі Менск[17]. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камэдыі, на якім была прынята пастанова аб распачынаньні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадзкі тэатар пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча. Рэжысэрам быў зноў выбраны Ф. Ждановіч. Гэты тэатар праіснаваў да жніўня 1920 году, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове ўзьнік Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-І)[12].

У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў аб падтрымцы яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманьні субсыдыяў, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Моднага шляхцюка» К. Каганца. Пад забаронай знаходзіліся і п’есы Ф. Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра»[12].

У сьнежні 1919 году аўтар піша драму ў трох актах «Цені»[12]. Да менскага пэрыяду дзейнасьці адносіцца таксама зьяўляеньне ў творчасьці Ф. Аляхновіча п’есы «Заручыны Паўлінкі»[17].

[рэдагаваць] Вільня

У ліпені 1920 году разам з адступаючымі польскімі войскам Ф. Аляхновіч вяртаецца ў Вільню. Па прыбыцьці працаваў ў розных пэрыядычных выданьнях і займаўся арганізацыяй трупы, у красавіку 19211923 рэдагаваў газэту «Беларускі звон»[17], у першым нумары якой і была апублікаваная яго новая п’еса «Няскончаная драма»[12].

Для свайго першага спэктаклю новая трупа Аляхновіча выбрала «Птушку шчасьця». А сьледам за «Птушкай шчасьця» Аляхновіч ставіць яшчэ адну прэм’еру — «Паўлінку» Я. Купалы, якая ішла з аўтарскім дадаткам, трэцім актам пад назвай «Заручыны Паўлінкі», які ўяўляў нібыта разьвязку сюжэта купалавай п’есы[12]. Некаторыя дасьледнікі адзначаюць, што гэтая спроба аказалася ня вельмі карэктнай з этычнага боку і не зусім удалай паводле мастацкіх вынікаў[17].

Улетку 1921 году разьязному тэатру Аляхновіча польскія ўлады дазволілі выступаць у правінцыі[12], што дагэтуль рашуча забаранялася[17]. Трупа накіравалася ў Ліду. Праз год артысты зноў аб’ехалі шэраг беларускіх мястэчак: Ашмяны, Радашкавічы, Вілейку і інш[12]. Адзін за адным аўтар заканчвае яшчэ два драматычных творы «Шчасьлівы муж» (1921) і «Пан міністар» (1922).

За 1923 год Аляхновіч не напісаў аніводнай п’есы, але актыўна працаваў у друку і тэатры. Для польскіх газэт «Kurjer Wilenski» і «Pzeglad Wilenski» перакладаў творы беларускіх аўтараў, рэзка выступаў у друку супраць уціску нацыянальных меншасьцяў, за што адсядзеў некалькі дзён у Лукішках. У 1924 годзе Таварыствам драматычнай майстроўні была пастаўлена аляхновічаўская драма «Манька», якая атрымала новую назву — «Дрыгва».

[рэдагаваць] Пераезд у БССР і арышт

Сыны Францішка Аляхновіча Юрка (справа) і Казік (зьлева) ў часе яго ссылкі на Салавецкіх астравах (1927—1933)

Посьпехі савецкай Беларусі ў галіне культурнага адраджэньня нацыі вельмі зацікавілі Ф. Аляхновіча. У 1922 годзе ён беспасьпяхова спрабаваў сустрэцца зь беларускай культурна-выдавецкай місіяй на чале зь Цішкай Гартным у Бэрліне, пазьней стаў настойліва шукаць кантактаў зь Менскам. Пра гэта ў сваіх успамінах ён пазьней напіша:

1922-гі год. Хачу ехаць у Бэрлін. Паеду праз Коўню, бо туды эміграваў наш беларускі Урад. Там мне дапамогуць атрымаць пашпарт. У Бэрліне сядзіць З. Жылуновіч, якому даручана выдавецтва беларускіх аўтараў. Я чуў, што і маё нешта будзе друкавацца.

Скончыліся гэтыя захады запрашэньнем на Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу[20]. Нарэшце ў сярэдзіне лістапада 1926 году Ф. Аляхновіч выехаў у сталіцу Беларусі.

Узровень разьвіцьця навукі і адукацыі на Беларусі зрабіў вельмі моцнае ўражаньне на пісьменьніка. Узровень Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ-I), які працаваў у Менску, і БДТ-ІІ, які толькі што адкрыўся ў Віцебску проста ашаламіў[20].

Меркавалася, што Ф. Аляхновіча прызначаць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатру ў Віцебску, аднак 23 сьнежня 1926 году пісьменьнік атрымлівае статус грамадзяніна БССР, а ўжо 1 студзеня 1927 году[20] апынаецца ў ізалятары менскай турмы. Яму інкрымінуюць шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы. У сьледчай справе Ф. Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гурло і інш. Аднак пісьменьнік атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах (першы год адпрацаваў на востраве Мяч насупраць карэльскага мястэчка Колежма)[12]. Удзельнічаў у самадзейным тэатры, арганізаваным вязьнямі Салавецкага лягеру.

У пачатку восені 1933 году, дзякуючы намаганьням ваяводзкага лекара Адольфа Наркевіча[21] быў абменены ля межавай станцыі Коласава[22] на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філёляга Браніслава Тарашкевіча — лідэра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сустрэўшыся на памежным мастку яны прыўзьнялі капелюшы[23]. Знаходжньне ў савецкім лягеры моцна адбілася на пісьменьніку: ён часта пакутваў ад начных кашмараў, што выяўлялася ў енках і стогне ў часе сну[24].

[рэдагаваць] Другая сусьветная вайна

Вокладка 1-га выданьня кнігі «У капцюрох ГПУ»

Вярнуўшыся ў Вільню Францішак Аляхновіч ізноў стварае тэатральную трупу, але і яна праіснавала нядоўга. Асноўны час ён прысьвячае напісаньню свайго самы вядомага твору — успамінаў пра знаходжаньне ў савецкім лягеры «У капцюрох ГПУ».

Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газэце «Słowo»; расейскі пераклад успамінаў апублікавала парыская газэта «Возрождение». У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach G.P.U.» У 1937 годзе ў Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай «Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразыліі («Sete annos nas garras sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газэта «Діло», рэдакцыя якой затым выпусьціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937 году аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове[1].

Пасьля «Капцюроў ГПУ» пісьменьніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганьні арганізаваць беларускі тэатар, але пачынаецца вайна і перакрэсьлівае ўсе яго намеры. Акупацыя бальшавікамі Летувы прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсій і знаходзіцца на нелегальным становішчы[20]. Пазьней пра прыход савецкіх войскаў у Вільню аўтар напіша:

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся...[25]

Безвынікова спрабаваў эміграваць у Нямеччыну. Пасьля цераз Кальварыю перабіраецца ў Коўню, адкуль едзе цягніком у Вільню да сваёй другой жонкі. Тут хаваецца на сямі кватэрах знаёмых: па кожнай у адпаведны дзень тыдню[24]. Далей пераязджае ў Алькенікі, дзе працуе вартаўніком да пачатку Вялікай айчыннай вайны. Успаміны з гэтага пэрыяду яго жыцьця, выйдуць 24 кастрычніка 1943 году ў № 40-м беластоцкае газэты «Новая Дарога» і ў № 6 (42)-м часопіса «Новы Шлях» зь некаторымі папраўкамі і скарачэньнямі аўтара. З пачатку 1944 ў тым самым часопісе друкаваліся яго ўспамiны пра перадваенныя туляньнi пад назваю «Страшны год». Аб публікацыі аўтабіяграфіі да Францішка Аляхновіча зьвяртаўся асабіста Кастусь Езавітаў[4]. У перадваенную пару ажанiўся трэцяга разу[24].

З пачаткам вайны становіцца рэдактарам нацыскай газэты «Беларускі голас». У 1942 годзе ў Менску адбылася прэм'ера яго дапрацаванае п'есы «На Антокалі». У 1943 годзе зьявілася шасьціактавая п’еса з пралёгам «Круці не круці — трэба памярці», напісаная вершаванай прозай з малюнкамі Пётры Сергіевіча, дзе перапляталіся фальклёрна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. Сёлета ж ён перапісвае сваю дзіцячую п'есу «У лясным гушчары»

Увечары 3 сакавіка 1944 году Францішак Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры. Пра яго сьмерць віленская мэмуарыстка Галіна Войцік піша:

У пачатку сакавіка 1944 году трагічнае здарэньне ўскалыхнула беларусаў Вільні — забойства Францішка Аляхновіча. 3 сакавіка, увечары, нехта пазваніў у дзьверы кватэры Аляхновіча, ён пайшоў адчыніць, праз хвіліну жонка пачула два стрэлы, а калі прыбегла, дык ужо нікога не было, а Аляхновіч ляжаў мёртвы. Ходзіць шмат меркаваньняў, хто гэта зрабіў: адныя гавораць Армія Краёва, другія — савецкія партызаны, трэція — самі немцы. Аднак, хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома[26].

Францішак Аляхновіч быў зь вялікаю ўрачыстасьцю пахаваны на кальвінісцкім могільніку ў цэнтры Вільні. У 1989 годзе aдбылося яго сымбaлічнaе перaзaхaвaньне нa могілкaх Росы, бо Кальвінскія могілкі былі зьнесеныя за савецкім часам[21].

Творы Францішка Аляхновіча ізноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах[1].

[рэдагаваць] Творы

Францішак Аляхновіч зьяўляецца аўтарам 17 п'есаў за выняткам аднаактавага дадатку «Заручыны Паўлінкі»

[рэдагаваць] Драматургія

[рэдагаваць] Проза

  • «Пісьмы ад яе» (газэта «Гоман», 1918[28])
  • «У капцюрох ГПУ» (1937)
  • «Страшны год» (1944, кніга ўспамінаў)

[рэдагаваць] Іншае

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ a b c АЛЯХНОВІЧ Францішак // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ Уладзімір Замкавец У кіпцюрох таталітарызму. Беларуская проза выгнаньня // Дзеяслоў. — Мн. — № 8.
  3. ^ a b c Сабалеўскі, А.В. Аляхновіч Францішак Каралевіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 35. — 568 с.
  4. ^ a b Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  5. ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 535. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  6. ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 4. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
  7. ^ a b c d Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 536. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  8. ^ Руслан Горбачев (26 траўня 2011) Бегство от смерти Франтишка Алехновича(рас.). Салідарнасьць. Праверана 7 сакавіка 2012 г.
  9. ^ Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху успамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 18—19. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  10. ^ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 31. — ISSN 0234-1360.
  11. ^ Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху успамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 22. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  12. ^ a b c d e f g h i j k l m n o p q Францішак Аляхновіч. belsoch.org. Праверана 7 сакавіка 2012 г.
  13. ^ a b c d e Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  14. ^ a b c d e Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 36. — ISSN 0234-1360.
  15. ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 8. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
  16. ^ Зьмітрок Бядуля Беларускі Народны Тэатр // Беларускі шлях. — Менск: 1918. — № 91.
  17. ^ a b c d e f Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 538. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  18. ^ Гарэцкі, М.. Смаленск — Менск — Вільня // Гарэцкі, М. Творы. — Мінск: Маст. літ., 1990. — С. 292.
  19. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  20. ^ a b c d e f Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  21. ^ a b Аляхнавічаняты. Наша Ніва (1 сакавiка 2008). Праверана 7 сакавіка 2012 г.
  22. ^ Галоўка, С. Абмен палітвязняў на станцыі Коласава. Перапляценні лёсаў Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча // Роднае слова. — Мн.: 2001. — № 11. — С. 105—109.
  23. ^ Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 9. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  24. ^ a b c Юр. Монвід (Францішак Аляхновіч) Страшны год (успаміны нядаўніх дзён) // ARCHE Пачатак. — 1999. — № 2.
  25. ^ Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях... // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 10. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
  26. ^ Францішак Аляхновіч http://svabodaby.net Праверана 7 сакавіка 2012 г.
  27. ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 7. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
  28. ^ a b c d e f g h i Аляхновіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Аляксей Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X

[рэдагаваць] Літаратура

  • Францішак Аляхновіч. Беларускі тэатр. Вільня, 1924;
  • Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ. Менск, 1994.
  • Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Францішак Аляхновіч // Ніва (Беласток).1990, № 2-3;
  • Сабалеўскі А. Адметны сьлед // Спадчына. 1990, №3;
  • Сабалеўскі А. На адраджэнскай хвалі // Полымя. 1992, № 5;
  • Бяляцкі А. «Як я памру…» // Маладосць. 1990, № 10;
  • Няфёд У. І. Францішак Аляхновіч: Тэатральная і грамадзка-палітычная дзейнасьць. — Менск, 1996;
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Iнстытут лiтаратуры iм. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 1: Абуховiч — Ватацы. — Мн.: БелЭн, 1992. — 542 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Францішак Аляхновічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах