Франц Кафка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Франц Кафка | |
| Franz Kafka | |
Франц Кафка, фотаздымак 1906 году |
|
| Нарадзіўся: | 3 ліпеня 1883, Прага |
| Памёр: | 3 чэрвеня 1924, Вена |
| Род дзейнасьці: | пісьменьнік |
| Гады творчасьці: | 1904 – 1924 |
| Напрамак: | мадэрнізм, літаратура абсурду, экзыстэнцыялізм |
| Жанр: | апавяданьне, раман |
| Дэбют: | першыя празаічныя накіды апублікаваныя ў 1909 годзе ў мюнхенскім часопісе Гіперыён |
| Значныя творы: | Працэс, Замак |
| Творы на сайце Knihi.com | |
Франца Кафка (ням. Franz Kafka, нар. 3 ліпеня 1883 году ў Празе, пам. 3 чэрвеня 1924 году ў Кірлінгу ля Вены) – нямецкамоўны пісьменьнік з асыміляванай габрэйскай сям’і.
Зьмест |
[рэдагаваць] Жыцьцё
Фрац Кафка нарадзіўся ў габрэйскай сям’і, якая жыла ў праскім раёне Юзэфаў (былое гета горада Прагі – тады ў складзе Аўстра-Вугорскай Імпэрыі). Франц быў першым дзіцём у сям’і Германа й Юліі Кафкаў (у дзявоцтве Леві). Сям’я Кафкі належала да сярэдняй клясы: бацька, сам будучы чацьвёртым дзіцём у беднай правінцыйнай сям’і, пасьля прыезду ў Прагу адкрыў галянтэрыйную краму, маці была родам з забясьпечанай сям’і півавараў з Падэбрадаў. Сына, народжанага меней чым год пасьля шлюбу, назвалі Францам у гонар Імпэратара Франца Іосіфа. Франц Кафка меў двух братоў, Георга і Хайнрыха – яны памерлі ў год пасля нараджэньня, а таксама тры сястры: Элі, Валі і Отлу (загінулі падчас ІІ сусьветнай вайны).
Прозьвішча "Кафка" па-чэску (kavka) азначае літаральна птушку каўку (галку). Выява гэтай птушкі была эмблемай фірмы Германа Кафкі.
З 1889 да 1893 Франц наведваў нямецкую (Deutsche Knabenschule), а не чэскую, пачатковую школу, што адлюстроўвала жаданьне яго бацькі пасунуцца вышэй па сацыяльнай лесьвіцы. Хаця большасьць насельніцтва Прагі ў тыя часы размаўляла па-чэску, мовай эліты была нямецкая. Франц свабодна валодаў чэскай, а таксама няблага ведаў францускую (адным зь яго ўлюбёных пісьменьнікаў был Флобэр). Будучы габрэям, ён аднак амаль не ведаў ідыш і стаў цікавіцца традыцыйнай культурай свайго народу толькі ў дваццаць гадоў, а іўрыт пачаў вывучаць толькі ў канцы жыцьця.
У 1901 Кафка скончыў гуманітарную гімназію на староўцы (Altstädter Gymnasium). У жніўні таго ж году распачаў навучаньне ў Карлавым унівэрсытэце Прагі. Прысьвяціўшы два тыдні хіміі, ён аднак перавёўся на факультэт права. У 1906 атрымаў ступень доктара права і распачаў стажыроўку ў судзе.
Менавіта падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце Кафка пазнаёміўся са сваім лепшым сябрам, вядомым тады праскім пісьменьнікам жыдоўскага паходжаньня, Максам Бродам. Дзякуючы Броду большасьць твораў Кафкі і пабачыла сьвет.
З 1908 да 1922 Кафка працаваў у страхавой фірме ў Празе і меў шмат службовых падарожжаў па Чэхіі. У час, калі ён сышоў з працы, ён займаў добрааплачваемае становішча старэйшага інспэктара.
Да 35 гадоў Кафка жаў разам з бацькамі. Ён меў складаныя адносіны са сваім дэспатычным айцом і да канца жыцьця застаўся кавалерам. У пэрыяд паміж 1912 і 1917 ён заляцаўся да бэрлінскай сакратаркі Фэліцыі Баўэр, двойчы быў зь ёй заручаны і двойчы зрываў шлюб. Істотнай жанчынай у жыцьці Кафкі была Мілена Есэнская – чэская журналістка, пісьменьніца й перакладчыца ягоных твораў. Апошняй жанчынай Кафкі была Дора Дымант, жыдоўка з артадаксальнай сям'і з Пабяніцаў, якая зацікавіла яго вывучэньем Талмуда.
У 1922 праз прагрэсуючыя сухоты Кафка быў вымушаны сысьці з працы. У 1923 ён перабраўся ў Бэрлін, каб жыць разам з Дорай Дымант. У той час ён імкнуўся займацца толькі творчасьцю. Праз год Франц Кафка памёр у санаторыі Керлінг ля Вены, верагодна ад зьнясіленьня - болі ў горле не дазвалялі яму прымаць ежу, а унутраная тэрапія была ў той час няразьвітая. Яму было 40 год.
[рэдагаваць] Творчасьць
Першы зборнік апавяданьняў і фрагмэнтаў прозы Кафкі быў выдадзены ў 1913 пад назвай Сузіраньне (Betrachtung). У той жа час паўстала першая глава няскочанага раману Амэрыка. Агулам, падчас жыцьця Кафка апублікаваў толькі чатыры зборнікі: вышэйзгаданае Сузіраньне, Вясковы доктар, Кары і Мастак голаду. Галоўныя яго творы – Амэрыка, Працэс і Замак – выйшлі з друку ўжо пасьля яго сьмерці і насуперак апошняму жаданьню (Кафка прасіў Макса Брода зьнішчыць рукапісы). Таксама пасьля сьмерці былі выдадзеныя дзёньнікі і ліставаньні Кафкі з Бродам, Фэліцыяй Баўэр і некаторымі іншымі асобамі. Броду ўдалося папулярызаваць творчасьць Кафкі на хвалі захапленьня экзыстэнцыялізмам у 40-ых і 50-ых гадах ХХ ст.
У сваіх аповесьцях Кафка стварыў мадэль сытуацыі, якую называюць кафкаўскай (у нямецкай мове існуе нават адмысловы прыметнік kafkaesk). Істотай кафкаўскай сытуацыі ёсьць канфлікт паняволенай самотнай адзінкі з вышэйшай інстанцыяй, ананімнай і недасяжнай[1].
[рэдагаваць] Выбраныя творы
[рэдагаваць] Апавяданьні і фрагмэнты
- 1913 – Вырак (Das Urteil)
- 1914 – У штрафной калёніі (In der Strafkolonie)
- 1914 – Перад законам (Vor dem Gesetz)
- 1915 – Ператварэньне (Die Verwandlung)
- 1917 – Рапарт для акадэміі (Ein Bericht für eine Akademie)
- 1922 – Досьледы сабакі (Forschungen eines Hundes)
[рэдагаваць] Раманы
- 1925 – Працэс (Der Prozess); няскончаны раман, паўставаў 1914-1915, выдадзены пасьля сьмерці
- 1926 – Замак (Das Schloß); няскончаны раман, пачаў паўставаць у 1922, выдадзены пасьля сьмерці
- 1927 – Амэрыка (Der Verschollene); няскончаны раман, пачаў паўставаць у 1912, выдадзены пасьля сьмерці
[рэдагаваць] Пераклады твораў на беларускую мову
Самым вядомым перакладчыкам твораў Франца Кафкі на беларускую мову з’яўляецца Лявон Баршчэўскі. Некалькі кароткіх твораў даступныя на сайце «Беларуская Палічка»[2].
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Мілан Кундэра, Недзе па-за
- ^ Творы Франца Кафкі на сайце «Беларуская Палічка»
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Франц Кафка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў