Фрына перад Арэапагам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фрына перад Арэапагам

Фры́на пе́рад Арэапа́гам (па-француску: Phryné devant l'aréopage, 1861) — карціна францускага мастака Жана-Леона Жэрома. Напісаная алейнымі фарбамі на палатне. Памеры карціны: 80х128 см. Захоўваецца ў Мастацкім музэі Гамбурга (Hamburger Kunsthalle).

У аснову сюжэта карціны пакладзены легендарны выпадак з жыцьця старажытнагрэцкай гетэры Фрыны. Несправядліва абвінавачаная ў непрыстойных паводзінах, яна вымушаная была зьявіцца перад Атэнскім судом. Абаронца Фрыны Гіпэрыд ня змог у судовым спаборніцтве давесьці ілжывасьць абвінавачаньня, таму ў апошнім слове ён па-просту сарваў з Фрыны адзеньне, каб судзьдзі змаглі пабачыць беззаганую прыгажосьць дзяўчыны. Згодна легендзе, Фрыну апраўдалі, бо палічылі, што такое прыгожае цела ня можа ніяк стасавацца з бруднымі ўчынкамі.

Фрына перад чыкагскім трыбуналам

Карціна Жэрома стала крыніцай натхненьня для аднаго значнага палітычнага шаржу ў гісторыі ЗША. 4 чэрвеня 1884 г. у амэрыканскім сатырычным часопісе «Puck» зьявілася карыкатура аўтарства Бэрнгарта Гільяма (Bernhard Gillam) пад назовам «Фрына перад чыкагскім трыбуналам», прысьвечаная Рэспубліканскаму нацыянальнаму канвэнту, што праходзіў у тыя дні ў Чыкага й на якім абіраўся адзіны партыйны прэтэндэнт на пост Прэзыдэнта ЗША. На гэтым малюнку паказана, як рэдактар часопіса Ўайтлоў Рэйд (Whitelaw Reid) зрывае адзежу з Джэймса Блэйна (James Blaine) са словамі: «А зараз, панове, не памыліцеся ў сваім выбары. Чысьціня й Магнэтызм дзеля вас — іх нельга перамагчы!» Трэба зазначыць, што выбары 1884 году Блэйн, як кандыдат ад рэспубліканцаў, усё ж прайграў.

Зараз вобраз Фрыны з карціны Жэрома шырока выкарыстоўваецца ва ўсім сьвеце як мадэль для стварэньня паркавых скульптураў.