Футбол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Футбаліст»)
Футбол

Футбо́л (па-ангельску: Football, літаральна нажны мяч) — найбольш папулярны[1][2][3][4] ў сьвеце від спорту. У футбол гуляюць дзьве каманды па адзінаццаць гульцоў з кожнага боку, якія спрабуюць патрапіць сфэрычным мячом у браму суперніка (забіць гол). Перамагае тая зь дзьвюх камандаў, якая заб’е болей галоў. Асобная гульня ў футбол завецца матчам. У футбол гуляюць каля 250 мільёнаў гульцоў у больш чым 200 краінах сьвету, што робіць яго самым папулярным відам спорту ў сьвеце. Гульня вядзецца на прамавугольным поле. Паводле правілаў гуляць дазволена любой часткай цела, акрамя рук.

Брамнікі зьяўляюцца адзінымі гульцамі, якім дазволена кранацца мяча рукамі ці браць яго у рукі ў той час калі ён знаходзіцца ў гульні і толькі ў сваёй штрафной плошчы. Палявыя гульцы ў асноўным выкарыстоўваюць ногі, каб ударыць або перадаць мяч, але могуць выкарыстоўваць сваю галаву ці тулава каб прабіць па мячу ці аддаць перадачу.

У залежнасьці ад рэгламэнту футбольнага спаборніцтва гульня можа скончыцца нічыёй, калі дзьве каманды забілі аднолькавую колькасьць мячоў ці ня здолелі правесьці гол у браму суперніка, ці для выяўленьня пераможца гульня пераходзіць у дадатковы час ці сэрыю пэнальці. Першыя правілы гульні былі складзены ў Ангельшчыне Футбольнай асацыяцыяй у 1863 годзе. Футболам на сёньня рэгулюе міжнародная арганізацыя ФІФА, якая ў прыватнасьці арганізуе чэмпіянат сьвету раз на чатыры гады[5]. Таксама існуе вялікая колькасьці рэгіянальных і нацыянальных фэдэрацыяў, якія таксама ладзяць свае турніры.

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правілы футбола рэгулююцца FIFA. На цяперашні момант дзейнічаюць правілы з 17 пунктаў і колькасных дадаткаў. Дакладныя правілы, якія дзейнічаюць на сёньняшні дзень, можна знайсьці на сайце FIFA[6]. Распрацоўкай правілаў і дадаткаў займаецца IFAB.

Асноўныя правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каманды-суперніцы складаюцца зь ня болей чым 11 гульцоў, зь якіх 10 — палявыя і 1 — брамнік. У часе матча кожная каманда можа замяніць да трох гульцоў, прычым гульцы, якіх замянілі, больш ня могуць выйсьці на поле. Матч ня можа пачацца або працягвацца, калі ў якой-небудзь камандзе меней за 7 гульцоў.

Поле — прастакутнае (даўжыня: ад 100 да 110 м; шырыня: ад 64 да 75 м), падзеленае ўпоперак на дзьве роўныя часткі. У супрацьлеглых канцах поля знаходзяцца брамкі камандаў (шырыня: 7.32 м, вышыня: 2.44 м). На полі таксама разьмячаюцца штрафныя пляцоўкі каля брамак і круг у цэнтры поля. У часе гульні мяч павінен заставацца ў плошчы поля.

Гуляюць скураным (альбо з падобнага матэрыялу) мячом сфэрычнай формы, дыямэтрам ад 68 да 70 см, вагой ад 410 да 450 г.

Матч вядзе рэфэры, рашэньні якога зьяўляюцца канчатковымі ў час гульні. Яму дапамагаюць памочнікі рэфэры, якія сочаць за афсайдамі, за тым, калі мяч пакідае поле, за тым, ці быў забіты гол і інш.

Матч доўжыцца намінальна два пэрыяды па 45 хвілін, да якіх рэфэры можа дадаць дадатковы час (у выпадку заўважных спыненьняў гульні на працягу асноўнага часу). Пэрыяды падзяляе 15-хвілінны перапынак.

Трапленьне мяча ў плошчу брамкі лічыцца голам.

Брамнік мае права лавіць мяч у рукі у сваёй штрафной пляцоўцы. Астатнія гульцы і брамнік па-за межамі штрафной пляцоўцы ня маюць права датыкацца мяча рукамі.

Гульцы ня маюць права адбіраць мяч з выкарыстаньнем сілавых прыёмаў. У выніку, калі гулец парушае правілы па-за межамі сваёй штрафной пляцоўкі, пацярпелая каманда атрымлівае права на штрафны ўдар. У выніку парушэньня ў штрафной, пацярпелая каманда атрымлівае права на пэнальці (асобны ўдар з адлегласьці ў 11 мэтраў у брамку, якую абараняе толькі брамнік). За парушэньні рэфэры можа вынесьці папярэджаньне (жоўтая картка), альбо выдаліць гульца (чырвоная картка). Дзьве жоўтыя карткі аўтаматычна выклікаюць выдаленьне.

Лічыцца, што гулец знаходзіцца ў афсайдзе (па-за гульнёй), калі бліжэй да рамкі суперніка за яго толькі адзін гулец супрацьлеглай каманды. Калі адзін з гульцоў перадае мяч (робіць пас) гульцу сваёй каманды, які знаходзіцца ў афсайдзе, гэта лічыцца парушэньнем.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульня, у якой мяч б’юць нагамі, існавала ў многіх краінах на працягу ўсёй гісторыі. Паводле дадзеных ФІФА, самыя раньнія формы гульні, для якой існуюць навуковыя доказы практыкаваліся пачынаючы з 2 і 3 стагодзьдзяў да нашай эры ў Кітаі[7]. Сучасныя правілі футбольнай асацыяцыі заснаваныя на правілох гульні ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, падчас намаганьняў па стандартызацыі самых розных формаў футболу, у які гулялі ў дзяржаўных школах Ангельшчыны. Гісторыя футбола ў Ангельшчыне ўзыходзіць з VIII стагодзьдзя[8].

Кембрыдзкія правілы, якія былі складзены ў Кембрыдзкім унівэрсытэце ў 1848 годзе, былі асабліва ўплывовымі ў разьвіцьці гульні, у тым ліку яны зрабілі значны ўплыў на стварэньне правілаў футбольных асацыяцыяў.

У 1863 годзе ў Лёндане была створаная першая футбольная арганізацыя — FA (Футбольная асацыяцыя).

У 1904 годзе ў Парыжы была створаная Міжнародная футбольная асацыяцыя FIFA.

Разнастайнасьці футболу ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе шэраг разнастайнасьцяў футболу, што былі распаўсюджаны ў сьвеце. Такія гульні былі ў Кітаі, у Старажытных Грэцыі ды Рыме, у Сярэднявечнай Італіі. І тое — ня дзіўна, бо для праводжаньня гульні шмат падручных рэчаў ня трэба (мяч, поле, брама, сетка)[9].

Так, дзе-нідзе, амаль па ўсёй тэрыторыі Заходняе Беларусі, аддаўна гулялі ў «кілёду»[10]. Мяч («кіля», ці таксама «кіля») рабілі скураным, у сярэдзіну шчыльна клалі салому ды іншае сухое траўе.

У памежжы Беларусі, Украіны ды Польшчы, на Берасьцейшчыне, была яшчэ адна гульня, падобная да «кілёды» — «жада» (джада)[11]. Розьніца — толькі адна брама на абедзьве каманды, дзе стаялі абодва брамнікі (брамцы — ад «брамец»), якія ажно маглі перахопліваці колі («коля» — круглы скураны мяч), каб атрымаці «дату» («дата» — нібы паўгол), а тры даты — гэта «жада», альбо «джада» (сапраўдны гол). Хаця дадзеную гульню можна аднесьці й да падабенства з рэгбі, бо, на самой справе, гулялі таксама руччам (проста загадзя дамаўляліся, якім будзе спаборніцтва між «вальгамі» («вальга» — каманда гульцоў)[12].

Варыянты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У аматарскім ці дваравым футболе могуць ня дзейнічаць некаторыя правілы (напрыклад, можа быць меншая колькасьць гульцоў, абмежаваньні на поле і інш.).

Таксама існуюць такія папулярныя варыянты з сваімі правіламі, як футзал (футбол у памяшканьні) і пляжны футбол. У Беларусі з дапамогай апэратара мабільнай сувязі velcom прапагандуецца трохбаковы футбол.

Значнымі тэмпамі разьвіваецца жаночы футбол.

Спаборніцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самым значным спаборніцтвам па футболе зьяўляецца чэмпіянат сьвету, які арганізуе FIFA. Ён праводзіцца кожныя 4 гады.

У Эўропе cамым значным спаборніцтвам зьяўляецца чэмпіянат Эўропы, які UEFA праводзіць кожныя 4 гады.

Самым значным клюбным спаборніцтвам лічыцца Ліга чэмпіёнаў, якая праводзіцца штогод сярод клюбаў арганізацыяў UEFA.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арганізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каманды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі футбол[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ "Overview of Soccer". Encyclopædia Britannica.
  2. ^ Guttman, Allen (1993). "The Diffusion of Sports and the Problem of Cultural Imperialism".
  3. ^ Dunning, Eric (1999). "The development of soccer as a world game". Sport Matters: Sociological Studies of Sport, Violence and Civilisation.
  4. ^ Mueller, Frederick; Cantu; Van Camp, Steven (1996). "Team Sports". Catastrophic Injuries in High School and College Sports. Champaign: Human Kinetics. p. 57. ISBN 0-87322-674-7.
  5. ^ 2002 FIFA World Cup TV Coverage. FIFA.
  6. ^ [Regulations of the game https://web.archive.org/web/20070507040050/http://www.fifa.com/en/regulations/index.html]. FIFA.com
  7. ^ "History of Football". FIFA.
  8. ^ "History of Football — Britain, the home of Football". FIFA.
  9. ^ Резников Алексей. Александрова Лидия. Словарь спортивной терминологии якутского языка в сравнении с подобной лексикой русского языка. Пособие учителям физической культуры (физкультуры) в средних общеобразовательных школах Якутской АССР. Якутск, 1987 - / на расейскае мове / - стар. 59 (артыкул "Футбол")
  10. ^ Каршун Мікола. Ігрышчы й забавы беларускага народу. Вільня, 1937
  11. ^ Радкоўскі Мацей. Ліцьвіны-беларусцы ды іхні быт. Вільня, 1939
  12. ^ Каршун Мікола. Ігрышчы й забавы беларускага народу. Вільня, 1937 - стар. 112 (частка ІV: Агульнае назоўе (слоўнічак))

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]