Філязофскае таварыства Дэрбі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Філязофскае таварыства Дэрбі
Derby Philosophical Society

Кормаркет у Дэрбі — месца, дзе Таварыства ладзіла сустрэчы з 1783 году
Дата ўтварэньня 1783
Дата спыненьня існаваньня 1858 (зьліцьцё з Музэем гораду і графства Дэрбі)
Месцазнаходжаньне Дэрбі, Ангельшчына
Асноўныя асобы Эразм Дарвін

Філязофскае таварыства Дэрбі (па-ангельску: Derby Philosophical Society) — джэнтэлмэнскі клюб у Дэрбі, заснаваны ў 1783 годзе Эразмам Дарвінам. Клюб меў шмат выбітных чальцоў і ўзычваў першую інстытуцыйную бібліятэку ў Дэрбі, якая была адкрытая для пэўных колаў цывільнае публікі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клюбы і грамадзкія таварыствы былі вельмі ўласьцівыя публічнаму і паўпублічнаму жыцьцю геаргіянскае Брытаніі. Многія востра цікавіліся навукай альбо, як гэта называлася, натурфілязофіяй, што моцна спрыяла разьвіцьцю і распаўсюджаньню ідэяў эўрапейскага Асьветніцтва. Некаторыя зь іх былі неафіцыйнымі гурткамі, але іншыя зьяўляліся высока арганізаванымі таварыствамі з правіламі і абмежаваньнямі і часам нават з сваімі ўласнымі памяшканьнямі і будынкамі. Аднак толькі нешматлікія займелі мастацкія кнігазборы, навуковыя прылады альбо прыродазнаўчыя экспанаты, як тое цераз пакупку, так і праз атрыманьне ў спадчыну.

Філязофскае таварыства Дэрбі было заснаванае ў 1783 годзе Эразмам Дарвінам і групай ягоных паплечнікаў, адразу пасьля таго як ён пераехаў зь Лічфілду ў Дэрбі. Клюб быў урачыста адкрыты ў 1784 годзе ў ягоным доме на Фул-стрыт. Дарвін зьвярнуўся да чальцоў з словамі, у якіх ён расказаў пра свае надзеі на разьвіцьцё таварыства, што ўключала ў сябе набыцьцё бібліятэкі і стварэньне публікацыяў. Мяркуецца, што ён таксама спадзяваўся зладзіць сумесныя паседжаньні з лунацікамі, чальцамі бірмінггэмскага «Lunar Society»[1].

Філязофскае таварыства Дэрбі мела сярод сваіх чальцоў такіх асобаў, як Джон Ўайтгэрст, па сумяшчальніцтве ўплывовы чалец бірмінггэмскага таварыства «Lunar Society» да свайго пераезду ў Лёндан у 1775 годзе. Таварыства ладзіла сустрэчы прынамсі да 1779 году, хоць іншыя клюбы і гурткі існавалі ў горадзе і да яго ўтварэньня. Іншымі знаёмымі Джона Ўайтгэрста былі выбітны мастак Джозэф Райт, ягоны сябар Пітэр Пэрэз Бардэт і сьвятар Джошуа Ўінтэр з Царквы Ўсіх Сьвятых[2].

Мэтаў таварыства было некалькі[3]. Клюб стварыў значную калекцыю кнігаў і меў мноства гасьцей, зьвесткі пра некаторых зь іх захаваліся ў дакумэнтах[4].

Таварыства ладзіла сустрэчы на Кінгс Гэд Ін (King’s Head Inn) непадалёк ад дома Дарвіна на Фул-стрыт, 3[5].

Колькасьць чальцоў-заснавальнікаў у розных крыніцах вагаецца ад сямі, васьмі да дзесяці чалавек (Рычард Фрэнч, Снэйд, Д-р. Джон Голіс Пігат, Д-р. Джон Бэрыдж, Д-р. Эразм Дарвін, Томас Гісбарн, М-р. Фокс і Ўільям Страт). Зрэшты, Гісбарн і Снэйд не жылі ў Дэрбі, таму застаецца роўна сем плюс постаць Эразма Дарвіна, дзейнасьць якога стала галоўным чыньнікам існаваньня клюбу. Дакумэнтацыя філязофскага таварыства існуе, але часта яна адсылае да людзей толькі па прозьвішчах, што ўскладняе ідэнтыфікацыю асобы, якая наведвала гурток. Задача клюбу ўключала публічныя сустрэчы, аднак у ягоных чальцоў існавала і мноства іншых цікавасьцяў, як у Э. Дарвіна, які быў дасьведчаным мэдыкам[2]. Пазьнейшымі чальцамі зьяўляліся: Джазая Ўэджўуд[1], Ўільям Пікерынг, Чарлз Гоўп, Пітэр Кромптан, Эразм Дарвін малодшы, Робэрт Дарвін, Рчыард Ліпэр і Гэнры Гэдлі, М-р. Гэдэн, М-р. Фоўлер, М-р. Джонсан, Сэчэвэрэл Поўл, Ўільям Д’юсбэры, Робэрт Бэйдж і Рычард Архдэйл. Каля паловы чальцовага складу былі мэдыкамі, як Ўільям Брукс Джонсан; аднак сярод іншых былі вельмі ўплывовыя людзі (сэр Робэрт Ўілмат, інжынэр Джэдыдыя Страт, паэт і джэнтлмэн сэр Брук Бутбі, хімік Чарлз Сылвэстэр, землеўладальнікі Чарлз Гант, д’Эўэс Коўк і Томас Эванс[2][6][7]. Кромптан, Ліпэр і Чарлз Гоўп пазьней сталі мэрамі Дэрбі[1].

Пасьля сьмерці Эразма Дарвіна ў 1803 годзе на месца прэзыдэнта клюбу прэтэндавалі Ўільям Страт і Рычард Фрэнч. Мясцовы школьны настаўнік і філёзаф Ўільям Джордж Спэнсэр быў сакратаром таварыства з 1815 году і ягоны сын, філёзаф Гэрбэрт Спэнсэр, натхняўся літаратурнай і навуковай культурай Дэрбі.

У часе кіраваньня таварыства Эразм Дарвін жыў у доме на Фул-стрыт у Дэрбі. Не зважаючы на тое, што гэы дом быў зьнесены, на ягоным месцы ў 2002 годзе была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар грамадзкага ўнёску Дарвіна ў публічнае жыцьцё гораду Дэрбі[6].

У 1858 годзе Філязофскае таварыства Дэрбі пераехала ў раён Ўардўік гораду Дэрбі, неўзабаве аб’яднаўшыся з Музэем гораду і графства Дэрбі. Разам зь пераездам таварыства ўзбагаціла новы дом на бібліятэку з 4000 кнігаў, матэматычных і навуковых прыладаў і калекцыю выкапнёвых скамянеласьцяў[8].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Musson, Albert Edward, & Eric Robinson, Science and Technology in the Industrial Revolution (Manchester University Press, 1969, ISBN 0-7190-0370-9) pp. 162-163; Paul Elliott, The Derby Philosophers; Science and Culture in British Urban Society, 1700-1850 (Manchester University Press, 2009)
  2. ^ а б в The membership of Derby Philosophical Society, RP Sturges, p215-23, Midland history, Birminghan University, accessed 1 January 2009
  3. ^ Science in the Enlightenment, William E. Burns, 2003, ISBN 1-57607-886-8, accessed 1 January 2009
  4. ^ Libraries Bookplate Archive, Paul Elliott, The Devonshire collection, accessed 1 January 2008
  5. ^ Map of Derby showing key points, accessed 3 January 2009
  6. ^ а б The Genius of Erasmus Darwin, Christopher Upham Murray Smith, Robert Arnott, 2005, ISBN 0-7546-3671-2, accessed 2 January 2009
  7. ^ Elliott, P. Abraham Bennet F.R.S. (1749-1799): a provincial electrician in eighteenth-century England] // Notes and Records of the Royal Society of London. — 1999. — В. 1. — № 53. — С. 59–78.
  8. ^ Newsletter of the Geological Curators Club, Vol 1, No. 8, 1976, accessed 3 January 2009