Філёзаф пры сьвятле каганца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Філёзаф пры сьвятле каганца
англA Philosopher by Lamplight
Мастак Джозэф Райт з Дэрбі
Год 1769
Тып палатно, алей
Памеры 128,2 × 102,9
Месцазнаходжаньне Музэй і мастацкая галерэя Дэрбі

Філёзаф пры сьвятле каганца (па-ангельску: A Philosopher by Lamplight) — карціна Джозэфа Райта з Дэрбі. Невядома калі Райт напісаў карціну, але ўпершыню яны была выстаўленая ў 1769 годзе ў Лёндане «Таварыствам дзеячоў культуры». Гэта быў адзін з найранейшых твораў Райта, у якім функцыю асьвятленьня адыгрывае штучная крыніца сьвятла. Пазьней мастак стане знакамітым менавіта гэтай мастацкай тэхнікай.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апісаньне карціны падавалася ў каталёгу 1801 году разам з карцінай «Альхімік, які вынаходзіць фосфар». Кожная зь іх утрымлівае дамінантную постаць на пярэднім пляне зь дзьвюма іншымі другараднымі асобамі; дзеяньне абедзьвюх карцінаў адбываецца ўначы, паказваюцца людзі сталага веку, заахвочаныя навуковымі пошукамі[1].

Карціна паказвае сталага чалавека, філёзафа альбо пілігрыма, які сядзіць у асьветленай сьвятлом каганца пячоры і абглядае набор чалавечых косткаў. Два драбнейшыя мужчыны ці хлопцы, апранутыя як пілігрымы (пра што кажуць марскія грабянцы на іх шляпах: эмблема сьв. Якава) набліжаюцца да яго з дрыготай. Памеры гэтых постацяў наўмысна кантрастуюць з постацьцю філёзафа. Знадворку пячоры ляндшафт змрочны, асьветлены толькі месячным сьвятлом, што прабіваецца скрозь хмары.

Дэмакрыт у мэдытацыі, Сальватор Роза.

Імаверна, на сюжэт твору паўплывала карціна «Дэмакрыт у мэдытацыі» аўтарства Сальватора Розы (1615—1673). Джон Гамілтан Мортымэр, сябра Джозэфа Райта, быў вялікім аматарам творчасьці Розы, таму, мажліва, Райт меў магчымасьць убачыць твор мастака альбо прынамсі ягоную гравюру[2]. Дэмакрыт быў грэцкім філёзафам, знакаміты сваім высьмейваньнем чалавечае дурасьці.

«Філёзаф» Райта дасьледуе частку шкілета, аднак гэта не прадстаўляецца сур’ёзным анатамічным досьледам. Ён знаходзіцца сярод рэчаў, якія адлюстроўваюць кароткачасовую сутнасьць жыцьця — шкілет, сьвятло каганца, якое ўрэшце мусіць згаснуць, пясочны гадзіньнік, прыцішаны хмарамі месяц і змрочная рака.

Выраз твару філёзафа, суздром паглынутага ў роздумах, і трымценьне двух пілігрымаў могуць сымбалізаваць заклапочанасьць навуковым бачаньнем сьвету і асьветніцтвам часоў Джозэфа Райта[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Benedict Nicolson; Mellon, Paul Joseph Wright of Derby: Painter of light, Volume 1. — Taylor & Francis, 1968.
  2. ^ Art treasure - A Hermit Праверана 8 June 2011 г.
  3. ^ Joseph Wright of Derby - A Philosopher by Lamp Light Праверана 8 June 2011 г.