Харытон Гладуноў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Харытон Апанасавіч Гладуноў (1885, в. Сямёнаўка, Рудзенская воласьць, Гомельскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя — пасьля 1920, Новасыбірск, Расея) — афэрыст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь сялянаў. Працаваў наборшчыкам у друкарні. Летам 1909 году яго арыштавалі за выраб фальшывых грошаў у Чыце Забайкальскай вобласьці ды прыгаварылі ад 16 лістапада 1911 году да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і чатырох гадоў катаржных працаў. Праз два гады ў 1913 годзе, па амністыі з-за сьвяткаваньня 300-годзьдзя дома Раманавых, катарга яму была замененая ссылкай. Забайкальскае абласное праўленьне адправіла яго на пасяленьне у Якуцкую вобласьць, дзе ён быў прызначаны ва Ўладзімерскую сельскую грамаду (цяпер сяло Уладзімераўка ў 24 км ад Якуцку). У Якуцку працаваў майстрам сцэны ў клюбе Таварыства прыказчыкаў ды загадчыкам мясцовай друкарні.

21 сакавіка 1918 г. ў Якуцку паўстаў Савет працоўных дэпутатаў і ён робіцца ягоным актывістам. Нелегальна выяжджаў у г. Алёкмінск, каб сустрэць чырвоны атрад Апалінара Рыдзінскага, які ўвайшоў 1 ліпеня 1918 г. у Якуцк. Разам з Мэндэлем Кершенбаўмам удзельнічаў у забойстве судовага сьледчага Абласнога савета Франца Банкоўскага. Таксама разам з Валянцінам Бакалеўскім (камісар Мархі) у смутны час прысабечыў саўдэпаўскія грошы — каля 32 000 рублёў і двух фунтаў золата, якія захоўваліся ў вялікай шкатулцы. У той час ён сужыцельстваваў зь Зінаідай Ісаеўнай Габернік. Калі да Якуцка падышоў белы атрад паручніка Міхаіла Гардзеева Гладуноў камандаваў невялікім атрадам, але не рашыўся прыняць бой і з-за гэтага апынуўся ў якуцкай турме.

У ноч на 15 сьнежня 1919 году ў Якуцку адбыўся пераварот і ўлада белых была скінутая ды заарганізаваны Ваенны рэвалюцыйны штаб, старшынём якога прызначылі яго. Новыя ўлады арыштавалі і затым расстралялі, загад аб расстрэле падпісаў Гладуноў, усё былое абласное кіраўніцтва. З 15 сакавіка па 5 чэрвеня 1920 году — старшыня Якуцкага губрэўкама і начальнік штаба. У 1920 годзе ўсплыла былая афэра з грашыма. Бакалеўскі паабяцаў грошы вярнуць, а Харытон вырашыў не аддаваць, маўляў іх, 13 000, у мяне няма. У сьнежні 1920 году ўдзельнічаў разам з Л. Данішам ды Хв. Лебедзевым ў забойстве былога эсэра Баляслава Гелерта. Летам 1920 г. Гладуноў з новай сваёй сужыцелькай Марыяй Васільлевай выехаў у Іркуцк, а затым у Новасыбірск, дзе яны, па чутках, былі забітыя.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кротова Т., Конкин П. Красный палач. // Якутск вечерний. Якутск. 5 августа 2011. С. 48.