Хаім Суцін
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Суцін, Ха́ім (13 студзеня 1893 – 9 жніўня 1943) — францускі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў натурморту.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся ў Сьмілавічах, у сям’і беднага габрэйскага краўца. Маляваць пачаў у раньнім дзяцінстве крэйдай на прыпечку, за што атрымоўваў наганяй ад бацькі і старэйшых братоў. У 1907 годзе зьбег у Менск, дзе працаваў памочнікам фатографа, атрымаў першыя урокі маляваньня ад мастака Міхаіла Кікоіна і дэбютаваў як партрэтыст.
У 1910-1913 гады Хаім пры падтрымцы Віленскага юдэйскага таварыства заахвочваньня мастацтваў вучыўся ў мастацкай школе, а ў 1913 годзе, маючы у кішэні некалькі рублёў прыехаў у Парыж. Там малады мастак пазнаёміўся з Маркам Шагалам, Фэрнанам Лежэ, Дыегам Рывэрам, Амадэа Мадыльяні. Першыя гады ў Парыжы, дзеля таго, каб зарабіць на жыцьцё, працаваў землекопам, насільшчыкам на вакзале.
У часы першай сусьветнай вайны уладкаваўся на працу, на завод “Рэно”, дзе была наладжана вытворчасьць снарадаў. Затым дзякуючы сродкам сяброў у мэтах паляпшэньня здароўя накіраваўся на поўдзень Францыі, на курорт Керэ, дзе пражыў да 1922 г.
У 1920-1921 гады мастак удзельнічаў у вялікіх выставах “47 з Парнаса” і “Сотня з Парнаса”, а ў 1923 годзе – у групавой выставе расейскіх мастакоў “Удар”. У канцы 1923 годзе Суцін паспяхова прадаў каля 200 сваіх карцін. З гэтага часу мастак зрабіўся знакамітым і матэрыяльна забясьпечаным. Ён заснаваў уласную студыю на плошчы Клема, адкуль адкрываўся прыгожы від на Сену – ён нагадваў яму від на Волму, раку яго дзяцінства. Цяжка хворы Амадэа Мадэльяні перад сьмерцю сказаў: “Не хвалюйцеся, у асобе Суціна я пакідаю вам генія”.
У 1925 годзе мастак перажывае моцны творчы крызіс, малюючы здыхлых быкоў і качак у разрэзе. Да 1928 года Суцін вялікую частку часу знаходзіўся у Парыжы. У гэты перыяд ён напісаў сэрыю партрэтаў “Слугі”: “Калідорнага” (1927-1928), “Парцье” (1927), “Слугу” (1928). У 1927 парыжская галерэя Бінг правяла першую персанальную выставу Х.Суціна. Пазней вялікія выставы адбыліся ў Чыкага (1935 г.), Нью-Ёрку (1936, 1938, 1940 гг.), Лёндане (1937 г.).
У пачатку Другой сусьветнай вайны мастак атрымаў шэраг прапаноў паехаць у ЗША, аднак застаўся ў Францыі, нягледзячы на тое, што яго ў любы момант маглі арыштаваць як габрэя. У 1941 годзе пасьля непрацяглай адсутнасьці Суцін зноў вяртаецца ў Парыж, дзе піша пэйзаж Шампіньі, “Вялікае дрэва”(1942), “Сьвіней” (1942) — яго любімы нацюрморт, на якім выяўлены сьвіныя тушы на блюдзе.
У 1943 годзе у мастака абвастрылася язва страўніка. 9 жніўня 1943 года, на наступны дзень пасьля апэрацыі Хаім Суцін памёр.
[рэдагаваць] Творчасьць
Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920 – 1929 гадамі, уласьцівыя глыбока індывідуальныя бачаньне сьвету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэньні, ахвяраваньне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцьця ўнутранай сутнасьці прадметаў і зьяў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэсьлена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў — бязьлітасныя псыхалягічныя характарыстыкі (“Кандытар”, 1922); натурморты (большая частка створаная ў 1924 – 1927), як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэньня — “Курыца і таматы” (1924), “Гавяжая туша” (1925); трывожныя пэйзажы з бягучымі аблокамі і нахіленымі дрэвамі (“Злавесная вуліца”, каля 1921). Часта перарабляў ці зьнішчаў свае раньнія працы і амаль нічога не маляваў пасля 1930.
[рэдагаваць] Публічныя зборы
[рэдагаваць] Catalogues Raisonnés
- Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 2001. 780 p. ISBN 3822816299. ISBN 978-3822816295.
- Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 1993. 780 p. (Папярэдняе выданьне 1993 у 2-х т., сплашная нумарацыя).
- Гравюры: Lanthemann J. Soutine. Catalogue raisonné de l'oeuvre dessinee. Paris, 1981. 79 p.
[рэдагаваць] Спасылкі
- Галерея Мастер — Хаим Сутин (па-руску)
- Хаим Сутин. Биография, фотографии и жизнь (па-руску)

