Хорхэ Відэля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Хорхэ Рафаэль Відэля
гішп. Jorge Rafael Videla Redondo
Tte.Gral. (R) J. Videla.jpg
43-і прэзыдэнт Аргентыны
29 сакавіка 1976 — 29 сакавіка 1981
Папярэднік: Ізабэль Пэрон
Наступнік: Рабэрта Віёла
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 21 жніўня 1925
Сьцяг Аргентыны Мэрсэдэс
Памёр: 17 траўня 2013
Сьцяг Аргентыны Маркас-Пас
Адукацыя: Q2983873
[[commons:Category:Jorge Rafael Videla|Хорхэ Рафаэль Відэля
гішп. Jorge Rafael Videla Redondo]]
ў Вікісховішчы

Хо́рхэ Рафаэ́ль Відэля Рэдо́нда (па-гішпанску: Jorge Rafael Videla Redondo, ˈxorxe rafaˈel βiˈðela; 21 жніўня 1925, Мэрсэдэс, прадмесьце Буэнас-Айрэсу, Аргентына17 траўня 2013, Маркас-Пас, правінцыя Буэнас-Айрэс, Аргентына) — прафэсыйны вайсковец, дыктатар («прэзыдэнт дэ факта») Аргентыны з 1976 па 1981 гады.

Вайсковая кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 сьнежня 1944 году скончыў Нацыянальны вайсковы коледж(es) у чыне другога лейтэнанта. У 1952—1954 гадох вучыўся ў Ваенным каледжы, атрымаў званьне штабс-афіцэру.

У 1958—1960 — міністар абароны, у 1960—1962 кіраваў Вайсковай акадэміяй.

У лістападзе 1970 году кіраваў здушэньнем забурэньняў у Тукумане.

У 1971 годзе атрымаў званьне брыгаднага генэралу і прызначаны дырэктарам Нацыянальнага вайсковага коледжу. У канцы 1973 году галоўнакамандуючы Леандра Аная прызначыў Відэлу начальнікам Генэральнага штабу Узброеных сілаў. У жніўні 1975 прэзыдэнт Ізабэль Пэрон прызначыла Відэлю галоўнакамандуючым сухапутнымі войскамі.

Прыход да ўлады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Відэля (зьлева) на ўрачыстым адкрыцьці выставы сельскагаспадарчай прадукцыі. 1976 год

Ізабэль падчас прэзыдэнцтва свайго мужа Х. Пэрона была віцэ-прэзыдэнтам і заняла пост прэзыдэнта пасьля ягонай сьмерці. Яе аўтарытарнае кіраваньне было непапулярным і малаэфэктыўным. Краіну напаткаў жорсткі эканамічны крызіс: за некалькі год гіпэрінфляцыя дасягнула 800%, траціна насельніцтва страціла працу[1].

У гэтых умовах Хорхэ Відэля ўзначаліў ваенны пераварот 24 сакавіка 1976. Разам зь ім у склад хунты ўвайшлі адмірал флёту Эміліё Масэра і брыгадны генэрал Арлянда Рамон Агосьці ад паветраных войскаў. Праз два дні Відэля быў абвешчаны прэзыдэнтам.

Унутраная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уся заканадаўчая ўлада была сканцэнтраваная ў руках 9 чалавек — чальцоў хунты, а на ўсе міністэрскія пасады былі пастаўленыя ляяльныя афіцэры. Хунта забараніла прафзьвязы і страйкі, скасавала суды і прыпыніла фактычна ўсе грамадзянскія свабоды. Нягледзячы на парушэньні, рэжым займеў падтрымку аргентынскае каталіцкае царквы і лякальнае прэсы.

Тэрор[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Брудная вайна (Аргентына)

Хунта атрымала ўладу ў вельмі неспакойны час, калі тэрарыстычныя атакі ладзілі адна супраць другой марксысцкія і антыкамуністычныя групоўкі. Удзельнікі перавароту скарысталіся гэтым, каб апраўдаць захоп улады ў краіне, назваўшы сваё кіраваньне «Працэсам нацыянальнага пераўтварэньня». У краіне быў усталяваны рэжым тэрору; ад 8960 (афіцыйная статыстыка хунты) да 30 000 (ацэнкі праваабарончых арганізацыяў) чалавек прапала бязь вестак. «Эскадроны сьмерці» па начох выкрадалі дысідэнтаў ці людзей, падазраваных у апазыцыйнай дзейнасьці, і адвозілі іх у нявызначаным кірунку, дзе пасьля катавалі і забівалі. Жаўнеры жыўцом скідалі людзей з шрубалётаў ці залівалі бэтонам, не шкадуючы ані жанчын, ані падлеткаў[1][2]. Іншыя апанэнты ўлады вымушаныя былі зьехаць з краіны.

Эканамічная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адной з ключавых фігураў у мілітарысцкім урадзе быў Хазэ Альфрэда Марцінэз дэ Хоз. Падчас ягонага знаходжаньня на пасадзе міністра эканомікі зьнешні доўг Аргентыны вырас у чатыры разы, а разрыў між багацейшым і бяднейшым слаямі грамадзтва пашырыўся яшчэ больш, чым у пару папулісцкага кіраваньня Ізабэль Пэрон.

Зьнешняя палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імідж за мяжой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 красавіка 1977 году Асусэна Вільляфлёр (па-гішпанску: Azucena Villaflor) разам з 13-цю іншымі жанчынамі (вядомыя як «жанчыны з Пляца дэ Мая») распачалі акцыю пратэсту на Пляца дэ Мая, насупраць прэзыдэнцкага палацу, з патрабаваньнем высьветліць месцазнаходжаньне іхніх дзяцей, што прапалі бязь зьвестак. Падчас расьледваньня парушэньняў правоў чалавека Міжамэрыканская камісія па правох чалавека абвінаваціла ўрад Відэлы ў шматлікіх выпадках зьнікненьняў і правапарушэньняў.

Усе абвінавачаньні ў парушэньнях правоў чалавека Відэля трактаваў як антыаргентынскую кампанію.

Канфлікт з Чылі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 19771978 гады Аргентына апынулася на мяжы вайны з Чылі з-за некалькіх выспаў: Відэля адмовіўся выконваць рэзалюцыю Арбітражнага Суду ААН[3] датычна канфлікту ў праліве Бігля і распачаў апэрацыю «Сабэранія» з мэтай захапіць выспы.

Канфлікт быў урэгуляваны ў 1978 годзе пры пасярэдніцтве Папы Рымскага. У 1984 годзе афіцыйна была заключаная дамова пра мір і сяброўства, і з тае пары прыналежнасьць выспаў не падлягае спрэчкам.

Адносіны з ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпярша амэрыканскі ўрад намагаўся наладзіць з Аргентынай мірныя дыпляматычныя адносіны на грунце антыкамуністычных інтарэсаў, не зважаючы на парушэньні правоў чалавека. Аднак новаабраны прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр падверг Відэлу рэзкай крытыцы ў рамках сваёй дактрыны асуджэньня парушэньняў правоў чалавека.

Стасункі між дзяржавамі заставаліся халоднымі, пакуль чарговым амэрыканскім прэзыдэнтам ня стаў Рональд Рэйган. Ягоная адміністрацыя ўзаемадзейнічала з аргентынскай выведкай ў падрыхтоўцы контрас для партызанскае вайны з сардынісцкім урадам у Нікарагуа.

Адстаўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згубіўшы апірышча сярод хунты, 29 сакавіка 1981 году Хорхэ Відэля перадаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы генэралу Рабэрта Эдуарда Віёле. Пазьней, пасьля аднаўленьня дэмакратыі, у 1983 годзе быў прыцягнуты да адказнасьці і ў 1985 годзе вайсковым трыбуналам звольнены з пасады і прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня. Суд даказаў дачыненьне экс-прэзыдэнта да 66 забойстваў, 306 незаконных арыштаў, 26 выкраданьняў, 93 катаваньняў і іншых злачынстваў[2].

Судовыя працэсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1990 годзе прэзыдэнт Карлас Менэм памілаваў яго і іншых удзельнікаў хунты ў сувязі з кепскім здароўем. У 1998 годзе Відэля ізноў быў асуджаны за выкраданьні дзяцей у часе «бруднай вайны»[4], а таксама за зьнікненьні камандзіраў Народнай Рэвалюцыйнай Арміі (па-гішпанску: Ejército Revolucionario del Pueblo) Марыа Рабэрта Сантучы і Бэніта Уртэагі. Правёўшы ў вязьніцы 38 дзён, Хорхэ Відэля быў зьмешчаны пад хатні арышт з прычыны благога здароўя.

Пасьля абраньня ў 2003 годзе прэзыдэнтам Нэстара Кіршнэра Відэлу болей не ўважаюць за законнага прэзыдэнта Аргентыны; ягоныя партрэты былі зьнятыя з усіх публічных месцаў. У 2005 годзе Вярхоўны Суд Аргентыны ануляваў два законы аб амністыі, якія гарантавалі мілітарысцкім афіцэрам абарону ад судовага перасьледу[5]. 6 верасьня 2006 году памілаваньне, дадзенае Відэле і яшчэ двум чальцам ягонага ўраду (экс-міністру эканомікі Хазэ Альфрэда Марцінэзу і экс-міністру ўнутраных справаў Альбане Харгіндэгую) Менэмам, было абвешчанае неканстытуцыйным[6]; 25 красавіка 2007 году фэдэральны суд скасаваў дзеяньне прэзыдэнцкага памілаваньня для Хорхэ Відэлы і былога адмірала Эміліё Масэры і аднавіў разгляд справы па выстаўленых абвінавачаньнях[5]. 30 кастрычніка 2008 году Хорхэ ізноў быў арыштаваны і зьмешчаны ў ваенную турму.

2 ліпеня 2010 году распачаты судовы працэс за катаваньні й забойствы ў 1976 годзе 31 зьняволенага, якія загінулі ў часе кіраваньня Відэлы[7][8]. 22 сьнежня 2010 году, у той час, калі шалела апошняя дыктатура ў Эўропе, прызнаны вінаватым, асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня[9].

У ліпені 2012 году аргентынскі суд вынес яшчэ адзін прысуд: 50 гадоў турмы за сыстэматычнае выкраданьне малалетніх дзяцей сваіх палітычных апанэнтаў[10].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Военно-исторический календарь(рас.) World. Bigler.ru (24 сакавіка 2008). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  2. ^ а б Хорхе Видела(рас.). Avalia perubique (24 сакавіка 2008). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  3. ^ http://untreaty.un.org/cod/riaa/cases/vol_XXI/53-264.pdf
  4. ^ Americas 'Dirty war' arrest(анг.) World. BBC News (10 чэрвеня 1998). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  5. ^ а б Argentine court overturns "Dirty War" pardon(анг.) World. Reuters (25 красавіка 2007). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  6. ^ Argentine junta pardons revoked(анг.) Americas. BBC News (6 верасьня 2006). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  7. ^ Аргентына судзіць свайго былога лідэра Навіны. Радыё «Свабода» (2 ліпеня 2010). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  8. ^ Trial of former Argentine president Jorge Videla begins(анг.) Americas. WikiNews (3 ліпеня 2010). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  9. ^ Аргентынскага экс-дыктатара асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне Навіны. Радыё «Свабода» (22 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  10. ^ Былы дыктатар атрымаў 50 гадоў турмы Сьвет. Наша Ніва (6 ліпеня 2012). Праверана 6 ліпеня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Хорхэ Відэлясховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Папярэднік
Ізабэль Пэрон
Прэзыдэнт Аргентыны
19761981
Наступнік
Рабэрта Віёла