Хроніка Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
Хроніка Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — летапісны звод, помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня ХVI ст. Складзены, верагодна, у Вільні ў 1520-я. Аўтар быў набліжаным да магнатаў Гаштольдаў. Апісвае гісторыю ВКЛ ад часоў легендарнага князя Палямона да часоў Гедыміна.
Напісаньне новага агульнадзяржаўнага летапіснага зводу было выкліканае незадаволенасьцю кіруючых колаў ВКЛ папярэднім Беларуска-літоўскім летапісам 1446 году. Што зрабілася сьледзтвам улыву рэнэсансавых ідэяў. Гаспадары ВКЛ жадалі ўмацаваць міжнароднае становішча дзяржавы довадам высакароднага паходжаньня кіруючай княжацкай дынастыі. Трэба адзначыць, што падобныя тэндэнцыі былі агульнаэўрапейскімі. Так, у ХVI ст. у Эўропе ствараліся велічныя і патрыятычна накіраваныя гісторыі краінаў і народаў. Прадстаўнікі асобных арыстакратычных фаміліяў шукалі славутых продкаў. Напрыклад, у Польшчы ў ХVI—XVII стст. была распаўсюджаная канцэпцыя паходжаньня польскай шляхты ад старажытных сарматаў, у Вугоршчыне — ад гунаў.
У адрозьненьні ад папярэдняга летапісу, дзе гісторыя ВКЛ зьяўлялася арганічным працягам гісторыі Старажытнай Русі, а літоўскія князі выступалі носьбітамі агульнарускіх тэндэнцыяў, у аснову новага летапісу была пакладзеная легенда пра паходжаньне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. У І-м ст. н.э. 500 фаміліяў рымскай знаці, ратуючыся ад жорсткасьцяў імпэратара Нэрона, уцяклі марскім шляхам у Жамойць. На чале эмігрантаў стаяў Палямон, або Публій Лібон. Ягоны сын Кунас заклаў дынастыю літоўскіх князёў, прадстаўніком якой быў заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Паводле легенды нават слова «Літва» выводзіцца ад лацінскага «lituus» — труба, сыгнальны ваенны ражок.
Аўтар тлумачыць уладу літоўскіх князёў на Русі наступствамі мангола-татарскага нашэсьця і шлюбамі з дачкамі мясцовых князёў. Прасочваецца антыпольская накіраванасьць летапіснага зводу. Так, Ягайла называецца «клятвапарушальнікам», «забойцам».[1]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 52
Літаратура [рэдагаваць]
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.