Царква Сьвятога Духа (Менск)
| Сакральнае збудаваньне | |
|
Царква Сьвятога Духа
|
|
|
Царква Сьвятога Духа
|
|
| Краіна | Беларусь |
| Места | Менск |
| Каардынаты | 53°54′14.95″ пн. ш. 27°33′24.08″ у. д. / 53.9041528° пн. ш. 27.5566889° у. д.Каардынаты: 53°54′14.95″ пн. ш. 27°33′24.08″ у. д. / 53.9041528° пн. ш. 27.5566889° у. д. |
| Дата заснаваньня | XVII ст. |
| Статус | Ахоўная зона |
|
Царква Сьвятога Духа на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Духа
|
|
|
|
|
Царква Сьвятога Духа — грэка-каталіцкае (уніяцкае) сакральнае збудаваньне ў Менску, узьведзенае ў XVII ст. Знаходзілася на Высокім Рынку і зьяўлялася дамінантай комплексу мужчынскага і жаночага базылянскіх манастыроў.
У будынку царквы спалучаліся рысы готыкі і паўночнага рэнэсансу. Галоўны фасад упрыгожвалі нішы, расьпісаныя фрэскамі з выявамі сьвятых. Падобны сынтэз архітэктуры і малярства практычна не сустракаецца ў сакральнай архітэктуры Эўропы і зьяўляецца адметнасьцю дойлідзтва Беларусі, яе ўнёскам у агульнаэўрапейскае будаўнічае мастацтва эпохі Рэнэсансу[1][2][3].
У 1936 року бальшавікі ўзарвалі царкву. Да нашага часу захаваліся падмуркі і крыпты з парэшткамі фундатараў[4]. У верасьні 2011 року завяршылася адбудова царквы Сьвятога Духа як дзіцячай філярмоніі[5].
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Некаторыя дасьледнікі[6] мяркуюць, што мураваную царкву Сьвятога Духа збудавалі каля 1616 року. Аднак беларускі гісторык архітэктуры У. Дзянісаў паказвае на тое, што яе будаваньне вялося пазьней, у 30-я—40-я рокі XVII ст. Рэч у тым, што побач з базылянскім манастыром знаходзіўся вольны пляц «Лужына», які толькі ў 1636 року выдзялілі Сьвята-Духаўскаму манастыру для ўзьвядзеньня мураванага будынка царквы замест драўлянага[7]. Відаць, пабудова новай царквы зрабілася магчымай па атрыманьні манастыром у 1634 року 2000 злотых паводле тэстамэнту заможнага полацкага месьціча[8][9].
У 1641 року з фундацыі троцкай кашталянкі Сузаны Гасеўскай побач з мужчынскім быў заснаваны яшчэ і жаночы грэка-каталіцкі манастыр. Але вольнага месца, каб паставіць царкву манашкам, на тэрыторыі пляца Высокі Рынак не было. Царква Сьвятога Духа, якая тады будавалася, зрабілася супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага, што было рэдкай практыкай у сакральным дойлідзтве[10].
Мяркуецца, што ўзьвядзеньне царквы завяршылася да 1650-х рокаў[11], бо ўжо ў 1651 року грэка-каталіцкі мітрапаліт Антон Сялява наказаў у спадчыну манастыру базылянак 20 000 злотых з адзінай умовай — быць пахаваным у царкве Сьвятога Духа[12]. Пазьней, у часе Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) царква як частка комплексу базылянскіх манастыроў выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах[13].
Як галоўнае сакральнае збудаваньне на Высокім Рынку сьвятыня ўражвала сучасьнікаў сваёй пышнасьцю. Стольнік П. Талстой у 1697 року пісаў: «у гэтым манастыры царква мураваная вялікая, у якой скляпеньні ладныя, якіх мала ў мураваным дойлідзтве Польшчы»[3].
Па падзелах Рэчы Паспалітай у 1795 року расейскія ўлады адабралі царкву ў грэка-каталікоў, а ў 1799 року пераасьвяцілі яе на Петрапаўлаўскі сабор Маскоўскага патрыярхату[6]. Абмеры 1843 року паказваюць аблічча царквы, якая яшчэ захоўвала аўтэнтычныя рысы[10]. Па скасаваньні Грэка-Каталіцкай Царквы (1839) у сабор вярнуўся Менскі цудоўны абраз Маці Божай[14] (захоўваўся ў царкве Сьвятога Духа ад 18 кастрычніка 1616 року[15], а па адабраньні яе ў грэка-каталікоў абраз перанесьлі ў іншую ўніяцкую царкву).
У 1835 року адбыўся пажар, па якім царкву значна перабудавалі. Славуты дасьледнік Менску XIX стагодзьдзя Уладзіслаў Сыракомля ў 1857 року называў Петрапаўлаўскі сабор «цудоўна адноўленым»[10]. Другасна царкву перабудавалі ў 1893 року ў маскоўска-яраслаўскім стылі ў яго эклектычным і казённым прачытаньні. Такая перабудова адпавядала царскім захадам з гвалтоўнай маскалізацыі краю.
Па Кастрычніцкім перавароце (1917) у 1930 року бальшавікі зачынілі сабор і загадалі перадаць яго арганізацыі, якая займалася нарыхтоўкай збожжа. Таго ж року ў месьце забаранілі царкоўны перазвон. У 1935 року абраз Маці Божай Менскай, што захоўваўся ў саборы, забралі ў музэйныя запасьнікі. У 1936 року выйшаў загад аб разбурэньні царквы. Стваральнікам каманды зьнішчэньня быў Пятро Грыгарэнка — у будучым генэрал, савецкі дысыдэнт і праваабаронца[10]. У другой палове траўня 1936 року (паводле іншых зьвестак, у 1937[16][11]) царкву ўзарвалі. Месца, дзе стаяў будынак, расчышчалі некалькі рокаў, па чым на ім уладкавалі зьвярынец[17], дэсакралізуючы такім чынам месца царквы. Менчукам 1960—1980-х гэты куток места быў вядомы як піўны бар «Ясень», мэталічны павільён якога паставілі акурат на падмуркі сакральнага збудаваньня[10].
Сучаснасьць [рэдагаваць]
| Раскопкі падмуркаў царквы перад аднаўленьнем (2009) | |
У 1979 року зьявіўся першы праект рэканструкцыі царквы Сьвятога Духа[10]. У 2004 мітрапаліт Філярэт зьвярнуўся да тагачаснага старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з прапановаю пабудовы на месцы царквы Сьвятога Духа праваслаўнай капліцы, але яму было адмоўлена. У 2009 року пачалося аднаўленьне царквы. Праект патранаваў новы начальнік места Мікалай Ладуцька. У гэты ж час пастанавілі, што адбудаваная царква будзе выкарыстоўвацца ў якасьці дзіцячай філярмоніі[18]. 15 красавіка таго ж року група менскіх грэка-каталікоў зьвярнулася да А. Лукашэнкі з просьбай дазволіць адбудаваць гэтую сьвятыню Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве[19], пад зваротам падпісаліся доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, доктар фізыка-матэматычных навук Юры Хадыка, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэтка Галіна Дубянецкая, археоляг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сваю просьбу вернікі патлумачылі тым, што станам на 2009 рок у Менску налічваліся чатыры грэка-каталіцкія парафіі, але ніводная зь іх дагэтуль не атрымала дазволу ад менскіх уладаў на ўзьвядзеньне ўласнай царквы.
Аднак зварот не прынёс плёну. У Камітэце архітэктуры адказалі, што на месцы сьвятыні будзе будавацца дзіцячая філярмонія «з выкарыстаньнем архітэктурна-мастацкага вобразу будынка царквы Сьвятога Духа XVII ст.» Пра тое ж вялося і ў лісьце зь Менгарвыканкаму, толькі тамака дадалі, што праект «аднавіць будынак колішняй царквы Сьвятога Духа ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурны, а ня культавы аб’ект» быў распрацаваны яшчэ ў 1984 року[20].
Існуе меркаваньне, што адмова дазволіць аднавіць грэка-каталіцкую царкву тлумачыцца існаваньнем у Беларусі няпісанага правіла: бяз згоды кіроўнага архірэя Маскоўскага патрыярхату ўлада ня можа даць прадстаўнікам іншай канфэсіі згоды на ўзьвядзеньне царквы (малітоўнага дома, навучальнай установы) на тэрыторыі дадзенай япархіі[21]. Гэтую думку ўскосна пацьвярджае афіцыйная пазыцыя БЭМП, якую агучыў адказны сакратар па зьвязках са СМІ архімандрыт Аляксей:
| Нас очень удивляет позиция греко-католиков, которых единицы в Минске. Их невежество, такая невероятная узколобость и желания не соответствуют сегодняшним возможностям. Никто к этому мнению и прислушиваться не думает. <…> Но лично я считаю, что государство должно показать пример восстановления исторической и духовной справедливости. <…> И поэтому если они хотят на святом месте что-то восстановить, то это надо строить исключительно храм, как это делается во всем цивилизованном мире. Восстановить храм и вернуть его исконному владельцу, а владельцем этого храма была православная церковь | ||
|
—архімандрыт Аляксей, адказны сакратар БПЦ па зьвязках са СМІ, Филармония им. Святого Духа // «Ежедневник», 29 траўня 2009. |
||
Цяпер у новым будынку разьмяшчаецца Канцэртная заля дзіцячай філярмоніі «Верхні горад», апроч таго, адміністрацыя Кастрычніцкага раёну праводзіць у ім шлюбныя цырымоніі[5]. Паводле крытэрыяў Міжнароднай рады па пытаньнях помнікаў і гістарычных мясьцінаў, такі аб’ект лічыцца помнікам[10]. Рэстаўратары ня здолелі аднавіць фрэскі на фасадзе і не ўвянчалі франтон крыжам.
Архітэктура [рэдагаваць]
Будынак царквы меў франтальнае разьмяшчэньне адносна пляца Высокі Рынак. Сьвятыня мела шчыльны зьвязак з усім комплексам базылянскіх збудаваньняў і кампазыцыяй забудовы Высокага Места. Відаць, зыходзячы з кампазыцыйных задачаў забудовы пляца, будынак павярнулі апсідай не на ўсход, а на паўночны ўсход. 3 правага боку да царквы далучаўся доўгі 2-павярховы дом мужчынскага манастыра. 3ь левага боку ад апсіды празь невялікую прыбудову і доўгі вузкі крыты пераход, што перагароджваў Дамініканскую вуліцу, яна злучалася з будынкам жаночага манастыра[22].
Царква — 1-нэфавы бязьвежавы храм зь 5-граннай апсідай, перакрыты, як паказвае Т. Габрусь, цыліндрычнымі з распалубкамі (а не крыжовымі[23], як меркаваў У. Дзянісаў[9]) скляпеньнямі, што абапіраліся на масіўныя ўнутраныя контрфорсы. У архітэктуры царквы прысутнічалі элемэнты готыкі — сьцены прарэзвалі вялікія сьпічастыя вокны. Аднак галоўны фасад уяўляў лёгкую ярусную кампазыцыю, выкананую пад відавочным уплывам паўночнага рэнэсансу. Спалучэньне готыкі і рэнэсансу — адна з характэрных асаблівасьцяў разьвіцьця дойлідзтва Беларусі ў гэтую эпоху.
Плястычная кампазыцыя галоўнага фасаду царквы будавалася на супрацьпастаўленьні працяжнаму стрыманаму паводле архітэктуры мужчынскаму манастыру. Роўніца галоўнага фасаду падзялялася чатырма пілястрамі карынфскага ордэна на тры часткі. У цэнтральнай частцы разьмяшчаўся партал. Над парталам знаходзілася паўцыліндрычнае акно, аздобленае ляпнымі ліштвамі. З бакоў разьмяшчаліся плоскія нішы такой жа формы. Тарэц даху прыкрываў прыгожы 3-ярусны шчыт крывалінейнага абрысу. Моцны прафіляваны карніз, які абкружаў будынак з пэрымэтру, аддзяляў сам шчыт ад сьцяны. Цэнтральная вось вылучалася шэрагам лучковых аконных праёмаў і завяршалася аркавай нішай. Тонкі графічны малюнак шчыта дапаўнялі пінаклі.
Прамежкі паміж пілястрамі шчыта і плоскія аркавыя нішы запаўнялі фрэскі з выявамі сьвятых. Аналягічны прыём сынтэзу архітэктуры і манумэнтальна-дэкаратыўнага малярства ў сакральнай архітэктуры зьяўляецца спэцыфікай дойлідзтва Беларусі ў эпоху Рэнэсансу[24]. Дасьледніцы гісторыі беларускай архітэктуры І. Слюнькова і Т. Габрусь зазначаюць, што такім чынам галоўны фасад царквы імітаваў традыцыйны іканастас[23].
Інтэр’ер упрыгожвалі 5 драўляных і мураваных разных алтароў з маляўнічымі кампазыцыямі. У галоўным алтары знаходзіўся Менскі абраз Маці Божай. На хорах стаяў арган (майстар Людвіг Клімовіч, 1779). У 2-й пал. XVIII ст. інтэр’еры рэканструявалі (майстры муляр Рыгор Сьніджэцкі, мазаічнік Ян Будрэвіч)[25].
У XIX ст., па адабраньні сьвятыні ў грэка-каталікоў, абрыс галоўнага фасаду значна сказілі перабудовамі. Спачатку да яе дабудавалі бабінец з калёнамі, пазьней да паўночнага фасаду прыбудавалі безаблічны паводле архітэктуры жылы дом з крамамі.
У 1840-я рокі (паводле іншых зьвестак, у 1880-я[12]) царкву перабудавалі да непазнавальнасьці. Да галоўнага фасаду прыбудавалі званіцу, завершаную ўверсе дзьвюма невялікімі вежамі. Частку скляпеньняў разабралі, а на гэтым месцы дабудавалі купал на 4-гранным барабане. У гэты ж час зьнесьлі галерэю, якая злучала царкву з будынкам былога жаночага манастыра[26].
Паводле праекту 1893 року, царкву перабудавалі яшчэ раз, у выніку чаго яна набыла рысы маскоўска-яраслаўскага дойлідзтва XVII ст. З 1-нэфавага храм зрабіўся 3-нэфавым. Над галоўным фасадам узьвялі 2-ярусную (васьмярык на чацьвярык) шатровую званіцу з макаўкай. З бакоў яе флянкавалі 2 купалы-цыбуліны на каскадах какошнікаў у аснове. Галоўны фасад атрымаў выгляд вялікага аркавага пэрспэктыўнага парталу, верхні шэраг аркавых аконных праёмаў аздаблялі фігурныя кілепадобныя ліштвы. Архітэктура царквы вызначалася насычаным цагляным дэкорам, пазычаным з маскоўскага царкоўнага дойлідзтва XVII—XVIII стст. Над караблём храму надбудавалі магутны 4-гранны аб’ём, завершаны пяцікупальлем. Зь левага боку да трапезнай далучалася 4-гранная шатровая капліца[27].
Мастацкае афармленьне інтэр’еру ўлучала арнамэнтальную размалёўку падпружных арак, выявы сьвятых і анёлаў на купале, пілёнах і пілястрах, на консе апсіды. Падлогу выклалі белымі мармуровымі плітамі. Галоўны 4-ярусны іканастас (1870) быў насычаны архітэктурнымі абломамі і накладной арнамэнтальнай разьбой, скульптурамі херувімаў. На разных пазалачоных царcкіх варотах меліся 4 выявы эвангелістаў. На горным месцы апсіды разьмяшчаўся абраз «Збаўца» (копія знакамітага абраза К. Брулова). Асабліва шанаваўся абраз Маці Божай Менскай, які ў 1852 року ўпрыгожылі новай срэбнай рызай з каштоўнымі каменьнямі[27].
Галерэя [рэдагаваць]
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- У крыптах царквы, імаверна, знаходзіліся парэшткі Кацярыны Сапегі — дачкі легендарнага канцлера вялікага літоўскага Лява Сапегі, якая была заснавальніцай і першай ігуменьняй менскага манастыра базылянак[28]
- Ля параднага ўваходу ў царкву 27 студзеня 1906 року І. Пуліхаў учыніў няўдалы замах на менскага губэрнатара Курлова, што ў 1905 року загадаў расстраляць мірную дэманстрацыю на Прывакзальнай плошчы[29]
- У 1922 року ў царкве прайшоў сабор духавенства, на якім пастанавілі ўтварыць Менскую мітраполію; у адпаведнасьці зь ім менскі япіскап атрымаў паўнамоцтвы кіраваць ня толькі Менскай япархіяй, але і Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой Беларусі[17]
- У 2004 року кіраўнік Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Філярэт (Вахрамееў) накіраваў ліст старшыню менскага гарвыканкаму М. Паўлаву, у якім выступіў з ініцыятывай не аднаўляць царкву Сьвятога Духа, а збудаваць на яе месцы новую капліцу Маскоўскага патрыярхату; яшчэ адну капліцу ў гонар Аляксандра Неўскага мітрапаліт прапанаваў паставіць на месцы падмуркаў Малога гасьцінага двара[30]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Квитницкая Е. Д. Особенности средневековых храмов Белоруссии // «Архитектурное наследство» № 23, 1975. С. 85.
- ^ Пазняк 3. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 60.
- ^ а б Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 68.
- ^ Валянцін Груздаў. Пры аднаўленні царквы Святога Духа знайшлі крыпты з парэшткамі фундатараў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 верасьня 2009.
- ^ а б Як у Мінску аднавілі царкву Святога Духа 1636 года (фотафакт). Эўрапейскае радыё для Беларусі (5 верасьня 2011). Праверана 11 лістапада 2011 г.
- ^ а б Пазняк 3. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 43.
- ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 178.
- ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 137.
- ^ а б У. М. Дзянісаў. Комплекс уніяцкіх кляштароў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 334.
- ^ а б в г д е ё Алег Дзярновіч (10 лiстапада 2011) Энцыклапедыя Мінска. Царква Святога Духа. «Наша Ніва». Праверана 11 лістапада 2011 г.
- ^ а б У. М. Дзянісаў. Комплекс базыльянскіх манастыроў у Мінску // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.
- ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. С. 117.
- ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 201.
- ^ Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 78.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 303.
- ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 300.
- ^ а б Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 83.
- ^ Ганна Журавіна. У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Святога Духа // «Наша Ніва», 14 красавіка 2009.
- ^ Зварот мінскіх грэка-каталікоў да прэзідэнта // «Arche», 15 красавіка 2009.
- ^ Мінскія будоўлі — 3: Дзіцячая філармонія а-la Царква Святога Духа // «Наша Ніва», 10 сьнежня 2009.
- ^ Пётра Пінчук. Тэст на талерантнасць даў адмоўны вынік, або З бальшавіцкім падыходам // «Arche», 16 чэрвеня 2009.
- ^ Пазняк 3. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 59.
- ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. С. 118.
- ^ У. М. Дзянісаў. Комплекс уніяцкіх кляштароў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 335.
- ^ Уладзімір Дзянісаў, Людміла Іванова, Вольга Кукуня. Менскі Святадухаўскі манастыр базыльян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 297.
- ^ У. М. Дзянісаў. Комплекс уніяцкіх кляштароў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 336.
- ^ а б Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 269.
- ^ Ігар Карней. Рэстаўратары страцілі парэшткі Кацярыны Сапегі? // «Радыё Свабода», 16 кастрычніка 2009.
- ^ Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 76.
- ^ Прыватны дзёньнік: Сяргей Харэўскі // «Радыё Свабода», 20 жніўня 2004.
Літаратура [рэдагаваць]
- У. М. Дзянісаў. Комплекс базыльянскіх манастыроў у Мінску // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.
- Пазняк 3. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985.— 111 с.: іл.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Царква Сьвятога Духа (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Царква Сьвятога Духа (Менск). Radzima.org. Праверана 3 сакавіка 2011 г.
|
||||||||||||||||||||||||||||