Царква Сьвятога Міхаіла (Сынкавічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Храм
Царква Міхаіла Арханёла
Сучасны стан
Сучасны стан
Краіна Беларусь
Вёска Сынковічы
Каардынаты 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. / 53.12306; 25.15694Каардынаты: 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. / 53.12306; 25.15694
Канфэсія Беларуская праваслаўная царква
Архітэктурны стыль Готыка
Статус ахоўваецца дзяржавай
Царква Міхаіла Арханёла на мапе Беларусі
Царква Міхаіла Арханёла
Царква Міхаіла Арханёла
Царква Міхаіла Арханёла
Commons-logo.svg Царква Міхаіла Арханёла на Вікісховішчы

Сьвятаміха́йлаўская царква́ ў Сы́нкавічах — адзін з самых раньніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Сынкавічы Зэльвенскага раёну Гарадзенскай вобласьці, за 15 км на захад ад Слоніму.

Царква зьяўляецца адным зь першых абарончых храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Выяўленая на адбітай Нацбанкам РБ манэце 2000 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На фасадзе выяўлены літары, выкладзеныя паленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна трактаваць як 320, хутчэй за ўсё гаворка ідзе 1320 год[1].

Існуе легенда, што Сынкавіцкую царкву заснаваў Вітаўт Вялікі ва ўдзячнасьць за тое, што у мясцовых пушчах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Насамрэч царква ў Сынкавічах паўстала ў пачатку XVI стагодзьдзя, магчыма на грошы слыннага гетмана Канстантына Астроскага, фундатара Траецкай і Прачысьценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы.

Сьвятаміхайлаўская царква ў Сынкавічах у XIX ст.

У дакумэнце 1760 року паведамлялася, што царква была закладзеная ў пэрыяд кіраваньня каралевы Боны, паміж 1518 і 1556. У «Акце візытацыі сынкавіцкага храма за 1760» адзначана, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII стагодзьдзя і зьнік, верагодна, пад час аднаго з рамонтаў. Маюцца зьвесткі пра тое, што ў кожнай вуглавой вежы быў склеп. У 1760 року ўжо існаваў мураваны бабінец.

  • 18801881 — заменены дах, прыбудаваны прытвор і купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храму.
  • 1891 — перад храмам узьведзеная бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, рэканструяваная ў 2007 року.
  • 1926 — пераробленая ў каталіцкі храм, стала філіяй езуіцкае місіі ў Альбэрціне (Слонім) і цэнтрам грэка-каталіцкай парафіі.
  • 1945 — адабраная пад гаспадарчыя патрэбы.
  • 19881990 — адчыненая і вернутая праваслаўным.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аркатура і машыкулі на франтоне царквы

У плане ўяўляе сабой крыху перакошаны чатырохкутнік памерам 17,5×13 м з трохнэфавым дзяленьнем. Усе нэфы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня муроў дасягае 1,5 м. Чатыры абарончыя вежы, разьмешчаныя па кутох, адрозьніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзьве заходнія вежы стаяць на квадратных падмурках, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрафорсы. Верхняя частка вежаў — васьміграньнік з трыма ярусамі байніцаў. Дзьве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсьць байніцы. У вежах знаходзяцца лесьвіцы, якія некалі вялі да байніцаў, разьмешчаных у франтоне.

Верхняя частка сьценаў, акрамя ўсходняй, ахопленая магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам храму сачыць за дзеяньнямі праціўніка і весьці агонь на большыя адлегласьці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу для абароны. Акрамя таго, яны зьяўляюцца важным элемэнтам і сродкам упрыгожваньня храму. Асабліва ўмацаваная заходняя сьцяна царквы. У шчыце франтону зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстаны «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемэнт, які выконваў ролю назіральнага пункту.

Сынкавіцкая царква на паштовай марцы Беларусі

У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У шчыце франтону неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражаньне цяжкаватасьці і масіўнасьці, надаюць будынку яркасьць і лёгкасьць. На ўсходніх вежах і алтарных апсідах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе плоскай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэтае ўпрыгажэньне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсідамі адпавядае форме ўсходняга франтону. Выразнымі элемэнтамі готыкі зьяўляюцца стральчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпеньні правай апсіды храма і высокі двухсхільны дах.

Невялікая перакошанасьць пляну будынка, некаторая скрыўленасьць восі апсід у адносінах да нэфаў даюць падставы меркаваць, што храм узводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разьбіўкі пляну простыя, ня вельмі дакладныя вымяральныя інструмэнты.

У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць прастору храма на нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі з нэрвюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеньнямі. Сьцены атынкаваныя і расчлянёныя прастакутнымі лапаткамі, аб’яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі.

Перад храмам знаходзіцца бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, завершаная шатровым дахам.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ірына Прымак, Аляксандар Чарнуха Як рэстаўрацыя «састарыла» царкву // Народная газета. — 19 сакавіка 2011.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000282

Commons-logo.svg  Царква Сьвятога Міхаіла (Сынкавічы)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў