Царква Сьвятых Барыса й Глеба (Горадня)
| Царква | |
|
Сьвятых Барыса й Глеба
|
|
|
Барысаглебская царква
|
|
| Краіна | Беларусь |
| Места | Горадня |
| Каардынаты | 53°40′42″ пн. ш. 23°49′6″ у. д. / 53.67833° пн. ш. 23.81833° у. д.Каардынаты: 53°40′42″ пн. ш. 23°49′6″ у. д. / 53.67833° пн. ш. 23.81833° у. д. |
| Канфэсія | праваслаўе |
| Тып будынка | царква |
| Першае згадваньне | 1184 год |
| Стан | дзейсная, рэстаўруецца |
|
Сьвятых Барыса й Глеба на мапе Беларусі
Сьвятых Барыса й Глеба
|
|
|
|
|
Царква Сьвятых Барыса й Глеба, Барысаглебская, Калоская, Каложская, Калажанская царква, Каложа — праваслаўны храм у цэнтральнай частцы Горадні.
Выбітны ўзор старажытнарускага мураванага дойлідзтва другой паловы XII стагодзьдзя. Разьмешчаная на высокім стромкім беразе Нёмана, захавалася ня цалкам: яе скляпеньні і глава зьніклі даўно, паўднёвая і частка заходняй сьцяны абрынуліся ў раку праз апоўзень у 1853 г.
Другая назва храму Каложа паходзіць ад назвы перадмесьця Ноўгараду, адкуль у 1406 року Вітаўт перасяліў мяшканцаў у Горадню[1].
Зьмест |
Мінуўшчына [рэдагаваць]
«Того ж року Городен погорів увесь і церква кам’яна од мигання блискавки і ударів грому»[2] — апавядаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1184 рокам. Аднак пэўна невядома, ці вядзецца пра Горадню і канкрэтна пра Калоскую царкву. Высьвечаная верагодна ў гонар духоўных заступнікаў Барыса і Глеба Ўсевалодавічаў, у часы кіраваньння якіх, як лічаць, царква была заснаваная.
Пасьля руйнаваньня крыжакамі на пачатку XVI стагодзьдзя была рэканструяваная коштам Богуша Багавіцінавіча пад кіраўніцтвам гарадзенскага кашталяна Давыда Гарадзенскага. У той час пры царкве існаваў манастыр, якому, з павагі да яго даўнасьці, вялікі князь літоўскі Аляксандар Ягелончык падараваў маёнтак Чашчаўляны ў 1500 року. Пазьней і кароль Жыгімонт I Стары адорваў манастыр у 1508 і 1538 роках.
У 1569 року пры царкве заснаваны Калоскі манастыр айцоў-базылянаў.
Разьліў Нёмана ў 1720 року прывёў да падмываньня ўзгорку, на якім разьмешчаны храм, ад чаго той пахіліўся.
У 1839 року манастыр быў зачынены расейскаю ўладаю. Храм перададзены Расейскай праваслаўнай царкве.
У 1853—1859 роках царква была часткова зруйнаваная з прычыны зруху, абвалілася частка заходняй сьцяны і скляпеньняў.
Цягам 1872—1873 рокаў рэканструяваная. У апсідзе створаная капліца Сьвятых Барыса і Глеба.
Зноў часткова абвалілася ў 1889 року.
У 1897 року бераг умацаваны. Цягам 1889—1911 рокаў адсутныя мураваныя сьцены адноўленыя ў дрэве.
Паўторна рэстаўрацыйныя працы праведзеныя ў 1934—1939 роках.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР храм быў закінуты, пакуль пасьля Другой сусьветнай вайны ня быў перададзены Гарадзенскаму абласному гістарычнаму музэю. У царкве была створаная экспазыцыя, прысьвечаная навуковаму атэізму і антырэлігійнай прапаґандзе.
У 1979 року памяшканьне храму перададзена Рэспубліканскаму музэю атэізму й гісторыі рэлігіі.
Набажэнствы ў царкве адноўленыя з 1991 року[3]. У 1999 годзе Нацыянальны банк РБ адбіў манэту, прысьвечаную Барысаглебскай царкве.
Работы па кансэрвацыі і рэстаўрацыі храму трываюць да цяперашняга часу.
У 2004 року царква Сьвятых Барыса і Глеба ўнесеная ў папярэдні сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў катэгорыі «Культура»[4].
Архітэктура [рэдагаваць]
Калоская царква ўяўляе сабой крыжова-купальны храм, трохапсідны і шасьціслупавы. Кладка сьценаў выкананая з плінфы, выкарыстаная таксама цэгла ў дэкаратыўных мэтах. Царква звонку неатынкаваная, што дазваляе бачыць дэкаратыўныя вартасьці яе поліхромнай кладкі. Да нашага часу не не дайшлі першапачатковая галоўка і скляпеньні, а таксама частка сьцяны, абрушанай у выніку апоўзьню. Пры рэстаўрацыі ў 1870 року былі адкрытыя дамангольскія фрэскі ў конхах.
Архітэктура царквы ня мае аналягаў сярод захаваўшыхся пабудоваў і нагадвае кампазыцыю больш раньнягя гарадзенскага сабору — Ніжняй царквы, вядомай з археалягічных дасьледаваньняў. Гэты факт дае магчымасьць выказаць здагадку пра існаваньне ў канцы XII стагодзьдзя ў Гародні адасобленай архітэктурнай школы(ru), на якую часткова ўплываў раманскі стыль.
Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Паводле іншае вэрсіі, царква атрымала сваю назву ад урочышча Каложань, у якім была збудаваная царква. Урочышча нібыта была ў пашане паганцаў, а ягоная назва паказвала на тое, што ў гэтым месцы б’е шмат крыніцаў.
- ^ Літопис руський за Іпатським списком. Пер. Л. Махновця
- ^ О храмах гродненского городского благочиния(рас.)
- ^ SS. Boris and Gleb (Kalozha) Church in the city of Hrodna(анг.)
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Царква Сьвятых Барыса й Глеба (Горадня) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|||||||||||
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |