Целяханы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Целяханы
Першыя згадкі: 1554
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Івацэвіцкі
Пасялковы савет: Целяханскі
Насельніцтва: 4660 (2008)
Тэлефонны код: +375 1645
Паштовы індэкс: 225275
Геаграфічныя каардынаты: 52°30′46″ пн. ш. 25°50′32″ у. д. / 52.51278° пн. ш. 25.84222° у. д. / 52.51278; 25.84222Каардынаты: 52°30′46″ пн. ш. 25°50′32″ у. д. / 52.51278° пн. ш. 25.84222° у. д. / 52.51278; 25.84222
Целяханы на мапе Беларусі
Целяханы
Целяханы
Целяханы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Целяханы — мястэчка ў Беларусі, на Агінскім канале. Цэнтар пассавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва 4660 чал. (2008). Знаходзяцца за 45 км на паўднёвы ўсход ад Івацэвічаў, за 181 км ад Берасьця, на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Пінск.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Целяханы». На думку навукоўцаў мясьціна мае патранамічную назву, якая ўтварылася ад прозьвішча Целях (сэнсавае значэньне — «калода», «кругляк»[1] — цэлае, неапрацаванае бервяно)[2][3]. Паводле мясцовай легенды назва пайшла ад спалучэньня словаў «Цела хана»: нібыта ў часе вялікай бітвы з татарамі загінуў хан, якога пахавалі зь вялікай пашанай і насыпалі высокі курган. Паселішча, што ўзьнікла каля кургана, пачалі называць Целяханамі[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўспамін пра Целяханы датуецца 1554. Паселішча ляжала на даўнім шляху зь Пінску да Слоніму і знаходзілася ў валоданьні княскаму роду Дольскіх (прозьвішча ўтварылася ад паселішча Дольск). У ХVІ ст. Целяханы ўвайшлі ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У ХVІІ ст. яны атрымалі статус мястэчка і перайшлі да роду Вішнявецкіх.

З 1744 Целяханы знаходзіліся ў валоданьні Міхала Казімера Агінскага, які цягам 17751778 заснаваў тут фаянсавую мануфактуру. Прадпрыемства вырабляла дэкаратыўныя вазы, скульптуру малых формаў, фрызы і карнізы для комінаў. У 17671783 з пабудовай Канала Агінскага распачаўся эканамічны рост мястэчка. Тут працавала прыстань, быў добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні, на якіх выраблялі роўнадонныя баркі і паўбаркі рознай зьмяшчальнасьці. У кан. XVIII ст. М. К. Агінскі збудаваў у Целяханах шыкоўны палац па-над Агінскім каналам (не зьбярогся), вуніяцкую Траецкую царкву (у 1839 пераробленая пад праваслаўную, не захавалася).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Целяханы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пач. ХІХ ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Пуслоўскіх, якія ў 1817 збудавалі тут касьцёл (зьбярогся часткова). Апроч таго, у мястэчку меліся дзьве сынагогі, прыстань, мытня.

Неаднаразова (у 1830, 1880 і 1886) Целяханы цярпелі ад пажараў. У 1837 у мястэчку пачала працаваць лякарня. Станам на 1885 у Целяханах было 65 будынкаў, дзейнічалі праваслаўная царква, каталіцкая капліца, сынагога, валасная ўправа, народная вучэльня, паштова-тэлеграфная станцыя, паліцэйская ўправа на дзьве воласьці — Целяханскую і Сьвятавольскую. У 1895 на былой вуліцы Касьцёльнай, на зямлі абшарніка Ф. Пуслоўскага, заснавалі гуту, на якой застасоўваліся найнавейшыя дасягненьні навукі і тэхнікі. Найбольшую славу Целяханская гута прыдбала сабе за вырабы з крышталю і каляровага шкла, іх высокі мастацкі ўзровень і якасьць. Паводле перапісу (1897) у Целяханах было 450 будынкаў, валасная ўправа, пошта, лякарня на 10 ложкаў, праваслаўная царква, капліца, тры юдаісцкія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, паравы млын, шмат крамаў (зь іх 20 малочных); пры Агінскім канале было 23 дамы; у маёнтку — 14 будынкаў, бровар; на шкляным заводзе — чатыры баракі; на станцыі — восем двароў; побач зь мястэчкам знаходзілася сяло, насельнікі якога займаліся выключна сельскай гаспадаркай, 90 хатаў, хлебазапасны магазын. У 1909 Целяханы зрабіліся цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні (маёнтак — 8 будынкаў; мястэчка — 230 двароў; сяло — 210 хат; гута — 70 будынкаў).

У Першую сусьветную вайну ў 1915 Целяханы занялі нямецкія войскі. Лінія фронту (стаяў да лютага 1919) ўсталявалася ўздоўж Агінскага канала, усе гідратэхнічныя збудаваньні якога былі разбураныя. У гэты пэрыяд немцы збудавалі вузкакалейку з Івацэвічаў да Целяханаў і па ёй вывозілі лес.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Целяханы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 79 будынкаў. Станам на 1935 у Целяханах знаходзілася прадстаўніцтва ўраду водных камунікацыяў (па вайне аднавіўся і дзейнічаў Агінскі канал), пошта, тэлеграф, шпіталь, аптэка, гатэль, страўня, крама; землі ключа Целяханскага належалі графам Пуслоўскім і займалі 23 тыс. гектараў.

У 1939 Целяханы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 зрабіліся цэнтрам раёну Пінскай вобласьці (з 1954 у Берасьцейскай вобласьці). У гэты час у мястэчку было 397 двароў. Станам на 1951 у Целяханах працавалі райпрамкамбінат, леспрамгас, чыгунка, лясгас, хімлясгас, прамысловы арцель з крухмала-патачным і вапнавым заводамі. На 1954 у мястэчку працавалі сярэдняя школа, друкарня, пошта, лазьня, МТС, райспажыўсаюз, іншыя раённыя ўстановы, налічвалася 126 жылых дамоў. 25 сьнежня 1956 Целяханы атрымалі афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. З 8 жніўня 1959 мястэчка знаходзілася ў Лагішынскім, з 25 сьнежня 1962 — Пінскім, з 6 студзеня 1965 — Івацэвіцкім раёнах.

6 лістапада 2004 у Целяханах адбылося асьвячэньне помніка Баляславу Пачопку[5].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1885 — 584 чал.; 1886 — 558 чал.[6]; 1892 — каля 607 чал.[7]; 1897 — 1039 чал. у мяст. Целяханы; 114 чал. пры Агінскім канале; 58 чал. у маёнтку Целяханы; 152 чал. пры Целяханскай гуце; 28 чал. пры станцыі Целяханы; 591 чал. у сяле Целяханы.
  • XX стагодзьдзе: 1909 — 1120 чал. у мяст. Целяханы; 147 чал. у маёнтку Целяханы; 460 чал. пры Целяханскай гуце; 28 чал. пры станцыі Целяханы; 1328 чал. у сяле Целяханы; 1921 — 895 чал., зь іх 361 беларус; 1935 — 1,1 тыс. чал.; 1951 — 1174 чал.; 1959 — 4052 чал.; 1997 — 4,8 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 — 4,7 тыс. чал.; 2006 — 4,6 тыс. чал.[8] 2008 — 4660 чал.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Целяханах працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, музычная школа, навучальна-вытворчы камбінат, тры дашкольныя ўстановы.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычныя паслугі надаюць лякарня і аптэка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дзьве бібліятэкі, дом культуры з народным тэатрам.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Агінскі канал — помнік гідратэхнікі 18 стагоддзя
  • Могілкі габрэйскія
  • Царква Сьв. Тройцы (1934)
  • Каталіцкія могілкі, дзе пахаваны ўніяцкі святар Баляслаў Пачопка, маці маршала Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскага - Антаніна Аўсяннікава
  • Лысая гара - пагорак на паўночным усходзе мястэчка, дзе згодна легендзе пахаваны мангола-татарскі хан

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Узвышэньня Сьв. Крыжа (1816—1817)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксандр Зайка. Целяханы: старонкі 455-гадовай гісторыі // «Газета для вас» № 724, 13 лістапада 2009. С. 13.
  2. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 372.
  3. ^ Разалiя Александровіч. Татарскi след у назвах зямлi беларускай // «Беларусь у ХХ стагоддзі». Вып. 3. — Мн.: 2004.
  4. ^ Сяргей Лішка. Назвы Івацэвіцкага раёна // «Гістарычная брама» № 2—3 (15—16), 2000.
  5. ^ Асьвячэньне помніка айцу Баляславу Пачопку прайшло ў мястэчку Целяханы на Pbnf.org
  6. ^ Grzegorz Rakowski. Czar Polesia. — Pruszków: Rewasz, 2001.
  7. ^ Telechany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 282.
  8. ^ Телеханы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Целяханысховішча мультымэдыйных матэрыялаў