Чартарыйскія
| Чартарыйскія | |
Герб «Пагоня Літоўская» |
|
| Краіна паходжаньня | Вялікае Княства Літоўскае |
|---|---|
| Тытул | князі |
| Прызнаныя ў | Вялікае Княства Літоўскае |
| Першы з роду | Васіль Чартарыйскі |
Чартарыйскія (Čartaryjskija), Чартарыскія — княскі род гербу «Пагоня». Асаблівае значэньне ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай мелі ў XVIII ст., калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — «фамілію», якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. XVIII ст. спрабавала правесьці рэформы дзяржаўнага і эканамічнага ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расею, а па першым падзеле Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазыцыю.
Прозьвішча атрымалі ў XV ст. ад свайго маёнтку Чартарыйск на рацэ Стыр на Палесьсі (Луцкі павет Валынскага ваяводзтва). Сьпярша вызнавалі праваслаўе, у канцы XVI ст. перайшлі ў каталіцтва[1]. Галоўная рэзыдэнцыя — у месьце Пулавы (Люблінскае ваяводзтва).
Зьмест |
Паходжаньне [рэдагаваць]
Паводле генэалягічнай традыцыі выводзілі свае карані ад князя Канстантына Альгердавіча (?—1390), пры гэтым спасылаліся на пацьверджаньне каралём польскім Уладзіславам III іхнага сваяцтва зь вялікім князем літоўскім Альгердам граматай ад 14 чэрвеня 1442. Аднак гісторыкі XIX ст. выказвалі сумненьні ў імавернасьці гэтай граматы і схіляліся да вэрсіі пра паходжаньне Чартарыйскіх зь зямель сучаснай Беларусі[1].
Пачынальнік роду Чартарыйскіх — уладальнік маёнтку Чартарыйск князь Васіль (? — па 1417), сынамі якога былі Іван (? — каля 1460), Аляксандар (? — пасьля 1477) і Міхал (? — да 1489).
Нашчадкі Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў XVI ст. Ад унукаў Міхала (валынская галіна) паходзяць 2 асноўныя лініі роду: ад Аляксандра Фёдаравіча (?—1571)— чартарыйская лінія (згасла ў 1606), ад Івана Фёдаравіча (?—1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя (?—1662) пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая, клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Заходняй Эўропы), і малодшая, карэцкая (згасла ў 1810).
Княскі тытул Чартарыйскім зацьвердзіў Люблінскі сойм (1569).
На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш.
Найбольш вядомыя прадстаўнікі [рэдагаваць]
- Казімер Чартарыйскі (1674—1741) — падканцлер вялікі літоўскі, кашталян віленскі
- Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі (1696—1775) — канцлер вялікі літоўскі, кашталян віленскі
- Адам Казімер Чартарыйскі (1734—1823) — дзяржаўны дзяяч і літаратар
Галерэя [рэдагаваць]
- Іканаграфія роду Чартарыйскіх
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Анатоль Грыцкевіч. Чартарыйскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 739.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Чартарыйскія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў