Чорны кот (арганізацыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
«Чорны кот»
Гады існаваньня 19441957
Падпарадкаваньне Беларуская Народная Рэспубліка
Тып партызанская армія
Дысьлякацыя уся тэрыторыя БССР і паўночная частка УССР
Дэвіз Жыве Беларусь!
Колеры чырвона-белыя
Вядомыя камандзіры Міхал Вітушка, Аўген Жыхар

«Чо́рны кот» — беларуская антысавецкая арганізацыя, якая існавала з 1944 па 1957 год на тэрыторыі БССР і паўночнай частцы УССР і вяла партызанскую барацьбу супраць Чырвонай арміі за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі і стварэньне на яе тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Спыніла існаваньне ў канцы 1950-х, прыкладная дата 1957 год. Найбольш актыўна вяла барацьбу зь верасьня 1945 па 1948 год[1].

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У час Другога Ўсебеларускага кангрэсу ў Менску немцы прапанавалі дзеячам БЦР і Беларускай краёвай абароны паўдзельнічаць у арганізацыі антысавецкай арганізаванай барацьбы на тэрыторыі БССР, тыя пагадзіліся. Нямецкія спэцслужбы плянавалі арганізаваць і пакінуць у тыле бальшавікоў вялізны дывэрсійны фронт ад Балтыкі да Чорнага мора. Быў распрацаваны тайны плян пад назвай «Любімая котка», пачалася падрыхтоўка людзей і матэрыялаў. Беларускай арганізацыі была дадзена назва «Чорны кот». На яе кіраўніка беларускі нацыянальны актыў прапанаваў маёра Міхала Вітушку. Атрады «Чорнага ката» падзялілі Беларусь на тры часткі «Беларусь-Поўдзень», «Беларусь-Цэнтар» і «Беларусь-Поўнач». Кожная з частак мела свайго кіраўніка. Тыя ў сваю чаргу падначальваліся Галоўнаму штабу «Чорнага ката», што быў зьмешчаны пад Варшавай. Усе гады дзейнасьці арганізацыі ёй кіраваў Міхал Вітушка. Немцы падрыхтавалі каля трох тысячаў чалавек, большая частка якіх летам 1944 году засталася ў Беларусі і чакала загадаў Вітушкі. Некалькі атрадаў прайшлі падрыхтоўку ва Ўсходняй Прусіі і прыбылі пазьней. Усе атрады «Чорнага ката» былі забясьпечаныя радыёсувязьзю, зброяй, яўкамі, мэдыкамэнтамі, грашыма, пячаткамі савецкіх вайсковых ды цывільных установаў. Самі сябры арганізацыі называлі сябе па-рознаму: «Беларуская вызвольная армія», «Беларускае вызвольнае войска», «Беларускі вызвольны фронт», «Вольная Беларусь» ды іншыя. Таксама партызаны ня мелі ўсталяванай формы. Беларускія змагары насілі форму ўсіх ваенных фармацыяў, у якіх яны служылі раней. На форму нашываліся нацыянальныя адзнакі — Бела-чырвона-белы сьцяг ды герб «Пагоня».

Налібоцкая канфэрэнцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 1945 году ў Налібоцкай пушчы адбылася канфэрэнцыя камандзіраў усіх атрадаў «Чорнага ката». У ёй прынялі ўдзел каля 40 чалавек, у тым ліку сам Міхал Вітушка. Канфэрэнцыя разгледзела шмат пытаньняў і прыняла рашэньне пра пачатак узброенай барацьбы. А таксама ўдзельнікі адмовіліся ад маштабных дывэрсіяў, каб не падводзіць пад удар цывільнае беларускае насельніцтва. Было прынята рашэньне будаваць вялікую падпольную сетку і чакаць разьвіцьця міжнародных падзеяў. Таксама разглядалася пытаньне пра супрацу з вызвольнымі рухамі іншых краінаў. Не атрымалася дамовіцца толькі з арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў на чале са Сьцяпанам Бандэрам і створанай ім Украінскай паўстанчай арміяй. УПА выказвала прэтэнзыі на беларускае Палесьсе. Вітушка загадаў не ўступаць у баі з бандэраўцамі першымі, але бараніць беларускія інтарэсы ў выпадку іх нападу. А вось з байцамі ўкраінскага атамана Тараса Бульбы супрацоўніцтва было плённае. З польскімі «Ляснымі братамі» адносіны былі таксама цяжкія, але дамовіцца ўсё ж атрымалася.

Баявыя дзеяньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адразу пасьля канфэрэнцыі пачаліся збройныя акцыі «Чорнага ката». Важным кірункам яго дзейнасьці было вызваленьне палітвязьняў з турмаў МГБ. Падобных апэрацыяў было шмат. Найбольш удалай акцыяй было вызваленьне палітвязьняў Пінскай турмы ў 1946 годзе. МГБ правяло чарговую зачыстку і арыштавала больш за 250 чалавек. Пераважна былых сяброў «СБМ» і проста незадаволеных савецкай уладай людзей. Пасьля допытаў усіх арыштаваных на грузавых машынах павезьлі ў Менск. Па дарозе канвой патрапіў у засаду, арганізаваную байцамі «Чорнага ката» пад кіраўніцтвам невядомага па мянушцы «Сыч». У выніку бою амаль увесь савецкі канвой быў забіты, а арыштаваныя вызваленыя. Летам таго ж году партызаны Вітушкі зрабілі напад на фільтрацыйны лягер пад Магілёвам, дзе ўтрымліваліся 17 юнакоў, якія ў канцы Другой сусьветнай служылі ў дапаможнай службе нямецкага Вэрмахту. У выніку было вызвалена больш за 60 чалавек (усе, хто пажадаў пакінуць лягер).

У канцы 1946 атрад на чале з Антонам Бандыкам вызваліў больш за трыста беларусаў, якіх бальшавікі везьлі дзеля допытаў праз Варшаву зь Нямеччыны. У чэрвені 1949 году атрад з 40 байцоў «Чорнага ката» вызваліў больш за сто чалавек, якіх МГБ арыштавала за супраціўленьне калгасам.

Партызаны «Чорнага ката» неаднаразова захоплівалі беларускія мястэчкі і гарады дзякуючы выдатнаму валоданьню тактыкай вулічных баёў. Напрыклад, у сакавіку 1948 аб’яднаная група аддзелаў арганізацыі «Чорны кот» пры дапамозе некалькіх атрадаў «Бульбаўцаў» (агульная колькасць 200 чалавек) напала на Наваградак, каб вызваліць арыштаванага ўдзельніка арганізацыі. У горадзе знаходзілася база спэцаддзелу МГБ, які займаўся вынішчэньнем антысавецкіх партызанаў (каля 500 байцоў). У баі гарнізон страціў забітымі каля 300 чалавек. Некаторы час партызанамі нават утрымлівалася частка гораду, але потым яны хутка пакінулі Наваградак і адышлі ў лясы. Пасьля «Наваградзкай апэрацыі» МГБ правяла карную акцыю ў Налібоцкай пушчы. Самалёты бамбавалі кожны падазроны раён альбо дым. Аднак адзінага, чаго дамагліся саветы — апэрацыі «Чорнага ката» былі часова спынены ў гэтым рэгіёне.

У верасьні 1948 году МГБ правяло арышты ў Кобрынскім раёне, выяўляючы тых, хто дапамагаў украінскім і беларускім партызанам. У выніку было арыштавана больш за дзьвесце чалавек. З-за таго, што турма была перапоўненая, арыштаваных утрымлівалі ў казармах на ўскрайку Кобрыну. Партызаны «Чорнага ката» напалі на казармы і вызвалілі вязьняў.

Таксама важным накірункам дзейнасьці «Чорнага ката» былі дывэрсіі на чыгунцы. Так, у ліпені 1950 году было зьнішчана некалькі цягнікоў на чыгунцы Менск — Берасьце — Варшава. А ў канцы таго ж месяца выбухнуў чыгуначны мост, пры выбуху загінулі некалькі салдат аховы. Аднаўленчая праца заняла каля тыдня.

У 1945 годзе ў арганізацыю «Чорны кот» увайшоў віцэ-прэзыдэнт БЦР — Мікола Шкялёнак. Адныя крыніцы сьведчаць пра яго сыход на захад, іншыя ў Беларусь. Шкялёнак сапраўды вярнуўся ў Беларусь для ўзмацненьня арганізацыі. Яму была дадзена мянушка «Шкляны», і ён быў прызначаны камандзірам атраду. Атрад «Шклянога» быў накіраваны на Барысаўшчыну, па дарозе атрад трапіў у засаду, арганізаваную МГБшнікамі. Пасьля жорсткага бою з 32-х байцоў атраду Шкялёнка выжылі толькі сем. Сам Шкялёнак быў цяжка паранены і, па некаторых зьвестках, памёр у турэмным шпіталі МГБ у Менску. Пра атрад Шклянога было чуваць і ў 1946 годзе: паводле некаторых зьвестак, ён правёў 8 дывэрсіяў на чыгунцы Баранавічы — Менск, а таксама забіў некалькі дзясяткаў партыйных актывістаў ды міліцыянтаў. Канчаткова аддзел быў ліквідаваны толькі ў студзені 1947 году. У канцы красавіка 1947 году атрад Сыча зьдзейсьніў напад на калёну МГБ на беларуска-ўкраінскай мяжы і захапіў боепрыпасы, некалькі камплектаў летняй вопраткі. Астатняе зьнішчылі.

Сканчэньне дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1948 годзе арганізацыя пачала затухаць. У студзені загінуў камандзір галіны «Беларусь-Поўнач» Пятро Гаевіч. Дзесьці ў сьнежні 1947 году ягоны атрад зрабіў напад на калёну МГБ. Пасьля гэтага супраць атраду былі кінутыя рэгулярныя часткі Савецкай арміі. Партызаны Гаевіча доўгі час вялі бой у аблозе, а пасьля паспрабавалі прарваць кальцо аблогі. У выніку спробы загінула большая частка байцоў, у тым ліку сам Пятро Гаевіч. Толькі чатыром байцам удалося прарвацца і далучыцца да іншых атрадаў «Чорнага ката». У канцы 1948 году загінула кіраўніцтва галіны «Беларусь-Поўдзень». Сувязь Сыча з галоўным штабам абарвалася ў канцы лістапада пасьля нападу на калёну МГБ на ўкраінска-беларускай мяжы. Адысьці ў бясьпечнае месца партызаны не пасьпелі, і на іх сьлед выйшла рота спэцаддзелу МГБ. Партызаны мусілі прыняць няроўны бой, заняўшы абарону ў вясковай хаце. Калі партызаны адмовіліся здацца, чэкісты падпалілі хату, і абаронцы згарэлі жыўцом. Перад гэтым яны ўзьнялі ў паветра бела-чырвона-белы і жоўта-блакітны сьцягі.

У пачатку 1949 году страты «Чорнага ката» былі значнымі. Прычына ў тым, што МГБ зразумела ўсю сур’ёзнасьць праціўніка, і барацьба стала больш сыстэмнай. Да яе падключыліся прафэсіяналы з Масквы. МГБ атрымлівала часткі савецкага войска, каб прачосваць лес у пошуку беларускіх паўстанцаў. А таксама гуртавалі ў псэўдаатрады незадаволеных савецкай уладай людзей, якіх потым арыштоўвалі. Таксама МГБ БССР стварыла вялікую сець інфарматараў. Толькі на першага сакавіка 1949 году іх налічывалася амаль 25 тысячаў[2].

Каб палепшыць становішча «Чорнага ката», увесну 1949 году Міхал Вітушка выдаў загад пра яго рэарганізацыю, у выніку якой партызанскія групы і падпольшчыкі былі вылучаны ў першую асобную галіну. Яе кіраўніком прызначылі Вацлава Харжэўскага. Другая галіна складалася з асабліва каштоўных агентаў выведкі. Яе ачоліў невядомы пад мянушкай «Чачот». Трэцюю, агітацыйна-інфармацыйную, ачоліў сябра галоўнага штабу пад мянушкай «Кастусь». Тым часам шэрагі пад кіраўніцтвам Міхала Вітушкі радзелі: у 1950 годзе сябрамі арганізацыі былі ад 250 да 300 чалавек.

У 1952 годзе Вітушка пачаў выводзіць людзей на захад праз Польшу. Застаўся толькі атрад пад кіраўніцтвам А. Жыхара, які працягваў барацьбу да лістапада 1954. Пасьля таго, як большасць байцоў атраду загінулі ў баях з войскамі МГБ, Жыхар загадаў рэшце сыходзіць на Захад праз Польшу. Сам ён застаўся і загінуў у баі з МГБшнікамі ў студзені 1955 году. Зь яго сьмерцю «Чорны кот» канчаткова спыніў сваю дзейнасьць на тэрыторыі БССР. Але аддзелы, незалежныя ад «Чорнага ката», ваявалі да пачатку 1960-х.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]