Чэслаў Немэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Чэслаў Немэн
Чэслаў Юліюш Выдрыцкі
Popiersie Czesław Niemen ssj 20060914.jpg
Помнік Чэславу Немэну ў Кельцах
Дата нараджэньня 16 лютага 1939
Месца нараджэньня Старыя Васілішкі, Наваградзкае ваяводзтва, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 17 студзеня 2004
Месца сьмерці Варшава, Польшча
Краіна Польшча
Гурты Niebiesko-Czarni, Akwarele, Aerolit

Чэслаў Немэн (сапраўднае імя: Чэслаў Юліюш Выдрыцкі, па-польску: Czesław Niemen, Czesław Juliusz Wydrzycki) — выбітны польскі музыка, кампазытар і сьпявак. Нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў Старых Васілішках на Гарадзеншчыне (цяпер Шчучынскі раён).

Навучаўся ў музыкальнай пэдагагічнай вучэльні ў Горадні, па клясе домбры. Як узгадваў аднакурснiк i сябра Немэна Мiкалай Шышыгiн, Чэслаў быў выключна адукаваным чалавекам, але вельмi сумаваў па сваiх Старых Васiлiшках, адкуль быў родам, i часта зьяжджаў туды, прапускаючы заняткi. Пасьля году навучаньня Немэн быў выключаны з вучэльнi[1].

У 1958 годзе сям’я Выдрыцкіх пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён ужо пачаў выступаць на польскай эстрадзе, а ў 1962 стаў удзельнікам ансамбля Niebiesko-Czarni, дзе быў ня толькі вакалістам, але і складаў песьні. Група карысталася посьпехам як у Польшчы, так і за яе межамі і нават выступала ў парыскай «Алімпіі». Менавіта ў гэты пэрыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псэўданім Немэн (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).

Першае прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію яго песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». У 1966 годзе Чэслаў пачаў складаць матэрыял у духу соўл, а для радыёпраграм запісаў некалькі расейскіх народных песень.

Калі Немэн другі раз патрапіў у Парыж, яму давялося выступаць разам з такімі знакамітасьцямі як Spencer Davis Group, Kinks і Pretty Things. З-за мяжы Чэслаў вярнуўся з ідэямі хіпі. Ён адпусьціў доўгія валасы, цалкам зьмяніў імідж, а яго новыя музычныя прыхільнасьці знаходзіліся пад моцным уплывам чорнага соўлу.

У пачатку 1967 году Немэн сышоў з Niebiesko-Czarni і распачаў уласную кар’еру, сабраўшы гурт Akwarele. Улетку таго ж году Чэслаў выступіў на фэсьце ў Сопаце, дзе зрабіў сэнсацыю песьняй «Dziwny jest ten świat» («Дзіўны гэты сьвет»). Песьня прынесла сьпеваку першую прэмію. З «Акварэлямі» Немэн запісаў тры альбомы (зь іх найболей удалыя першыя два), правёў сэрыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фэстаў.

У 1969 годзе Чэслаў у цалкам новым асяродзьдзі стварыў альбом Niemen Enigmatic, дзе выкарыстаў вершы вядомага польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. У пачатку 1970-х у творчасьці музыкі ў адрозьненьне ад раньніх соўл-арыентаваных прац пачалі пераважаць прагрэсіўныя павевы. Зьмена стылю запатрабавала і зьмены суправаджалага складу, і цяпер каманда артыста, якая складалася з будучых чальцоў SBB, звалася проста Niemen. Новы калектыў шмат гастраляваў у сябе на радзіме, выяжджаў у Нямеччыну, Чэхаславакію, Фінляндыю і Вугоршчыну, а таксама стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхэне.

У гэты пэрыяд Чэслаў запісаў для фірмы «CBS» некалькі англамоўных плясьцінак. У 1974 годзе Немэн сабраў чарговы праект, Aerolit, зь якім выпусьціў джаз-рокавы альбом. Новая каманда распалася вельмі хутка, і наступную кружэлку музыка запісваў практычна ў адзіночку. Калі гучаньне Katharsis было чыста электронным, то праца 1978 Idee Fixe зьяўлялася разнаплянавай. Тут можна было пачуць і фальклёрныя стылізацыі, і электронны авангард і фанк і шматузроўневыя імправізацыі. Да канца 1970-х гастрольная дзейнасьць артыста моцна скарацілася. Кружэлка Postscriptum, выпушчаная супраць волі музыкі, як бы падводзіла рысу вялікага этапу яго творчага шляху.

У 1980-х Немэн экспэрымэнтаваў з электроннымі гукамі, а потым захапіўся кампутарнай графікай. Перад тым як зьнікнуць з поля зроку на доўгі час Немэн выступіў на канцэрце «Old Rock Meeting», прысьвечаным 25-годзьдзю польскага року, і ў 1989 годзе выпусьціў альбом Terra Deflorata.

Магіла Немэна на Павонзках

17 студзеня 2004 году Чэслаў Немэн сканаў ад рака. Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. У апошнюю дарогу артыста праводзілі найбліжэйшыя родныя, сябры, прадстаўнікі ўладаў і фаны. Урну з парэшткамі Немана пахавалі ў катакомбах. Калі пачыналася пахаваньне, з ініцыятывы Радыётройкі на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песьня з рэпэртуару Чэслава Немэна «Dziwny jest ten świat».

[рэдагаваць] Дыскаграфія

[рэдагаваць] Крыніцы

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў
Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах