Шарль дэ Голь
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Шарль дэ Голь (па-француску: Charles de Gaulle) (1890 – 1970) — францускі вайсковы і грамадзка-палітычны дзеяч. Поўнае імя — Шарль Андрэ́ Жазэ́ф Мары́ дэ Голь (па-француску: Charles André Joseph Marie de Gaulle). Пад час Другой Сусьветнай вайны — сымбаль францускага супраціву. Першы прэзыдэнт цяперашняй Пятай Рэспублікі (1959 – 1969).
Нарадзіўся 22 лістапада 1890 у Лілі. У 1912 скончыў вайсковую акадэмію Сэн-Сір. У гады Першай Сусьветнай вайны быў тройчы паранены і трапіў у палон пад Вэрдэнам у 1916. З 1919 да 1921 дэ Голь знаходзіцца ў Польшчы, дзе выкладае ў былой вучэльні імпэратарскай гвардыі ў Рэмбэртаве ля Варшавы, а ў ліпені-жніўні 1920 нядоўга ваюе на фронце савецка-польскай вайны 1919 – 1921 у чыне маёра. Мяркуецца, што ў гэты час ён мог быць у Беларусі. Адхіліўшы прапанову пастаяннай пасады ў Войску польскім, вяртаецца на радзіму.
У пэрыяд паміж двума сусьветнымі войнамі дэ Голь выкладаў ваенную гісторыю ў вучэльні Сэн-Сір, служыў памочнікам маршала Пэтэна, напісаў колькі кніжак па пытаньнях ваеннай стратэгіі і тактыкі. У адной з іх, «За прафэсійнае войска» (1934), настойваў на мэханізаваньні сухаземных войскаў і выкарыстаньні танкаў ва ўзаемадзеяньні з авіяцыяй і пяхотай.
Зьмест |
[рэдагаваць] Лідэр францускага супраціву ў гады Другой Сусьветнай вайны
У красавіку 1940 дэ Голь атрымаў званьне брыгаднага генэрала. 6 чэрвеня быў прызначаны намесьнікам міністра нацыянальнай абароны. 16 чэрвеня 1940, калі маршал Пэтэн вёў перамовы аб капітуляцыі, дэ Голь паляцеў у Лёндан, адкуль 18 чэрвеня па радыё зьвярнуўся з заклікам да суайчыньнікаў працягваць змаганьне з захопнікамі. Заснаваў у Лёндане рух «Вольная Францыя». Пасьля высадкі ангельска-амэрыканскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы ў чэрвені 1943 у м. Альжыр быў створаны Францускі камітэт нацыянальнага вызваленьня (ФКНВ). Дэ Голь быў спачатку прызначаны яго сустаршынёй (разам з генэралам Анры Жыро), а пасьля аднаасобным старшынёй. У чэрвені 1944 ФКНВ быў пераназваны ў Часавы ўрад Францускай рэспублікі.
[рэдагаваць] Палітычная дзейнасьць пасьля вайны
Пасьля вызваленьня Францыі ў жніўні 1944 дэ Голь у якасьці кіраўніка часовага ўраду з трыюмфам вярнуўся ў Парыж. Аднак галісцкі прынцып моцнай выканаўчай улады ў канцы 1945 быў адхілены выбарцамі, якія ўхвалілі канстытуцыю, шмат у чым падобную да канстытуцыі Трэцяй рэспублікі. У студзені 1946 дэ Голь сышоў у адстаўку.
У 1947 дэ Голь заснаваў новую партыю – Аб'яднаньне францускага народу (РПФ), галоўнай задачай якой стала скасаваньне Канстытуцыі 1946, якая абвясьціла Чацьвертую рэспубліку. Аднак РПФ не атрымалася дасягнуць жаданага выніку, і ў 1955 партыя была распушчаная.
У мэтах захаваньня прэстыжу Францыі і ўмацаваньня яе нацыянальнай бясьпекі дэ Голь падтрымаў Эўрапейскую праграму рэканструкцыі і Арганізацыю Паўночнаатлянтычнай дамовы. Падчас каардынацыі ўзброеных сіл Заходняй Эўропы ў канцы 1948 дзякуючы ўплыву дэ Голя французам было перададзенае камандаваньне сухаземнымі войскамі і флётам. Як і многія французы, дэ Голь працягваў ставіцца з падазрэньнем да «моцнай Нямеччыны» і ў 1949 выступіў супраць Бонскай канстытуцыі, якая паклала канец заходняй вайсковай акупацыі, але не адпавядала плянам Шумана і Плевэна (1951).
У 1953 дэ Голь адышоў ад палітычнай дзейнасьці, пасяліўся ў сваім маёнтку ў Каломбэ-ле-дэз-Эліз і заняўся напісаньнем сваіх «Ваенных мэмуараў».
У 1958 зацяжная каляніяльная вайна ў Альжыры спрычынілася да вострага палітычнага крызысу. 13 траўня 1958 у альжырскай сталіцы ультракаляніялісты і прадстаўнікі францускага войска ўзьнялі мяцеж. Неўзабаве да іх далучыліся прыхільнікі генэрала дэ Голя. Усе яны выступалі за ўтрыманьне Альжыра ў складзе Францыі. Сам генэрал пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў умела скарыстаўся гэтым і дамогся згоды Нацыянальнага сходу на стварэньне свайго ўрада на прадыктаваных ім умовах.
[рэдагаваць] Пятая рэспубліка.
Першыя гады пасьля вяртаньня да ўлады дэ Голь займаўся ўмацаваньнем Пятай рэспублікі, фінансавай рэформай, пошукамі разьвязаньня альжырскага пытаньня. 28 верасьня 1958 на рэфэрэндуме была прынятая новая канстытуцыя краіны.
21 сьнежня 1958 дэ Голь быў абраны прэзыдэнтам рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам узрос уплыў Францыі на міжнароднай арэне. Аднак у каляніяльнай палітыцы дэ Голь сутыкнуўся з праблемамі. Пачаўшы ўрэгулёўваць альжырскую праблему, дэ Голь цьвёрда праводзіў курс на самавызначэньне Альжыра. У адказ на гэта выбухнулі мяцяжы францускага войска і ўльтракаляніялістаў у 1960 і 1961, тэрарыстычная дзейнасьць Узброенай сакрэтнай арганізацыі (ОАС), замах на дэ Голя. Тым ня менш пасьля падпісаньня Эвіянскіх дамоваў Альжыр атрымаў незалежнасьць.
У верасьні 1962 дэ Голь прапанаваў папраўку да канстытуцыі, паводле якой выбары прэзыдэнта рэспублікі павінны праводзіцца праз усеагульнае галасаваньне. Сутыкнуўшыся з супрацівам Нацыянальнага сходу, вырашыў зьвярнуцца да рэферэндума. На кастрычніцкім рэфэрэндуме папраўка была ўхваленая большасьцю галасоў. Лістападаўскія выбары прынесьлі перамогу галісцкай партыі.
У 1963 дэ Голь наклаў вэта на ўступленьне ў «Агульны рынак» Вялікабрытаніі, блякаваў спробу ЗША паставіць у краінах НАТО ядзерныя ракеты, адмовіўся падпісаць дамову аб частковай забароне выпрабаваньняў ядзернай зброі. Яго вонкавая палітыка спрыяла прымірэньню і збліжэньню Францыі і Заходняй Нямеччыны. У 1963 дэ Голь наведаў Блізкі Ўсход і Балканы, а ў 1964 – Лацінскую Амэрыку.
21 сьнежня 1965 дэ Голь быў пераабраны на пост прэзыдэнта на наступны 7-гадовы тэрмін. Доўгае супрацьстаяньне ў рамках НАТО дасягнула кульмінацыі ў пачатку 1966, калі францускі прэзыдэнт вывеў сваю краіну з складу ваеннай структуры блёку. Тым ня менш Францыя засталася чальцом Атлянтычнага зьвязу.
Выбары ў Нацыянальны збор у сакавіку 1967 прынесьлі галісцкай партыі і яе хаўрусьнікам невялікую большасьць, а ў траўні 1968 пачаліся студэнцкія хваляваньні і агульнанацыянальны страйк. Прэзыдэнт ізноў распусьціў Нацыянальны збор і прызначыў новыя выбары, перамогу на якіх атрымалі галісты. 28 красавіка 1969, пасьля паразы на рэфэрэндуме 27 красавіка па пытаньні аб рэарганізацыі сэнату, дэ Голь сышоў у адстаўку.
Памёр дэ Голь у Каломбэ-ле-дэз-Эліз 9 лістапада 1970.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Шарль дэ Голь — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

