Шыман Старавольскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Шымон Старавольскі»)
Ксёндз Шыман Старавольскі паказвае Карлу Х Густаву вавельскую катэдру. Выява Яна Матэйкі.

Шыман Старавольскі (па-польску: Szymon Starowolski; 1588, вёска Стараволя каля Пружанаў — 4 красавіка 1656) — настаўнік і выхаваўца ў магнацкіх дамах Рэчы Паспалітай, польскі гісторык і палітоляг літоўскага паходжаньня, каталіцкі сьвятар. Аўтар амаль 70 гістарычных і паліталягічных працаў, напісаных збольшага на лаціне.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў пятым сынам безгербовага баярына Базыля Адамовіча (пам. 1615 г.) і Сафіі зь літоўскага шляхецкага роду Заранкоў (пам. 1601 г.). Пра бацьку польскі гісторык Вэспазян Кахоўскі (Wespazian Kochowski) пісаў, што «ганарыўся вядомай радзінай, лепей чым гербам шляхетным». Польскія гісторыкі дасюль ня маюць згоды, якога гербу быў Шыман Старавольскі. Ці то Лялівы (гэтак падаваў сябе ён сам), ці то Ладзьдзі, але большасьць мяркуе, што паходзілі зь безгербовага баярства. Доўгі час нават месца нараджэньня Шымана выклікала спрэчкі — то прыпісвалі, што ён з-пад Кракава, то пісалі, што ён з Валыні.

Усе чатыры старэйшыя Шыманавы браты падаліся на вайсковую службу і, верагодна, усе загінулі ў бітвах. Старэйшы брат Самуэль ўдзельнічаў за часоў караля Жыгімонта Аўгуста ў вайне ў Інфлянтах і з Масковіяй, Ян у шэрагах лісоўшчыкаў удзельнічаў у Трыццацігадовай вайне (1618—1648), Аляксандар змагаўся на вайне з швэдзкім каралём Густавам Адольфам, а Геранім нёс службу на паўднёва-ўсходняй мяжы Рэчы Паспалітай. Адна зь дзьвюх сясьцёр Шымана Старавольскага выйшла замуж за Бухавецкага, другая — за Верашчаку.

Дзе Шыман атрыман першапачатковую навуку — невядома. Не пазьней за 1605 год ён апынуўся ў Замосьці пры двары канцлера Яна Замойскага, дзе пазнаёміўся з польскім лацінамоўным паэтам і гуманістам Шыманам Шымановічам, стваральнікам Замойскай акадэміі.

Шыман Старавольскі працаваў прыдворным ў канцлера і вялікага кароннага гетмана Яна Замойскага (Jana Zamoyskiego). У 1612—1618 гадах вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, дзе атрымаў тытул бакаляўра філязофіі. У 1620—1621 сакратар у вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча і быў разам зь ім пад Хоцінам. Пасьля працаваў ў розных магнатаў, некалькі разоў выяжджаў за мяжу як прэцэптар (preceptor) маладых магнатаў. З князямі Янушам і Канстанцінам Астроскімі адведаў Нямеччыну, Нідэрлянды, Францыю і Італію. Падарожнічаў таксама з Стэфанам Патоцкім і Аляксандрам Канецпольскім (Konecpolski), сынам вядомага гетмана. У другой палове XVII стагодзьдзя зьвязаўся зь біскупам Якубам Задзікам, і на яго прапанову прыняў у 1639 годзе сьвятарства. Дзякуючы падтрымцы гэтага біскупа атрымаў пасаду тарноўскага кантара пры капітуле. Напачатку 1655 стаўся кракаўскім канонікам.

У верасьні 1655 году Старавольскі адзіны з 36 чальцоў кракаўскай капітулы застаўся ў Кракаве напярэдадні асады яе швэдамі. Да таго, у ліпені Сымон выконваў абавязкі скарбніка катэдры. 17 верасьня ён прызначаны кіраўніком катэдры і яе скарбнікам, а 25 верасьня Кракаў атачыла швэдзкае войска.

Кароль швэдзкі і пратэстант Карл Х Густаў па здабыцьці Кракава 19 кастрычніка папрасіў Старавольскага паказаць яму катэдру і саркафагі польскіх каралёў. Існуе паданьне пра той экскурс: каля надмагільля караля Ўладыслава Лакеткі Старавольскі мовіў, што гэта кароль, які тройчы кідаў трон і тройчы на яго вяртаўся. Карл Х Густаў засьмяяўся: «Ваш Ян Казімір, раз скінуты з трону, ужо на яго ня вернецца». На што канонік, узьняўшы галаву і рукі ўгору, мовіў: «Deus mirabilis, fortuna variabilis» — Бог цудоўны, шчасьце зьменліва — лац. Гэтую гутарку апісаў праз 30 гадоў польскі гісторык Вэспазян Кахоўскі. (Annalium Poloniae ab obitu Vladislai IV, climacter II — Летапіс польскі ад сьмерці Ўладзіслава IV, частка ІІ, Кракаў 1688).

Аднак пры жыцьці сам Старавольскі пра гэта ніколі ня згадваў. Але скардзіўся, што швэд запатрабаваў 100 тысячаў талераў кантрыбуцыі з кракаўскай катэдры. Пасьля гэта сума была раскладзена на ўсе касьцёлы ў горадзе. Неўзабаве — 30 кастрычніка — швэдамі былі абрабаваныя кракаўскія кляштары, а Марыяцкі касьцёл ацалеў толькі дзякуючы некалькітысячнаму хабару, што далі захопнікам. Па словах Старавольскага, Кракаўская катэдра восем разоў трапляла пад рэквізыцыю. Зрэшты, з каралеўскага замку Вавэль швэды вывозілі каштоўнасьці і мастацкія творы на вазах. Трывала гэта да капітуляцыі швэдзкай залогі 30 жніўня 1657 году.

Шыман Старавольскі не дажыў да вызваленьня Кракава і памёр 4 красавіка 1656 году.

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старавольскі быў вельмі пладавітым пісьменьнікам, пакінуў пасьля сябе больш за 70 твораў, у асноўным на лаціне.

  • Polska albo opisanie Królestwa Polskiego — przewodnik po kraju
  • 1625 Scriptorum polonicorum hekatontas sue centrum illustrum Poloniqe scriptorium elogia et ritae — перакладзена на польскую як Setnik pisarzy polskich
  • біяграфіі Уладыслава з Саматул i Марціна Леапаліты (Франкфурт 1625)
  • 1616 — De rebus Sigismundi Primi (біяграфія Жыгімонта Старога)
  • 1620 — Penu historicum
  • 1623 — O stacyjej żołnierz z teologiem
  • 1623 — Prywat Polską kieruje
  • 1623 — Polonia
  • 1624 — Rozmowa żołnierza z plebanem o stacyjej
  • 1625 — Votum o naprawie Rzeczypospolitej
  • 1628 — De claris oratoribus Sarmatiae
  • 1631 — Declamatio contra obtrectatores Poloniae
  • 1631 — Sarmatiae Bellatores
  • 1646 — Dwór cesarza tureckiego i rezydencja jego w Konstantynopolu
  • 1648 — Arka Testamentu zamykająca w sobie kazania…
  • 1648 — Prawy rycerz
  • 1650 — Reformacja obyczajów polskich
  • 1655 — Monumenta Sarmatarum (лічбавая копія)
  • 1655 — Lament utrapionej Matki Korony Polskiej

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вэспазян Кахоўскі (Wespazian Kochowski), Annalium Poloniae ab obitu Vladislai IV, climacter II — Летапіс польскі ад сьмерці Ўладзіслава IV, частка ІІ, Кракаў 1688
  • Szwedzi w Krakowie, Дарыюш Мілеўскі, Mówią wieki, чэрвень 2007.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]