Эвангельле паводле Марка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кніга Новага Запавету

Эвангельле паводле Марка


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Эва́нгельле паво́дле Ма́рка (па-грэцку: Κατά Μαρκον Ευαγγέλιον, τὸ εὐαγγέλιον κατὰ Μᾶρκον) — другая кніга Новага Запавету. Другое з чатырох кананічных і адно з трох сынаптычных Дабравесьцяў. Разьмяшчаецца пасьля Эвангельля паводле Мацьвея перад Эвангельлем паводле Лукі. Найкарацейшае з усіх Эвангельляў.

Аўтарства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апостал Марк

Нягледзячы на тое, што нідзе ў Эвангельлі імя аўтара ня згадваецца, згодна з паданьнямі лічыцца, што аўтарам Эвангельля зьяўляецца Марк, вучань і найбліжэйшы паплечнік Сымона Пятра, апостал зь сямідзесяці. У Першым пасланьні Пётар называе яго сваім сынам, згадваючы на тое, што ўласнаручна яго навярнуў. Марк згаданы таксама ў кнізе Дзеяў Апосталаў і ў некаторых лістах Паўла. Аднак такі погляд не бясспрэчны, бо на той час імя Марк было адным з самых распаўсюджаных у Рымскай імпэрыі, таму аўтарам мог быць нейкі невядомы рымскі хрысьціянін.

Існуе таксама погляд, што кніга была напісана кімсьці з другога ці нават трэцяга роду хрысьціянаў, і што аўтар ня бачыў на ўласныя вочы Хрыста і ня быў сьведкам эвангельскіх падзеяў, але прыхільнікаў такога погляду няшмат.

Час і месца напісаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Амаль усе дасьледнікі сыходзяцца ў думках, што Эвангельле Марка самае старое, і яно хутчэй за ўсё сталася падмуркам для напісаньня астатніх дзьвюх сынаптычных Эвангельляў. Згодна з аднымі паданьнямі, Эвангельле было запісана Маркам у Рыме пры жыцьці Пятра са словаў апошняга, згодна зь іншымі меркаваньнямі, твор быў запісаны адразу па сьмерці апостала (64) недзе ў 65—70.

Так ці інакш, кніга была прызначана для хрысьціянаў, якія не былі жыдамі і ня ведалі арамейскай мовы. Гэтым можа тлумачыцца той факт, што Марк, прыводзячы арамейскія словы Хрыста, заўсёды перакладае іх, а потым і растлумачвае сваім чытачам незразумелыя для іх жыдоўскія звычаі. Цытуючы Стары Запавет, Марк карыстаецца перакладам з Сэптуагінты.

Асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак Эвангельля Марка ў грэцкім мінускуле XI ст.

Эвангельле паводле Марка самае кароткае. Але нягледзячы на гэта, у ім больш жывых абставін і цікавых падрабязнасьцяў. Тым ня менш, доўгі час Эвангельле Марка было значна меней папулярным, чым, напрыклад, Эвангельле паводле Мацьвея, а некаторыя лічылі яго нават скарочанай вэрсіяй апошняга. Магчыма, так сталася праз тое, што Эвангельле паводле Марка амаль цалкам увайшло ў склад Эвангельля Мацьвея. Акрамя таго, у Эвангельлі Марка адсутнічае павучальны матэрыял, а стыль Эвангельля больш просты, гутарковы, у ім няма той вытанчанасьці й аздабленьня, як у Мацьвея.

Адрозьнівае сынаптычныя Эвангельлі і зьмест твораў. Марк нічога не апавядае пра нараджэньне Ісуса, адразу распавядаючы пра хрышчэньне ў Яна Хрысьціцеля на рацэ Ярдан. У цэнтры Эвангельля паводле Марка стаяць дзеяньні як Хрыста, так і адказная рэакцыя Ягоных слухачоў. Аўтар нават часьцей піша пра рэакцыю слухачоў на словы Хрыста, чым пра самі словы Ісуса. Сам аповед вядзецца імкліва. Ісус ня проста нейкі вандроўны настаўнік, але Ён сапраўдны Змагар, што вядзе барацьбу зь сіламі зла. Таму Марк часьцей апавядае пра выгнаньне бесаў, чым астатнія эвангелісты.

Значная ўвага нададзеная тэме пакут і ўкрыжаваньня Хрыста, гэтай тэме прысьвечаная траціна кнігі (разьдзелы з 11 да 16). Дасьледнікі тлумачаць гэта часам, у які пісалася Эвангельле. То быў час найбольш жорсткіх ганеньняў кесара Нэрона, і словы Эвангельля мелі падтрымаць чытачоў у адданасьці новай рэлігіі нават перад тварам пакут і лютай сьмерці. Сьмерць Хрыста была выкупленчай Ахвярай за правіны ўсіх людзей; Хрыстос, сапраўдны Мэсія, быў Сынам Бога раней за ўкрыжаваньне. Многія біблеісты называюць Эвангельле паводле Марка Эвангельлем Крыжа.

Толькі ў гэтым Дабравесьці сустракаецца эпізод пра невядомага юнака, які ў тую ноч, як жаўнеры схапілі Хрыста, выбег на вуліцу ў адным покрыве, і калі жаўнеры паспрабавалі яго схапіць, дык той дзяцюк вырваўся, пакінуўшы коўдру ў руках жаўнера, і ўцёк зусім голы (Мк. 14:51—52). Паводле паданьня, гэтым юнаком і быў сам эвангеліст Ян Марк.

У тэксьце Эвангельля вучні часта не разумеюць Ісуса, за што Збаўца сьвету вымушаны папракаць іх. Эвангеліст паказвае ўсю гаму пачуцьцяў Ісуса: Ён і сумуе, і абураецца, папракае як вучняў дык і людзей у натоўпе; Яго перапаўняе жах і журбота напярэдадні ўкрыжаваньня. Хрыстос, ведаючы, што людзі няслушна зразумеюць сэнс Ягонай місіі, забараняе вучням казаць пра Яго як пра Мэсію; і толькі ў канцы твора на допыце сьвятароў Ён адкрыта заяўляе, што ёсьць Памазаньнік, сапраўдны Мэсія, што стала прычынай вынесенага Яму сьмяротнага прысуду.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эвангельле складаецца з 16 разьдзелаў і структурна можа быць падзелена на дзьве часткі. У першай апавядаецца пра служэньне Хрыста ў Галілеі да спавяданьня Пятром у Кесарыі Філіпавай, у другой — шлях Хрыста насустрач пакутам. Пакуль вучні не адказалі сабе на пытаньне: «Хто Ён такі?», Ісус не навучаў іх асобна ад натоўпу. Калі ж Пётр рашуча заявіў як ад уласнага імя, так і ад імёнаў астатніх вучняў пра Хрыста як пра Мэсію, Ісус пачаў казаць пра ўласную сьмерць на крыжы ў Ерусаліме, такім чынам рыхтуючы вучняў да дзейнасьці пасьля Ягонай сьмерці, калі Яго ўжо ня будзе зь імі.

Эвангельле пачынаецца з кароткай прыпавесьці, якай распавядае пра падрыхтоўчы этап служэньня, і сканчаецца эпілёгам, у якім гаворыцца пра ўваскрасеньне Ісуса і Ягонае зьяўленьне вучням. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што арыгінальны тэкст Эвангельля Марка сканчаецца тэкстам 16:8, а далейшы эпілёг быў напісаны іншым чалавекам; таму што ў далейшым тэксьце як стыль, так і мова апавяданьня адрозьніваюцца ад асноўнага тэксту, а таксама ўрывак 16:9-20 адсутнічае ў Сынайскім і Ватыканскім рукапісах.

Кароткі плян Эвангельля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Уводзіны. Пачатак Радаснай весткі (1:1-13)
  • Служэньне Ісуса ў Галілеі (1:14-9:50)
  • Шлях у Ерусалім (10:1-52)
  • Служэньне ў Ерусаліме (11:1-13:37)
  • Пакуты і сьмерць Ісуса (14:1-15:47)
  • Уваскрасеньне Ісуса (16:1-8)
  • Кароткае пасьляслоўе (16:9-10)
  • Доўгае пасьляслоўе (16:9-20)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Н. Т. Райт. Марк. Евангелие. Популярный комментарий. — ББИ, 2008. — 230 с. — ISBN 5-89647-189-0
  • Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. — 2006. — ISBN 978-5-9989-18087

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эвангельле паводле Маркасховішча мультымэдыйных матэрыялаў