Эксэльсіёр Ратэрдам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эксэльсіёр
Поўная назва Stichting Betaald Voetbal Excelsior
Заснаваны 23 ліпеня 1902
Горад Ратэрдам, Нідэрлянды
Стадыён Ваўдэстэйн
Умяшчальнасьць: 4500
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Эрэдывізія
 · 2022—2023 15 месца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
sbvexcelsior.nl (нід.)

«Эксэльсіёр» (па-нідэрляндзку: Excelsior) — нідэрляндзкі футбольны клюб з гораду Ратэрдаму. Заснаваны ў 1902 годзе. Хатні стадыён «Эксэльсіёру» вядомы як Ваўдэстэйн мае ўмяшчальнасьць каля 4500 гледачоў[2], што робіць яго адным з самых меленькіх сярод стадыёнаў клюбаў прафэсійнага футболу ў Нідэрляндах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Эксэльсіёр» на матчы сэзону 1963—1964 гадоў.

«Эксэльсіёр» быў афіцыйна створаны 23 ліпеня 1902 году. Фундатарамі клюбу былі блізкія сябры з ратэрдамскага раёну Кралінген. Пасьля фактычнага стварэньня клюбу муніцыпалітэт афіцыйна даў дазвол на выкарыстаньне зямлі ў якасьці гульнявой пляцоўкі[3]. Паколькі футбол на пачатку XX стагодзьдзі яшчэ быў элітарным відам спорту, «Эксэльсіёр» стаў адным зь першых клюбаў, сфармаваным рабочым клясам ў Нідэрляндах[4]. Першым гучным посьпехам клюбу было прасоўваньне ў фінал Кубка Нідэрляндаў у сэзоне 1929—1930 гадоў, але там яны саступілі землякам з «Фэеноорду». Толькі ў сэзоне 1945—1946 гадоў ратэрдамцы дасягнуліся да найвышэйшай лігі, але адразу не далі рады, вярнуўшыся ў ніжэйшыя лігі. У сярэдзіне 1950-х гадоў да таго як футбол у краіне стаў прафэсійным, «Эксэльсіёр» стаў адным зь вядучых клюбаў. Менавіта кіраўніцтва ратэрдаскага клюбу спрычынілася да ўладкаваньня прафэсійнага статусу футболу. Старшыня «Эксэльсіёру» Гэнк Зон поруч з старшынямі «Фэеноорду», «Спарты» і АДО здолелі пераканаць Каралеўскі нідэрляндзкі футбольны зьвяз у неабходнасьці пераходу на прафэсійныя рэйкі.

З прычыны таго, што «Эксэльсіёр» ёсьць адным з самых невялікіх прафэсійных клюбаў у Нідэрляндах, ён заўсёды мусіць шукаць інавацыйныя і творчыя падыходы, каб выжыць. У 1958 годзе ратэрдамскі клюб стаў першым нідэрляндзкім клюбам, чые трыбуны былі накрытыя дахам. Пазьней у 1974 годзе «Эксэльсіёр» таксама быў першым нідэрляндзкім клюбам, які разьмесьціў рэкляму на сваіх кашулях. У абыход да існых правілаў клюб наклаў вялікую літару «А» на кашулю. Як меркавалася гэта было спасылкай на тое, што ў такіх кашулях гуляе першая каманда, але насамрэч гэта была схаваная рэкляма кампаніі Akai. Фэдэрацыя пастанавіла ўвесьці забарону на гэтыя кашулі, таму клюб быў вымушаны пачакаць да 1982 году, калі рэкляма была дазволеная. Кампанія Akai упрыгожвала клюбныя кашулі ажно да сэзону 1999–2000 гадоў[4].

У 2002 годзе, у год, калі клюбу афіцыйна сьвяткаваў стогодзьдзе, «Эксэльсіёр» вярнуўся ў Эрэдывізію. Клюбу выпала чакаць больш за 20 гадоў да гэтае падзеі, але затрымацца ў элітным дывізіёне не атрымалася. У гэты час з 1997 па 2005 гады «Эксэльсіёр» меў партнэрства з «Фэеноордам», які часта выпазычаў суседзям гульцоў. У сэзоне 2005—2006 гадоў ратэрдамцы зноў прасунуліся ў Эрэдывізію, але ня вытрымаў канкурэнцыі, апусьціўшыся ў Ээрстэ дывізію праз два гады.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]