Экімань

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Экімань
лац. Ekimań
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Полацкі
Сельсавет: Экіманскі
Насельніцтва: 296 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 214
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°29′4.99″ пн. ш. 28°43′52.00″ у. д. / 55.4847194° пн. ш. 28.7311111° у. д. / 55.4847194; 28.7311111Каардынаты: 55°29′4.99″ пн. ш. 28°43′52.00″ у. д. / 55.4847194° пн. ш. 28.7311111° у. д. / 55.4847194; 28.7311111
Экімань на мапе Беларусі ±
Экімань
Экімань
Экімань
Экімань
Экімань
Экімань
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Экіма́нь (сучасная назва — Экіма́нь 1[1]) — вёска ў Беларусі, на левым беразе Дзьвіны. Цэнтар сельсавету Полацкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 296 чалавек. Знаходзіцца за 3 км на захад ад места і чыгуначнай станцыі Полацку; на аўтамабільнай дарозе Полацак — Наваполацак.

Экімань — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, насупраць прадмесьця Запалоцьця.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Агі і Ман

Экіман або Экман (Eckeman, Eckmann) — імя германскага паходжаньня[2]. Германскае прозьвішча Экаман адзначалася ў Беластоку: Honestis Joanne Ekaman (1736 год)[3].

Паводле народнага паданьня, сваю пазву паселішча атрымала ад старажытнай царквы Сьвятых Яўхіма і Ганны. Тым часам на 1906 год у Лепельскім павеце Віцебскай губэрні існавала вёска Ікімань[4], дзе ніякай царквы не было.

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: до Екиманы (12 лістапада 1535 году)[5]; земли Екиманской… на передместьи Полоцком, у Якиманны (1552 год)[6]; Jakimanę[7], Iakimanie[8] (1699 год).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраз «Ушэсьце Ісуса Хрыста» з Экімані

Упершыню Экімань упамінаецца ў XVI ст. у Полацкай рэвізіі:

« На земли Екиманской мещан сто сорок девят, с которых на тую церков позма прыходит четыры копы петдесят един грошей… »

Паводле зьвестак з «Рэвізіі» 1552 году, у Экіманскім пасадзе Полацку было 269 мяшчанскіх двароў. Зь пяці мескіх пасадаў ён быў другім колькасьцю двароў пасьля Вялікага (уласна Полацку). Гэтыя землі знаходзіліся ў валоданьні манастыра Яна Прадцечы, разьмешчанага на тэрыторыі пасаду Востраў.

Экімань з боку Дзьвіны. Д. Струкаў, 1864—1867 гг.

У 1582 годзе на загад караля і вялікага князя Стэфана Баторыя Экімань перайшла да Полацкага езуіцкага калегіюму. У 1600 годзе езуіты заснавалі тут парафіяльную школу.

Экімань неаднаразова цярпела ад маскоўскіх захопнікаў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) насельніцтва мястэчка зьменшылася на 90%.

У 2-й палове XVIII ст. Экімань знаходзілася ў валоданьні езуітаў, тут існаваў драўляны касьцёл без плябаніі, царква і заезны дом з памяшканьнямі і цагляным сутарэньнем і сьвірнамі. У 1728 годзе езуіты збудавалі цагельню. Па ліквідацыі ордэну (1773 год) мястэчка перайшло да Баляслава Бісьпінга, маршалка старадубскага.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Экімань апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Полацкім павеце[9] Віцебскай губэрні. У 1848 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Беліковічаў, пазьней Мальчэўскіх, і лічылася адным з цэнтраў ганчарства. У гэты час тут дзейнічала паромная пераправа, існавалі млын, бровар, школа пры царкве.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Экімань занялі войскі Нямецкай імпэрыі[10].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Экімань абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Экімань вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

На 2003 год у Экімані было 245 двароў.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 290 чал. (148 муж. і 142 жан.), зь іх шляхты 3 муж. і 3 жан., духоўнага стану каталіцкага 1 муж., духоўнага стану праваслаўнага 3 муж. і 1 жан., мяшчанаў-хрысьціянаў 9 муж. і 10 жан., мяшчанаў-юдэяў 28 муж. і 25 жан., сялянаў зямянскіх 93 муж. і 95 жан., аднадворцаў 9 муж. і 8 жан., адстаўных салдатаў 2 муж.[11]
  • XX стагодзьдзе: 1906 год — 192 чал. (100 муж. і 92 жан.) у мястэчку Экімані і 39 чал. (22 муж. і 17 жан.) у маёнтку Экімані[12]; 1999 год — 361 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 490 чал.[13]; 2010 год — 296 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Экімані працуюць базавая школа, бібліятэка, пошта.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Могілкі старыя хрысьціянскія

Каля Экімані захаваўся курганны могільнік крывічоў, помнік археалёгіі 2-й паловы X — пачатку XI стагодзьдзяў.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца рымска-каталіцкая (1819)
  • Сядзіба Беліковічаў (XIX ст.)
  • Царква Сьвятога Юрыя (1737)

У літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маёнтак Экімань упамінаецца ў кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 388.
  2. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 23.
  3. ^ Dacewicz L. Antroponimia Białegostoku w XVII—XVIII wieku. — Białystok, 2001. S. 108.
  4. ^ Список населенных мест Витебской губернии. Витебск, 1906. С. 198.
  5. ^ Беларускі архіў. Т. 2. — Менск, 1928. С. 266.
  6. ^ Полоцкая ревизия 1552 года. — Москва, 1905. С. 22, 26, 78.
  7. ^ Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-западной Руси. Т. 13. — Вильна, 1902. С. 38.
  8. ^ Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-западной Руси. Т. 13. — Вильна, 1902. С. 52.
  9. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  11. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 416.
  12. ^ Список населенных мест Витебской губернии. Витебск, 1906. С. 298.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 1. С. 68.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]