Эмілія Плятэр
| Эмілія Плятэр | |
Герб «Плятэр» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзілася: | 13 лістапада 1806 Вільня, Расейская імпэрыя |
| Памерла: | 23 сьнежня 1831 Юстыянава |
| Род: | Плятэры |
| Бацькі: | Францішак Ксаверы Плятэр Ганна фон дэр Могль |
Эмілія Плятэр (13 лістапада 1806 — 23 сьнежня 1831) — графіня, зьбіральніца беларускага фальклёру, удзельніца паўстаньня 1831 году ў Польшчы, на Беларусі і Летуве.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзілася ў Вільні. Прадстаўніца графскага роду Плятэраў, якія ў ХV ст. перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае з Вэстфаліі. Дзяцінства Э. Плятэр праходзіла ў маёнтку Ліксна непадалёк ад Краслаўкі, дзе яна атрымала добрую хатнюю адукацыю.
Жывучы на Віцебшчыне ў сваякоў, зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні. Віртуозна валодала жанрам галашэньняў, выконвала на фартэпіяна народныя мэлёдыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы, у тым ліку стылізаваныя пад народныя галашэньні. Як сьведчылі сучасьнікі, Э. Плятэр ўсёй душой імкнулася да беларускага ладу, ведала бядоты і нястачы народу, спачувала яму.
| Яна, бадай, не памылюся, першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу, - піша Маркс, - аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, аблегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі. | ||
У 1829 разам з маці выправілася ў падарожжа ў Варшаву і Кракаў.
У часе вызвольнага паўстаньня 29 сакавіка 1831 разам са сваяком Ц. Плятэрам арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коньнікаў ды некалькіх соцень касінераў і павяла яго на Дзьвінск. Сярод паўстанцаў было нямала дзяўчат.
30 сакавіка паўстанцы разьбілі расейскі аддзел каля паштовай станцыі Даўгелі, 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генэрала Шырмана, потым — бой пад Уцянай і 4 красавіка захоп мястэчка Езяросы.
Па разгроме казакамі паўстаньня Эмілія Плятэр на чале невялікай групы далучылася да аддзела К. Залускага. 17 траўня аддзел Э. Плятэр заняў Вількамір і ў чэрвені ўліўся ў рэгулярнае польскае войска Д. Хлапоўскага. За сьмеласьць і рашучасьць у баявых дзеях камандаваньне паўстанцкімі сіламі прызначыла Э. Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званьне капітана. У ліку іншых паўстанцкіх груповак атрад браў удзел у бойках супраць царскіх войск (пад Радзівілішкамі, Вільняй, Шаўлямі і ў іншых месцах).
Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію захварэла і памерла. Пахавана ў Капцёве.
Памяць [рэдагаваць]
Слава пра Эмілію Плятэр разышлася па краінах Заходняй Эўропы, у Францыі яе параўноўвалі з Жаннай д’Арк. Пра вядомую паўстанку пісалі польскія, францускія, нямецкія, англельскія, італьянскія і інш. паэты. У 1832 Адам Міцкевіч, які ведаў Эмілію, прысьвяціў ёй верш «Сьмерць палкоўніка»:
|
У Другую Сусьветную вайну імя Эміліі Плятэр насіў жаночы батальён у дывізіі Войска Польскага. У Варшаве ў гонар паўстанкі сваю назву атрымала адна з цэнтральных плошчаў.
Беларускі паэт У. Пецюкевіч да ўгодкаў народзінаў знакамітай паўстанкі напісаў верш «Эмілія Плятэр» (2006). У 2008 беларускі паэт В. Шніп напісаў «Баладу Эміліі Плятэр».
Галерэя [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Міледзій Бунто, Віталій Фёдараў. Маркс заслухоўваўся Эміліяй Плятэр // «Рэспубліка» № 234 (4657), 13 сьнежня 2008.
- Ф. Санюкевіч. 200 гадоў з дня нараджэння Эміліі Плятэр (13.11.1806 — 23.12.1831) // «Наша Газета» №13 (48), 2006.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Эмілія Плятэр — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.