Эмілі Дыкінсан
| Эмілі Дыкінсан | |
| Emily Elizabeth Dickinson | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Імя пры нараджэньні | Emily Elizabeth Dickinson |
| Нарадзілася | 10 сьнежня 1830 Амхэрст, Масачусэтс |
| Памерла | 15 траўня 1886 Амхэрст, Масачусэтс |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэтка |
| Гады творчасьці | 1860-1886 |
| Дэбют | «Poems by Emily Dickinson» |
Эмілі Элізабэт Дыкінсан (па-ангельску: Emily Elizabeth Dickinson, нар. 10 сьнежня 1830 году ў Амхэрстце, Масачусэтс, пам. 15 траўня 1886 году там жа) — амэрыканская паэтка.
Эмілі нарадзілася другой з трох дзяцей у пурытанскай сям’і Эдварда Дыкінсана, багатага адваката, кангрэсмэна і Эмілі Норкрас. Дзедам Эмілі быў Самюэль Фаўлер Дыкінсан, заснавальнік Коледжу Амхерст. У доме Дыкінсаў прытрымліваліся строгіх пратэстанцкіх правілаў. Эмілі наведвала пачатковую школу на Плэзэнт Стрыт, у 1840 годзе паступіла разам з сястрой у Коледж Амхэрст, які за два гады да гэтага стаў прыймаць дзяўчынак. У каледжы Эмілі вывучала ангельскую мову, латынь, літаратуру, батаніку, геалёгію, псыхалёгію і арыфмэтыку. Скончыла каледж у 1847 годзе, а потым, з 10 жніўня да 25 сакавіка 1848 года, вучылася ў жаночай сэмінарыі Маўнт-Холіноўк, у 16 км ад Амхэрсту. Прычыны яе сыходу з сэмінарыі невядомыя. Пасьля сэмінарыі Эмілі вярнулася ў бацькоўскі дом. Да канца жыцьця Эмілі Дыкінсан так і ня выйшла замуж і засталася ў доме бацькоў[1]. Родны горад Амхэрт Эмілі пакідала толькі некалькі разоў для падарожжаў у Філядэльфію, Вашынгтон і Бостан. Пісаць вершы яна пачала ў 30 гадоў. У 1862 годзе Эмілі даслала некалькі сваіх вершаў у выдавецтва «Atlantic Monthly», але рэдактар Томас Хігінсан адмовіўся іх друкаваць па прычыне неадпаведнасьці прынятым стандартам вершаў таго часу. Аднак яны пасябправалі і яшчэ шмат гадоў яны перапісваліся, ў лістах Хігінсан даваў парады Дыкінсан ў справах паэзіі.
У гады жыцьця Эмілі Дыкінсан было надрукавана толькі сем яе вершаў. Пасьля яе сьмерці 15 траўня 1886 года яе малодшая сястра Лавінія знайшла ў закрытай на ключ шафе рукапісы 1775 вершаў Эмілі.
Лавінія папрасіла дапамогі ў выданьні вершаў сястры ў Мабэль Люміса Тода, жонкі мясцовага прафэсара астраноміі, таленавітай мастачкай і сяброўкай Эмілі. Пасьля шматлікіх спробаў і пры дапамозе Томаса Хігінсана атрымалася выдаць творы Эмілі (у 1890 годзе), але вершы былі адрэдагаваны, каб дапасаваць іх да прынятых у той час эстэтычных правілаў для вершаў. Публікацыя некаторых з вершаў была адхілена з-за асьцярогі публічнага меркаваньня. Аднак, ня гледзячы на асьцярогі, вершы хутка атрымалі папулярнасьць. Толькі ў 1955 годзе быў надрукаваны поўны збор твораў паэткі[2]. Гэта дапамагло грамадзкасьці больш поўна ацаніць мэдытацыйную лірыку творчасьці Эмілі, а аўтарка была прызнана як самая таленавітая амэрыканская паэтка[3].
Вершы Эмілі Дыкінсан ня маюць аналягаў у паэзіі таго часу. Іх радкі кароткія, назвы, як правіла, адсутнічаюць, і часта сустракаецца незвычайная пунктуацыя і выкарыстаньне загалоўных літар. Шматлікія яе вершы ўтрымліваюць матывы неўміручасьці і сьмерці, гэтыя ж сюжэты ёсьць і ў яе лістах да сяброў.
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ http://www.bielarus.org/open.php?n=530&a=12 Bielarus.org №530
- ^ http://www.bielarus.org/open.php?n=530&a=12 Bielarus.org №530
- ^ Bloom (1999), 9; Ford (1966), 122.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Эмілі Дыкінсан — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў