Эндшпіль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Э́ндшпіль (паводле ням. Endspiel — «канец гульні») — заключная частка шахматнай партыі. Для яго характэрныя наступныя асаблівасьці: актыўны кароль, які прымае ўдзел у барацьбе нароўні зь іншымі фігурамі; узрослая роля латнікаў, якія могуць пераўтварыцца ў любую фігуру да візыра.

Характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна гульня пераходзіць у эндшпіль, калі разьмененая большасьць фігураў і няма характэрных для сярэдзіны гульні пагрозаў каралям. Аднак яскравую мяжу між мітэльшпілем і эндшпілем вызначыць цяжка. Часта ў эндшпілі паўстае новая стратэгічная мэта — правесьці латніка ў візыры, каб займець неабходную для перамогі матэрыяльную перавагу.

Хоць у сярэдзіне гульні перавага аднаго з партнэраў у 1 латніка звычайна не дае вырашальнае перавагі, дык у эндшпілі гэтае перавагі ў шматлікіх выпадках дастатне для перамогі. Бок, які мае матэрыяльную перавагу, імкнецца да разьмену фігураў (але ня латнікаў), у той час як слабейшы бок павінен пазьбягаць гэтага, каб не атрымаць паразу з-за недахопу матэрыялу.

У эндшпілі стратэгія шмат у чым вызначаецца такімі асаблівасьцямі пазыцыі, як матэрыяльная перавага, наяўнасьць прахадных латнікаў або магчымасьць іх атрыманьня, дэфэкты ў латнікавай структуры, ступень актыўнасьці фігураў, у тым ліку й караля, і да т. п. Паколькі ступень актыўнасьці фігураў у значнай меры залежыць ад разьмяшчэньня латнікаў, узрастае роля ўзгодненага разьмеркаваньня фігураў і латнікаў: апошнія ня мусяць замінаць дзеяньням фігураў. Актывізуючы свае фігуры, адначасна патрэбна цясьніць фігуры суперніка, абмяжоўваць іхнюю рухомасьць. Асаблівае значэньне прымае наяўнасьць латнікавай слабасьці: фігуры, што вымушаныя іх абараняць, робяцца пасіўнымі і губляюць вартасьць.

Вынікам слушна абранай стратэгіі ў эндшпілі нярэдка аказваецца дасягненьне пазыцыяў цугцвангу.

Слабейшы бок імкнецца зьвесьці гульню да нічыйнага выніку разьменам фігураў да ступені, калі немагчыма паставіць мат, атрыманьнем пату альбо вечным шахам.

Тэорыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паколькі ў эндшпілі фігураў на дошцы меней, чым у сярэдзіне гульні, ён лягчэй паддаецца клясыфікацыі і вывучэньню. Таму ў эндшпілі ўзрастае роля тэорыі. Па сутнасьці многія тэарэтычныя пазыцыі эндшпілю ўяўляюць сабой лягічныя задачы, якія часта маюць адзіны спосаб разьвязаньня. Для лепшай арыянтацыі ў шматлікіх пазыцыях эндшпіляў распрацаваная іхняя клясыфікацыя ў залежнасьці ад колькасьці й якасьці наяўных сілаў:

Сярод дасьледнікаў тэорыі эндшпілю вылучаюцца Дамэніка Панцыяні, Эрколе дэль Рыа, Алясандра Сальвіё, Ёзэф Клінг, Бернхард Горвіц, Зігберт Тараш, Карла Сальвіёлі. Асаблівая заслуга належыць Франсуа-Андрэ Філідору, дасьледваньні якога («Аналіз шахматнай гульні») шмат у чым вызначылі далейшае разьвіцьцё тэорыі эндшпілю.

Вядомыя пазыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Авербах Ю. Л. Что надо знать об эндшпиле. — 3 издание. — М.: 1979.
  • Григорьев Н. Д. Шахматное творчество. Анализы, теоретические работы, этюды, избранные партии. — 2 издание. — М.: 1954.
  • Крогиус Н. В. Законы эндшпиля. — М.: 1971.
  • Лисицын Г. М. Заключительная часть шахматной партии. — Л.: 1956.
  • Портиш Л., Шаркози Б. 600 окончаний, [пераклад з вугорскае]. — М.: 1979.
  • Рабинович И. Л. Эндшпиль. — 2 издание. — М.— Л.: 1938.
  • Созин В. И. Что каждый должен знать об эндшпиле. — 2 издание. — М.— Л.: 1935.
  • Шахматные окончания / под редакцией Ю. Л. Авербаха. — 2 издание: Слоновые, коневые окончания. — М.: 1980.
  • Шахматы: Энциклопедический словарь. — Москва: Советская энциклопедия, 1990. — ISBN 5-85270-005-3
  • Шерешевский М. И. Стратегия эндшпиля. — М.: 1988.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]