Эрнэст Гэмінгўэй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Эрнэст Мілер Гэмінгўэй
Ernest Miller Hemingway
Пісьменьнік на борце ўласнай яхты. Прыблізна 1950 год.
Пісьменьнік на борце ўласнай яхты. Прыблізна 1950 год.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Эрнэст Мілер Гэмінгўэй
Нарадзіўся 21 ліпеня 1899
Іліной, ЗША
Памёр 2 ліпеня 1961
Айдага, ЗША
Грамадзянства ЗША
Сужэнец Q7155075
Дзеці Q11523469, Q7146692, Q5606963
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст
Гады творчасьці 19171961
Напрамак мадэрнізм
Дэбют Стары чалавек і мора
Прэміі Пулітцэраўская прэмія (1953), Нобэлеўская прэмія па літаратуры (1954)
Подпіс
Творы на сайце Knihi.com

Эрнэст Мілер Гэмінгўэй (па-ангельску: Ernest Miller Hemingway; 21 ліпеня 1899 — 2 ліпеня 1961) — амэрыканскі пісьменьнік. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1954).

Шырокае прызнаньне Гэмінгўэй атрымаў дзякуючы сваім раманам і шматлікім апавяданьням — з аднаго боку, і свайго жыцьця, поўнай прыгодаў і нечаканасьцяў, — з другога. Ягоны стыль, кароткі й насычаны, значна паўплываў на літаратуру XX стагодзьдзя. Эрнэст Гэмінгўэй нарадзіўся 21 ліпеня 1899 у прывілегіяваным прыгарадзе Чыкага — мястэчку Оўк-Парк, штат Ілінойс, ЗША. Ягоны бацька Клярэнс Эдмант Гэмінгўэй быў лекарам, а маці Грэйс Хол прысвяціла жыцьцё выхаваньню дзяцей.

Бацька з раньняга дзяцінства спрабаваў прышчапіць да Эрнэста любоў да прыроды, марачы аб тым, што той пойдзе па ягоных сьлядох ды зоймецца мэдыцынай і прыродазнаўствам. Калі Эрні было 3 гады, Кларэнс Гэмінгўэй падараваў яму першую вуду й ўзяў з сабой на рыбалку. Да 8 гадоў будучы пісьменьнік ужо ведаў на памяць назвы ўсіх дрэваў, кветак, птушак, рыбаў і зьвяроў, якія насялялі Сярэдні Захад. Іншым улюбёным заняткам для Эрнэста стала літаратура. Хлопчык гадзінамі сядзеў за кнігамі, якія мог знайсьці ў хатняй бібліятэцы, асабліва яму падабаліся працы Дарвіна й гістарычная літаратура.

Місіс Гэмінгўэй марыла аб іншай будучыні для свайго сына. Яна прымушала яго сьпяваць у царкоўным хоры й граць на віялянчэлі. Шмат гадоў пасьля, будучы пажылым чалавекам, Эрнэст скажа:

« Мая маці цэлы год не пускала мяне ў школу, каб я вучыўся музыцы. Яна думала, што ў мяне ёсьць здольнасьці, але ў мяне не было аніякага таленту.»

Тым ня менш, супраціў гэтаму быў задушаны маці — Гэмінгўэй мусіў быў штодня займацца музыкай.

У сям’і акрамя зімовага дому ў Оўк-Парку быў яшчэ катэдж «Ўіндмір» на возеры Валун. Штолета Гэмінгўэй з бацькамі, братамі й сёстрамі адпраўляўся ў гэтыя ціхія мясьціны. Для хлопчыка паездкі ў «Ўіндмір» азначалі поўную волю. Яго ніхто не прымушаў граць на віялянчэлі, і ён мог займацца сваімі справамі — сядзець на беразе з вудай, блукаць па лесе, гуляць зь дзецьмі з індзейскага пасяленьня. У 1911 годзе, калі Эрнэсту споўнілася 12 гадоў, дзядуля Гэмінгўэй падараваў яму адназарадную стрэльбу 20-га калібра. Гэты падарунак умацаваў сяброўства дзеда й унука. Хлопчык любіў слухаць апавяданьні старога й на ўсё жыцьцё захаваў пра яго добрыя ўспаміны, часта пераносячы іх у свае творы ў будучыні.

Паляваньне стала для Эрнэста галоўным запалам. Кларэнс навучыў сына ладзіць са зброяй і высочваць зьвера. Аднаму зь першых сваіх апавяданьняў аб Ніцы Адамс, сваім alter ego, Гэмінгўэй прысьвеціць менавіта паляваньні й постаці бацькі. Яго асобу, жыцьцё й трагічны канец — Кларэнс скончыць жыцьцё самагубствам — будуць заўсёды хваляваць пісьменьніка. Будучы ад прыроды здаровым і моцным хлопцам, Гэмінгўэй актыўна займаўся боксам ды футболам. Эрнэст пазьней казаў:

«Бокс навучыў мяне ніколі не заставацца ляжаць, заўсёды быць гатовым ізноў атакаваць … хутка і жорстка, падобна быку.» У школьныя гады Гэмінгўэй дэбютаваў у якасьці пісьменьніка ў невялікім школьным часопісе «Скрыжаль». Спачатку быў надрукаваны «Суд Маніту» — сачыненьне з паўночнай экзотыкай, крывёю й індзейскім фальклёрам. А ў наступным нумары новае апавяданьне «Уся справа ў колеры скуры» — пра закулісны й брудны камэрцыйны бок боксу. У гэты час Гэмінгўэй ўжо цвёрда для сябе вырашыў, што будзе пісьменьнікам.

Пасьля выпуску са школы ён вырашыў не паступаць ва ўнівэрсытэт, як гэтага патрабавалі бацькі, а пераехаў у Канзас-Сіці, дзе ўладкаваўся працаваць у мясцовую ґазэту «Star». Тут ён адказваў за невялікі раён горада, у які ўваходзілі галоўная лякарня, вакзал і паліцэйскі ўчастак. Малады рэпартэр выяжджаў на ўсе здарэньні, знаёміўся з прытонамі, сутыкаўся з прастытуткамі, наёмнымі забойцамі й ашуканцамі, бываў на пажарах і ў вязьніцах. Эрнэст назіраў, запамінаў, стараўся зразумець матывы чалавечых учынкаў, улаўліваў манэру гутарак, жэсты й пахі. Усё гэта адкладалася ў ягонай памяці, каб потым стаць сюжэтамі, дэталямі й дыялёґамі яго будучых апавяданьняў. Тут сфармаваўся ягоны літаратурны стыль і звычка быць заўсёды ў цэнтры падзеяў. Рэдактары ґазэты навучылі яго дакладнасьці й яснасьці мовы й імкнуліся спыніць любое шматслоўе і стылістычныя нядбайнасьці.

Мілян, 1918, Гэмінгўэй у вайсковай форме.

Напачатку 1918 году Гэмінгўэй адгукнуўся на заклік Чырвонага Крыжа ў Канзас-Сіці ды паехаў у Італію вадзіцелем машыны хуткай дапамогі.[1] У траўні ён пакінуў Нью-Ёрк, і калі прыехаў у Парыж, яго бамбавала нямецкая артылерыя.[2] У чэрвені яго накіравалі на Італьянскі фронт. Верагодна, менавіта ў гэты час ён сустрэў Джона Дос Пасаса. 8 ліпеня 1918 на вайне Гэмінгўэй, ратуючы параненага італьянскага снайпера, патрапіў пад агонь аўстрыйскіх кулямётаў і мінамётаў, але застаўся жывы. У шпіталі зь яго вынялі 26 аскепкаў, пры гэтым на целе Эрнэста было больш за дзьвесце ранаў. Неўзабаве яго перавезьлі ў Мілян, дзе прастрэленае калена лекары замянілі алюмініевым пратэзам.

21 студзеня 1919 Эрнэст вярнуўся ў ЗША героем — аб ім пісалі ўсе цэнтральныя ґазэты як аб першым амэрыканцы, параненым на італьянскім фронце. А кароль Італіі ўзнагародзіў яго срэбным медалём «За доблесць» і «Ваенным крыжам».

Першы сапраўдны пісьменьніцкі посьпех прыйшоў да Эрнэста Гэмінгўэя ў 1926 годзе пасьля выхаду ў свет «І ўзыходзіць сонца» — пэсымістычнага, але ў той жа час бліскучага рамана пра «страчанае пакаленьне» маладых людзей, якія жылі ўва Францыі і Гішпаніі ў 1920-х гадах.

У 1927 годзе ў Эрнэста Гэмінгўэя выйшаў зборнік апавяданьняў «Мужчыны без кабетаў», а ў 1933 годзе — «Пераможца не атрымлівае нічога». Яны канчаткова зацьвердзілі Гэмінгўэя ў вачах чытачоў як унікальнага аўтара кароткіх апавяданьняў. Сярод іх асабліва вядомыя «Забойцы», «Нядоўгае шчасьце Фрэнсіса Макомбэра» і «Сьнягі Кіліманджара».

І ўсё ж большасьці Гэмінгўэй памятны раманам «Бывай, зброя!» (1929) — гісторыяй няшчаснага каханьня амэрыканскага добраахвотніка і ангельскай мэдсястры, якая разьвівалася на фоне бітваў Першае сусьветнае вайны. Кніга мела ў Амэрыцы небывалы посьпех — продажам не перашкодзіў нават эканамічны крызыс.

За пэрыяд, які доўжыўся больш за дзесяць гадоу, Гэмінгўэй наведаў Флярыду, Афрыку, пабываў на Другой сусьветнай вайне.

У 1949 годзе пісьменьнік пераехаў на Кубу, дзе аднавіў літаратурную дзейнасьць. Там была напісаная аповесьць «Стары чалавек і мора» (1952). Кніга сьведчыць аб гераічным і асуджаным супрацьстаяньні сілам прыроды, пра чалавека, які самотны ў сьвеце, дзе яму застаецца разлічваць толькі на ўласную ўпартасьць, сутыкаючыся з адвечнай несправядлівасьцю лёсу.

У 1953 годзе Эрнэст Гэмінгўэй атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за аповесьць «Стары чалачек і мора». Гэты твор паўплываў гэтаксама на прысуджэньне Гэмінгўэю Нобэлеўскае прэміі па літаратуры ў 1954 годзе. У 1956 годзе Хемінгуэй пачынае працу над аўтабіяграфічнай кнігай аб Парыжы 1920-х гадоў — «Сьвята, якое заўсёды з табой», якая выйдзе толькі пасьля сьмерці пісьменьніка.

Ён працягваў падарожнічаць і ў 1953 годзе ў Афрыцы трапіў у сур’ёзную авіякатастрофу.

У 1960 годзе Хемінгуэй пакінуў востраў і вярнуўся ў ЗША.

Гэмінгўэй пакутаваў ад шэрагу сур’ёзных фізычных захворваньняў, у тым ліку ад гіпэртаніі і дыябэту, аднак для «лекаваньня» быў зьмешчаны ў псыхіятрычную клініку Маё, дзе псыхіятар ігнараваў гэтыя відавочныя фактары і займаўся толькі «псыхічнымі засмучэньнямі». Ён пагрузіўся ў глыбокую дэпрэсыю і параною з нагоды сачэньня. Яму здавалася што за ім усюды ідуць агенты ФБР, і што паўсюль расстаўленыя жучкі, тэлефоны праслухоўваюцца, пошта прачытваецца, банкаўскі рахунак пастаянна правяраецца. Ён мог прыняць выпадковых людзей за агентаў.

Гэмінгўэя спрабавалі лячыць па законах псыхіятрыі таго часу. У якасьці лячэньня ўжывалася электрасутаргная тэрапія. Пасля 20 сэансаў Эрнэст Гэмінгўэй страціў памяць і здольнасьць фармуляваць думкі пісьмова: калі спатрэбілася, ён ня змог напісаць нават некалькіх словаў афіцыйнага прывітаньня.

Падчас лячэньня ён тэлефанаваў свайму сябру з тэлефона ў калідоры клінікі, каб паведаміць, што жучкі расстаўленыя і ў клініцы. Спробы лячыць яго аналягічным чынам былі паўтораныя й пазьней. Аднак гэта не давала аніякіх вынікаў. Ён ня мог працаваць, знаходзіўся ў дэпрэсыі й параноі, і ўсё часьцей пагаворваў пра самагубства. Былі й спробы (напрыклад, нечаканы рывок у бок прапелера летака і г. д.), ад якіх атрымоўвалася яго зьберагчы.

2 ліпеня 1961 года ў сваім доме ў Кетчуме, празь некалькі дзён пасьля выпіскі з псыхіятрычнае клінікі Маё, Гэмінгўэй застрэліўся зь любімае стрэльбы, не пакінуўшы перадсьмяротнае запіскі.

Некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля у ФБР быў зроблены афіцыйны запыт аб справе пісьменьніка, на што прыйшоў адказ: сачэньне і праслухоўваньне мелі месца, у тым ліку ў той псыхлякарні, бо ўладам падалася падазронай ягоная актыўнасьць на Кубе.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тры апавяданьні і дзесяць паэм (1923)
  • Ды ўсходзіць сонца (The Sun Also Rises, таксама Фіэста, 1926)
  • Узгоркі нібы белыя сланы (Hills Like White Elephants,1927)
  • Бывай, зброя! (A Farewell to Arms, 1929)
  • Сьмерць апоўдні (Death in the Afternoon, 1932)
  • Зялёныя ўзгоркі Афрыкі (The Green Hills of Africa, 1935)
  • Сьнягі Кіліманджара (The Snows of Kilimanjaro, 1936)
  • Мець і ня мець (To Have and To Have Not, 1937)
  • Першыя 49 апавяданьняў (The First Fourty-Nine Stories,1938)
  • Па кім званіць звон (For Whom the Bell Tolls, 1940)
  • Пятая калёна (The Fifth Column, 1938) — апавяданьні
  • За ракою, сярод дрэваў (Across the River and Into the Trees, 1950)
  • Стары чалавек і мора (The Old Man and the sea., 1952)
  • Рухомае сьвята або Сьвята, якое заўсёды з табою (A Moveable Feast, 1964)
  • Подпіс: Эрнэст Гэмігўэй. Артыкулы і рэпартажы 1920—1956 (By-line Ernest Hemingway — selected articles and dispathes of four decades,1967)
  • Выспы на Гальфстрыме (Islands in the Stream, 1970)
  • Апавяданьні Ніка Адамза (1972)
  • Небясьпечнае лета (The Dangerous Summer, 1985)
  • Райскі сад (The Garden of Eden, 1986)
  • Праўда досьвіткам (True at First Light, 1999)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Mellow, James. (1992). Hemingway: A Life Without Consequences. Boston: Houghton Mifflin. ISBN 978-0-395-37777-2, сс. 48-49
  2. ^ Meyers, Jeffrey. (1985). Hemingway: A Biography. New York: Macmillan. ISBN 978-0-333-42126-0, сс. 27-31

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Эрнэст Гэмінгўэйсховішча мультымэдыйных матэрыялаў