Эрнэст Гэмінгўэй
| Эрнэст Мілер Гэмінгўэй | |
| Ernest Miller Hemingway | |
Пісьменьнік на борце ўласнай яхты. Прыблізна 1950 год. |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Імя пры нараджэньні: | Эрнэст Мілер Гэмінгўэй |
| Нарадзіўся: | 21 ліпеня 1899 |
| Памёр: | 2 ліпеня 1961 |
| Грамадзянства: | ЗША |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці: | пісьменьнік, публіцыст |
| Гады творчасьці: | 1917—1961 |
| Напрамак: | мадэрнізм |
| Дэбют: | Стары і мора |
| Прэміі: | Пулітцэраўская прэмія (1953), Нобэлеўская прэмія па літаратуры (1954) |
Эрнэст Мілер Гэмінгўэй (па-ангельску: Ernest Miller Hemingway) (21 ліпеня 1899 – 2 ліпеня 1961) — амэрыканскі пісьменьнік. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1954).
Шырокае прызнаньне Гэмінґўэй атрымаў дзякуючы сваім раманам і шматлікім апавяданьням - з аднаго боку, і свайго жыцьця, поўнай прыгодаў і нечаканасьцяў, - з другога. Ягоны стыль, кароткі й насычаны, значна паўплываў на літаратуру XX стагодзьдзя. Эрнэст Гэмінґўэй нарадзіўся 21 ліпеня 1899 у прывілегіяваным прыгарадзе Чыкага - мястэчку Оўк-Парк, штат Ілінойс, ЗША. Ягоны бацька Клярэнс Эдмант Гэмінґўэй быў лекарам, а маці Грэйс Хол прысвяціла жыцьцё выхаваньню дзяцей.
Бацька з раньняга дзяцінства спрабаваў прышчапіць да Эрнэста любоў да прыроды, марачы аб тым, што той пойдзе па ягоных сьлядох ды зоймецца мэдыцынай і прыродазнаўствам. Калі Эрні было 3 гады, Кларэнс Гэмінґўэй падараваў яму першую вуду й ўзяў з сабой на рыбалку. Да 8 гадоў будучы пісьменьнік ужо ведаў на памяць назвы ўсіх дрэваў, кветак, птушак, рыбаў і зьвяроў, якія насялялі Сярэдні Захад. Іншым алюбленым заняткам для Эрнэста стала літаратура. Хлопчык гадзінамі сядзеў за кнігамі, якія мог знайсьці ў хатняй бібліятэцы, асабліва яму падабаліся працы Дарвіна й гістарычная літаратура.
Місіс Гэмінґўэй марыла аб іншай будучыні для свайго сына. Яна прымушала яго сьпяваць у царкоўным хоры й граць на віялянчэлі. Шмат гадоў пасьля, будучы пажылым чалавекам, Эрнэст скажа:
“ Мая маці цэлы год не пускала мяне ў школу, каб я вучыўся музыцы. Яна думала, што ў мяне ёсьць здольнасьці, але ў мяне не было аніякага таленту.”
Тым ня менш, супраціў гэтаму быў задушаны маці - Гэмінґўэй мусіў быў штодня займацца музыкай.
У сям'і акрамя зімовага дому ў Оўк-Парку быў яшчэ катэдж «Ўіндмір» на возеры Валун. Штолета Гэмінґўэй з бацькамі, братамі й сёстрамі адпраўляўся ў гэтыя ціхія мясьціны. Для хлопчыка паездкі ў «Ўіндмір» азначалі поўную волю. Яго ніхто не прымушаў граць на віялянчэлі, і ён мог займацца сваімі справамі - сядзець на беразе з вудай, блукаць па лесе, гуляць зь дзецьмі з індзейскага пасяленьня. У 1911 годзе, калі Эрнэсту споўнілася 12 гадоў, дзядуля Гэмінґўэй падараваў яму адназарадную стрэльбу 20-га калібра. Гэты падарунак ўмацаваў сяброўства дзеда й унука. Хлопчык любіў слухаць апавяданьні старога й на ўсё жыцьцё захаваў пра яго добрыя ўспаміны, часта пераносячы іх у свае творы ў будучыні.
Паляваньне стала для Эрнэста галоўным запалам. Кларэнс навучыў сына ладзіць са зброяй і высочваць зьвера. Аднаму зь першых сваіх апавяданьняў аб Ніцы Адамс, сваім alter ego, Гэмінґўэй прысьвеціць менавіта паляваньні й постаці бацькі. Яго асобу, жыцьцё й трагічны канец - Кларэнс скончыць жыцьцё самагубствам - будуць заўсёды хваляваць пісьменьніка. Будучы ад прыроды здаровым і моцным хлопцам, Гэмінґўэй актыўна займаўся боксам ды футболам. Эрнэст пазьней казаў:
“Бокс навучыў мяне ніколі не заставацца ляжаць, заўсёды быць гатовым ізноў атакаваць ... хутка і жорстка, падобна быку.”
У школьныя гады Гэмінґўэй дэбютаваў у якасьці пісьменьніка ў невялікім школьным часопісе «Скрыжаль». Спачатку быў надрукаваны «Суд Маніту» - сачыненьне з паўночнай экзотыкай, крывёю й індзейскім фальклёрам. А ў наступным нумары новае апавяданьне «Уся справа ў колеры скуры» - пра закулісны й брудны камэрцыйны бок боксу. У гэты час Гэмінґўэй ўжо цвёрда для сябе вырашыў, што будзе пісьменьнікам.
Пасьля выпуску са школы ён вырашыў не паступаць ва ўнівэрсытэт, як гэтага патрабавалі бацькі, а пераехаў у Канзас-Сіці, дзе ўладкаваўся працаваць у мясцовую ґазэту «Star». Тут ён адказваў за невялікі раён горада, у які ўваходзілі галоўная лякарня, вакзал і паліцэйскі ўчастак. Малады рэпартэр выязджаў на ўсе здарэньні, знаёміўся з прытонамі, сутыкаўся з прастытуткамі, наёмнымі забойцамі й ашуканцамі, бываў на пажарах і ў вязьніцах. Эрнэст назіраў, запамінаў, стараўся зразумець матывы чалавечых учынкаў, ўлаўліваў манеру гутарак, жэсты й пахі. Усё гэта адкладалася ў яго ў памяці, каб потым стаць сюжэтамі, дэталямі й дыялёґамі яго будучых апавяданьняў. Тут сфармаваўся ягоны літаратурны стыль і звычка быць заўсёды ў цэнтры падзеяў. Рэдактары ґазэты навучылі яго дакладнасьці й яснасьці мовы й імкнуліся спыніць любое шматслоўе і стылістычныя нядбайнасьці.
8 ліпеня 1918 на вайне Гэмінґўэй, ратуючы параненага італьянскага снайпера, патрапіў пад агонь аўстрыйскіх кулямётаў і мінамётаў, але застаўся жывы. У шпіталі з яго вынялі 26 аскепкаў, пры гэтым на целе Эрнэста было больш за дзьвесце ранаў. Неўзабаве яго перавезьлі ў Мілан, дзе прастрэленае калена лекары замянілі алюмініевым пратэзам.
21 студзеня 1919 Эрнэст вярнуўся ў ЗША героем - аб ім пісалі ўсе цэнтральныя ґазэты як аб першым амэрыканцы, параненым на італьянскім фронце. А кароль Італіі ўзнагародзіў яго срэбным медалём "За доблесць" і "Ваенным крыжам”.
Першы сапраўдны пісьменьніцкі посьпех прыйшоў да Эрнэста Гэмінґўэйя ў 1926 годзе пасьля выхаду ў свет "І ўзыходзіць сонца” - пэсымістычнага, але ў той жа час бліскучага рамана пра «страчанае пакаленьне» маладых людзей, якія жылі ўва Францыі і Гішпаніі ў 1920-х гадах.
У 1927 годзе ў Эрнэста Гэмінґўэйя выйшаў зборнік апавяданьняў «Мужчыны без кабетаў", а ў 1933 годзе - «Пераможца не атрымлівае нічога". Яны канчаткова зацьвердзілі Гэмінґўэйя ў вачах чытачоў як унікальнага аўтара кароткіх апавяданьняў. Сярод іх асабліва вядомыя «Забойцы», «Нядоўгае шчасце Фрэнсіса Макомбэра» і «Сьнягі Кіліманджара".
І ўсё ж большасьці Гэмінґўэй памятны раманам «Бывай, зброя!» (1929) - гісторыяй няшчаснага каханьня амэрыканскага добраахвотніка і ангельскай мэдсястры, якая разьвівалася на фоне бітваў Першае сусьветнае вайны. Кніга мела ў Амэрыцы небывалы посьпех - продажам не перашкодзіў нават эканамічны крызыс.
За пэрыяд, які доўжыўся больш за дзесяць год, Гэмінґўэй наведаў Флярыду, Афрыку, пабываў на Другой сусьветнай вайне.
У 1949 годзе пісьменьнік пераехаў на Кубу, дзе аднавіў літаратурную дзейнасць. Там была напісаная аповесьць «Стары і мора» (1952). Кніга сьведчыць аб гераічным і асуджаным супрацьстаяньні сілам прыроды, пра чалавека, які самотны ў сьвеце, дзе яму застаецца разлічваць толькі на ўласную ўпартасьць, сутыкаючыся з адвечнай несправядлівасьцю лёсу.
У 1953 годзе Эрнэст Гэмінґўэй атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за аповесьць «Стары і мора». Гэты твор паўплываў гэтаксама на прысуджэньне Гэмінґўэйю Нобэлеўскае прэміі па літаратуры ў 1954 годзе. У 1956 годзе Хемінгуэй пачынае працу над аўтабіяграфічнай кнігай аб Парыжы 1920-х гадоў - «Сьвята, якое заўсёды з табой», якая выйдзе толькі пасьля сьмерці пісьменьніка.
Ён працягваў падарожнічаць і ў 1953 годзе ў Афрыцы трапіў у сур'ёзную авіякатастрофу.
У 1960 годзе Хемінгуэй пакінуў востраў і вярнуўся ў ЗША.
Гэмінґўэй пакутаваў ад шэрагу сур'ёзных фізычных захворваньняў, у тым ліку ад гіпэртаніі і дыябэту, аднак для «лекаваньня» быў зьмешчаны ў псыхіятрычную клініку Маё, дзе псыхіятар ігнараваў гэтыя відавочныя фактары і займаўся толькі «псыхічнымі засмучэньнямі». Ён пагрузіўся ў глыбокую дэпрэсыю і параною з нагоды сачэньня. Яму здавалася што за ім усюды ідуць агенты ФБР, і што паўсюль расстаўленыя жучкі, тэлефоны праслухоўваюцца, пошта прачытваецца, банкаўскі рахунак пастаянна правяраецца. Ён мог прыняць выпадковых людзей за агентаў.
Гэмінґўэйя спрабавалі лячыць па законах псыхіятрыі таго часу. У якасьці лячэньня ўжывалася электрасутаргная тэрапія. Пасля 20 сэансаў Эрнэст Гэмінґўэй страціў памяць і здольнасьць фармуляваць думкі пісьмова: калі спатрэбілася, ён ня змог напісаць нават некалькіх словаў афіцыйнага прывітаньня.
Падчас лячэньня ён тэлефанаваў свайму сябру з тэлефона ў калідоры клінікі, каб паведаміць, што жучкі расстаўленыя і ў клініцы. Спробы лячыць яго аналагічным чынам былі паўтораныя й пазьней. Аднак гэта не давала аніякіх вынікаў. Ён ня мог працаваць, знаходзіўся ў дэпрэсыі й параноі, і ўсё часьцей пагаворваў пра самагубства. Былі й спробы (напрыклад, нечаканы рывок у бок прапелера летака і г. д.), ад якіх атрымоўвалася яго зьберагчы.
2 ліпеня 1961 года ў сваім доме ў Кетчуме, празь некалькі дзён пасьля выпіскі з псыхіятрычнае клінікі Маё, Гэмінґўэй застрэліўся з любімае стрэльбы, не пакінуўшы перадсьмяротнае запіскі.
Некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля у ФБР быў зроблены афіцыйны запыт аб справе пісьменьніка, на што прыйшоў адказ: сачэньне і праслухоўваньне мелі месца, у тым ліку ў той псыхлякарні, бо ўладам падалася падазронай ягоная актыўнасьць на Кубе.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Эрнэст Гэмінгўэй — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў 1951—1975 гадах | |
|---|---|
|
Пэр Лягерквіст (1951) · Франсуа Марыяк (1952) · Ўінстан Чэрчыль (1953) · Эрнэст Гэмінгўэй (1954) · Гальдаўр Кільян Лякснэс (1955) · Хуан Рамон Хімэнэс (1956) · Альбэр Камю (1957) · Барыс Пастарнак (1958) · Сальваторэ Квазымада (1959) · Сэн-Жон Пэрс (1960) · Іва Андрыч (1961) · Джон Стэйнбэк (1962) · Ёргас Сэфэрыс (1963) · Жан-Поль Сартр (1964) · Міхаіл Шолахаў (1965) · Шмуэль Ёсэф Агнон / Нэлі Закс (1966) · Мігель Анхель Астурыяс (1967) · Кавабата Ясунары (1968) · Сэм’юэл Бэкет (1969) · Аляксандар Салжаніцын (1970) · Паблё Нэруда (1971) · Генрых Бёль (1972) · Патрык Ўайт (1973) · Эйвінд Юнсан / Гары Мартынсан (1974) · Эўджэніё Мантале (1975) Поўны сьпіс · 1901—1925 · 1926—1950 · 1951—1975 · 1976—2000 · 2001—2025 |
|
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |