Эскімоска-алеуцкія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эскімоска-алеуцкая сям’я
эскалеуцкая,
інуіцка-юпіцка-унанганская
Народнасьць эскімосы, алеуты
Арэал Аляска, паўночная Канада, Грэнляндыя, поўнач Далёкага Ўсходу Расеі
Лінгвістычная клясыфікацыя Эскімоска-алеуцкая сям’я
Склад
эскімоскія,
алеуцкія галіны
Колькасьць носьбітаў блізу 85 000 чал.
ISO 639-5: esx

Эскімоска-алеуцкія мовы на мапе Амэрыкі

Эскімоска-алеу́цкія мовы (таксама вядомыя як эскалеуцкія[1] альбо інуіцка-юпіцка-унанганскія[2]) — адна зь першасных моўных сем'яў, на мовах якой размаўляюць у Алясцы, поўначы Канады, Грэнляндыі і ўсходнім ускрайку Чукоцкага паўвостраву. Падзяляецца на дзьве галіны — эскімоскую і алеуцкую.

Алеуцкая галіна ў сваім складзе зьмяшчае толькі адну мову — алеуцкую, распаўсюджаную на Алеуцкіх астравох і астравох Прыбылова, што на паўднёвы захад ад Аляскі. Мова падзяляецца на некалькі дыялектаў.

Эскімоская галіна мае падзел на дзьве групы, юпіцкую і інуіцкую. Юпіцкая група складаецца зь некалькіх моваў, распаўсюджаных на захадзе і паўднёвым захадзе Аляскі, а таксама на ўсходзе Чукоткі. Інуіцкая група мае ў сваім складзе толькі адну мову (інуіцкая мова), распаўсюджаную на паўночны ўсход ад арэалу юпіцкіх моваў, а менавіта на поўначы Аляскі, Канадзе і Грэнляндыі. Інуіцкая мова ахоплівае вялікую тэрыторыю і падзяляецца на некалькі дыялектаў. Геаграфічна суседнія дыялекты лінгвістычна вельмі блізкія адзін да аднаго, тады як дыялекты краёў арэалу інуіцкае мовы (напрыклад, астравоў Дыяміда, што паміж Чукоткай і Аляскай, і ўсходу Грэнляндыі) маюць вялікія адрозьненьні[3], праз што інуіцкую мову нярэдка могуць лічыць некалькімі асобнымі мовамі.

Існуе сірэніцкая мова, клясыфікацыя якой як эскімоска-алеуцкай даведзеная, аднак ня вызначаная яе пазыцыя адносна галінаў сям'і. Некаторымі дасьледаваньнямі мова лічыцца як частка юпіцкіх[4], тады як паводле іншых зьвестак мова лічыцца трэцяй, асобнай галіной у складзе эскімоска-алеуцкае сям'і нараўне зь юпіцкай ды інуіцкай.

Паводле дасьледаваньняў амэрыканскага Цэнтру карэнных моваў Аляскі, агульная прамова (мова-продак) эскімоска-алеуцкіх моваў падзялілася на эскімоскую ды алеуцкую галіны прынамсі ў раёне 2000 г. да н. э.[3][5]. Каля 5001000 гг. н.э. эскімоскія мовы падзяліліся на юпіцкую, інуіцкую групы[5], а таксама, верагодна, на сірэніцкую мову.

Эскімоска-алеуцкія мовы ў культуралягічным і этнаграфічным пляне адносяцца да адных з аўтахтонных моваў Паўночнай Амэрыкі. Тым ня менш, у лінгвістычным дачыненьні эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць сувязяў зь іншымі сем'ямі аўтахтонных моваў Паўночнай Амэрыкі[5], а таксама, як лічыцца, прадстаўляюць зь сябе вынік апошняга дагістарычнага перасяленьня людзей з Азіі.

Унутраная клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эскімоска-алеуцкія мовы падзяляюцца на дзьве галіны — алеуцкую ды інуіцкую. Яны ў сваю чаргу маюць падзел на групы моваў або на асобныя мовы.

  • Эскімоска-алеуцкая сям'я
    • Алеуцкая галіна
      • Заходнія, цэнтральныя (атканскі, атуанскі, унанганскі, бэрынгаўскі), усходнія (уналаскінскі, прыбылоўскі) дыялекты
    • Эскімоская галіна
      • Юпіцкая група
        • Цэнтральна-юпіцкая мова
          • Уласнацэнтральна-юпіцкі дыялект/мова (таксама вядомы як югтун)
          • Чэвацкая чупіцкая
          • Нунівацкая чупіская
        • Алютыцкая мова
        • Юіцкая падгрупа/юіцкая мова (цэнтральна-сыбірская юпіцкая)
          • Наўканская мова/дыялект
          • Чаплінская мова/дыялект
        • Сірэніцкая мова (часам лічыцца асобнай, трэцяй галіной, роўнай паводле статусу эскімоскай і алеуцкай)
      • Інуіцкая група/мова
        • Мова інупіят (або аляскінска-інуіцкія мовы)
          • Кавіярак
        • Інувіялуктун
          • Кангір'юарміютун
          • Сіглітун
          • Уўмарміютун
        • Інуктытут
          • Нунатсіявуміютут
          • Інутытут
        • Калаалісут (грэнляндзкая мова)
          • Інуктун
          • Тунуміісут

Меркаваньні наконт роднасьці эскімоскіх і алеуцкіх моваў (і, адпаведна, складаньні імі агульнага моўнага таксону) выказваліся зь сярэдізны ХІХ ст. (Веніямінаў, Раск, Багараз, Іёхельсан). У 1951 годзе аднаразова і, хутчэй за ўсё, незалежна, зьявіліся два артыкулы К. Бэргсьлянда й Г. Марша ды М. Сўодэша, пасьля якіх гэтую роднасьць можна лічыць даведзенай. Алеуцкая й эскімоскія мовы на цяперашні момант не зьяўляюцца ўзаемназразумелымі.

Мяжа паміж інуіцкімі й юпіцкімі мовамі праходзіць праз пасёлак Уналакліт, што на захадзе Аляскі.

Пытаньне зьнешняй клясыфікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць лінгвістычных сувязяў зь любой іншай прызнанай лінгвістамі моўнай сям’ёй у сьвеце (напрыклад, індаэўрапейскай); у прыватнасьці, у лінгвістыцы існуе згода наконт адсутнасьці сувязяў з моўнымі сем’ямі Паўночнай Амэрыкі. У расейскай лінгвістычнай літаратуры эскімоска-алеуцкія мовы адносяць да палеаазіяцкіх, што, аднак, засноўваецца на тэрытарыяльнай прыкмеце.

Незважаючы на гэта, у лінгвістыцы высоўваюцца гіпотэзы па знаходжаньні роднасьці між эскімоска-алеуцкай ды іншымі моўнымі сем'ямі і, такім чынам, аб’яднаньні іх у вышэйшыя таксоны — макрасем’і. У падобных гіпотэзах звычайна разглядаюцца мовы Эўразіі або Паўночнай Амэрыкі.

Так, у 1818 годзе дацкі лінгвіст Расмус Раск заўважыў наяўнасьць падабенстваў між грэнляндзкай і фінскай мовамі (апошняя ўваходзіць ва ўральскую сям’ю).

Зь іншых падобных гіпотэзаў адзначаецца ўрала-сыбірская гіпотэза, сфармуляваная брытанскім лінгвістам-паўночназнаўцам Майклам Фортэск’ю ў 1998 годзе. У 2000—2002 гадох амэрыканскім лінгвістам Джозэфам Грынбэргам была прапанаваная гіпотэза эўраазіяцкіх моваў, у якую ўваходзяць, апрача эскімоска-алеуцкіх, усе моўныя сем’і паўночнай Эўразіі за выняткам енісейскіх.

Нідэрляндзкім лінгвістам Крыстыянам Уленбэкам прапаноўвалася сувязь эскімоска-алеуцкіх зь меркаванай урала-алтайскай макрасям'ёй на аснове шэрагу падобных суфіксаў; падобная гіпотэза падтрымлівалася й Арэльенам Саважо, але ўжо па прыкмеце нібыта поўнай структурнай ідэнтычнасьці сыстэмы спражэньня, прыналежных формаў імя, супадзеньняў у спосабе ўтварэньня прыналежнае канструкцыі. Падобная вэрсія падзялялася Т. Ульвінгам, які ўказваў, што градацыя зычных у эскімоскіх адносіцца да таго ж тыпу, што й ва ўральскіх. Тым ня менш, два апошнія дасьледчыкі дапускалі недакладнасьці ў перадачы эскімоскіх словаў. Гіпотэзу сувязі з урала-алтайскімі мовамі падтрымліваў Бэргсьлянд — на аснове значнай структурнай ідэнтычнасьці па ўсіх узроўнях, з прыцягненьнем алеуцкага матэрыялу.

Фортэск'ю, грунтуючыся на падабенстве марфалягічных паказчыкаў (у прыватнасьці склонавых), прадпрымаў спробу збліжэньня эскімоска-алеуцкіх зь юкагірскімі мовамі (усход Якутыі, Расея).

Расейскі лінгвіст Алег Мудрак абгрунтоўвае настратычнае паходжаньне базіснае лексыкі, пры гэтым яна аказваецца асабліва блізкай да алтайскай[6]

Ставіліся спробы абгрунтаваць сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з індаэўрапейскімі. Так, Уленбэк знаходзіў між сем'ямі 40 лексычных сыходжаньняў, Талбітцэр налічваў каля 60 агульных каранёў з улікам паправак у матэрыял Уленбэка і ўлікам новых зьвестак індаэўрапэістыкі (гецкая мова). Гамэрыг знаходзіў сыходжаньні ў галіне структуры слова, указваў на мажлівасьць існаваньня ў праіндаэўрапейскай мове склонавае сыстэмы эскімоскага тыпу, прыцягваў лярынгалы для тлумачэньня ўвулярных у эскімоскіх.

У 1960 годзе амэрыканскім лінгвістам і антраполягам Морысам Сўодэшам была прапанаваная сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з ўакаскімі мовамі (усход Брытанскае Калумбіі). Гэтая тэорыя была падтрыманая і пашыраная Янам Генрыкам Гольстам[7].

Н. Хольмэр ставіць спробы збліжэньня эскімоскіх з мовамі кечуа і квакіютль. Гэтае збліжэньне ажыцьцяўляецца хутчэй у тыпалягічным пляне, але не выключае й генэтычныя сувязі.

Асноўныя рысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзьве галіны ў складзе сям'і — алеуцкая й эскімоскія мовы — пасьпелі разысьціся да такой ступені, што маюць адрозьненьне прыкладна на ўзроўні адрозьненьняў турэцкай і японскай моваў[8]. Тым ня менш, абедзьве галіны маюць агульныя як фанэтычныя, так і граматычныя рысы, што дало падставу для іх аб'яднаньня ў адзіную сям'ю.

Мовы эскімоска-алеуцкае сям'і ў марфалягічным пляне адносяцца да полісынтэтычных моваў[9], словаўтварэньне — выключна суфіксальнае (за выключэньнем адной прыстаўкі ў інуктытуце, якая ўзьнікае ў займеньніках). Абедзьве галіны ў складзе сям'і характарызуюцца як аглютынацыйныя, пры гэтым эскімоскія маюць большыя адхіленьні ў бок фузіі. Колькасьць марфалягічных парадкаў у эскімоскіх большая за алеуцкую; асноўныя іменныя катэгорыі — склон, лік, прыналежнасьць, час, лад, транзытыўнасьць, каўзатыўнасьць, мадальнасьць, фазавасьць, якасныя й ацэнкавыя характарыстыкі дзеяньня — у абедзьвюх галінах падобныя.

Кожнае слова павіннае зьмяшчаць адзін корань, які ставіцца ў пачатак слова[10]. Эскімоска-алеуцкія мовы маюць адносна невялікую колькасьць каранёў — напрыклад, цэнтральна-юпіцкая мова мае толькі прыблізна 2000 каранёў[11]. Аднак маюцца дадатковыя часьціцы, якія дапасоўваюцца да каранёў і дапаўняюць ягоны сэнс; у выпадку, калі значэньне слова патрабуе наяўнасьці толькі гэтае часьціцы, дадаецца нэўтральны корань (напрыклад, pi у цэнтральна-юпіцкай ды інуктытуце).

Пасьля падобных часьціцаў месьцяцца суфіксы, якія маркіруюць склон (у назоўніку) або асобу і лад (у дзеясловах). Колькасьць склонаў адрозьніваецца ў залежнасьці ад мовы: напрыклад, алеуцкія мовы маюць меншую колькасьць склонаў, чым у эскімоскіх. У граматыцы адзначаецца эргатыўная тыпалёгія. Ва ўсіх эскімоска-алеуцкіх мовах маецца абавязковае ўзгадненьне дзеяслову з агенсам ды пацыенсам у пераходных кляўзах — для гэтае мэты існуюць спэцыяльныя суфіксы, што выкарыстоўваюцца ў даданых сказах.

У канцы словаў могуць дадавацца клітыкі, напрыклад, са значэньнем «але».

Фаналягічна эскімоска-алеуцкія мовы маюць падабенствы зь іншымі мовамі Паўночнай Амэрыкі і Далёкага Ўсходу Расеі. З галосных адзначаюцца толькі /a, i, u/, аднак у некаторых юпіцкіх дыялектах маецца таксама й /ə/. У мовах эскімоска-алеуцкае сям'і адсутнічаюць абруптыўныя зычныя, але ёсьць глухія выбухныя ў білябіяльнай, пярэднеязычнай, вэлярнай і ўвулярнай пазыцыях; выключэньне складае алеуцкая мова, фанэтыка якой страціла білябіяльныя выбухныя, але захавала насавыя. На вышэйпамянёных пазыцыях існуе супрацьпастаўленьне звонкіх і глухіх фрыкатываў, фанэтычныя лады эскімоскіх моваў маюць таксама глухі альвэалярны лятэральны фрыкатыў. Шматлікія дыялекты алеуцкай і юпіцкай моваў маюць супрацьпастаўленьне глухіх насавых.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эскімоскія мовы занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адныя з найскладанейшых моваў сьвету. У рэкордным сьпісе яны згадваюцца разам з мовамі чыпэва, гайда, табасаранскай і кітайскай мовамі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159—223.
  2. ^ Пераважна ў ангельскамоўнай лінгвістычнай літаратуры, гл. напрыклад Gary Holton. (16 кастрычніка 2012) Overview of Comparative Inuit-Yupik-Unangan (анг.) University of Alaska Fairbanks Праверана 21 студзеня 2014 г.
  3. ^ а б Kaplan, Lawrence. Inupiaq and the Schools — A Handbook for Teachers / McGary, Jane. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
  4. ^ Напрыклад, паводле Ethnologue.
  5. ^ а б в Jacobson, Steven. Central Yupik and the Schools — A Handbook for Teachers. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
  6. ^ Oleg A. Mudrak. 3 // Kamchukchee and Eskimo Glottochronology and Some Altaic Etymologies Found in the Swadesh List. — Аспекты компаративистики. — М.: изд. РГГУ, 2008. — С. 297-336.
  7. ^ Jan Henrik Holst. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Buske Verlag.
  8. ^ М. Т. Дьячок, В. В. Шаповал. Основные положения генеалогической классификации языков. — Генеалогическая классификация языков. — Новосибирск: 2002. — С. 32.
  9. ^ Mattissen, Johanna. Ontology and Diachrony of Polysynthesis / Wunderlich, Dieter. — Advances in the Theory of the Lexicon. — С. 291-294. — ISBN 3-11-019019-2
  10. ^ Mattissen, Johanna. Dependent–Head Synthesis in Nivkh: A Contribution to a Typology of Polysynthesis. — С. 282. — ISBN 90-272-2965-1
  11. ^ Garry, Jane; Rubino, Carl R. Galvez. Facts about the World's Languages. — An Encyclopedia of the World's Major Languages. — С. 842-844. — ISBN 0-8242-0970-2

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Bernet, John W. An Anthology of Aleut, Eskimo, and Indian Literature of Alaska in English Translation. — Fairbanks, Alaska: 1974.
  • Conference on Eskimo Linguistics, and Eric P. Hamp. Papers on Eskimo and Aleut Linguistics. — Chicago: Chicago Linguistic Society, 1976.
  • Dumond, Don E. On Eskaleutian Linguistics, Archaeology, and Prehistory. — 1965.
  • Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159-223.
  • Fortescue, Michael D. Some Problems Concerning the Correlation and Reconstruction of Eskimo and Aleut Mood Markers. — København: Institut for Eskimologi, Københavns Universitet, 1984. — ISBN 87-87874-10-5
  • Fortescue, Michael D., Steven A. Jacobson, Lawrence D. Kaplan. Comparative Eskimo Dictionary with Aleut Cognates. — Fairbanks, Alaska: Alaska Native Language Center, University of Alaska, Fairbanks, 1994. — ISBN 1-55500-051-7
  • Fortescue, Michael. Language Relations across Bering Strait: Reappraising the Archaeological and Linguistic Evidence. — London and New York: Cassell, 1998. — ISBN 0-304-70330-3
  • Greenberg, Joseph H. Volume 1: Grammar // Indo-European and Its Closest Relatives: The Eurasiatic Language Family. — Stanford, California: Stanford University Press, 2000.
  • Greenberg, Joseph H. Volume 2: Lexicon // Indo-European and Its Closest Relatives: The Eurasiatic Language Family. — Stanford, California: Stanford University Press, 2002.
  • Holst, Jan Henrik. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Hamburg: Buske, 2005.
  • Marsh, Gordon H. The Linguistic Divisions of the Eskimo–Aleut Stock. — 1956.
  • Swift, Mary D. Time in Child Inuktitut: A Developmental Study of an Eskimo–Aleut Language. — Studies on Language Acquisition 24. — Berlin: Mouton de Gruyter, 2004. — ISBN 3-11-018120-7
  • Меновщиков Г. А. Эскимосско-алеутские языки. — Языки Азии и Африки. — М.: 1979 Т. ІІІ.
  • Bergsland K. 61 // The Eskimo-Uralic Hypothesis. — Journal de la Societe Finno-Ougrienne. — 1959.
  • Hammerich L. L. The Eskimo Language. — Oslo: 1970.
  • Hamp E. P. On Eskimo-Aleut and Luoravetlan / Eric P. Hamp. — Papers on Eskimo and Aleut Linguistics. — Chicago: Chicago Linguistic Society, 1976. — С. 81-92.
  • Holst, J. H. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Hamburg: 2005.
  • Krauss M. 2 // Eskimo-Aleut. — Current Trends in Linguistics. — 1973 Т. Х.
  • Swadesh M. 17-18 // Unaaliq and Proto-Eskimo. — International Journal of American Linguistics. — 1951-1952 Т. I—V.
  • Vakhtin N. B., Golovko E. V. 11 // The Relations in the Yupik Eskimo Sub-Group According to Lexicostatistics. — Etudes Inuit Studies. — 1987 Т. 1.
  • Woodbury A. Eskimo-Aleut / D. Damas. — Handbook of American Indian Languages.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]