Юравічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Юравічы
Касьцёл і калегіюм езуітаў, 2006
Касьцёл і калегіюм езуітаў, 2006
Вобласьць: Гомельская
Раён: Калінкавіцкі
Сельсавет: Юравіцкі
Вышыня: 161 м н. у. м.
Тэлефонны код: +375 2345
Паштовы індэкс: 247722
Аўтамабільны код: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°56′49.2″ пн. ш. 29°31′47.6″ у. д. / 51.947° пн. ш. 29.529889° у. д. / 51.947; 29.529889Каардынаты: 51°56′49.2″ пн. ш. 29°31′47.6″ у. д. / 51.947° пн. ш. 29.529889° у. д. / 51.947; 29.529889
Юравічы на мапе Беларусі
Юравічы
Юравічы
Юравічы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Ю́равічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Прыпяць. Цэнтар сельсавету Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 743 чал. (2004). Знаходзяцца за 31 км на паўднёвы ўсход ад Калінкавічаў, 34 км ад чыгуначнай станцыі Калінкавічы (лінія Гомель — Лунінец). Рачная прыстань.

Юравічы — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны, адзін з рэлігійных цэнтраў Палесься. У мясцовым касьцёле колісь захоўваўся цудоўны абраз Маці Божай, які карыстаўся вялікаю пашанаю ў навакольнага насельніцтва.

Зьмест

Гісторыя [рэдагаваць]

Выяўленыя археолягамі гарадзішча раньняга жалезнага веку (на тэрыторыі саду) і курганны могільнік — з 14 насыпаў захаваліся 6 (на поўдзень ад гарадзішча), селішчы позьняга палеаліту (у цэнтры вёскі), эпохі мэзаліту (за 1—1,5 км на паўднёвы захад ад цэнтру вёскі) і эпохі нэаліту (1 км на захад ад вёскі) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці. Паводле легенды тут (прыкладна ў 1170) існаваў горад Міжмосьце, але войны і набегі татараў яго ўшчэнт зруйнавалі. Згодна зь іншымі зьвесткамі, тут існаваў замак Відолічы, які ў 1240 спалілі татары.

Першы пісьмовы ўспамін пра Юравічы датуецца 14301432 гадамі. У 1510 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў «на вечнасьць» сяло Багдану Сербіну. Пад 1552 Юравічы згадваюцца ў інвэнтары Мазырскага замка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) мясьціна ўвайшла ў склад Мазырскага павету.

Абраз Маці Божай Юравіцкай

У 2-й палове XVII ст. у Юравічах зьявіліся прадстаўнікі каталіцкага ордэна езуітаў, зь дзейнасьцю якіх зьвязваюць зьяўленьне цудоўнага абраза Маці Божай і ўзьвядзеньне тут сакральнага комплексу. 8 верасьня 1673 адбылося асьвячэньне капліцы, у якую ўрачыста ўнесьлі цудоўны абраз. У 1683 кароль і вялікі князь Ян Сабескі выдаў прывілей, паводле якога паселішча атрымала статус мястэчка.

Паводле адных зьвестак, мураваны касьцёл у Юравічах пачалі ўзводзіць у 1701 і завяршылі да 1715, згодна з другімі — яго заклалі ў 1717 і будавалі амаль 40 гадоў. 27 красавіка 1727 кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку прывілей на штотыднёвыя таргі ў панядзелкі, а таксама рэгулярныя 4 кірмашы: першы на сьвятога Юр’я рускага ўвесну, другі — на сьвятога Юр’я ўвосень, трэці — на нараджэньне Панны Марыі сьвята рымскага, а чацьверты — на Пакровы рускія. У 1742 у Познані выйшла кніга «Крыніца ласкаў духоўных Панны Марыі з гораў Юравіцкіх». У 1756 тут адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 у калегіюм. 5 верасьня 1758 абраз Божай Маці перанесьлі з драўлянага касьцёла ў мураваны. У 1778 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наноў перавёў сяло ў шэрагі мястэчак.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Юравічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкім павеце Менскай губэрні. Па ліквідацыі ордэна езуітаў у 1820 кляштар перайшоў да мазырскіх бэрнардынаў. У 1836 у мястэчку збудавалі драўляную царкву Сьвятой Багародзіцы.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі Юравіцкі кляштар, аднак у 1841[2] будынкі вярнулі каталікам. Станам на 1834 існавалі аднайменныя мястэчка (51 двор) і сяло (66 двароў), на 1848 — 115 двароў, на 1866 — 134. У 1865 адкрылася народная вучэльня (у 1885 — 45 навучэнцаў), у 1875 — жаночая (у 1885 — 28 навучэнак). Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1866 расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл на царкву. Цягам 18731876 у межах палітыкі маскалізацыі Беларусі на бажніцу надбудавалі 12 купалоў-цыбулінаў. Паводле вынікаў перапісу (1897) існавалі аднайменныя мястэчка (201 двор, царква, капліца, 2 малітоўныя школы, 40 крамаў, 4 майстэрні апрацоўкі скуры, 2 карчмы), сяло (108 двароў; капліца, 2 народныя вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, хлебозапасны магазын, 2 вятракі, конны млын, карчма) і фальварак. У пачатку XX ст. працавалі школа і аптэка, станам на 1901 зь мясцовай прыстані адправілі 501 тыс. пудоў грузаў (лес, сельскагаспадарчыя прадукты) і разгрузілі 4 тыс. пудоў[3].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Юравічы вярнулі БССР, дзе яны зрабіліся цэнтрам раёну (з 8 ліпеня 1931 у Рэчыцкім раёне). Станам на 1930 існавалі вёскі Юравічы-1, Юравічы-2 (разам 2300 двароў) і мястэчка (114 двароў). У 1936 утварыўся народны хор, які неўзабаве атрымаў шырокую вядомасьць. 27 верасьня 1938 статус паселішча панізілі да вёскі.

Паводле вынікаў перапісу (1959) у Юравічах існавалі цагельня, швацкая і шавецкая майстэрні, лясьніцтва, тэхнікум, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, краязнаўчы музэй, клюб, бібліятэка, лякарня, аптэка, вэтэрынарны ўчастак, пошта, 5 крамаў. У 1958 на загад мясцовага старшыні калгасу касьцёл пачалі разьбіраць на цэглу. У наш час вядзецца аднаўленьне бажніцы як уласнасьці Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Станам на 2004 у вёсцы было 333 гаспадаркі.

Насельніцтва [рэдагаваць]

Забудова [рэдагаваць]

Плянаваньне Юравічаў складаецца з доўгай, дугападобнай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай арыентацыі, якая ў цэнтры перасякаецца амаль прасталінейнай шыротнай вуліцай. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

Транспарт [рэдагаваць]

Існуе транспартнае злучэньне палявой дарогай з шашой Р35 (Гомель — Лунінец), якая праходзіць за 2 км на ўсход ад вёскі.

Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]

Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]

Помнікі археалёгіі: горад пэрыяду Сярэднявечча ва ўрочышчы Гарадок, на правабярэжнай тэрасе ракі Прыпяць; стаянкі пэрыяду верхняга палеаліту (менавіта тут 26 тыс. рокаў таму на рацэ Прыпяць месьцілася стаянка першабытнага чалавека). Адкрыў стаянкі ў 1929 беларускі археоляг Юльян Попель.

  • Касьцёл і калегіюм езуітаў (17101746)

Страчаная спадчына [рэдагаваць]

  • Капліца

Цікавыя факты [рэдагаваць]

  • На Юравіцкім абразе месьцілася срэбная карона, што ўскосна сьведчыць пра малавядомы, але важны момант — магчыма, мясцовы абраз Маці Божай быў каранаваны (агулам у сьвеце налічваецца менш за тры дзясяткі каранаваных абразоў)[5]
  • Каля Юравічаў знаходзіцца найвышэйшы пункт Калінкавіцкага раёну (167,5 м над узроўнем мора)

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4.
  2. ^ Аляксандр Ярашэвіч. Пакуты Юравіцкага касцёла // «Наша Вера» № 2 (24), 2003.
  3. ^ Юровичи // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
  5. ^ Яўген Малікаў. Нябесная заступніца беларускага Палесся // «Гомельская праўда», 3 красавіка 2008.

Літаратура [рэдагаваць]

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]