Юрка Моніч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ю́рка (Ягор Адамавіч) Мо́ніч (1890, Малыя Жаберычы[1] Лошніцкай воласьці Барысаўскага павету, цяпер у Крупскім раёне Менскай вобласьці — 23 траўня 1924, каля станцыі Крупкі) — беларускі паўстанец-атаман.

Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За ім – Васіль Муха. Вялікае Стахава, 1919 г.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юрка Моніч нарадзіўся у 1890 годзе ў сялянскай сям’і. Адвучыўся на настаўніка, настаўнічаў. Быў мабілізаваны на фронт, за асабістую мужнасьць атрымаў Георгіеўскі крыж. Дэмабілізаваны ў званьні падпаручніка.

Кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 году, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.

У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле. Па сьмерці Лукаша аддзел пад камандаваньнем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна. Апэраваў пад выглядам атраду аршанскае міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў. Займаўся вяртаньнем сялянам забранага ў іх праз харчразьвёрстку харчу, зьдзяйсьняў напады на чыгуначныя станцыі, цягнікі, заводы, валвыканкамы, забойствы камуністаў і савецкіх працаўнікоў. Атрад сыходзіў ад перасьледаў бяз стратаў, на зімоўку пераходзячы ў Польшчу[2].

10 кастрычніка 1923 году атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кілямэтры ад станцыі Слаўнае (на перагоне БобрТалачын) спыніў цягнік «Бэрлін — Масква», у якім ехалі ангельскія, францускія ды італьянскія дыпляматы, а таксама савецкія чыноўнікі. Замежнікі былі абрабаваныя, а камуністам на загад Моніча далі ў прысутнасьці дыпляматаў па сорак шомпалаў. Сваю частку здабычы Моніч аддаў на карысьць «Зялёнага дубу»[3].

Гісторыя з рабаваньнем міжнароднага цягніка выклікала гістэрыку ў Маскве, адкуль быў кінуты спэцаддзел ГПУ для зьнішчэньня Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца году большасьць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасьці прыцягнута 75 чалавек, 22 зь якіх у лютым 1924 былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакараньня. Сярод іх была й грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак[4] (сапр. Хяўроньня Наўроцкая).

23 траўня 1924 году Моніч загінуў падчас страляніны з атрадамі ЧОН, ягонае зьнявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб застрашыць магчымых прыхільнікаў і пасьлядоўнікаў. Пазьней яго перавезьлі ў Барысаў для апазнаньня ягоным таварышам па барацьбе, што ўтрымліваліся ў Доме папярэдняга расьсьледаваньня[4]. Месца пахаваньня невядомае. Паводле аднае з вэрсіяў, мог быць пахаваны на Барысаўскіх батарэях разам зь іншымі расстралянымі сябрамі свайго атраду.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Уладзімер Давыдоўскі. (27 лістапада 2008) Дзьве вёскі — два лёсы…. Радыё «Свабода»Праверана 29 лютага 2012 г. Архіўная копія
  2. ^ Советская деревня глазами ВЧК Том 2.34 (рас.) Советская деревня глазами ВЧК ОГПУ НКВД Том 2. Blogspot (26 жніўня 2008). Праверана 29 траўня 2012 г.
  3. ^ Боні і Клайд антыбальшавіцкай партызанкі Гісторыя. Наша Ніва (28 сакавіка 2012). Праверана 29 траўня 2012 г.
  4. ^ а б Валеры Раховіч. (20 лютага 2011) Юрка Моніч. Правы альянсПраверана 29 траўня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]