Юры Туронак
| Юры Туронак | |
| Jerzy Turonek | |
Юры Туронак ва ўнівэрсытэце Collegium Civitas у Варшаве, чэрвень 2010 |
|
| Род дзейнасьці | гісторык |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 26 красавіка 1929 |
| Месца нараджэньня | |
Юры Туронак (па-польску: Jerzy Turonek; нарадзіўся 26 красавіка 1929, Дукшты, Польшча) — польскі гісторык беларускай нацыянальнасьці, дзяяч беларускай меншасьці ў Польшчы.
Нарадзіўся 26 красавіка 1929 году ў Дукштах у Віленскім ваяводзтве ў Польшчы. Сын вядомага заходнебеларускага палітычнага дзеяча, лекара Браніслава Туронка. Скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, дзе займаўся дасьледаваньнямі каньюнктуры міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Эўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэнэве.
З пачатку 1960-х займаецца гістарычнымі дасьледаваньнямі: вывучэньнем нацыянальнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, беларуска-польскіх дачыненьняў у ХХ стагодзьдзі, гісторыі Рыма-Каталіцкага Касьцёла. У 1986 годзе ў Варшаве абараніў доктарскую дысэртацыю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй».
Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» (1992), «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (1993), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Людзі СБМ» (2006). Увосень 2006 году ягоныя ранейшыя працы былі перадрукаваныя ў зборніку «Мадэрная гісторыя Беларусі». У сакавіку 2008 году выйшла перавыданьне вядомага твора Юрыя Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», у кнігу ўвайшло таксама дасьледаваньне «Людзі СБМ», якое выйшла ў 2006 годзе. Тады частка накладу была канфіскавана супрацоўнікамі міліцыі і КДБ[1].