Юр’ё Эльфэнгрэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Юр’ё Эльфэнгрэн
фін. Yrjö Elfvengren
8 верасьня 188910 чэрвеня 1927
Elfvengren.jpg
Месца нараджэньня горад Хаміна ці пасёлак Карміла, Выбарская губэрня,Вялікае княства Фінляндзкае, Расейская імпэрыя
Месца сьмерці Масква, СССР
Прыналежнасьць Сьцяг РасеіРасейская імпэрыя,
Сьцяг ФінляндыіФінляндыя,

Inkerin lippu.svgПаўночная Інгрыя,
Flag of Belarus (1991-1995).svgБеларуская Народная Рэспубліка

Гады службы 19101921
Званьне палкоўнік
Бітвы/войны Першая сусьветная вайна
Грамадзянская вайна ў Фінляндыі
Грамадзянская вайна ў Расеі
Узнагароды Ордэн Сьвятога Георгія

Ю́р’ё (Георгі) Эльфэнгрэ́н (па-фінску: Yrjo (Georg) Elfvengren, па-расейску: Юрьё (Георгий Евгеньевич) Эльфенгрен; 8 верасьня 1889, Карміла — 10 чэрвеня 1927, Масква) — фінскі дваранін, белы афіцэр, кіраўнік непрызнанай дзяржавы Рэспубліка Паўночная Інгрыя (чэрвень—жнівень 1919 году), дарадчык прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў Фінляндыі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карэльскі (Усходне-фінляндзкі) род Эльфэнгрэнаў узыходзіць да 17 стагодзьдзя. Заснавальнікам яго быў афіцэр швэдзкага войска Энак Эльфэнгрэн (1685—1773). Бацькамі яго былі пісарчук кавалерыйскага палку Каспэр Эльфэнгрэн і Гелена Рыдар, якія жылі ў Выбаргу. Нарадзіўшыся ў Выбаргу, Энак паступае на службу ў Карэльскі кавалерыйскі полк палкавым пісарчуком, становіцца карнэтам, а ў 1718 годзе лейтэнантам. У 1714 ён жэніцца на Ганьне Карлштат, удзельнічае ў Вялікай Паўночнай войне.[1]

У яго было тры сыны, якія заснавалі тры галіны вялікага роду: капітан Карл Энак Эльфэнгрэн (1716—1768), пасьля бургамістар Фрыдрыксгамну; прапаршчык Савалацкага палку Абрагам Эльфэнгрэн (1728—1798 — пазьней фогт у Нурмэсе); капітан Пэтэр Юган Эльфэнгрэн (1735—1805). Усе яны былі жанатыя й мелі дзяцей. Да роду прыналежаў старшыня Выбарскага надворнага суду Эгід Эльфэнгрэн (1860—1929), які быў арыштаваны ў перадрэвалюцыйныя гады за вернасьць ідэі незалежнай Фінляндыі, і таварыш Карла Манэргейма па юнкерскай вучэльні Эдвард Аляксандар Эльфэнгрэн (1867—1934).[1]

Юр’ё нарадзіўся ў 1889 годзе ў мястэчку Карміла (каля Сартавалы) у сям’і палкоўніка расейскага войска Уна Эўшэна Эльфэнгрэна й перакладчыцы Адэлаіды-Марыі Шчавінскай. Вучыўся ў народнай школе. Як раз у гэты час гэты край ахоплівае бурны нацыянальны ўздым другой паловы ХIХ. Карэлы, якія доўгі час знаходзіліся пад панаваньнем Расеі, усьвядомілі сябе часткай маладой фінскай нацыі, якая разьвівала сваю культуру, мастацтва, дзяржаўную мову. Першыя 10 гадоў жыцьця Эльфэнгрэна, праведзеныя на берагох Ладагі адбіліся на яго самасьвядомасьці, праз што ён і пазьней ён лічыў сябе карэлам. З 1900 па 1903 гады ён вучыўся ў горадзе Санкт-Пецярбург, у 1-м Кадэцкім корпусе, з 1903 па 1906 гады — у Марскім кадэцкім корпусе. Пасьпяховасьць яго, прынамсі, у 1900—1906 гадох, была сярэдняй: у перакладзе на 5-бальную сыстэму — ад 3 да 4. Першыя гады замінала дрэннае валоданьне расейскай мовай. «Фізычнае разьвіцьцё адпавядае ўзросту; хоць здаецца худым і кволым, але ніколі не хварэе.» «Малаадкрыты, малапраўдзівы, хітры <…> да спагнаньняў ставіцца ўзлавана»[2] . Першыя гады вучобу ўскладняла дрэннае валоданьне рускай мовай, якое, відавочна ў значнай меры паўплывала на згаданыя ў характарыстыках рысы характару. Імкненьне праводзіць сваю лінію, рэзка адказваць вышэйстаячым начальнікам і ўплывовым палітычным лідэрам ускладнялі яго ваенную кар’еру, але дапамагалі знаходзіць нестандартныя рашэньні, прадпрымаць рызыкоўныя й адчайныя рашэньні. З 1906 па 1908 гады ён вучыўся ў Аляксандраўскам кадэцкім корпусе, і з 1908 па 1910 гады — у Мікалаеўскай кавалерыйскай вучэльні, дзе калісьці вучыўся й Карл Манэргейм[3].

З 1910 па 1916 год (зь перапынкам у 19131914) Юр’ё служыў у Лейб-гвардыі Кірасірскім Яе Вялікасьці палку, у складзе якога ўдзельнічаў у бітвах Першай сусьветнай вайны. Вось так выглядае яго атэстацыя ў гэтым палку:

« «Атэстацыя за 1912 г. карнэта Георгія Эльфэнгрэна, малодшага афіцэра лейб гвардыі Кірасірскага Яе вялікасьці палку, складзеная камандзірам палка: Карнэт Эльфэнгрэн, вельмі добры страявы афіцэр, захапляецца ваеннай справай і ўсё яму даручанае выконвае зь вялікай стараннасьцю й любоўю; да ніжніх чыноў ставіцца выдатна, тактычны, дысцыплінаваны, і выхаваны. Як палявы камандзір выбітны, вельмі любіць выведку й вельмі спрыяе посьпеху выведвальнай службы й палявой працы ў эскадроне Яе вялікасіці. Любіць язду на кане й спорт. Цягавіты, мае дужае здароўе. Мае добрыя маральныя й разумовыя якасьці. Выдатны таварыш і вораг інтрыг. Да віна прыхільнасьці ня мае. Нягледзячы на нядоўгую службу ў палку цалкам заслугоўвае званьня „выдатнага“ обэр-афіцэра». »

Падчас вайны Эльфэнгрэн быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Георгія, які палучыў за выкананьне баявой задачы, якая патрабавала выклюнай мужнасьці:

« «Паведамляю таксама, што 25 траўня 1916 году паручнік Г.Е. Эльфэнгрэн, закліканы з запасу Гвардзейскай кавалерыі, які састаяў ад'ютантам пры камандзіру 3-го армейскага корпусу, быў узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ступені «за тое, што 21 лютага 1915 г. у пэрыяд лютаўскіх баёў Ковенскага атраду, пракраўся ў тыл непрыяцеля і, штохвіліны рызыкуючы жыцьцём, вёў назіраньні й даваў вельмі каштоўныя зьвесткі пра дзеяньні суперніка, руйнуючы пры гэтым непрыяцельскія тэлеграфныя й тэлефонныя правады, чым прынёс вельмі істотную карысьць справе і спрыяў пасьпяховым дзеяньням нашых войскаў»[4]. »

У 19161917 гадах Юр’ё Эльфэнгрэн быў ад'ютантам камандзіра III армейскага корпусу[4]. Па падазроне ў падрыхтоўцы замаху на імпэратрыцу Аляксандру Фёдараўну й яе фрэйліну Ганну Вырубаву, Эльфэнгрэн быў арыштаваны. Яму пагражала ссылка ў Валагодзкую губэрню, аднак гэтаму перашкодзіла Лютаўская рэвалюцыя[3][5].

Першыя гады Рэвалюцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Юр’ё Эльфэнгрэн быў намесьнікам старшыні Зьвязу Георгіеўскіх кавалераў[6]. Ён актыўна ўдзельнічаў у Карнілаўскім выступе, пасьля правалу якога, у жніўні 1917 году Юр’ё Эльфэнгрэна выслалі ў Крым. У Крыме з кастрычніка 1917 па 1918 год Юр’ё Эльфэнгрэн браў удзел у антыбальшавіцкім паўстаньні крымскіх татараў, дзе камандваў татарскімі атрадамі. Эльфэнгрэн прымаў удзел у баі за Севастопаль[7].

Раўту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 1918 году ён таемна, празь Петраград вяртаецца ў Фінляндыю, якая апанаваная грамадзянскай вайной між камуністычнымі сіламі і ўрадам Фінляндыі. У руках першых знаходзілася сталіца й амаль усе буйныя гарады, а таксама больш заселены поўдзень краіны. У Вааса з пакінутых на волі дэпутатаў і дзяржаўных дзеячоў ствараецца часовы ўрад, які ўзяў на сябе справу аднаўленьня законнай улады. За стварэньне ўзброеных сіл узяўся генэрал Карл Густаў Манэргейм. Падпольная арганізацыя ў Пецярбургу арганізуе перапраўку з Расеі ў Фінляндыю афіцэраў-фінаў, якія служылі да гэтага ў расейскім войску. Так, 18 лютага 1918 году Юр’ё Эльфэнгрэн залічаны ў сьпісы асабовага складу фінскага войска як ротмістар. А ўжо ў сакавіку Эльфэнгрэн пачаў камандаваць 1-м Карэльскім палком, сфармаваным зь мясцовых добраахвотных атрадаў шуцкору (мясцовай самаабароны). Перад ім ставіцца задача спыніць амаль дзьвюхтысячны атрад бальшавікоў і камуністычных фінаў, які ўварваўся з Расеі ў Фінляндыю ў раёне Раасулі (цяпер Арэхава), і вызваліць захоплены імі буйны населены пункт Раўту (цяпер Хваёва) ва ўсходняй частцы Карэльскага пярэсмыку. Атрад складаўся галоўным чынам з расейскіх салдатаў і працоўных (1450) чалавек і 350 чырвоных фінаў (відавочна працаўнікоў петраградзкіх заводаў). Камандаваў зборным атрадам бальшавік прапаршчык Прыгароўскі. Да чырвоных па чыгунцы ўвесь час прыбывала падмацаваньне. Эльфэнгрэн жа меў усяго 630 чалавек. Тым ня менш, 25 сакавіка невялічкі атрад Эльфэнгрэна здолеў перайсьці мяжу й зруйнаваць прыгранічную станцыю Лембалава, пазбавіўшы чырвоных магчымасьці атрымліваць падмацаваньне. Узмацніўшы полк егерскім батальёнам і артылерыйскай батарэяй, Эльфэнгрэн пачынае абстрэліваць Раўту. Пасьля артылерыйскай падрыхтоўкі пачынаецца кровапралітны бой, які выматаў абодва бакі. Уначы чырвоныя вывелі з ладу прылады й доўгай калёнай рушылі па шашы ў бок мяжы. Непадалёку ад мяжы, калёну чырвоных, яка расьцягнулася ўздоўж мяжы, атакуюць атрады карэлаў Эльфэнгрэна. Пад кулямётным агнём загінула каля 850 чырвоных, 1200 здаліся ў палон і толькі 160 чалавек сыходзяць празь мяжу назад[8]. Пасьля гэтай перамогі Эльфэнгрэна назавуць героем Раўту. Вось што пісаў у сваіх мэмуарах Карл Манэргейм:

« «Найболей складанае становішча склалася на пляцдарме каля Ладаскага возера. Там 1-й Карэльскі полк шуцкору пад камандаваньнем ротмістра Эльфэнгрэна перакрыў дарогу праз Вуоксі на Ківініемі. Яму супрацьстаяў атрад колькасьцю да дзьвюх тысячаў чалавек, які меў на ўзбраеньні вялікую колькасьць гарматаў і кулямётаў. Гэты атрад захапіў чыгуначную станцыю Раўту... Эльфэнгрэн вырашыў праявіць ініцыятыву й прыняў рашэньне пачаць актыўную абарону. 25 сакавіка падразьдзяленьні яго палка распачалі глыбокі рэйд на тэрыторыю Расеі, каб перарэзаць дарогу на Петраград. Адначасова шуцкораўцы абкружылі часткі чырвоных ў Раўту. Мы знайшлі магчымасьць узмацніць полк егерскім батальёнам і некалькімі батарэямі. 5 красавіка супернік быў разгромлены й зьбег за мяжу. Карэлы захапілі некаторыя ваенныя трафеі - 15 прылад, 49 кулямётаў, 2000 вінтовак і велізарную колькасьць боепрыпасаў. Страты шуцкораўцаў у гэтых баях былі вялікія, і тым ня менш перамога ў Раўту дазволіла ўмацаваць зыходныя пазыцыі для хуткага наступу на Карэльскім пярэсмыку.»[9]. »

У канцы красавіка полк падышоў да Тэрыёкі, але змушаны быў адступіць, патрапіўшы пад артылерыйскі агонь. Аднак на наступны дзень чырвоныя самі пакінулі Тэрыёкі пад пагрозай абкружэньня. Юр’ё Эльфэнгрэн становіцца камэндантам гораду Тэрыёкі. Паліцмайстарам ён прызначае вядомага паэта й грамадзкага дзеяча Міку Ўоцінэна, які ад пачатку служыў з Эльфэнгрэнам у 1-м Карэльскім палку.

Пасьля вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны у Фінляндыі Юр’ё Эльфэнгрэн уваходзіў у склад дэлегацыі фінскай Карэліі, якая перадала старшыні парлямэнту Сьвінхувуду прапановы па ўладкаваньні паўднёвай Карэліі са сталіцай у Выбаргу[10]. У 1918—1919 гадах Юр’ё Эльфэнгрэн быў камандзірам Выбарскай і Памежнай акругаў у Тэрыёкі[3][5]. Увесну 1919 году Эльфэнгрэн распрацаваў пляны сумеснага наступу на Петраград войска Юдзеніча й фінскага войска, якія абмяркоўваў з рознымі фінскімі палітыкамі[11].

Барацьба за незалежнасьць Паўночнай Інгрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полк Паўночнай Інгрыі ў Кір’ясала, зіма 1920 г. Наперадзе камандзір палка Юр’ё Эльфэнгрэн

Зь ліпеня па кастрычнік 1919 году Юр’ё Эльфэнгрэн быў камандзірам Паўночна-Інгерманляндзкага палку ў Кір’ясала. У гэты пэрыяд ён узначаліў узьніклую на мяжы зь Фінляндыяй дзяржаву Рэспубліка Паўночная Інгрыя. Пра гэтыя падзеі Юр’ё Эльфэнгрэн успамінаў вось што:

« «Такім чынам, гэтая дэлегацыя (Часовая камісія Паўночнай Інгрыі) на сваім шляху з памежнай вобласьці ў Гельсынфорс, спынілася ў Выбаргу, дзе я тады ўвесь час пражываў, і зьявілася па мяне. Павінны прызнацца, што да гэтага я пра Інгерманляндыю ці інгерманляндцаў амаль паняцьця ня меў, вельмі цьмяна й смутна ўяўляў сабе, хто яны. Пра паўстаньне ведаў толькі з газэт, ня маючы да гэтага ніякіх да іх ні адносінаў, ні дачыненьняў. У гэты пэрыяд я пражываў зь сям'ёй у Выбаргу, дзе жонцы рабілі вельмі сур'ёзную апэрацыю, а я за кампанію, каб быць разам, лячыўся ад галавы, затым мы ўладкаваліся ў гарадзкой кватэры й пасьля параўнальна нядаўняга вясельля мірна праводзілі час пачатку сямейнага жыцьця. Я ні на якой службе не састаяў, быў ня ў справаў, у даволі цяжкім фінансавым становішчы, карыстаючыся асабістым крэдытам, які мне фінскія банкі аказалі. Ад няма чаго рабіць палітыкальстваваў у фінскай палітыцы, вёў сяброўскія адносіны з Гакцэлем (цяперашнім [дапрос адбываўся дзесьці ў 1926 - 1927 годзе] пасланцам у СССР) [маецца на ўвазе вядомы фінскі палітык, прэм'ер-міністар Фінляндыі ў 1944 годзе Анці Гакцэль], які тады быў губэрнатарам у Выбаргу, Рантакары (дырэктар банка й палітык), Цесьлявым, які быў камандырам мясцовай дывізіі й некаторымі іншымі фінамі... Зьяўленьне да мяне вышэйзгаданай дэлегацыі інгерманляндцаў стала для мяне зусім нечаканым. Выслухаўшы іх тлумачэньні й прапановы, я зацікавіўся імі, але адказаў, што ня маючы ў прынцыпе нічога супраць іх прапановы, магу прыняць яе толькі ў тым выпадку, калі атрымаю на гэта адпаведныя ўказаньні ад фінскага ўраду...

У дэлегацыю гэту ўваходзілі наколькі я памятаю, Цітанэн, стары Тапанайнэн (бацька), і Кока. Перамовы вёў галоўным чынам Цітанэн... У выніку гэтай паездкі й перамоў я быў выкліканы ў Хэльсынкі да ваеннага міністра й атрымаў ад яго ўказаньне ўраду, а таксама атрымаў празь яго ўказаньне ўраду прыняць на сябе арганізацыю й кіраўніцтва інгерманляндзкім атрадам, бо ўрадам было вырашана дапамагчы яму зброяй і іншымі забесьпячэньня.»[10].

»

Амаль адразу прыняўшы камандаваньне, Эльфэнгрэн аддае загад пра наступ. На некалькі дзён у руках паўстанцаў апыняецца амаль уся памежная паласа. Аднак пасьля таго, як чырвоныя перакідваюць падмацаваньне, паўстанцы адыходзяць, захаваўшы за сабой толькі Кір’ясальскі выступ[11].

Выступленьне выклікае незадаволенасьць у кіроўчых колах Фінляндыі. Міністар замежных справаў Холсьці прапануе арыштаваць Эльфэнгрэна й «высьвятліць, на каго ён працуе». Па яго меркаваньні, Эльфэнгрэн спрабаваў справакаваць канфлікт і ўцягнуць Фінляндыю ў вайну на баку Юдзеніча. На кароткі час Эльфэнгрэн адхіляецца ад камандаваньня й замяняецца фінскім афіцэрам лейтэнантам Рыхтніэмі, аднак ужо напачатку кастрычніка па шматлікіх просьбах інгерманляндцаў Эльфэнгрэн вяртаецца на свой пост[12]. 13-14 кастрычніка ў Хэльсынкі адбыўся збор розных арганізацыяў, якія ставілі мэтай аб’яднаньне фіна-вугорскіх народаў — у тым ліку «Ўсходне-карэльскага камітэту», «Карэльскага нацыянальнага зьвязу», Часовага Алонецкага ўраду, урадаў Паўночнай Інгерманляндыі й Заходняй Інгерманляндыі, а таксама прадстаўнікоў Эстоніі. Збор канстатаваў, што хоць Фінляндзкі ўрад і сойм спачуваюць мэтам гэтых арганізацыяў, рэальнай дапамогі ад іх не відаць. Прэзыдэнту, ураду, сойму быў накіраваны дакумэнт, у якім выяўлялася надзея, што Фінляндыя акажа неадкладную актыўную дапамогу ў вызваленьні паўстаўшых карэлаў і інгерманляндцаў"[11].

На працягу лета-восені 1919 году Юр’ё Эльфэнгрэн усталёўвае сталы кантакт з прадстаўніком Юдзеніча ў Фінляндыі генэралам Арсенем Гулевічам і кіраўніком Паўночна-Заходняга ўраду Ліянозавым. Сур’ёзная фінансавая дапамога з боку белых дапамагае стварыць свой шпіталь, увесьці ўласную форму, палепшыць забесьпячэньне. Батальён ператвараецца ў полк і ўвосень 1919 году налічвае больш паўтары тысячаў чалавек. Новы наступ, распачаты 21 кастрычніка, плянуецца сумесна зь Юдзенічам. Адначасова з боку мяжы павінныя былі выступіць чатыры дывізіі фінскага войска. Улічваючы малую адлегласьць ад тагачаснай мяжы і фактычную адсутнасьць там рэгулярных войскаў, якія маглі б у гэты момант быць перакінутымі на заходні кірунак, падзеньне чырвонага Петраграду станавілася непазьбежным. У адпаведнасьці з дамовай паміж Юдзенічам і ўрадам Фінляндыі фінскія войскі (у выпадку калі б яны першымі ўвайшлі ў горад) павінны былі заняць горад і выконваць функцыі ваеннай паліцыі да стабілізацыі становішча ў Расеі, пасьля чаго павіны былі б вярнуць горад расейскім уладам. Гарачым прыхільнікам сумеснага выступу быў Карл Густаў Манэргейм і шматлікія ўплывовыя палітыкі. Ідэя выступу, зь якім злучалася вызваленьне ад прыгнёту бальшавікоў роднасных народаў, была вельмі папулярная ў Фінляндыі. Прыхільнік мірных перамоваў прэзыдэнт Каарла Юха Стольбэрг змушаны быў улічваць гэта. Пляны сумеснага выступу пахаваў Юдзеніч. Пачаўшы наступ на некалькі дзён раней узгодненага тэрміну й акрылены першымі посьпехамі, ён адмовіўся ад дапамогі фінаў, калі ў Фінляндыі ўжо была абвешчана мабілізацыя[11].

Юдзеніч ня толькі адмовіўся ад дапамогі фінаў, але й папярэдзіў, што выступленьне фінаў будзе разгледжавацца расейскім белым войскам як варожы акт, накіраваны супраць Расеі. Гэтым неадкладна скарыстаўся прыхільнік міру Стольбэрг, ён адмяніў мабілізацыю, і калі ўжо празь некалькі дзён белыя адчайна запросяць дапамогі, Стольбэрг, на гэты раз ужо падтрыманы фінскім урадам, катэгарычна адмовіўся.

Але гэтая сытуацыя нічога не зьмяняла ў плянах Эльфэнгрэна, і 21 кастрычніка інгерманляндцы пачалі наступ. Кульмінацыяй яго павінна было стаць Токсава (культурны цэнтар Паўночнай Інгерманляндыі) і выйсьце да паўночных ускраінаў Петраграду. Пры штабе Эльфэнгрэна ў якасьці назіральнікаў знаходзіліся чатыры афіцэры Паўночна-заходняга войска. Эльфэнгрэн ня ведаў пра тое, што менавіта ў гэты дзень Паўночна-заходняе войска пацярпела зруйнавальную паразу ля Пулкаўскіх высот[6][10][13]. Гэта дазваляе чырвоным перакінуць на пярэсмык дадатковыя сілы. Відавочна, выступ інгерманляндцаў плянавалася пачаць у самы цяжкі для бальшавікоў момант, калі белыя павінныя былі пачаць штурм Петраграду. Інгерманляндцы пры гэтым амаль не сустракаючы супраціву маглі б выйсьці да паўночных ускраін, дэзарганізаваўшы тыл і выклікаўшы паніку. Чалец Паўночна-заходняга ўраду Маргуліес пісаў:

« «Некаторай дапамогай Юдзенічу зьявілася ўварваньне атраду Эльфэнгрэна на савецкую тэрыторыю. Палкоўнік Эльфэнгрэн выступіў у Карэліі з 3 тыс. чалавек, каб адцягнуць сілы бальшавікоў ад нас.»[14][15] »

Журналістам Кірдзяцовым выказвалася думка, што задачай Эльфэнгрэна было «стварыць у памежным раёне такое становішча, каб фінскія вінтоўкі самі пачалі страляць.»[16]. Такім чынам, былі надзеі ўцягнуць у вайну Фінляндыю, насуперак палітыцы яе прэзыдэнта й парлямэнта. Да гэтага імкнуліся, відавочна, і шматлікія фінскія вайскоўцы — прыхільнікі сумесных дзеяньняў. Так, падчас наступу Юдзеніча фінская берагавая батарэя Пумала зрабіла некалькі стрэлаў па Кранштату, выклікаўшы зваротны агонь чырвоных.

На некалькі дзён прымежная паласа зноў апынулася ў руках паўстанцаў. Байцам Т. Марку й А. Савалайнэну было даручана ўзьняць інгерманляндзкі сьцяг на Понтусавай гары (гара, якая ўзвышаецца над Токсава. Паводле падданьня, у канцы XVI стагодзьдзя на гэтай гары знаходзіўся лягер швэдзкага вайскоўцы Понтуса Дэлягарды) над Токсава, духоўным і культурным цэнтрам Паўночнай Інгрыі, аднак, гэтым плянам не наканавана было спраўдзіцца. Па ўспамінах Эльфэнгрэна:

« «Памятаю, у гэты дзень выпала першая сьнежка. Абыходная калёна двух батальёнаў была пад камандай Ціранэна. Я зь Цітанэнам заставаўся ў Кір'ясала, дзе былі засяроджаны кулямёты зь іх камандамі. Калі ва ўмоўлены час гэты абоз з кулямётамі стаў падыходзіць да ўзьлеску лесу, то з умацаваных пазыцыяў, якія былі лепш абаронены, чым раней, па лесе і дарозе быў адкрыты кулямётны і стрэльбавы агонь. Аркестар, які быў пры гэтым абозе з кулямётамі, зайграў інгерманляндзкі марш, а кулямёты былі зьняты з калёс і разгарнуліся ў шырокі цэп, пасьля чаго па сыгнале начальніка ўсёй гэтай калёны адначасова адкрылі агонь». »

Эльфэнгрэн месьціў свой штаб непадалёк ад Кексгольмскага гасьцінцу. Неўзабаве ён дазнаўся, што Лембалава вызвалена. Аднак, чырвоныя перакідаюць на пярэсмык новыя часткі, бронецягнік і артылерыю. Эшалён з 4-мя гарматамі для інгерманляндцаў быў затрыманы на Карэльскім пярэсмыку фінскімі ўладамі ў выніку інтрыг супернікаў Эльфэнгрэна, якім атрымалася пераканаць урад, у тым, што інгерманляндцамі камандуюць расейскія белыя афіцэры. Дзеяньні Юдзеніча спарадзілі недавер да ўсяго расейскага. Прыбылая прама на фронт камісія, якая складалася з дэпутатаў сойму, абвяргае гэтыя здагадкі, але час быў страчаны, і гарматы прыбылі ўжо пасьля канчатка баявых дзеяньняў і ніколі не выкарыстоўваліся.

Пры досыць вялікай працягласьці фронту Эльфэнгрэн ня меў надзейнай сувязі з надыходзячымі батальёнамі й яго загады, што прыходзілі зь вялікім спазьненьнем, часта ня мелі практычнага значэньня ў хутка зьменлівым становішчы.

Разьвітвальны парад у Кір’ясала, 6 сьнежня 1920

Пасьля бязьлітасных баёў ля станцыі Куйвозі (Грузіна), якая на паўгадзіну была занята паўстанцамі, атрадам Эльфэнгрэна зноў прыйшлося адыходзіць.

Пасьля паразы Эльфэнгрэн разгортвае падрыхтоўку новага наступу. Зь Фінляндыі прыбываюць 4 гарматы, фармуецца артылерыйская батарэя. Полк усё больш набывае рысы рэгулярнага войска. Зьдзяйсьняюцца партызанскія рэйды ў прымежныя мясцовасьці. Уводзіцца свая ўласная форма. Выведвальныя групы даходзяць да Токсава. У палітычным пляне яшчэ больш умацоўваецца ўзаемадзеяньне з Паўночна-заходнім урадам, што выклікае незадаволенасьць у кіроўчых колах Фінляндыі, якія рыхтуюцца да падпісаньня мірнай дамовы з Савецкай Расеяй. Аб’яднаньне з расейскім белым рухам усьведамляецца большасьцю інгерманляндзкіх лідэраў як адзіная магчымасьць працягваць барацьбу супраць бальшавікоў. Фінансавая дапамога Паўночна-заходняга ўраду дазваляе пачаць энэргічную рэарганізацыю. На зборы ў Раўту Эльфэнгрэн становіцца старшынём Часовай камісіі (часткай ураду Паўночнай Інгрыі) і атрымлівае фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Радыкальныя нацыяналісты, якія выступалі супраць супрацоўніцтва з расейскім белым рухам, выводзяцца са складу камісіі. Часовая камісія Паўночнай Інгрыі ўводзіць уласную ўзнагароду — Крыж Белай Сьцяны, уводзіць у зварот свае паштовыя маркі, выпускае газэту «Kirjasalon Sanomat». Над Кір’ясала ўздымаецца нацыянальны сьцяг інгерманляндзкіх фінаў. Дзейнічаюць уласныя суды, у якія ўваходзяць прадстаўнікі ваенных і мясцовых жыхароў. Эльфэнгрэну перадаецца ўся паўната грамадзянскай і ваеннай улады. Для наладжваньня штабной працы й службы ў палку на пасаду начальніка штаба запрашаецца брат Яўген Уладзімер Эльфэнгрэн (нарадзіўся ў 1891), маёр, камандзір батальёну інжынэрных войскаў у Мікелі, вялікага знаўца ў галіне сучаснай ваеннай навукі, які да таго ж валодаў некалькімі замежнымі мовамі. Але ў лютым 1920 году, пасьля падпісаньня Тартускай мірнай дамовы паміж РСФСР і Эстоніяй, Фінскі ўрад прымае рашэньне ўключыць полк у склад памежнай варты, папярэдне скараціўшы да батальёну. Часовая Камісія змушана пагадзіцца на гэта, бо ніякіх іншых магчымасьцяў утрымоўваць полк не было. Міністар унутраных справаў Рытавуоры выступае супраць таго, каб Эльфэнгрэн заставаўся на сваёй пасадзе, не без падставаў мяркуючы, што яго дзейнасьць не абмяжуецца аховай мяжы. 12 лютага 1920 году Эльфэнгрэн выйшаў у адстаўку, пасьля чаго ён стаў прадстаўніком Пятра Ўрангеля й Барыса Савінкова ў Фінляндыі. Паводле іншых зьвестак, у 1920 годзе Эльфэнгрэн служыў у чыне генэрал-маёра ў войску Ўрангеля[3][5].

Нягледзячы на тое, што ідэя сумеснага выступу Фінляндыі і расейскіх белагвардзейцаў была канчаткова пахавана, шматлікія фінскія вайскоўцы заставаліся прыхільнікамі ваеннага і палітычнага супрацоўніцтва ў тых ці іншых формах з рознымі сіламі, кіроўнымі барацьбу супраць бальшавікоў. Увагу кіраўніка фінскай выведкі Бэртэля Азаліня прыцягвае створаны Барысам Савінковым у Варшаве (пры падтрымцы Пілсудзкага) Расейскі Палітычны Камітэт. Фармальна прызнаючы старшынство Ўрангеля, РПК па шматлікіх пытаньнях займаў адмысловую пазыцыю. Так, РПК быў гатовы безумоўна прызнаць незалежнасьць усіх дзяржаваў, якія адлучыліся ад Расеі. Зь лідэрамі кадэцка-эсэраўскага толку фінам было лягчэй знайсьці агульную мову чым з «клясычнымі» белымі, якія ў палітычным пляне ня здольнымі адмовіцца ад шматлікіх догмаў. Па даручэньні Азаліня Эльфэнгрэн выяжджаў у Варшаву, дзе сустракаўся з Савінковым, пасьля чаго й стаў яго прадстаўніком у Фінляндыі[10][17]. Сфармаванае РПК войска складалася са знакамітага партызанскага войска Станіслава Булак-Балаховіча й дывізіі, сфармаванай з салдатаў і афіцэраў белых войскаў, якія апынуліся ў выніку баявых дзеяньняў на тэрыторыі Польшчы й інтэрнаваных там. Прадпрыняты ўвосень 1920 году наступ, пачаты сумесна з Узброенымі сіламі Поўдню Расеі й Пятлюрам, правальваецца. Польшча, якая ўжо вяла ў Рызе мірныя перамовы з Савецкай Расеяй, інтэрнуе войска. РПК пераназываецца ў РЭК (Расейскі Эвакуацыйны камітэт). Савінкоў імкнецца пры фармальным роспуску войска захаваць яе ў выглядзе невялікіх атрадаў, разьмешчаных уздоўж мяжы. Новая структура павінна была складацца толькі з правераных людзей, якія ўступілі на шлях барацьбы зь ідэйных меркаваньняў. У падрыхтоўчай нарадзе, якая прайшла 5 студзеня ў Варшаве ўдзельнічае Юр’ё Эльфэнгрэн, як прадстаўнік Беларусі й сялянскіх атрадаў Поўначы Расеі. Для працы ў Фінляндыі, Беларусі, Прыбалтыцы й на Паўночным захадзе Расеі яму вылучаецца 500000 польскіх марак. Ужо тады, Юр’ё Эльфэнгрэн упершыню ўзгадваецца, як прадстаўнік Беларусі.

Таксама вядомы ліст Савінкова кіраўніку францускай ваеннай місіі ў Варшаве Нісэлю, у якім ён просіць забясьпечыць Эльфэнгрэна дыпляматычным лістом для дастаўкі грошай у Фінляндыю[11].

Юр’ё Эльфэнгрэн на службе БНР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фінскія ўлады з падазронам ставіліся да дзейнасьці белых арганізацыяў і Таемная паліцыя сачыла за імі. У адным з данясеньняў, прызначаных міністру замежных справаў Холсьці адзначалася актыўная дзейнасьць «вядомага белага палкоўніка» Эльфэнгрэна, накіраваная на вярбоўку афіцэраў, ахвотнікаў ваяваць у Расеі. Гэтыя дакумэнты асьвятляюць эпізод актыўнага супрацоўніцтва Эльфэнгрэна з эмігранцкім урадам Беларускай Народнай Рэспублікі. У траўні 1920 году ў Хэльсынкі прыбывае афіцыйны прадстаўнік БНР генэрал Алег Васількоўскі. 25 чэрвеня ён атрымлівае афіцыйныя паўнамоцтвы прадстаўніка БНР у Фінляндыі, а Юр’ё Эльфэнгрэн — яго дарадчыка. Каб абгрунтаваць прызначэньне Эльфэнгрэна, які ня ведаў беларускай мовы, ў дакумэнтах сьцьвярджалася, што Юр’ё Эльфэнгрэн нарадзіўся ў Беларусі, што не адпавядала рэчаіснасьці.

Юр’ё Эльфэнгрэн

Зь ліста Васіля Захаркі (кіраўніка дэлегацыі БНР для перамоваў з Савецкай Расеяй, Рэвель) Вацлаву Ластоўскаму (прэм’ер-міністру БНР, Рыга) за 21.06.1926[18], у прыватнасьці, паведамлялася:


« «…Зараз іншая справа — гэта прыезд сюды Генэрала Васількоўскага з палкоўнікам. Усю інфармацыю яны перададуць Вам вусна. Зь іх словаў я бачу, што генэрал вельмі цьвёрда стаяў на глебе нашай дзяржавы, вёў барацьбу з ворагамі й як нельга лепш асьвятляў наша пытаньне перад прадстаўнікамі Антанты, на працягу 8 месяцаў, ня ўзяўшы ад нас, да гэтай пары, ні гроша. Самі разумееце, што павінна адказаць яму Бацькаўшчына…»

«…Я ўжо сказаў, што паважаны генэрал зь вельмі сур’ёзным палкоўнікам перадасьць Вам, пра што мы гутарылі зь Міністрам замежных справаў…»

«…Пры прызначэньні генэрала прадстаўніком у Фінляндыі палкоўнік мог бы быць дараднікам. Я добра ведаю, што пры разглядзе гэтага пытаньня Вы затрымаецеся на беларускай мове. Але што рабіць, калі зараз мы ня можам абставіць нашы ўстановы як бы гэтага жадалася.

Людзі шчыра вялі нашу працу на інтэрнацыянальнай [мове], на мове расейскай і францускай [мовах, на якіх размаўляў Юр’ё Эльфэнгрэн] і хай працягваюць яе…»

«…Яшчэ больш просім, каб не было адмоўлена ў прызначэньні генэрала нашым паўнамоцным дыпляматычным прадстаўніком у Фінляндыі, а дараднікам палкоўніка Эльфэнгрэна, вельмі здольнага чалавека, добра знаёмага з нацыянальнымі рухамі народаў. Ён беларус Менскай губэрні.»

«…Як у Фінляндыі, так і тут, у генэрала й палкоўніка шмат знаёмых, якія могуць што-небудзь зрабіць.»

«З-за таго, што генэрала ў Латвію не пускаюць, да Вас едзе па фінляндзкім пашпарце падавец гэтага ліста палкоўнік Эльфэнгрэн. Ён таксама ў курсе ўсіх справаў.»

«Я вельмі прашу не затрымоўваць яго больш аднаго-двух дзён. Каб такім чынам даць яму магчымасьць вярнуцца да майго ад’езду.»

«Зь ім жа дашліце мне й усю апошнюю інфармацыю…»

«…Ужо за гэты час як Васількоўскі, так і падавец ліста палкоўнік Эльфэнгрэн, шмат прынесьлі карысьці нашай справе тым, што інфармавалі ўсіх замежнікаў.»

«Палкоўнік Вам перадасьць, што кажуць пра нас у Маскве.»

«Палкоўнік і да Вас едзе за свой рахунак. Грошай ён ня просіць, але будзьце добрыя, добра яго прыміце й дайце ўсе паперы, якія палегчылі б працу…»

»

Зь ліста Янкі Чарапука (кіраўнік дэлегацыі БНР для перамоў з Савецкай Расеяй, Рэвель) Вацлаву Ластоўскаму (прэм’ер-міністру БНР, Рыга) за 21.06.1927[19], паведамлялася:


« «…Тым часам да Вас едзе палкоўнік Эльфэнгрэн па справе генэрала Васількоўскага — гэтыя асобы пакінулі ў мяне ўражаньне вельмі добрае. Людзі, мабыць, выдатныя дзяржаўнікі й на першы погляд шчыра адданыя нашай справе. Імкніцеся й Вы іх выкарыстоўваць». »

Зрэшты, маці Юр’ё Эльфэнгрэна клікалі Адэлаіда-Марыя Шчавінская і, магчыма, у яе былі беларускія карані й магчыма яна паходзіла са шляхты Менскай губэрні[11]. Зь вялікай ступеньню верагоднасьці можна выказаць здагадку, што Юр’ё Эльфэнгрэн так ці інакш спасылаўся на гэта. У траўні 1921 Эльфэнгрэн быў звольнены з паста дарадніка[11].

На шляху тэрарыста[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1921 годзе Юр’ё Эльфэнгрэн ажыцьцяўляў кіраўніцтва падпольнымі арганізацыямі ў Петраградзе й Кранштаце. Разам з Барысам Савінковым і палкоўнікам Віктарам Гніларыбавым ён быў адным з заснавальнікаў «Народнага зьвязу абароны радзімы й волі», арганізаванага 13 ліпеня-14 ліпеня 1921 году ў Варшаве. У Народным зьвязе абароны радзімы й волі Юр’ё Эльфэнгрэн адказваў за арганізацыю барацьбы супраць бальшавікоў каля мяжы зь Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй і ў прымежных абласьцях РСФСР. У 1922 годзе Юр’ё Эльфэнгрэн узначальваў баявую групу, якая рыхтавала тэракт супраць савецкай дэлегацыі на Генуэскай канфэрэнцыі. Аднак тэрарысты былі затрыманыя італьянскай паліцыяй і выправаджаныя з краіны[3]. Да гэтага ж Эльфэнгрэн удзельнічаў у падрыхтоўцы замаху на Георгія Чычэрына у Бэрліне, на шляху на Генуэскую канфэрэнцыю. Ініцыятарам гэтай акцыі быў Барыс Савінкоў, фактычным кіраўніком — Эльфэнгрэн.


« «У Эльфэнгрэна апынуўся знаёмы афіцэр зь нямецкай палітычнай паліцыі, якому ў той момант была даручаная ахова дэлегацыі. Эльфэнгрэн падкупіў гэтага афіцэра, дзякуючы чаму арганізатары замаху былі добра дасьведчаныя адносна разьмяшчэньня й рухаў па вуліцах Бэрліну чальцоў дэлегацыі.» Незадоўга да прыбыцьця дэлегацыі Эльфэнгрэн атрымаў ад сваёй знаёмай паліцыянткі зьвесткі, што за імі сочаць і здагадваюцца пра замах. У вырашальны момант адзін з выканаўцаў мог страляць, але спалохаўся, іншы зьбег са свайго паста.[20] »

Пазьней Эльфэнгрэн супрацоўнічаў зь Сіднэем Рэйлі (сапраўднае — Зыгмунд Маркавіч Разэнблюм)[5].

Арышт і расстрэл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1925 годзе для разгортваньня падпольнай працы Юр’ё Эльфэнгрэн таемна пракраўся на тэрыторыю РСФСР па румынскім пашпарце, але быў апазнаны пад Цьвер’ю й арыштаваны. У ноч з 9 чэрвеня на 10 чэрвеня 1927 году Юр’ё Эльфэнгрэн быў расстраляны ў Маскве паводле «пастановы ОГПУ» у ліку 20-ці былых прадстаўнікоў дваранства Расейскай імпэрыі, якія знаходзіліся ў руках бальшавікоў, «у адказ» на забойства савецкага паўпрада ў Польшчы Пятра Войкава, які быў забіты на вакзале ў Варшаве беларусам Барысам Кавэрдам, які да таго браў удзел у дзейнасьці Часовай беларускай рады Арсеня Паўлюкевіча. У адказ на пратэст фінляндзкага амбасадара Арці супраць расстрэлу фінляндзкага падданага Наркам замежных спраў Максім Літвінаў адказаў, што Эльфэнгрэн прыбыў па румынскім пашпарце й на фінскае грамадзянства не спасылаўся, называючы сябе рускім эмігрантам[6]. Прыняты ў пазасудовым парадку прысуд пра расстрэл выклікаў пратэсты ў некаторых буйных цэнтрах расейскай эміграцыі. Гісторыкі адзначаюць, што дадзены расстрэл стаў адной зь першых праяваў сталінскіх масавых рэпрэсіяў.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сястра й браты:

Нацыянальнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальнасьць Юр’ё Эльфэнгрэна даволі спрэчнае пытаньне. Ён фігуруе, то як фін, то як расеец, то як беларус. Самога ж сябе, паводле некаторых сьведак, Юр’ё лічыў карэлам. Макс Энгман піша пра Юр’ё Эльфэнгрэна:


« «Эльфэнгрэн паводле паходжаньня быў напалову расеец ці, па-праўдзе, паляк (маці была каталічка) і ўсё папярэдняе жыцьцё пражыў у Расеі. Ягоная фінская мова была відавочна недастатковай, а швэдзкая была яшчэ горшай, дый расейская, і француская былі не бездакорныя.»[21] »

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Происхождение рода Эльфенгрен.
  2. ^ Аттестационные тетради Г. Е. Эльфенгрена. ЦГА ВМФ, ф. 432, оп. 2, д. 248, лл. 1-7, д. 2459, лл. 2-13.
  3. ^ а б в г д Сакса К.
  4. ^ а б Высочайший приказ о военных чинах от 25 мая 1916
  5. ^ а б в г д Молчанов А. К.
  6. ^ а б в Мусаев Вадим. Политическая история ингерманландцев в конце XIX—XX веке.
  7. ^ Возгрин А. Судьбы крымских татар в ХХ век.
  8. ^ Шитов Дмитрий. Карельский перешеек — земля неизведанная. Сектор Рауту.
  9. ^ Маннергейм Карл Густав. Мемуары.
  10. ^ а б в г Пратакол допытаў Эльфэнгрэна.
  11. ^ а б в г д е ё Antti Pyykkönen. Kannaksen sankari.
  12. ^ Nevаlainen Pekka. Rautu. Inkerin rajalla.
  13. ^ Таргиайнен Михаил. Ингерманландский излом.
  14. ^ Юденич под Петроградом.
  15. ^ М. М. Коронен «Финские интернационалисты в борьбе за власть советов».
  16. ^ Кирдецов «У ворот Петрограда» стр. 73-74
  17. ^ Laurla Kari. Inkerin Vaakuna ja lippu.
  18. ^ Архіў БНР (ф. 582, оп. 1, д. 45, лл. 38а-h).
  19. ^ Архіў БНР (ф. 582, оп. 1, д. 45, лл. 39 і об.).
  20. ^ Литвин А. Л., ред. Борис Савинков на Лубянке: документы. — М.: «РОСПЭК», 2001. — Сс. 454, 283, 284, 392—394…
  21. ^ Engman,Max. Raja: Karjalankannas 1918—1920.- WSOY:Helsinki, 2007.- S.205.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Antti PYYKKÖNEN. Kannaksen sankari. /Андрей Пюккенен. Георгий Эльфенгрен — солдат России и Финляндии.
  • А. К. Молчанов. Юрьё Эльфенгрен, «белый» комендант Терийок.
  • Tuokko, Kaino. Rajalla rauhatonta. — Saarijärven Offset Oy, 2000. — S. 89.
  • Усыскин Г. С. Из революционной истории Карельского перешейка. — Лениздат, 1987.
  • Meri, Veijo. Ei tule vaivatta vapaus: Suomi, 1870—1920. — Helsinki: «Otava», 1995.
  • Kähönen, Ester. Entinen Terijoki. — Kouvolan kirjapaino, 1982.
  • Пышновская О. М., Усыскин Г. С. Зеленогорск. — Лениздат, 1978.
  • Terijoki III: Helmi helean lahden: kotimuistoja. — Juväskylä: Gummerus kirjapaino, 1989.
  • Uusi tietosanakirja, 19 osa. — H:ki, 1965.
  • Nironen, Jarmo. Suomalainen Pietari. — «Novomedia», 1999.
  • Kuka kukin oli: Who was who in Finland. — Keuruu, 1961.
  • Таргиайнен М. А. Ингерманландский излом: борьба ингерманландских финнов в гражданской войне на Северо-Западе России (1918—1920). — СПб.: «Дмитрий Булавин», 2001.
  • Kuka kukin Suomessa on? Helsinki 1972.
  • Haltsonen Sulo. Inkerin suomalaisten historia. Jyväskylä, 1968.
  • Konkka Juhani. Pietarin valot. Helsinki, 1958.
  • Савинков на Лубянке: Сборник материалов. СПб., 2001.
  • М. М. Коронен «Финские интернационалисты в борьбе за власть советов» Л, 1969.
  • Александр Молчанов. Красный и белый коменданты Терийок (рукопись).
  • Мусаев Вадим. Политическая история ингерманландцев в конце XIX—XX веке. СПб., 2001.
  • Василий Горн. Юденич под Петроградом. Из белых мемуаров. 1927.