Ядзерная энэргетыка
Ядзерная энэргетыка — гэта адгалінаваньне энэргетыкі, якое займаецца здабываньнем і выкарыстаньнем ядзернай энэргіі.
Звычайна для атрыманьня ядзернай энэргіі выкарыстоўваюць ланцуговую ядзерную рэакцыю дзяленьня ядраў урану-235 ці плютонія. Ядра падзяляюцца пры пападаньні ў іх нэйтрона, пры гэтым атрымліваюцца новыя нэйтроны і асклепкі дзяленьня. Нэйтроны дзяленьня і асклепкі дзяленьня валодаюць вялікай кінэтычнай энэргіяй. У выніку сутыкненьняў асклепкаў зь іншымі атамамі гэтая кінэтычная энэргія хутка пераўтвараецца ў цеплыню.
Ядзерную энэргію атрымліваюць з дапамогай ядзерных рэактараў. Як крыніца энэргіі яна выкарыстоўваецца ў энэргетыцы і на транспарце. У энэргетыцы — звычайна для выпрацованьня электраэнэргіі на АЭС, радзей — цеплыні на атамных ЦЭЦ і станцыях цеплазабясьпячэньня. Існуюць розныя варыянты яе выкарыстаньня на транспарце, але рэальнае ўвасабленьне яны атрымалі толькі на флоце (атамныя ледаколы, падводныя лодкі, іншыя караблі (пераважна вайсковога прызначэньня).
У 2004 годзе атамныя электрастанцыі ўсяго сьвету выраблялі 6,5% ад усёй спажываемай сьветам энэргіі і 15,7% — электраэнэргіі. 57% ўсёй вырабляемай на АЭС электраэнэргіі даводзіцца на ЗША, Францыю і Японію. На пачатак жніўня 2007 у 31 краіне сьвету працавалі 439 атамных рэактараў[1]. Найбольш электрычнасьці з дапамогай ядзернай энэргетыкі вырабляюць ЗША (кожная пятая кіляват-гадзіна ў гэтай краіне мае атамнае паходжньне). У Францыі у 2006 годзе 80% з агульнага балансу электраэнэргіі прыпадала на атамныя электрастанцыі. Увогуле ж у Эўрапейскім Зьвязе вырабляюць 30% электрычнасці на АЭС (хаця ў некаторых краінах аб’яднанай Эўропы ядзернай энэргетыкі ўвогуле няма).
Вакол ядзернай энэргетыкі вядзецца шмат спрэчак наконт яе эканамічнай абгрунтаваннасьці і экалягічнай бясьпечнасьці. Таксама ёсьць перасьцярогі наконт магчымасьці выкарастаць ядзерныя матэр’ялы ў ваенных мэтах і тэррактах.
Крыніцы [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ядзерная энэргетыка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў