Язафат Кунцэвіч
| Язафат Кунцэвіч | |
![]() |
|
| Сьвяты | |
|---|---|
| Сьвецкае імя | Іван |
| Манаскае імя | Язафат |
| Нарадзіўся | 1580 ці 1584, Уладзімер, Валынь, Вялікае Княства Літоўскае |
| Памёр | 12 лістапада, 1623, Віцебск, Рэч Паспалітая (сучасная Беларусь) |
| Шануецца | Каталіцкай царквой (бізантыйскага і рымскага абрадаў); украінскай, беларускай і расейскай і інш. грэка-каталіцкімі Цэрквамі |
| Бэатыфікаваны | 16 траўня, 1643, у Рыме, Папам Рымскім Урбанам VIII |
| Кананізаваны | 1867, у Рыме, Папам Рымскім Піем IX |
| Дзень памяці | 12 лістапада - Каталіцкая царква, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, 16 верасьня - Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ,25 лістапада - Украінская Грэка-Каталіцкая Царква |
Язафа́т (Іасафа́т) Кунцэ́віч (1580 — 12 лістапада 1623) — уніяцкі царкоўна-палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, царкоўны пісьменьнік, сьвятамучанік.
Зьмест |
Жыцьцяпіс [рэдагаваць]
Нарадзіўся ва Ўладзімеры-Валынскім у зьбяднелай шляхецкай сям’і Кунцэвічаў, якая выехала туды зь Беларусі.[1] Пачатковую адукацыю атрымаў у віленскай праваслаўнай школе. Паводле сьведчаньня біёграфаў, Кунцэвіч зь дзяцінства вылучаўся цягай да малітвы і містычным сьветапоглядам.
Каля 1599 прыняў Унію і зрабіўся яе адданым прыхільнікам. У 1604 уступіў у базылянскі ордэн і быў накіраваны Іпаціем Пацеем у Віленскі манастыр Сьвятой Тройцы. Сапраўдны аскет у штодзённым жыцьці, Язафат Кунцэвіч у вольны ад малітваў і набажэнства час чытаў сьвятыя кнігі і пісаў свае, у якіх даводзіў неабходнасьць аб’яднаньня Ўсходняй і Заходняй Царквы пад зьверхніцтвам Папы Рымскага.
У канцы 1608 або ў пачатку 1609 высьвячаны на сьвятара. Таго ж году мітрапаліт Язэп Руцкі запрасіў Я. Кунцэвіча ў Кіеў для дапамогі ў навяртаньні праваслаўных кіеўлянаў да Уніі. У Пячорскім манастыры адбыўся інцыдэнт, калі ў адказ на прамовы Язафата Кунцэвіча манахі сьцягнулі яго з амбону і моцна зьбілі, аднак пасьля багаслоўскага дыспуту варожасьць улеглася.
У 1613 Язафат Кунцэвіч прызначаны ігуменам Быценскага манастыра, ад гэтага ж году і да 1617 быў архімандрытам Віленскага манастыра Сьвятой Тройцы. За гэты час ён многа зрабіў для добраўпарадкаваньня кляштару, арганізацыі базылянскага ордэна. Паводле рэкамэндацыі Руцкага ў 1617 прызначаны біскупам віцебскім і адначасова каад’ютарам да полацкага арцыібіскупа Гедэона Бральніцкага.
Пасьля сьмерці Бральніцкага ў канцы 1618 Я. Кунцэвіч зрабіўся полацкім арцыбіскупам. У Полацак ён прыбыў з асаблівай місіяй ад мітрапаліта Руцкага — умацаваць Унію ў гэтым краі.
Першымі крокамі арцыбіскупа Кунцэвіча на новай ніве сталася адраджэньне царкоўнага жыцьця: аднаўленьне храмаў (у тым ліку Полацкага Сафійскага сабору), заснаваньне парафіяльных школаў, «чыстка» кліру. Адначасова ён праявіў сябе адданым прыхільнікам еднасьці Заходняй і Ўсходняй Цэркваў.
Разам з тым актыўнасьць новага арцыбіскупа выклікала неадназначную рэакцыю. 9 кастрычніка 1618 Полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч накіраваўся ў Магілёў са звычайнай душпастырскай мэтай «прыгледзець за царкоўным парадкам». Жыхары не дазволілі яму, як пастыру, нават уступіць у места, зачынілі гарадзкую браму, расставілі на вежах і на валу гарматы, скіраваныя на сьвіту арцыбіскупа, і ўзброеных людзей, частка якіх выйшла з харугвамі перагарадзіць уніяцкаму арцыбіскупу дарогу ў места. «Калі гэты ўладыка-адшчапенец, — казалі яны, — дзе-небудзь пакажацца бліжэй каля места, то ў места мы яго ня пусьцім, а яго заб’ем, бо за пастыра і ўладыку свайго ня лічым і прызнаваць яго ня хочам». Гэты інцыдэнт стаўся прычынай судовага разьбіральніцтва, у выніку ягока завадатараў бунту як парушальнікаў спакою ў дзяржаве прысудзілі да сьмяротнай кары, а на места быў накладзены штраф.[2]
У сакавіку 1620 на зваротным шляху з Масквы ў Кіеў прыбыў Ерусалімскі патрыярх Тэафан, які актыўна праводзіў пратурэцкую і прамаскоўскую палітыку. Ён незаконна[3] высьвяціў новых праваслаўных біскупаў і паставіў іх наўзамен раней прызначаных уніяцкіх, чым абвастрыў супярэчнасьці ў асяродку хрысьціянаў Рэчы Паспалітай. У прыватнасьці, у абыход Кунцэвіча біскупам Полацку быў пастаўлены Мялеці Сматрыцкі, дзеяньні якога ў Рэчы Паспалітай расцанілі як падбухторваньне да мецяжу і царкоўнаму расколу ўва ўгоду Турэччыны. У прыватнасьці кароль і вялікі князь Жыгімонт пісаў:
| нехта Сматрыцкі і Барэцкі змовіліся з падданымі цэсара турэцкага, непрыяцеля веры хрысьціянскай і нашага, які на панствы нашыя вайной ідзе. Зь нейкім пастырам, нібы патрыярхам ерусалімскім, на шпегі да панстваў нашых ад цэсара турэцкага дасланым, наважыліся без дазволу і ведама нашага прысьвячэньні браць — адзін на мітраполію Кіеўскую, а іншы – на арцыбіскупства Полацкае, ігнаруючы тых, хто прылажэнствы гэтыя духоўныя здаўна з пападаньня нашага спараднага на сябе носяць і добрае здароўе маюць. | ||
Аднак прапаганда М. Сматрыцкага прынесла свой плён. Арцыбіскупа Кунцэвіча зьвінавацілі ў перасьледзе праваслаўных, на што ён змушаны быў адказаць лістом, адрасаваным Льву Сапегу:
| Я ж ніколі нікога да Уніі гвалтам не прымушаў, такога ніколі не было. Абараняць жа мне мае царкоўныя правы, (калі на мяне наступаюць гвалтам), мяне прымушае звычайная біскупская прысяга. | ||
Найбольш напружаны характар барацьба супраць Уніі набыла ў Віцебску, насельніцтва якога пасланцы Сматрыцкага падбухторылі да непаслушэнства законнаму арцыбіскупу.
Уступіўшы ў валоданьне віцебскімі цэрквамі, Я. Кунцэвіч заняўся іхным абсталяваньнем: загадаў іх падмесьці, пачысьціць абразы, наладзіць хоры і адкідныя сядзеньні. Паводле словаў відавочцаў, праваслаўныя ў адказ на гэта сказалі, што нельга з царквы нічога выкідаць, нават пыл. На падставе гэтага яны абвясьцілі, што Я. Кунцэвіч прытрымліваецца лацінскай веры і перарабляе цэрквы на лацінскі ўзор.[2]
Ад сакавіка 1621 па атрыманьні ліста М. Сматрыцкага, жыхары Віцебску поўнасьцю перасталі падпарадкоўвацца Я. Кунцэвічу. 4 красавіка 1621, у дзень Дабравешчаньня, віцебскія праваслаўныя на чале з бурмістрам Сымонам Нешам не пусьцілі працэсію ўніяцкіх сьвятароў з Прачысьценскага сабору ў царкву Дабравешчаньня: «люд посполитый лаял их и соромотил и на здоровье их як того часу, так и потомных часов похвалки чинил, грозячи им забиянем и у воду утопенем». У Дабравешчанскай царкве 16 жніўня, у дзень Спаса («яблычнага»), праваслаўныя зноў «тумульт учинили», званілі ў званы, проста ў царкве зьбілі сьвятара айца Максіма Турчыновіча і Кунцэвічавага слугу Стэфана Базіліскага, а потым гналіся за самім арцыбіскупам. У дзень Пяцідзясятніцы вялікі натоўп праваслаўных спыніў арганізаваную Кунцэвічам урачыстую працэсію, што накіроўвалася за места да царквы Сьв. Духа, і прымусіў яе вярнуцца ў места. 20 лютага 1622 каля сотні жыхароў Віцебску абкружылі царкву Дабравешчаньня, перашкаджаючы адпраўленьню арцыбіскупам набажэнства, «крик, волане великое учинили», «словы неучтивыми лаяли, соромотили» ўніяцкае духавенства, а пасьля службы напалі на арцыдыякана і чэлядзь арцыбіскупа.[2]
Кульмінацыя канфлікту настала 12 лістапада 1623, калі разьюшаны натоўп віцебскіх праваслаўных рынуўся ў дом Я. Кунцэвіча. Архібіскуп выйшаў ім насустрач са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?» Як сьведчаць судовыя дакумэнты, забойцы двума ўдарамі бердыша расьсеклі Ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасьля сьмерці». Цела Язафата скінулі з Прачысьценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы каменьня ў валасяніцу, утапілі ў Дзьвіне.[1] Апроч таго, забойцы разрабавалі біскупскі палац, уніяцкія цэрквы і манастыры ды іншую маёмасьць у месьце.[4]
Да моманту прыбыцьця ў Віцебск сьледчай камісіі, большая частка ўдзельнікаў расправы зьбегла зь места. Да суду прыцягнулі толькі 19 чалавек. Многія сьведкі паказвалі на тое, што праваслаўныя ладзілі замахі на жыцьцё Кунцэвіча і забілі яго толькі празь нянавісьць і «распалены запал» супраць каталіцкай веры, уніі грэцкай царквы з рымскім касьцёлам і падпарадкаваньня апостальскай сталіцы і Рымскаму Папу. Каралеўскія камісары, што праводзілі расьследаваньне забойства Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказаньні сьведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязьвінна, і што забойцы ня мелі аніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства.[2]
Цела арцыбіскупа пасьля ўрачыстага адпяваньня пахавалі ў Полацкім Сафійскім Саборы, але пазьней іх неаднаразова даводзілася таемна перавозіць па ўсёй Беларусі і за яе межамі, каб захаваць ад зьнішчэньня расейскімі войскамі.
Кананізацыя [рэдагаваць]
Працэс захадаў да бэатыфікацыі сьв. Язафата пачаўся ў наступны год па яго сьмерці. Працэс працягнуўся пры ўдзеле створаных па вызначэньні Урбана VIІI (двойчы, у 1625 і 1635 гг.) камісіяў для дасьледаваньня жыцьця, дзейнасьці, сьмерці Язафата Кунцэвіча і цудаў, зьвязаных зь ягоным апякунствам.
Па завяршэньні расьследаваньня, у траўні 1643 году Полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч быў залічаны Папам Урбанам VIII да сьпісу сьвятых у ВКЛ і Ўкраіне, а ў чэрвені 1867 году Папа Пій IX абвясьціў яго сьвятым для ўсёй Каталіцкай Царквы. Мошчы беларускага сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы сьв. Пятра ў Рыме, каля алтара сьв. Васілія Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма.[5]
Папа Рымскі Ян Павал II назваў сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча «Апосталам еднасьці».
Творчасьць [рэдагаваць]
Язафат Кунцэвіч — аўтар палемічных і багаслоўскіх твораў «А фальшаваньню пісьм славенскіх…», «Правілы для ўніяцкіх прасьвітараў», «Катэхізму», 6 артыкулаў у кнізе Л. Крэўзы «Абарона еднасьці…» (1617) і іншых. У сваім укладаньні «Пра хрышчэньне сьв. Уладзіміра» Кунцэвіч даводзіў, што руская Царква першапачаткова была каталіцкай.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б 66. Хто такі Язафат Кунцэвіч? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ а б в г Алена Вернікоўская. Супраціўленне праваслаўных Полацкай епархіі ўвядзенню уніі і забойства Язафата Кунцэвіча // Беларускі гістарычны агляд, Том 8 Сшытак 1—2 (14—15) Снежань 2001
- ^ Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч — повязь царкоўных ерархаў // Беларускі гістарычны агляд, Том 7 Сшытак 2 (13)
- ^ Сёньня Дзень сьв. Язафата // Наша Ніва, 12 лістапада 2008
- ^ Аляксей Хадыка. Святы Язафат Кунцэвіч: Складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша Вера №2(36)/2006
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Язафат Кунцэвіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
