Язэп Лёсік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лёсік.
Язэп Лёсік
Язэп Лёсік, 1930-я гг.
Язэп Лёсік, 1930-я гг.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Язэп Юр’евіч Лёсік
Псэўданімы Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczeńniec)[1]
Нарадзіўся 6 (18) лістапада 1883
в. Мікалаеўшчына, Менскі павет, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Памёр 1 красавіка 1940(1940-04-01) (56 гадоў)
Саратаў, Расейская СФСР, СССР
Жонка Ванда Лявіцкая
Дзеці Юрась, Люцыя, Алеся
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзяяч
Гады творчасьці 1912—1930
Жанр апавяданьне
Мова беларуская мова
Дэбют «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю» // «Наша Ніва», 19 ліпеня 1912
Значныя творы Апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..» (1914)
Зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы» (1921, забаронены)
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Язэ́п Ю́р’евіч Лё́сік (18 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1883; в. Мікалаеўшчына, цяпер Стаўпецкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1 красавіка 1940; Саратаўская турма, цяпер Расея) — беларускі пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзяяч. Акадэмік АН БССР (1928). Родны дзядзька Якуба Коласа[2], брат Антона Лёсіка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 18 лістапада 1884 году[3][4] ў сяле Мікалаеўшчына Менскага павету. Ягоныя бацькі, Юрка й Хрысьціна Лёсікі былі безьзямельнымі сялянамі й арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачок[5]. Язэп быў іхным малодшым дзіцем, таму ў першыя гады жыцьця ня быў занадта загружаны абавязкамі. Ён скончыў другую клясу Мікалаеўскае народнае школы, пасьля чаго два гады рыхтаваўся да экзамэнаў у настаўніцкую сэмінарыю. Здаваў экзамэны ў Настаўніцкую сэмінарыю ў Нясьвіжы, але не паступіў[4]

У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладэчанскую сэмінарыю (Віленская губэрня). Аднак на другі год быў звольнены зь яе бяз права паступленьня ў іншыя навучальныя ўстановы. Пасьля пераезду ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губэрня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадзкую вучэльню й скончыў яе ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамэн на годнасьць настаўніка народнае школы.

Удзел у рэвалюцыі 1905 году й царскія рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў прызначаны выкладнікам расейскае мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу (Менская губэрня). Працаваў у Бабруйску адзін год, у 1903 годзе ізноў вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі й быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. Хутка стаў знаёміць з палітычнымі пытаньнямі грамяцкіх сялянаў на сходах у школе, пра што стала вядома паліцыі. У 1905 яго арыштавалі. Гэта выклікала абурэньне жыхароў Грамяча, якія заплянавалі пайсьці ў турму й запатрабаваць вызваленьня Лёсіка, але ў выніку адмовіліся ад гэтае ідэі.

У 1907 перавезьлі на суд у Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму задалося зьбегчы з гораду й такім парадкам унікнуць суду. Пасьля гэтага некаторы час хаваўся ў Стоўпцах (Менскі павет), Пецярбурґу, два гады жыў на станцыі Красноўка, недалёка ад Луганску (Екацярынаслаўская губэрня), дзе адзін зь ягоных старэйшых братоў быў дзяржаўным службоўцам.

У 1911 вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі, дзе яго ізноў арыштавалі й перавезьлі ў Старадуб на суд. Яму прысудзілі бестэрміновае высяленьне ў Сыбір, дзе жыў да 1917, спачатку ў Кірэнску (Іркуцкая губэрня), а потым у некаторых сёлах Кірэнскага павету. Нядоўгі час жыў у Бадайбо.

Язэп Лёсік (зьлева) і Алесь Гарун падчас засланьня ў Бадайбо, 1914 год

У засланьні Язэп заняўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаваньне фізычнаю працаю й толькі ў Бадайбо быў за пісара, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе зачыніла, бо ў засланьні ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй адмысловасьці. У Сыбіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, зь якім потым не разлучаўся.

Адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, супрацоўнічаў з «Нашаю Ніваю», падтрымліваў зьвязак зь пісьменьнікамі й знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі.

Палітычная дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Лёсік, 1915 г.

Вярнуўся ў Беларусь у сакавіку 1917 і спыніўся ў Менску, дзе далучыўся да дзейнасьці беларускага нацыянальнага руху[4]. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў Беларускае Сацыялістычнае Грамады (БСГ). Як яе прадстаўнік увайшоў у склад створанага 7-9 красавіка 1917 году Беларускага Нацыянальнага Камітэту (БНК)[6].

Зьезд Вялікае беларускае рады й Цэнтральнае рады беларускіх арганізацыяў

21-23 ліпеня 1917 году прыняў удзел у чарговым зьезьдзе беларускіх арганізацыяў і нацыянальных партыяў, у ходзе якога БНК быў распушчаны. У апошні дзень зьезду быў абраны ў прэзыдыюм створанае замест БНК Цэнтральнае рады беларускіх арганізацыяў. Уваходзіў у склад Вялікае беларускае рады. Браў удзел у Першым Усебеларускім канґрэсе[6].

У 1917—1918 гг. ён рэдагаваў ґазэту «Вольная Беларусь»[7]. Ён быў адным з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году[6]. У 1918 годзе, падчас функцыянаваньня структураў БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў беларускую адукацыю. Разам зь Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Прасьвета» ў культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»[8]. Уваходзіў у склад Рады БНР[9]. У сярэдзіне красавіка 1918 году ён разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўраду — старшынём Народнага сакратарыяту БНР[10]. 26 красавіка 1918 году ягоны подпіс быў знойдзены пад тэлеграмай, высланай на наступны дзень ад імя ўраду й Рады БНР да нямецкага імпэратара Вільгельма II. Тэлеграма ўтрымлівала падзяку за «вызваленьне Беларусі» й просьбу аб аказаньні падтрымкі БНР у яе хаўрусе зь Нямеччынаю[9]. Гэты крок быў нэґатыўна ўспрыняты й прывёў да таго, што Раду БНР пакінулі многія яе чальцы, а БСГ распалася[11].

Старшыня Рады БНР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымак Язэпа Лёсіка з подпісам, 1910-я гг.

14 траўня 1918 году Язэп Лёсік быў абраны старшынём Рады БНР (фармальным кіраўніком дзяржавы)[12]. Замяніў на гэтай пасадзе Яна Сераду[13]. Пасьля распаду БСГ стаў адным са стваральнікаў Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі. Як старшыня Рады імкнуўся давесьці да прызнаньня незалежнасьці БНР на міжнароднай арэне, а таксама папярэдзіць страту тэрыторыяў, якія палітыкі БНР разглядалі, як частку іх дзяржавы. 7 кастрычніка разам з прэм’ер-міністрам Янам Серадой падаў канцлеру Нямеччыны пратэст супраць перадачы беластоцкага, бельскага й гарадзенскага паветаў[14]. 20 кастрычніка быў часткаю дэлеґацыі БНР да канцлера Нямеччыны, якая павінная была данесьці просьбу аб прызнаньні БНР Нямеччынаю й просьбу аб фармаваньні беларускага войска. Дэлеґацыя не была прынятая. 22 кастрычніка быў адным з прадстаўнікоў БНР, які папрасіў прэзыдэнта ЗША аб прызнаньні дзяржавы, палітычнай падтрымцы й абароне тэрыторыі пасьля эвакуацыі нямецкіх войскаў[15].

У 1919 годзе пасьля акупацыі Гарадзеншчыны й Віленшчыны Войскам польскім Язэп Лёсік браў удзел у размовах з генэральным камісарам Ежы Асмалоўскім на тэму палітычнае будучыні тых земляў, у тым ліку пра плебісцыт[16]. 10 жніўня ў Менску ўвайшоў у склад утворанага там Часовага беларускага нацыянальнага камітэту — нацыянальнага прадстаўніцтва беларусаў, якое не выкасоўвала фэдэрацыі з Польшчаю пры ўмове прызнаньня БНР[17].

19 верасьня 1919 году ў якасьці старшыні БНР прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніком польскае дзяржавы Юзэфам Пілсудзкім у Менску. У ходзе сустрэчы дэлеґацыя папрасіла Пілсудзкага аб прызнаньні незалежнасьці й цэласнасьці БНР, дазваляючы аднаўленьне працы яго органаў, аб паступовай перадачы ўлады ў рукі Рады, аб фармаваньні беларускага войска й сумесным змаганьні супраць бальшавікоў. Дэлеґацыя не атрымала якіх-небудзь абавязкаў з боку польскага лідэра[18].

Дзейнасьць пасьля расколу ў Радзе БНР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 сьнежня 1919 году ён прыняў удзел у пасяджэньні Рады БНР у Менску. На наступны дзень пасяджэньне было сарванае, а дэлегаты Рады БНР пакінулі будынак. У ім засталося 8 чальцоў Беларускае партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, 3 чальцы Беларускае партыі сацыялістаў-фэдэралістаў і некалькі асобаў, якія называлі сябе дэлегатамі Рады БНР. Гэтая група зьдзейсьніла пераварот супраць Рады[19]. Астатняя частка Рады сустрэлася ў прыватнай кватэры Аляксандра Ўласава, дзе была створаная Найвышэйшая рада БНР. Язэп Лёсік стаў яе чальцом[20].

20-24 сакавіка браў удзел у перамовах паміж прадстаўнікамі грамадзянскага кіраваньня ўсходніх земляў і беларускім акружэньнем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазыцыю Цэнтральнае беларускае рады Віленшчыны й Гарадзеншчыны, у адпаведнасьці зь якою беларускі бок зьвяртаецца да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народу, прызнаць роўнасьць беларускае мовы й спрыяць разьвіцьцю беларускае адукацыі. Пры гэтым беларускія палітыкі падчыркнулі, што чакаюць незалежнасьці БНР, але бачаць яе будучыню ў зьвязе з Польшчаю[21]. Польскі бок ня выканаў патрабаваньняў.

У 1919—1920 гг., у той час, калі Менск быў пад польскай акупацыяй, Лёсік супрацоўнічаў зь беларускамоўнымі часопісамі «Звон» і «Беларусь», якія там выдаваліся. Некаторы час быў таксама рэдактарам другога[22].

Дзейнасьць у БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 1920 пасьля паўторнае акупацыі Менску бальшавікамі й у канцы польска-савецкае вайны абвясьціў аб «прызнаньні прынцыпаў Савецкае ўлады» й адышоў ад палітычнае дзейнасьці[22]. Закінуў палітычную дзейнасьць і заняўся навуковаю, культурнай, адукацыйнаю й літаратурнаю працаю. Зь ліпеня 1921 году выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце й у Беларускім пэдагагічным тэхнікуме. У 1922 годзе быў абраны чальцом Інбелкульту. Прыняў удзел у рабоце Тэрміналяґічнае камісіі Інбелкульту, і з пачатку 1930-х гадоў ён займаў пасаду яе прэзыдэнта. У 1927 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Інстытуту беларускае мовы, і ў 1928 годзе — чальцом і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі[22].

Савецкія рэпрэсіі й сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1922 годзе быў выдадзены ягоны падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы», які быў нэґатыўна прыняты савецкімі ўладамі, а ґазэта «Звязда» нават абвясьціла яго «контррэвалюцыйным». У пачатку лістапада 1922 году быў арыштаваны, але ў сьнежні быў выпушчаны пасьля ўмяшаньня наркама асьветы Ўсевалада Ігнатоўскага.

Пасьля ўдзелу ў Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі пачаўся перасьлед Лёсіка ды іншых дзеячаў беларускае культуры: Некрашэвіча, Смоліча, Ластоўскага й іншых. 14 ліпеня 1930 г. Язэп Лёсік быў арыштаваны з сфабрыкаванае справы «Саюзу вызваленьня Беларусі» на курорце ў Мацэсьце (Сочынскі раён, Чарнаморская акруга, Паўночна-Каўкаскі край, Расейская СФСР), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады ня мог хадзіць бяз кія. Закончыць курс лячэньня яму ня далі, з Каўказу арыштаваным прывезьлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнае палітычнае ўправы НКУС, так званую «амэрыканку». Адначасна зь ягоным арыштам у ягоным доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне ўвечары й працягваўся да 8-е гадзіны раніцы.

6 сьнежня 1930 г. Савет народных камісараў БССР на патрабаваньне бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнае партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго званьня акадэміка[23][24]. Пастановаю Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобл. у г. Аткарск на Волзе (Саратаўская губэрня, Расейская СФСР). Тут яму дазволілі працаваць у пэдагагічным тэхнікуме, дзе ён выкладаў расейскую мову й літаратуру. Потым перайшоў у такі ж тэхнікум у Дубоўцы, таксама на Волзе. У лістападзе 1934 году атрымаў амністыю ВЦВК бяз права вяртаньня ў Менск[25]. У 1935 і 1936 гадох прыяжджаў у Менск у НКУС, але не дабіўся дазволу жыць у Беларусі.

Пераехаў у Бранск (Расейская СФСР), ды ня здолеў знайсьці дарэчную працу й быў скіраваны ў Навазыбкаў (Бранская вобласьць), дзе яму прапанавалі пасаду настаўніка ў школе каля станцыі Злынка. Ад Злынкі недалёка да Гомлю (Беларуская ССР), і таму Язэп зь сям’ёй часта езьдзіў у Гомель, каб паглядзець беларускія тэатральныя пастаноўкі й хоць такім парадкам адчуць сваю блізкасьць да роднае Беларусі. Але Язэпу не давялося тут закончыць і навучальнага году. НКУС патрабаваў неадкладнага выезду туды, куды быў высланы, г. зн. зноў у Саратаўскую губэрню. Ён жыў у вёсцы Дубоўка, дзе працаваў у школе настаўнікам, але быў звольнены. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры й выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэкаў грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Язэпа Лёсіка прадугледжвалася «спальваць»[26]. Восеньню 1937 году сям’я пераехала ў горад Аткарск, дзе ён працаваў у якасьці выкладніка расейскае мовы й літаратуры ў пэдагагічным тэхнікуме[22]. Нязначны выпадак сутычкі аднаго камсамольца-студэнта зь Язэпам на пэдагагічным ґрунце — з прычыны дрэннае адзнакі — прывёў да таго, што на яго быў напісаны лжывы данос у справе працы ў пэдагагічнай навучэльні.

Арыштаваны 25 чэрвеня 1938 году з справы «Контррэвалюцыйнае арганізацыі палітссыльных у Саратаве»[25]. 31 сакавіка 1940 году на спэцыяльным пасяджэньні НКУС быў прысуджаны да пяці гадоў ГУЛАГу. Памёр на наступны дзень у Саратаўскай турме, паводле афіцыйнае вэрсіі ад сухотаў[7]. Паводле іншае крыніцы быў застрэлены адразу пасьля абвяшчэньня прысуду[22]. У гэты час ён быў зусім здаровы й нельга было думаць, што неўзабаве памрэ. Але не прайшло году, як жонка атрымала паведамленьне, што Язэп памёр. У апошні раз ягоная сям’я мела кантакт зь ім 16 ліпеня 1938 году, калі атрымала разьвітальную паштоўку[22]. Месца ягонага пахаваньня невядомае.

Рэабілітацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў пасьмяротна двойчы рэабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 году па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава й 10 чэрвеня 1988 году — Вярхоўным Судом Беларускае ССР па першы прысудзе[7][22][25].

У 1990 годзе яму вярнулі званьне акадэміка. Групавая справа Лёсіка й іншых разам з фатаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі (№ 20951-с)[25].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Лёсік з жонкай Вандай Лявіцкай і дзецьмі Юрасём, Люцыяй і Алесяй

З восені 1917 — у шлюбе з Вандаю Лявіцкаю, дачкой Ядвігіна Ш.. У іх было трое дзяцей (Юрась, Люцыя, Алеся)[27][25].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнік Беларускага навуковага зьезду. Сябра Інбелкульту (1921—1930). Удзельнік Беларускае акадэмічнае канфэрэнцыі (1926).

Адназначна вызначаў спадкаемнасьць Беларусьсю Вялікага Княства Літоўскага й крытыкаваў замахі на згаданую спадкаемнасьць з боку Летувы, што знайшло адлюстраваньне ў артыкуле «Літва — Беларусь: гістарычныя выведы», выдадзеным у 1921 годзе ў выданьні «Школа и культура Советской Белоруссии»[28][29]:

« Беларусь у пазьнейшыя часы дзяржаўнай незалежнасьці насіла найменьне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жмудзкага й інш., або карацей — Вялікае Княства Літоўскае. <…> Сталася так, што пад Літвою разумеюць землі, заселеныя жмудзінамі, або даўнейшую Жамойць. <…> А што важней за ўсё, дык гэта тое, што Літва й Жмудзь — дзьве рэчы зусім розныя, і, апіраючыся на летапісныя весткі, ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі. <…> Мала гэтага, цяперашнія літоўцы (жмудзіны) упэўнілі нават усю Эўропу, што гэты іх маленькі жмудзкі народ абладаў колісь магутнай і слаўнай Літоўска-Рускай дзяржавай. <…> Расійскія і польскія гісторыкі, дзякуючы сваім імпэрыялістычным тэндэнцыям, не вытлумачылі сабе значэньне слова Літва і вераць створанай ілюзіі, што ўвесь гістарычны скарб б. В. К. Літоўска-Рускага (Беларускага) належыць цяперашнім жмудзінам. Але правільнае асьвятленьне гістарычных фактаў сьведчыць нам пра тое, што Літва — гэта было славянскае племя, увайшоўшае ў склад цяперашняга беларускага народа. Літва, Лютва, Люцічы — іменьні славянскага племя <…> і калі нашы продкі — беларусіны ў прошлых сталецьцях звалі сябе літвінамі, то яны ведалі, што казалі »

Адназначна выступаў за захаваньне кірылічнага альфабэту. Дужа ўхваляў «навуковасьць і лягічнасьць» сэрбскага кірылічнага альфабэту.

У 1923—1925 выступіў з крытыкаю граматыкі Тарашкевіча, прапаноўваў значныя зьмяненьні ў беларускім альфабэце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэньня на падставе народнае беларускае традыцыі. Між іншым, у альфабэце: замены «ы->и», «й->ј», «э->є», увядзеньне літараў «ӡ» і «ӡ̌» для перадачы афрыкатаў «дз» і «дж»; у правапісе: напісаньне галосных «я, е, ё, ю» на пачатках складоў у форме «ј+а, е, о, у», значнае пашырэньне прынцыпу «аканьня», скасаваньне мяккага знаку («мёртвае літары») між падвойных зычных і пасьля «з-с, ц-дз» перад мяккімі зычнымі.

Пэдагогіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін зь першых арганізатараў дарэмных беларускіх курсаў (Менск, восень 1917), ініцыятар аднаўленьня «Беларускага вучыцельскага хаўрусу», адзін з аўтараў яго статуту. Выкладнік у БДУ (1921-—1930). Аўтар шэрагу падручнікаў беларускае мове: «Практычная граматыка» (1921)[a], «Беларуская мова. Пачатковая граматыка» (1924), «Беларуская мова. Правапіс» (1924)[b].

Літаратурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы вядомы твор: апавяданьне «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю», надрукаваны ў «Нашай Ніве» (19 ліпеня 1912). Апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..» выходзіла асобнаю кніжкаю (1914). «Апавяданьне бяз назвы» (друк. у ґазэтах «Вольная Беларусь» і «Беларусь», 1917—1920). Зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы», забаронены да друку Галоўлітам БССР праз «нацыяналістычны», «рэлігіёзна-дагматычны» характар у 1921.

Некалькі вядомых вершаў. Шмат твораў у публікацыях і рукапісах страчаныя.

Пераклаў на беларускую мову «Камуністычны Маніфэст» (1923).

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як літаратар адзначаны як «талентны апавяданьнік», ягоная творчасьць як «вельмі нацыянальная, народна-беларуская…» (М. Гарэцкі, 1919). У пазьнейшыя савецкія часы (1960—1970-я) адзначалася, што ён «у творах… дапускаў памылкі нацыяналістычнага характару».

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паўтор граматыкі Тарашкевіча 1918.
  2. ^ Граматыка 1921 з пэўнымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Язэп Лёсік. Творы: Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: Маст. літ., 1994. С. 325.
  2. ^ Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — 2-е выд., дапрац. — Мінск : Литература и искусство, 2009. — 344 с.
  3. ^ Лёсік Я. 1921—1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: НАРБ; Выд. Логвінаў, 2003. — 396 с. — [[Спэцыяльныя:BookSources/985-6372-31-3 (НАРБ); 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў)|ISBN 985-6372-31-3 (НАРБ); 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў)]]
  4. ^ а б в Антон Лёсік (4 верасьня 2008) З жыцця Язэпа Лёсіка. Праект Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі «Пакаяньне». Праверана 6 жніўня 2009 г.
  5. ^ ’Гарон, А.’ «Новая земля» дзядзькі Антося: малавядомыя старонкі з жыцця Якуба Коласа / Антаніна Гарон // Звязда. — 2007. — 31 кастрычніка. — С. 7.
  6. ^ а б в Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 302
  7. ^ а б в Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Т. 2.
  8. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 289
  9. ^ а б Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 297
  10. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 295
  11. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 298—299
  12. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 302, 314
  13. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 281
  14. ^ Dorota Michaluk. Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 328
  15. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 333
  16. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 417
  17. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 455
  18. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 462
  19. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 484
  20. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 485—486
  21. ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 497—498
  22. ^ а б в г д е ё Біяграфія Язэпа Лёсіка, на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа.
  23. ^ Мікалай Галадзед Пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 6 снежня 1930 г. аб пазбаўленні годнасці акадэмікаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
  24. ^ Канстантын Гей. Рэзалюцыя бюро ЦК КП (б)Б ад 6 снежня 1930 г. аб кампаніі пратэсту ў сувязі са справай нацдэмаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 297-298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
  25. ^ а б в г д Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  26. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  27. ^ Алесь Жынкін. «Мае дарагія…» // Маладосць : часопіс. — 1990. — № 11 (453). — С. 153—162.
  28. ^ Лёсік Я. Літва — Беларусь: гістарычныя выведы // Школа и культра Советской Белоруссии. — 1921. № 2. — С. 12—22.
  29. ^ Літва — Беларусь: гістарычныя выведы / Язэп Лёсік; [прадмова З. Санько; пасляслоўе А. Жлуткі]. — Мн.: Тэхналогія, 2016. — 33, [2] с. — ISBN 978-985-458-266-5

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]