Язэп Горыд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Язэп Горыд
Horyd1.jpg
Імя пры нараджэньні: Язэп Міхайлавіч Горыд
Нарадзіўся: 27 ліпеня 1896
Адэса
Памёр: 1 верасьня 1939
Польшча

Язэп Міхайлавіч Горыд (27 ліпеня 1896, Адэса — 1 верасьня 1939) — заходнебеларускі мастак.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вокладка кнігі А. Грыневіча «Дзіцячы сьпеўнік», аздобленая Горыдам
Манаграма Горыда
Часопіс «Маланка» аздоблены Горыдам, 1926 год

Нарадзіўся ў Адэсе. Маці Браніслава Янкоўская. У Марыюпалі скончыў школу. Пайшоў на фронт Першай сусьветнай вольнапісаным. На Кубані далучыўся да польскага войска Люцыяна Жалігоўскага, у складзе якога — праз Бэсарабію і Галіцыю — тройчы паранены стралец Язэп дайшоў у 1921 годзе да Вільні[1].

У 19231928 навучаўся на Мастацкім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту.

Займаўся прыкладной і станкавай графікай, станковым і манумэнтальным жывапісам.

У 1925 годзе ён аздобіў выданьне фальклярыста і музыказнаўцы Антона Грыневіча «Беларускі дзіцячы сьпеўнік». У сьнежні 1926 распрацаваў лягатып Грамадоўскай газэты «Narodny zwon»[1]. Да 1928 вядучы мастак сатырычнага часопісу «Маланка», афармляў кнігі М. Багдановіча «Вянок» (2-е выданьне), М. Васілька «Шум баравы», М. Танка «Журавінавы цвет», Р. Шырмы «Беларускія народныя песні», Я. Станкевіча «Беларускія (крывіцкія) казкі», заходнебеларускія падручнікі.

Сымон Рак-Міхайлоўскі замовіў партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы. У менскім музэі Купалы захоўваецца графічны адбітак партрэта песьняра аўтарства Ніны Сасноўскай і Язэпа Горыда. Спадарыня Ніна зрабіла алоўкавы малюнак, а Горыд перавёў яго на літаграфскі камень[1].

У чэрвені 1928 Горыда «адмыслова запрасілі» паўдзельнічаць у выставе, што павінна адбыцца ў памяшканьні рэстарацыі Ўрублеўскіх (на рагу Міцкевіча і Арэшкоўскага), на якую даслаў свае тры працы і вядомы мастак Людамір Сьляндзінскі.

Паціху адыходзіць ад малааплочваемай працы над беларускімі выданьнямі. Атрымлівае памяшканьне пад часовую майстэрню ў бэрнардзінскіх мурах, дзе выконвае першую манумэнтальную замову, якая істотна падмацавала яго фінансавы стан. У 1929 удзельнічае ў дзьвюх выставах: у Вільні і Познані са сваімі станковымі творамі.

З 1928 навучаўся ў Парыжы, дзе рабіў свае выставы ў 1925, 1928, 1930 гадох. У 1930 пасьля сваёй выставы ў Галерэі Зак вяртаецца ў Вільню.

Па вяртаньні робіцца папулярным мастаком, мае шмат замоваў. Удзельнічаў у распачатай 14 чэрвеня 1931 году выставе, прымеркаванай да запачаткаваньня музэя сучаснага мастацтва. Прэзэнтаваў свае працы на І Выставе твораў віленскіх мастакоў у Друскеніках. Ад пачатку 1932 году, тры гады запар, яго выставы атрымлівалі рэзананс у Варшаве. Год працаваў над замовай па выкананьні вітражу і фрэсак у прэзэнтацыйнай зале віленскага гарнізоннага казіно, у якой прадставіў сымбалічныя сцэны вызваленьня і адраджэньня Польшчы, што было ўспрынята замоўцамі патэтычна.

У кастрычніку 1932 году зладзіў пэрсанальную выставу з 50-ці твораў. Тады ж, у 1930-я гады, зрабіў сграфіта на адміністрацыйным будынку, што на вуліцы Дамініканскай. У агульную, трохколерную кампазыцыю расьлінна-дэкаратыўнага арнаманту, побач зь нябесным апекуном Вільні, навечна пасяліў Скарынаўскі відарыс, што, дарэчы, захаваўся да сёньня.

Паводле некаторых зьвестак, загінуў пад час бамбаваньня Варшавы 1 верасьня 1939 году[2]. Паводле іншых зьвестак загінуў пад Вільняй[3].

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вільня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ёмны росьпіс (над першым паверхам) каляровымі тынкоўкамі (сграфіта). Будынак на вул. Дамініканская.

Дасюль захаваўся аб’ёмны росьпіс у беларускім стылі, з выкарыстаньнем малюнкаў з гравюраў Скарыны каляровымі тынкоўкамі (сграфіта) будынку на вул. Дамініканская[1].

Летувіскі мастацкі музэй[4][рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Партрэт скульптара Рафала Яўхімовіча, 1929, год набыцьця 1956
  • Вільня, Лукішкі, пляц узімку 1932, год набыцьця 1958
  • Віленская бажніца сьв. Яна з усходняга боку і дамы на вуліцы сьв. Міхала (бяз году)

Нацыянальны музэй у Варшаве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Нёман з рыбакамі на беразе
  • Узгорак

У цэнтральным дзяржаўным архіве Летувы захоўваюцца яго заліковая кніжка, фота, даведкі ўнівэрсытэту[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Пілігрымка мастака Язэпа Горыда Сяргей Гваздзёў Новы Час 02-04-2010
  2. ^ а б Вяртаньне-6, Менск, 1999 Беларускі фонд культуры с.102
  3. ^ Каталёг аўкцыёну
  4. ^ Вяртаньне-6, Менск, 1999 Беларускі фонд культуры с.109-100

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Язэп Горыдсховішча мультымэдыйных матэрыялаў