Язэп Драздовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Язэп Драздовіч
Jazep Drazdovic 1928.jpg
Нарадзіўся: 13 кастрычніка 1888
засьценак Пунькі
Памёр: 15 верасьня 1954
мястэчка Падсьвільле
Нацыянальнасьць: беларус
Грамадзянства: Расейская імпэрыя, Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік
Заняткі: жывапіс, графіка
Вучоба: Віленская рысавальная школа Трутнева

Язэ́п Нарцы́завіч Драздо́віч (13 кастрычніка 1888, засьценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці — 15 верасьня 1954, мястэчка Падсьвільле) — беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст першай паловы XX стагодзьдзя.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907 год

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 году ў засьценку Пунькі Дзісенскага павету Віленскай губэрні ў сям’і зьбяднелага шляхціца-арандатара. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана зьмяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расейскага жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага маляваньня і малярства. З-за нястачы малады Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, плянаваў выехаць па заробкі за мяжу.

Творчае станаўленьне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае сэрыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай».

У 1910 годзе Язэп Драздовіч быў прызваны ў расейскае войска. Пасьля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фэльчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусьветную вайну Драздовіч сустракае ў дзеючай арміі, пры запасным батальёне. Цяжкія варункі працы прывялі да таго, што мастак захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасьля сямімесячнага адпачынку з адведваньнем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.

Пасьля рэвалюцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Драздовіч на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні, 1921 год

У 1917 годзе, пасьля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Ён з аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. У лісьце да Антона Грыневіча Драздовіч выказаў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатар.

У 1919 годзе, пасьля стварэньня БССР, Драздовіч прыехаў у Менск. У гэты час ён стаў настаўнікам маляваньня ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва і Беларускім дзяржаўным тэатры, арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка». У Менску Драздовіч стварыў сэрыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў гораду — Замчышча, Верхняга Гораду, Татарскага прадмесьця. Дасьледаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры.

1920-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля падпісаньня ў 1921 годзе Рыскай дамовы, паводле каторай Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, ён разгортвае тут культурна-асьветніцкую дзейнасьць. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была зачыненая польскай адміністрацыяй.

У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасьцю. Бярэцца за напісаньне гістарычнага раману пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэта беларускай грамадзкасьцю аповесьць Драздовіча «Вялікая шышка».

Аўтабіяграфія. На досьледах старажытных гарадзішчаў. 1930-47

Язэп Драздовіч супрацоўнічаў зь Віленскім беларускім музэем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўненьня экспазыцыі музэя ён займаўся раскопамі гарадзішчаў, зьбіраў фальклёр, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялянаў. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспэдыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, зьявіліся ёмістыя альбомы графікі, якія зьяўляюцца непаўторнай зьявай у беларускім мастацтве.

У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляваньне ў Глыбоцкай школе, Наваградзкай і Радашкавіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 году Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч, Мікола Васілеўскі, Раман Семашкевіч.

Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 году — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя працы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі Навук. Супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка», Таварыствам беларускай школы (ТБШ).

На пачатку 1930-х Драздовіч непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запросіны ТБШ: афармляе спэктаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы каапэратыўнага выдавецтва «Сяўба».

Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленьне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорыяў, у прыватнасьці, аб паходжаньні плянэт Сонечнай сыстэмы і вярчэньні Зямлі. Выданьне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 19311933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма сэрыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».

Дзісенскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтапартрэт, 1943 год

У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстантына. Тут, на малой радзіме, мастак стварыў вялікую колькасьць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва зь Беларускім музэем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам зь Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, падчас якіх вырабляў для вяскоўцаў шматлікія маляваныя дываны і партрэты.

Пасьля далучэньня ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках. З-за нястачы настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляваньне і гісторыю. Пэдагагічная дзейнасьць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Тым ня менш, падчас акупацыі Драздовіч працягнуў творчую дзейнасьць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Пасьля заканчэньня вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку мастака былі маляваныя дываны для сялянаў. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалёгіі і культуры ставіліся да творчасьці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны росьпіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч ніколі ня быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезьлі ў Падсьвільскі шпіталь, дзе празь некаторы час ён памёр. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляны Глыбоцкага раёну. На магіле стаіць стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Вечны вандроўнік», помнік Язэпу Драздовічу

Аўтар жывапісных і графічных работаў на гістарычныя тэмы: «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брамка будучыні» і іншых. У 19101920 гадах стварыў графічныя сэрыі «Старажытная будоўля на Беларусі», асобныя лісты «Менск. Высокае Места», «Месца ўпадзеньня Нямігі ў Сьвіслач», партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, асобныя лісты: «Пажар гарадзішча», «Пажар у замку» і іншыя, жывапісныя эцюды. Напісаў жывапісныя палотны з жыцьця старажытнай Полаччыны, а таксама карціны, прысьвечаныя Францішку Скарыну. Запісваў фальклёр, апрацоўваў для слоўнікаў народную лексыку. Дасьледаваў у Менску рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры. Супрацоўнічаў з Іванам і Антонам Луцкевічамі, заснавальнікамі Беларускага музэя ў Вільні, у які дасылаў матэрыялы, знойдзеныя ў час раскопак у Наваградку.

Пахаваны ў вёсцы Ліпляны Глыбоцкага раёну. На магіле пастаўленая стэла з барэльефам мастака (скульптар А. Шатэрнік), у Менску — помнік (скульптар І. Голубеў).

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Драздовіч. Марка Белпошты (1994)

У гады савецкай улады творчая спадчына Язэпа Драздовіча ігнаравалася афіцыйнымі ўладамі, бо не стасоўвалася з камуністычнымі ўяўленьнямі аб мастацтве. Імя мастака зноў атрымала шырокую вядомасьць дзякуючы пісьменьніку Арсеню Лісу, які ў 1984 годзе выдаў кнігу «Вечны вандроўнік», прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Драздовіча.

У наш час у гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў менскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Воршы, Маладэчне, Наваградку, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах[1]. Помнік Драздовічу скульптара Ігара Голубева ўпрыгожвае Траецкае прадмесьце Менску.

Творы Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музэі Летувы, Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музэі, у Музэі старажытнай беларускай культуры, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Музэі Якуба Коласа, у некаторых рэгіянальных мухэях Беларусі і ў прыватных калекцыях. У Германавічах, на малой радзіме мастака, дзякуючы намаганьням мясцовых жыхароў існуе грамадзкі Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча, у якім экспануецца вялікая колькасьць твораў мастака[2].

У красавіку 2013 году ў Маладэчне была праведзеная навукова-краязнаўчая канфэрэнцыя "Шляхамі Язэпа Драздовіча".[3][4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Язэп Драздовічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў