Язэп Руцкі
| Язэп Вельямін-Руцкі | |
Язэп Руцкі |
|
Герб «Вуж» |
|
| III мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
| 1613 — 1637 | |
| Папярэднік: | Іпаці Пацей |
| Наступнік: | Рафал Корсак |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Імя пры нараджэньні: | Ян |
| Нарадзіўся: | 1574 |
| Памёр: | 5 лютага 1637 |
| Род: | Руцкія |
| Бацькі: | Фэлікс Руцкі Багуміла з Корсакаў |
Язэп Руцкі[а 1] (сьвецкае імя: Іван Фэліксавіч Вельямін-Руцкі; 1573 або 1574[1], маёнтак Рута каля Наваградку — 5 лютага 1637, Дэрмань, цяпер Ровенская вобласьць Украіны, быў пахаваны ў Вільні) — царкоўны і грамадзкі дзяяч, пісьменьнік і багаслоў. Стваральнік Ордэна базылянаў сьвятога Язафата, яго першы протаархімандрыт (1617—1621), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (з 1613).
Язэп Руцкі — аўтар ідэі стварэньня з Кіеўскай мітраполіі асобнага патрыярхату, які б аб’ядноўваў усіх вернікаў грэцкага абраду (уніятаў і праваслаўных) і быў бы адначасова ў сулучнасьці як з Рымам, так і з Канстанцінопалем.
Зьмест |
Паходжаньне, адукацыя [рэдагаваць]
Прадстаўнік шляхецкага роду Руцкіх гербу «Вуж», сын Фэлікса (?—1590) і Багумілы з Корсакаў. Прозьвішча паходзіць ад маёнтку Рута. Бацькі вызнавалі кальвінскую веру, але свайго сына Івана (Яна) ахрысьцілі яшчэ паводле ўсходняй хрысьціянскай традыцыі.
У 1580-я навучаўся ў наваградзкіх анабаптыстаў Ліцынія, Майсея, Цімоха, пасьля — ў Віленскай кальвінскай школе. Пазьней навучаўся ў Праскім Карлавым (ад 1590) і ў Вюрцбурскім (у 1593—1596) унівэрсытэтах. У 1592 пад уплывам езуітаў у Празе перайшоў у каталіцтва заходняга абраду, за што маці пазбавіла яго спадчыны.
Каля 1600 паступіў у Грэцкі калегіюм ў Рыме і перайшоў ува ўсходні абрад. У 1603 прызначаны рэктарам Віленскае ўніяцкае сэмінарыі[2]. У 1605 падрыхтаваў навукова-пэдагагічны трактат «Дыскурс», у якім абгрунтаваў неабходнасьць сур’ёзных рэформаў у галіне адукацыі й выхаваньня. Прапанаваў пераймаць досьвед замежных адукацыйных установаў і імкнуцца стварыць магчымасьці для атрыманьня добрай адукацыі ў межах Вялікага Княства Літоўскага, удасканальваючы свае адукацыйныя ўстановы. У 1606 выехаў у Маскву да цара Дзьмітрыя, прапаноўваў яму накіроўваць юнакоў у ВКЛ для навучаньня. Тады ж разам з кармэлітам Паўлам няўдала спрабаваў зьдзейсьніць падарожжа ў Пэрсію, пасьля чаго вярнуўся ў ВКЛ.
Царкоўная дзейнасьць [рэдагаваць]
6 верасьня 1607 пайшоў ува ўніяцкі манастыр. 1 студзеня 1608 прыняў манаскі пострыг пад імем Язэп. У тым самым годзе высьвечаны на дыякана, пасьля на прасьвітара. Выдаў «Тэзісы», скіраваныя супраць пратэстанцтва.
У ліпені 1608 прызначаны заступнікам Кіеўскага мітрапаліта Іпація Пацея, што выклікала канфлікт з ярархамі Віленскага Траецкага манастыра — Самулем Сянчылам і Баўтрамеем Рашкоўскім. У 1609 прызначаны архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра, мусіў абараняць яго ад нападаў праваслаўных. За місіянерскую дзейнасьць Я. Руцкага віленскі месьціч Максім Шэмбель учыніў на яго замах.
Схіліў да ўніяцтва Рыгора Трызну й Яна Мялешку. Разам зь імі ды Язафатам Кунцэвічам заснаваў манастыры ў Быцені, Жыровічах, Наваградку. 16 чэрвеня 1612 прызначаны Галіцкім біскупам. Далучыў да уніі Менскі Ўзьнясенскі манастыр.
Пасьля сьмерці Іпація Пацея ў 1613 стаў 3-м уніяцкім мітрапалітам Кіеўскім. Яго галоўнай заслугай зьяўляецца рэфармаваньне ўсходняга манаства і заснаваньне ў 1617 Ордэну базылянаў. Дзякуючы яго намаганьням, Зьяднаная Царква перад яго сьмерцю мела на 1636 год 160 манахаў у 36 манастырах (пераважна на землях сучаснай Беларусі). Пры ім Уніяцкая Царква па-сапраўднаму ўмацавалася і пачала разьвівацца.
Мітрапаліт Язэп Руцкі памёр у манастыры ў Дэрмані на Валыні. Ён быў пахаваны ў Вільні, дзе яго магіла стала аб’ектам глыбокай пашаны. У 1655 годзе, пасьля захопу Вільні маскоўскімі войскамі, труну зь яго парэшткамі яны вывезьлі ў невядомым кірунку. У 1937 годзе Грэка-Каталіцкая Царква распачала падрыхтоўку да працэсу бэатыфікацыі мітрапаліта Язэпа Руцкага.
Творы [рэдагаваць]
Актыўна ўдзельнічаў у літаратурнай палеміцы зь Мялеціем Сматрыцкім, у адказ на палемічныя трактаты якога выдаў «Двайную вайну» і «Экзамэн абароны» (абодва 1621). Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах[2].
Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну, бараніў ідэі хрысьціянскай еднасьці.
| Папярэднік — |
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата 1617—1626 |
Наступнік Рафал Корсак |
| Папярэднік Іпаці Пацей |
мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі 1613—1637 |
Наступнік Рафал Корсак |
Заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Іншая форма імя: Ёсіф Руцкі
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Уладзімір Кароткі. Руцкі (Велямін-Руцкі) Іосіф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 522.
- ^ а б Уладзімір Кароткі. Руцкі (Велямін-Руцкі) Іосіф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 523.
Літаратура [рэдагаваць]
- Іван Саверчанка. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. — Мн.: «Навука і тэхніка», 1994. ISBN 5-343-1330-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Язэп Руцкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Асобы па альфабэце
- Нарадзіліся ў 1574 годзе
- Нарадзіліся ў Беларусі
- Кіеўскія ўніяцкія мітрапаліты
- Базыляны
- Літаратары Вялікага Княства Літоўскага
- Протаархімандрыты Ордэна базылянаў сьвятога Язафата
- Беларускія ўніяцкія дзеячы
- Рэлігійныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага
- Літаратары-палемісты Рэчы Паспалітай
- Перайшлі з кальвінізму ў каталіцтва
- Памерлі 5 лютага
- Памерлі ў 1637 годзе
- Памерлі ў Ровенскай вобласьці