Язэп Семяжон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Язэп Семяжон
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ёсіф Ігнатавіч Семяжонаў
Нарадзіўся 16 лістапада 1914
Памёр 16 жніўня 1990
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэзія
Гады творчасьці 1931—1990

Язэ́п Семяжо́н (сапраўднае імя Ё́сіф Ігна́тавіч Семяжо́наў; 16 лістапада [ст. ст. 3 лістапада] 1914 , в. Пятровічы Ігуменскага павету Менскае губэрні, Расейская імпэрыя (цяпер у Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці) — 16 жніўня 1990, Менск, БССР) — беларускі перакладнік і паэт. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982).

Зьмест

Біяграфія [рэдагаваць]

Нарадзіўся ў сям’і лесьніка. Пасьля заканчэньня Сьмілавіцкай сярэдняй школы (1930) працаваў у пятровіцкім калгасе «Перамога» рахункаводам, вучыўся на драматычных курсах у Менску. У 19321934 — актор Беларускага дзяржаўнага драмтэатру (БДТ-3). Скончыў факультэт замежных моваў Менскага пэдагагічнага інстытуту (1938).

Курсант афіцэрскай школы ў Маскве, у 1938—1940 — камандзір узводу разьведвальнага палку. Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінляндзкай вайне, быў паранены. Настаўнічаў у роднай вёсцы. З канца 1940 да сакавіка 1942 ізноў у Чырвонай арміі, удзельнічаў у баявых дзеях Другой сусьветнай вайны на заходнім фронце. У 1942-1953 — ваенны перакладнік. Дэмабілізаваўся ў 1959.

Выкладаў замежныя мовы ў Менскай сувораўскай вучэльні (19531960), у БДУ (19611975), адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь» (19621967). Сябра СП БССР з 1954.

Быў чальцом Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, чальцом Беларускага Рэспубліканскага Камітэту «За вяртаньне на Радзіму».

Памёр 16 жніўня 1990 году ў Менску, пахаваны на Паўночных могілках.

Літаратурная дзейнасьць [рэдагаваць]

Дэбютаваў вершамі ў 1931 годзе ў часопісе «Беларуская работніца і сялянка» (публікацыя ня выяўлена).

Перакладамі пачаў займацца з 1938. Перакладаў з ангельскай, францускай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэскай, славацкай, расейскай, летувіскай і іншых моў. У яго перакладзе выйшлі «Кароль Лір» У. Шэксьпіра («Трагедыі», 1954), кніжка паэзіі Дж. Радары «Неапаль без сонца» (1955), Р. Бёрнса «Шатландская слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень» (1983), раман М. Твэна «Жанна д’Арк» (з Н. Цімафеевай, 1961), складанка клясычнай і сучаснай паэзіі Віетнама «Апалены лотас» (1968), паэма беларускага паэта-лацініста М. Гусоўскага «Песьня пра зубра» (1973), кніга выбраных перакладаў паэзіі «Сем цудаў свету» (1977), раман Г. Ота «Пара ў дарогу, буслы!» (з У. Чапегам, 1982), паэма А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985), зборнік Дж. Байрана «Лірыка» (1989), камедыі У. Шэксьпіра «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце», «Утаймаванне наравістай» (зборнік У. Шэкспіра «Тры камедыі», 1989).

Выступаў з артыкуламі па пытаньнях мастацкага перакладу.

Узнагароды [рэдагаваць]

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Дружбы народаў, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, польскім ордэнам Залатой Зоркі Заслугі і мэдалямі.

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982) за пераклад паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Заслужаны работнік культуры Беларусі (1989).

Літаратура [рэдагаваць]

  • Семяжон Язэп // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Семяжон Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]