Януш Астроскі
| Януш Астроскі | |
Януш Астроскі. Невядомы мастак, XVII ст. |
|
Герб «Астроскі» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | каля 1554 |
| Памёр: | 12/13 верасьня 1620 |
| Род: | Астроскія |
| Бацькі: | Канстантын Астроскі Соф'я з Тарноўскіх |
| Жонка: | Сузанна Сэрэды, Кацярына зь Любамірскіх, Тэафілія з Тарлаў |
| Дзеці: | ад 1-га шлюбу: Элеанора, Эўфрасіньня ад 3-га шлюбу: Януш Уладзімер |
Януш Астроскі (каля 1554 — 12 або 13 верасьня 1620, места Тарнаў) — дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай. Ваявода валынскі (1584—1593), кашталян кракаўскі (з 1593); староста багуслаўскі (з 1591), белацаркоўскі (з 1592), чаркаскі і канеўскі (з 1594), пераяслаўскі (з 1604; увайшло ў трыманьне ў 1618). Валодаў местам Дубна і іншымі маёнткамі на Ўкраіне, местам Тарнаў у Польшчы і інш.
Януш Астроскі — адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай, апошні прадстаўнік мужчынскай лініі роду і першы, што прыняў Берасьцейскую унію. Па ягонай сьмерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх[1].
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
З княскага роду Астроскіх гербу ўласнага, сын Канстантына-Васіля і Соф'і з Тарноўскіх. Меў братоў Аляксандра і Канстантына, сясьцёр Кацярыну і Лізавету.
Сьпярша выхоўваўся ў Дубне, потым пры двары імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі. У сярэдзіне 1570-х рокаў перайшоў у каталіцтва.
У 1577 року бараніў Дубна ад татараў. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) у 1579 року ўдзельнічаў у выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі. 2 лютага 1593 року супольна з Аляксандрам Вішнявецкім перамог у бітве пад Пяткай казацкае войска пад камандай К. Касінскага. Для абароны межаў дзяржавы і ўласных уладаньняў у 1609 року заснаваў Астроскую ардынацыю, сталіцай якой зь цягам часу зрабілася Дубна.
Займаў шэраг высокіх дзяржаўных пасадаў. Выступаў супраць падтрымкі Дзьмітрыя-Самазванца I і вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618)[2].
Умацаваў Дубенскі замак бастыёнамі, глыбокім ровам і падвесным мостам, а ў самім месьце заснаваў касьцёл бэрнардынаў і касьцёл Яна Непамука. Апроч таго, фундаваў касьцёлы у Межырэччы, Палонным і Астроўцы. Праваслаўю у сваіх валоданьнях не перашкаджаў.
Беражліва захоўваў скарбы продкаў, асабліва шанаваў залаты мэдаль з выявай свайго бацькі, князя Канстантына-Васіля, якую як абярог браў з сабой у выправы. Гэты мэдаль цяпер знаходзіцца ў Эрмітажы.
Жонкамі Я. Астроскага былі:
- Сузанна Сэрэды (1582), дзеці: Элеанора і Эўфрасіньня
- Кацярына Любамірская (1597)
- Тэафілія Тарло (1612), дзеці: Януш Уладзімер (памёр у маленстве)
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ І. А. Юхо, В. Л. Насевіч. Астрожскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 223.
- ^ Валеры Пазднякоў. Астрожскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 263.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.
- Barbara Sawczyk, Maria Sąsiadowicz, Ewa Stańczyk. Ocalić od zapomnienia... Patroni tarnowskich ulic. Tom 2. — Tarnów, 2004. ISBN 83-915445-6-7.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Януш Астроскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў